Перайсці да зместу

Нікола Тэсла

Гэты артыкул уваходзіць у лік добрых
З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Нікола Тэсла
сербск.: Никола Тесла, Nikola Tesla

Дата нараджэння 10 ліпеня 1856(1856-07-10)[1][2][…]
Месца нараджэння
Дата смерці 7 студзеня 1943(1943-01-07)[3][4][…] (86 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Грамадзянства
Бацька Milutin Tesla[d][1]
Маці Đuka Mandic[d][1]
Род дзейнасці вынаходнік, інжынер-электрык, інжынер-механік, фізік, futurist
Навуковая сфера электратэхніка[1], машынабудаванне[1], фізік, механіка і вынаходнік
Месца працы Аўстра-Венгрыя
Францыя
ЗША
Альма-матар
Вядомы як вынаходнік, даследчык
* зменны ток
* радыёсувязь
* магнітнае поле
* асінхронны рухавік
Член у
Узнагароды

— Ордэн Белага льва І ступені

Медалі Э. Крэсіяна, Дж. Скота, Т. Эдысана
Подпіс Выява аўтографа
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ніко́ла Тэ́сла (сербск.: Никола Тесла, Nikola Tesla; 10 ліпеня 1856, Смілян, Аўстра-Венгрыя, цяпер Харватыя — 7 студзеня 1943, Нью-Ёрк, ЗША) — сербска-амерыканскі фізік з сусветным імем, вынаходнік у галіне электрычнасці, магнетызму і электратэхнікі, аўтар больш чым 300 патэнтаў у розных галінах інжынернай тэхнікі[5]. У прыватнасці Тэслу належаць вынаходствы зменнага току, радыёсувязі, мнагафазнай сістэмы, асінхроннага электрарухавіка, рэзананснага трансфарматара (трансфарматара Тэслы). Ён займаўся даследаваннем магнітнага поля. Тэсла першым звярнуў увагу на фізіялагічнае ўздзеянне токаў высокай частаты, публічна прадэманстраваў бесправадную перадачу высокачастотнага току на лямпы і рухавікі, быў ключавой фігурай пры будаўніцтве першай гідраэлектрастанцыі на Ніягарскім вадаспадзе[6]. Адзінка вымярэння магнітнай індукцыі ў сістэме СІ носіць назву ў гонар даследчыка.

Маленства і юнацтва

[правіць | правіць зыходнік]
Малады Тэсла ў нацыянальнай сербскай вопратцы, 1880

Нікола Тэсла нарадзіўся 10 ліпеня 1856 года ў вёсцы Смілян непадалёк ад горада Госпіч у Аўстра-Венгрыі (цяпер у Харватыі). Яго бацька — Мілуцін Тэсла (18191879) — быў святаром праваслаўнай царквы. Маці, дачка праваслаўнага святара, — Джука Мандзіч (18221892). Продкі Тэслы — этнічныя сербы паходжаннем з заходняй Сербіі з мясцін непадалёк ад Чарнагорыі[7]. У сям’і было пяцёра дзяцей — двое хлопцаў (старэйшы брат Данэ загінуў, упаўшы з каня, калі Ніколу было 5 гадоў) і трое дзяўчатак, Нікола быў чацвёртым.

У 1861 годзе Тэсла скончыў першы клас у мясцовай вясковай школе. Сваё навучанне ён працягвае ўжо ў Госпічы, дзе яго бацька служыў святаром і куды сям’я Тэслаў пераязджае ў 1862 годзе, там ён заканчвае яшчэ тры класы пачатковай школы. У 18701873 гадах Тэсла паступіў і пачаў навучацца ў гімназіі горада Карловац, дзе пасля заканчэння атрымлівае атэстат сталасці[8].

Пасля заканчэння сярэдняй школы Тэсла вярнуўся ў Смілян, дзе цяжка захварэў і быў прыкаваны да ложка на працягу дзевяці месяцаў, некалькі разоў знаходзячыся на валасок ад смерці. Бацька Ніколы ў гэты час, у хвіліну адчаю, абяцае адправіць яго, калі ён выздаравее, у найлепшае інжынернае вучылішча насуперак сваім перакананням, бо першапачаткова не бачыў для Тэслы ніякай іншай будучыні, акрамя святарства[9][10].

" Мне з дзяцінства была наканавана сцежка святара. Гэтая перспектыва, як чорная хмара, вісела нада мной. Правёўшы адзінаццаць год у прыватнай школе і каледжы, я атрымаў атэстат сталасці і, выбіраючы кар'еру, апынуўся на ростанях. Ці павінен я аслухацца бацьку, праігнараваць поўныя любові пажаданні маці альбо падпарадкавацца долі? Гэтая дума прыгнятала мяне, і ў будучыню я глядзеў са страхам. Як раз у гэты час на маёй радзіме вылілася жудасная эпідэмія халеры. <...> Насуперак загадам майго бацька, якія не дапускалі пярэчанняў, я памчаў дадому, і хвароба падкасіла мяне. Дзевяць месяцаў у ложку, амаль без руху, здавалася, вычарпалі ўсе мае жыццёвыя сілы, і дактары адмовіліся ад мяне. Гэта быў пакутлівы досвед не столькі з-за фізічных пакут, наколькі з-за майго вялізнага жадання жыць. Падчас аднаго з прыступаў слабасці мой бацька надаў мне бадзёрасці, паабяцаўшы дазволіць мне вывучаць інжынерную справу; але гэта засталося б няздзейсненым, калі б мяне дзіўным чынам не вылечыла адна старая кабета. <...> Мой бацька стрымаў слова[11]... "

У 1874 годзе, пазбегнуўшы прызыву на трохгадовую службы ў войска, слабы пасля хваробы Тэсла хаваецца ў горных лясах і ў сваякоў. Кантакты з прыродай робяць яго мацнейшым, як фізічна, так і псіхічна, акрамя таго, за гэты час Тэсла прачытаў шмат кніг, і пазней сцвярджаў, што творы Марка Твэна цудоўным чынам дапамаглі яму акрыяць пасля хваробы.

Атрыманне адукацыі

[правіць | правіць зыходнік]
23-гадовы Нікола Тэсла
Мілуцін Тэсла, бацька Ніколы

У 1875 годзе Тэсла паступіў у тэхнічнае вучылішча (цяпер універсітэт) у Грацы, дзе вывучаў электратэхніку, з яго ўспамінаў: «я меў намер прадэманстраваць такія вынікі, якімі аддзячыў бы сваім бацькам за іх горкае расчараванне, выкліканае зменай маёй прафесіі. Гэта было не мімалётнае рашэнне легкадумнага юнака — гэта была цвёрдасць, рашучасць[11]». Першы год праходзіць для Тэслы вельмі роўна, у яго амаль стоадсоткавая наведвальнасць заняткаў і выдатныя адзнакі па выніках года[10][12]. Пры гэтым Тэсла яшчэ і працуе па начах, у выхадныя і святочныя дні, некаторыя з прафесараў нават занепакоены яго фізічным станам.

На другім годзе свайго навучання малады студэнт панадзіўся да азартных гульняў, што неўзабаве стала ўплываць на яго вучобу самым адмоўным чынам. Аднойчы ён так моцна прайграўся, што маці Тэслы вымушана была браць пазыку для аплаты даўгоў сына. Пасля гэтага інцыдэнту Тэсла болей ніколі не йграў. Да ўсяго, ён не паспеў належным чынам падрыхтавацца да чарговых іспытаў — Нікола не атрымаў належныя адзнакі за семестр і дазволу на падаўжэнне тэрміну здачы іспытаў і быў адлічаны[13][14]. У снежні 1878 года Тэсла пакінуў Грац.

У наступным годзе Тэсла працуе памочнікам машыніста ў Марыборы. Пазней бацька пераконвае яго паступіць у Карлаў універсітэт у Празе. У красавіку 1879 года бацька Тэслы, цяжка захварэўшы, памірае. Не правучыўшыся і года, адразу ж пасля смерці бацькі Тэсла кідае вучобу, скончыўшы толькі адзін семестр універсітэта[10][15].

Вярнуўшыся ў Госпіч, Тэсла некаторы час працуе ў той самай сярэдняй школе, якую скончыў. У гэты перыяд свайго жыцця ён шмат чытае, здаецца, завучвае на памяць цэлыя кнігі, але і часта хварэе, трызніць, пакутуе на галюцынацыі, звязаныя з яго мінулым або вынаходствамі[16].

Праца ў Еўропе

[правіць | правіць зыходнік]

Да 1882 года Тэсла працуе інжынерам-электрыкам ва ўрадавай тэлеграфнай кампаніі ў Будапешце, якая ў той час займалася правядзеннем тэлефонных ліній і будаўніцтвам цэнтральнай тэлефоннай станцыі[17]. У лютым таго ж года ён прыдумаў, як можна было б выкарыстоўваць у электрарухавіках вярчэнне, якое ўтвараецца магнітным полем.

У канцы 82-а малады інжынер уладкоўваецца ў «Кантынентальную кампанію Эдысана» («Continental Edison Company») у Парыжы. Адным з найбольш буйных заказаў кампаніі было будаўніцтва электрастанцыі для чыгуначнага вакзала ў Страсбургу. У пачатку 1883 года кампанія накіроўвае Ніколу ў Страсбург для вырашэння шэрагу рабочых праблем, якія ўзніклі ў кампаніі пры мантажы асвятляльнага абсталявання новай чыгуначнай станцыі. У вольны час Тэсла працаваў над вырабам мадэлі асінхроннага электрарухавіка, а ўжо ў 1883 годзе дэманстраваў працу рухавіка ў мэрыі Страсбурга.

Да вясны 1884 года работы на Страсбургскай чыгуначнай станцыі былі завершаныя і Тэсла вярнуўся ў Парыж, чакаючы ад кампаніі абяцанай яму прэміі. Паспрабаваўшы атрымаць належныя яму прэміяльныя, ён зразумеў, што гэтых грошай яму не атрымаць і, абражаны, звольніўся[13]. Выдатныя дасягненні ў галіне электратэхнікі і перспектывы рэалізацыі ўласных ідэй прыцягваюць увагу Тэслы да Злучаных штатаў Амерыкі, куды ён неўзабаве накіроўваецца[18].

Злучаныя штаты Амерыкі

[правіць | правіць зыходнік]

Праца ў Эдысана

[правіць | правіць зыходнік]
Томас Эдысан

Летам 1884 года Тэсла прыбыў у Нью-Ёрк[19]. Ён уладкаваўся на працу ў кампанію Томаса ЭдысанаEdison Machine Works») інжынерам па рамонту электрарухавікоў і генератараў сталага току.

Эдысан даволі холадна ўспрымаў ідэі Тэслы і адкрыта выказваў незадавальненне кірункам асабістых пошукаў вынаходніка. Увесну 1885 года Эдысан паабяцаў Тэслу 50 тысяч долараў (па тых часах сума, прыкладна эквівалентная 1 мільёну сучасных долараў[20]), калі ў яго атрымаецца канструктыўна палепшыць электрычныя машыны сталага току, прыдуманыя Эдысанам[21]. Нікола актыўна ўзяўся за працу і неўзабаве прадставіў 24 разнавіднасці машыны Эдысана, новы камутатар і рэгулятар, якія значна паляпшалі эксплуатацыйныя характарыстыкі. Ухваліўшы ўсе ўдасканаленні, у адказ на пытанне аб узнагародзе Эдысан адмовіў Тэслу, заўважыўшы, што эмігрант пакуль дрэнна разумее амерыканскі гумар. Неўзабаве пасля гэтага выпадку Тэсла звольніўся[22][23]. Нягледзячы на вельмі напружаныя далейшыя адносіны і вострае супрацьстаянне з Томасам Эдысанам за ўсё сваё жыццё Тэсла толькі аднойчы дазволіў сабе крытычна выказацца пра Эдысана ў прэсе[24]:

" У навуковым падыходзе Эдысана адкрыта адчуваецца недахоп адукацыі. Замест таго каб вылічыць, які матэрыял лепш за ўсё падыдзе для ніткі напальвання, Эдысан перабярэ іх тысячы, пакуль выпадкова, метадам выключэння, не набрыдзе на патрэбны. Калі б Эдысану спатрэбілася знайсці іголку ў стозе сена, ён не стаў бы губляць час на тое, каб вызначыць найболей імавернае месца яе знаходжання, а неадкладна, з ліхаманкавай стараннасцю пчалы, пачаў бы аглядаць саломінку за саломінкай, пакуль не знайшоў бы прадмет сваіх пошукаў. Яго метады былі вельмі неэфэктыўныя: ён мог выдаткаваць велізарную энергію і час, але не дасягнуць нічога, калі толькі яму не дапамагала шчаслівая выпадковасць. "

Лабараторыя ў Нью-Ёрку

[правіць | правіць зыходнік]
Нікола Тэсла на тле бабіны высокачастотнага трансфарматара ў сваёй лабараторыі на Х’юстан-стрыт у Нью-Ёрку
Марк Твэн у лабараторыі Тэслы, 1894

Пасля свайго звальнення з кампаніі Эдысана вынаходнік вымушаны перабівацца на падсобных работах. Тэсла займаўся капаннем канаў, «спаў, дзе прыйдзецца, і еў, што знойдзе». У гэты перыяд ён пасябраваў з інжынерам Браўнам, які знаходзіўся ў падобным жа становішчы, той змог угаварыць некалькіх сваіх знаёмых аказаць невялікую фінансавую падтрымку Тэслу. У красавіку 1887 года створаная на гэтыя грошы «Тэсла арк лайт компані» пачала займацца вулічным асвятленнем, усталёўваючы новыя дугавыя лямпы. Неўзабаве справы кампаніі пайшлі ўгору, Тэслу пачалі паступаць заказы з іншых гарадоў ЗША[13].

Пад офіс сваёй кампаніі ў Нью-Ёрку Тэсла зняў дом на Пятай авеню (Fifth Avenue) непадалёк ад будынка, занятага кампаніяй Эдысана. Паміж дзвюма кампаніямі развязалася вострая канкурэнтная барацьба, вядомая ў Амерыцы пад назвай «Вайна токаў» (War of Currents).

У ліпені 1888 года вядомы амерыканскі прамысловец Джордж Вестынгаўз выкупіў у Тэслы больш за 40 патэнтаў, заплаціўшы ў сярэднім па 25 тысяч долараў за кожны. Вестынгаўз таксама запрасіў вынаходніка на пасаду кансультанта на заводы ў Пітсбургу, дзе распрацоўваліся прамысловыя ўзоры машын зменнага току. Прапрацаваўшы год і не атрымліваючы задавальнення ад працы, Тэсла вярнуўся ў сваю лабараторыю ў Нью-Ёрку.

У 18881895 гады Тэсла займаўся даследаваннямі магнітных палёў і высокіх частот у сваёй лабараторыі. Гэтыя гады былі найбольш плённымі: ён атрымаў мноства патэнтаў.

13 сакавіка 1895 года ў лабараторыі на Пятай авеню здарыўся пажар. Будынак згарэў дашчэнту, знішчыўшы самыя апошнія дасягненні вынаходніка — механічны асцылятар, новы метад электрычнага асвятлення, новы метад бесправадной перадачы паведамленняў на далёкія адлегласці і іншыя[25].

Фінансавую дапамогу вынаходніку аказала «Кампанія Ніягарскі вадаспад», выдаткаваўшы 100 тысяч долараў на ўладкаванне новай лабараторыі. Ужо восенню даследаванні аднавіліся па новым адрасе: Х’юстан-стрыт, 46. У канцы 1896 года Тэсла дамогся перадачы радыёсігналу на адлегласць 30 міль (48 кіламетраў)[13].

Каларада Спрынгз

[правіць | правіць зыходнік]
Тэсла ў сваёй лабараторыі ў Каларада-Спрынгз, фота зроблена з падвойнай экспазіцыяй

У маі 1899 года па запрашэнню мясцовай электрычнай кампаніі Тэсла пераехаў у курортны гарадок Каларада Спрынгз у штаце Каларада[13].

У Каларада Спрынгз Тэсла арганізаваў невялікую лабараторыю. Спонсарам на гэты раз быў уладальнік гасцініцы «Уолдарф-Асторыя», які выдзяліў на даследаванні 30 тысяч долараў. Для вывучэння навальніц Тэсла сканструяваў трансфарматар, адзін канец першаснай абмоткі якога быў заземлены, а другі злучаўся з металічным шарам на вертыкальным стрыжні. Да другаснай абмоткі падключаўся саманаладны датчык, злучаны з самазапісным прыборам. Гэтая прылада дазволіла Тэслу вывучаць змены патэнцыялу Зямлі, у тым ліку і эфект стаячых электрамагнітных хваль, выкліканы навальнічнымі разрадамі ў зямной атмасферы (праз пяць з лішнім дзесяцігоддзяў гэты эфект быў падрабязна даследаваны і пазней стаў вядомы як «рэзананс Шумана»[26]). Назіранні навялі вынаходніка на думку аб магчымасці перадачы электраэнергіі без дроту на вялікія адлегласці.

Наступны эксперымент Тэсла накіраваў на даследаванне магчымасці самастойнага стварэння стаячай электрамагнітнай хвалі. На велізарны гмах трансфарматара былі накручаны віткі першаснай абмоткі. Другасная абмотка злучалася з 60-метровай мачтай і заканчвалася медным шарам метровага дыяметра.

Пры правядзенні эксперымента былі зафіксаваны навальнічнападобныя разрады, якія зыходзілі ад металічнага шара. Даўжыня некаторых разрадаў дасягала амаль 4,5 метраў, а гром быў чутны на адлегласці да 24 кіламетраў. Першы запуск эксперымента быў прыпынены з-за згарэлага генератара на электрастанцыі ў Каларада Спрынгз. Тэсла вымушаны быў спыніць даследчыя працы і самастойна займацца рамонтам генератара. Праз тыдзень даследаванне было працягнута.

На падставе эксперымента Тэсла зрабіў выснову аб тым, што прылада дазволіла яму згенераваць стаячыя хвалі[27], якія сферычна распаўсюджваліся ад перадатчыка, а затым з нарастаючай інтэнсіўнасцю сыходзіліся ў дыяметральна процілеглай кропцы зямнога шара, дзесьці каля астравоў Амстэрдам і Сен-Поль у Індыйскім акіяне.

Свае нататкі і назіранні ў Каларада Спрынгз Нікола Тэсла заносіў у дзённік, які пазней быў апублікаваны пад назвай «Colorado Springs Notes, 1899—1900»[28].

Увосень 1899 года вучоны вярнуўся ў Нью-Ёрк.

Вежа радыёстанцыі «Уордэнкліф», 1904

У 1900 годзе пры фінансавай падтрымцы амерыканскага прамыслоўца і міліянера Джона Моргана, які выдаткаваў 150 тысяч долараў (цяпер гэтая лічба эквівалентная суме ў больш чым 3 мільёны долараў[20]), па заказу Тэслы на востраве Лонг-Айленд, непадалёк ад Нью-Ёрка, распачынаецца будаўніцтва радыёстанцыі — 47-метровай драўлянай каркаснай вежы з медным паўшар’ем наверсе. Будаўніцтва вежы завяршылася ў 1902 годзе. Тэсла пасяліўся ў невялікім катэджы непадалёк.

Выраб неабходнага абсталявання зацягнуўся, бо фінансаванне праекта спынілася: Морган разарваў кантракт пасля таго, як даведаўся, што замест практычных мэт па развіцці электрычнага асвятлення Тэсла плануе займацца даследаваннямі бесправадной перадачы электрычнасці[29]. На працягу наступных пяці гадоў Тэсла адсылае каля 50 лістоў Моргану, молячы таго аб дадатковым фінансаванні для завяршэння будаўніцтва станцыі. У 1904 годзе нарэшце адказаў сакратар прамыслоўца, кажучы, што Морган не можа нічым болей дапамагчы. Тэсла вымушаны быў спыніць будаўніцтва, зачыніць лабараторыю і распусціць штат супрацоўнікаў. Вежа была закінута і прастаяла да 1917 года, калі федэральныя ўлады западозрылі, што нямецкія шпіёны выкарыстоўваюць яе ў сваіх мэтах. Недабудаваны праект Тэслы ўзарвалі[30][31].

Пасля Уордэнкліфа

[правіць | правіць зыходнік]
Тэсла з фосфарнай лямпачкай, асветленай бесправадным шляхам

Пасля 1900 года Тэсла атрымаў мноства іншых патэнтаў на вынаходствы ў розных галінах тэхнікі (электрычны лічыльнік, частотамер, шэраг удасканаленняў у радыёапаратуры, паравых турбінах і г. д.)

Летам 1914 года Сербія аказалася ў цэнтры падзей, якія прывялі да пачатку Першай сусветнай вайны. Застаючыся ў Амерыцы, Тэсла прымаў удзел у зборы сродкаў для сербскай арміі.

18 мая 1917 года Тэслу быў уручаны медаль Эдысана, хоць сам ён рашуча адмаўляўся ад яго атрымання.

З лета 1917 да лістапада 1918 года Нікола Тэсла працаваў на «Пайл Нешэнл» у Чыкага, у 19191922 гадах быў у Мілуокі; апошнія месяцы 1922 года прайшлі ў бостанскім «Уолт Уотч Компані», у 19251926 гадах у Філадэльфіі вучоны распрацоўваў для «Бадзі Компані» бензінавую турбіну.

У 1934 годзе ў часопісе Scientific American быў апублікаваны артыкул Тэслы, які выклікаў шырокі рэзананс у навуковых колах, у якім ён падрабязна разгледзеў магчымасці атрымання звышвысокіх напружанняў шляхам зарадкі шарападобных ёмістасцей статычнай электрычнасцю ад трэння рамянёў.

Урна з прахам Тэслы, Музей Тэслы ў Бялградзе

Ужо ў сталым узросце Тэслу збіла легкавая машына, ён атрымаў пералом рэбраў. Хвароба выклікала вострае запаленне лёгкіх, якое перайшло ў хранічную форму. Тэсла апынуўся прыкаваным да ложка.

Нікола Тэсла памёр ад сардэчнай недастатковасці ў ноч 7 студзеня 1943 года ва ўзросце 86 гадоў[32]. Тэсла і ў апошнія дні жыцця патрабаваў, каб яму ніхто не перашкаджаў, на дзвярах яго гасцінічнага нумара, дзе ён жыў апошнія гады, у Нью-Ёрку вісела спецыяльная таблічка. Цела Тэслы было знойдзена пакаёўкай і дырэктарам гасцініцы «Нью-Ёркер» толькі праз 2 дні пасля яго смерці. 12 студзеня цела крэміравалі, урну з прахам усталявалі на Фернкліфскіх могілках у Нью-Ёрку[33]. Пазней яна была перанесена ў Музей Ніколы Тэслы ў Бялградзе.

Вынаходствы Ніколы Тэслы

[правіць | правіць зыходнік]

Нікола Тэсла — аўтар каля 800-а вынаходстваў у галіне электра- і радыётэхнікі, аўтар болей чым 300 патэнтаў у розных галінах інжынернай тэхнікі[5]. Сярод самых вядомых адкрыццяў — радыёсувязь, зменны ток, асінхронны рухавік, электрарухавік, флюарэсцэнтнае святло, бесправадная перадача энергіі, лазер, рэнтгенаўскія промні[34].

Тэсла ўпершыню распрацаваў прынцыпы дыстанцыйнага кіравання, асновы лячэння токамі высокай частаты, стварыў першыя электрычныя гадзіннікі, рухавік на сонечнай энергіі і шмат іншага.

Таленавіты вучоны стварыў генератар зменнага току, абапіраючыся на прынцыпы кручэння магнітных палёў, і тым самым даў чалавецтву магчымасць шырокага выкарыстання электрычнасці.

З 1889 года Тэсла прыступіў да даследаванняў токаў высокай частаты і высокага напружання. Ён вынайшаў першыя ўзоры электрамеханічных генератараў высокай частаты і высокачастотны трансфарматар (трансфарматар Тэслы, 1891), стварыўшы тым самым перадумовы для развіцця новай галіны электратэхнікі — тэхнікі высокай частаты.

У ходзе даследаванняў токаў высокай частаты Тэсла надаваў увагу і пытанням бяспекі. Эксперыментуючы на сваім целе, ён вывучаў уплыў зменных токаў рознай частаты і сілы на чалавечы арганізм. Многія правілы, упершыню распрацаваныя Тэслам, увайшлі ў сучасныя асновы тэхнікі бяспекі пры працы з высокачастотнымі токамі. Ён выявіў, што пры частаце электрычнага току звыш 700 герцаў ён працякае па паверхні цела, не наносячы шкоды тканкам арганізму. Электратэхнічныя апараты, распрацаваныя Тэслам для медыцынскіх даследаванняў, атрымалі шырокае распаўсюджанне ў свеце.

У 1887 годзе Тэсла даў дакладнае навуковае апісанне сутнасці з’явы вярчэння магнітнага поля[35]. У 1888 годзе Тэсла атрымаў свае асноўныя патэнты на вынаходніцтва шматфазных электрычных машын (у тым ліку асінхроннага электрарухавіка) і сістэмы перадачы электраэнергіі з дапамогай шматфазнага зменнага току[36]. З выкарыстаннем дзвюхфазнай сістэмы, якую сам навуковец лічыў найбольш эканамічнай, у ЗША быў пушчаны шэраг прамысловых электраўстановак, у тым ліку Ніягарская ГЭС (1895), найбуйнейшая ў тыя гады.

Тэсла дэманструе прынцыпы радыёсувязі, 1891

Тэсла адным з першых запатэнтаваў спосаб надзейнага атрымання токаў, прыдатных для выкарыстання ў радыёсувязі. Патэнт «US Patent 447920»[37], выдадзены ў ЗША 10 сакавіка 1891 года, апісваў «Метад кіравання дугавымі лямпамі» («Method of Operating Arc-Lamps»). Запатэнтаванай інавацыяй стаў метад падаўлення гуку, які зыходзіць ад дугавой лямпы пад уздзеяннем току, для чаго Тэсла прыдумаў выкарыстоўваць частоты, якія знаходзяцца па-за межамі ўспрымання чалавечага слыху.

У тым жа годзе на публічнай лекцыі Тэсла апісаў і прадэманстраваў прынцыпы радыёсувязі. У 1893 годзе ўшчыльную заняўся пытаннямі бесправадной сувязі і вынайшаў мачтавую антэну.

У 1893 годзе Тэсла запатэнтаваў радыёперадатчык. Лічыцца, што ён вынайшаў радыё раней за Гульельма Марконі (1895) і Аляксандра Папова (1891—1893).

Пазней, у 1943 годзе, Вярхоўны суд ЗША канчаткова вызнаў першынства Тэслы ў вынаходніцтве радыё[34][38].

Рэнтгенаўскае выпраменьванне

[правіць | правіць зыходнік]
Рэнтген Тэслы

Нягледзячы на тое, што афіцыйна рэнтгенаўскае выпраменьванне (X-промні) было вынайдзена Вільгельмам Рэнтгенам у 1895 годзе, дакладна вядома, што Нікола Тэсла раней, прынамсі з 1894 года пачаў даследаваць тое, што ён называў прамяністай энергіяй «нябачнага» віду[39], магчыма, ён быў першым чалавекам, які атрымаў, хоць і выпадкова, рэнтгенаўскі здымак, гэта адбылося ў 1895 годзе, калі Нікола Тэсла зрабіў здымак Марка Твэна пры дапамозе гейслераўскай трубкі. Як высветлілася, фатаграфіі Твэна не атрымалася, але затое атрымалася добрая выява рэгуліровачнага вінта аб’ектыва фотаапарата[40].

Ужо пасля афіцыйнага вынаходства рэнтгенаўскіх промняў і рэнтгенаўскай тамаграфіі Тэсла працягваў рабіць уласныя эксперыменты ў гэтым кірунку. Ён не толькі ставіў доследы, але, аналізуючы атрыманыя звесткі, першым звярнуў увагу на небяспеку з боку ўздзеяння рэнтгенаграфіі на арганізм чалавека[41].

У 1891 годзе Нікола Тэсла стварае першы высокачастотны (рэзанансны) трансфарматар у Каларада Спрынгз. У адрозненне ад іншых трансфарматараў, у ім не было ферамагнітнага сардэчніка, трапляючы ў рэзананс, бабіны перадаюць адна адной ток літаральна па паветры. Пры правядзенні эксперымента былі зафіксаваны навальнічнападобныя разрады даўжынёй да 4,5 метраў[42].

Бабіны Тэслы яшчэ, часам, выкарыстоўваюцца менавіта для атрымання доўгіх іскравых разрадаў, якія нагадваюць маланку. Так, у 1998 годзе інжынер з Стэнфарду Грэг Лей прадэманстраваў публіцы эфект «маланкі па заказу», стоячы ў металічнай клетцы пад гіганцкім контурам Тэслы і кіруючы маланкамі з дапамогай металічнай «чароўнай палачкі»[42].

Містычныя тэорыі і чуткі

[правіць | правіць зыходнік]

Таямнічая постаць Ніколы Тэслы спарадзіла шмат чутак і фантастычных тэорый, як пры жыцці, так і пасля смерці вучонага, найбольш вядомыя з іх:

  • Паводле вядомай гарадской легенды, эксперыментуючы з механічным асцылятарам, Тэсла дамогся таго, што мог разбурыць любы прадмет, наладзіўшы на яго рэзанансную частату асцылятара. Легенда сцвярджае, што такім чынам Тэсла выклікаў землятрус у сваёй лабараторыі ў 1908 годзе, ледзьве не знішчыўшы яе прымацаваным да адной з бэлек будынка асцылятарам[43].
  • У 1915 годзе ў газетах пісалі, што Тэсла быў намінаваны на Нобелеўскую прэмію па фізіцы. Адначасова быў заяўлены і Томас Эдысан. Вынаходнікам прапаноўвалася падзяліць прэмію на дваіх. Па сцвярджэннях, узаемная непрыязнасць вынаходнікаў прывяла да таго, што абодва адмовіліся ад яе, такім чынам адкінуўшы любую магчымасць падзелу прэміі[12] У рэчаіснасці Эдысану ў 1915 годзе не прапаноўвалі, хоць і намінавалі на яе, а Тэсла ўпершыню быў намінаваны толькі ў 1937 годзе.
  • Паводле адной з версій, пасля смерці Тэслы ФБР выслала супрацоўнікаў, якія канфіскавалі ўсе паперы, знойдзеныя імі ў нумары. ФБР падазравала, што яшчэ за некалькі гадоў да смерці Тэслы некаторыя паперы былі выкрадзеныя нямецкай разведкай і маглі быць выкарыстаныя для стварэння нямецкіх лятучых талерак[44].
  • З канца 50-х гадоў XX стагоддзя ўрад ЗША нібыта фінансаваў праграму па распрацоўцы «промняў смерці», новай звышмоцнай лазернай зброі, напрацоўкі якой быццам былі запазычаны ў Тэслы[45].
  • У канцы XX — пачатку XXI стагоддзя з’явілася гіпотэза пра сувязь Тэслы з Тунгускім метэарытам[46]. Паводле гэтай гіпотэзы, у дзень назірання Тунгускага феномена (30 чэрвеня 1908 года) Тэсла праводзіў вопыт па перадачы энергіі «па паветры».

Цікавыя факты пра Тэслу

[правіць | правіць зыходнік]
  • Пры сваім даволі высокім росце (каля 190 сантыметраў) Тэсла меў сур’ёзную нястачу вагі цела і быў вельмі хударлявым.
  • Меў фатаграфічную памяць і валодаў васьмю мовамі.
  • Сцвярджаў, што яму цалкам дастаткова 2 гадзін у суткі для сну. Зрэшты зафіксаваны выпадак, калі Тэсла бесперапынна працаваў у сваёй лабараторыі 84 гадзіны[47].
  • Тэсла ніколі не быў жанаты.
  • Меў звычку лічыць крокі пры хадзе, падлічваць аб’ём талерак з супам, кубкаў з кавай і падобных рэчаў.
  • У кнізе Крыстафера Прыста «Прэстыж», Нікола Тэсла згадваецца, як геніяльны навуковец, які стварыў машыну-тэлепартатар. Таксама апісваецца яго варожасць з Томасам Эдысанам. Кніга экранізавана ў 2006 годзе Крыстаферам Ноланам. Ролю Тэслы сыграў культавы спявак і акцёр Дэвід Боўі[48].

Ушанаванне памяці

[правіць | правіць зыходнік]
100 дынараў, Сербія і Чарнагорыя (2000)
  • Адзінка вымярэння магнітнай індукцыі ў сістэме СІ названа ў гонар даследчыка — Тэсла.
  • У 1943 годзе, ужо пасля смерці Тэслы, Першай гвардзейскай дывізіі народна-вызваленчай арміі Югаславіі было нададзена імя Ніколы Тэслы.
  • У Бялградзе ў 1952 годзе быў адкрыты Музей Ніколы Тэслы, дзе захоўваюцца асабістыя рэчы вынаходніка, розныя гістарычныя дакументы і мадэлі яго вынаходстваў[49].
  • Імем Тэслы названы аэрапорт каля Бялграда.
  • Партрэты Тэслы размешчаны на шэрагу сербскіх банкнот.
  • Вынаходніку прысвечаны манументы і назвы вуліц у Сербіі, Харватыі, ЗША і іншых краінах.
  • У гонар вынаходніка названы кратар на Месяцы і астэроід 2244 Тэсла.
  • Імем вынаходніка названа кампанія, якая выпускае суперкары з электрычнымі рухавікамі — Tesla Motors.
  • У гонар вучонага названа вуліца ў Мінску.
  1. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р Nikola Tesla Праверана 3 ліпеня 2020.
  2. Nikola (Nicola) Tesla // Brockhaus Enzyklopädie
  3. а б в Цверава Г. К. Тесла Никола // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1976. — Т. 25 : Струнино — Тихорецк. — С. 512–513. Праверана 28 верасня 2015.
  4. Finn B. S. Nikola Tesla // Tesla, Nikola (9/10 July 1856–07 January 1943), electrical inventor // American National Biography Online / S. Ware[New York]: Oxford University Press, 2018. — ISSN 1470-6229doi:10.1093/ANB/9780198606697.ARTICLE.1301654 Праверана 9 кастрычніка 2017.
  5. а б Šarboh, Snežana (18-20 October 2006). Nikola Tesla’s Patents (PDF). Sixth International Symposium Nikola Tesla. Belgrade, Serbia. p. 6. Archived from the original on 30 October 2007 (англ.)
  6. Никола Тесла, Энциклопедия кругосвет. (руск.)
  7. O’Neill, John J (2007). Genius: The Life of Nikola Tesla. Book Tree. pp. 336. ISBN 1-60206-743-0., p. 12 (англ.)
  8. Walker, E. H. Leaders of the 19th century with some noted characters of earlier times, their efforts and achievements in advancing human progress vividly portrayed for the guidance of present and future generations. Chicago, A.B. Kuhlman, 1900. p. 474 (англ.)
  9. Tesla, Nikola, My Inventions The Autobiography of Nikola Tesla. (англ.)
  10. а б в Tesla Timeline. // Tesla Universe. (англ.)
  11. а б Никола Тесла (2010). Статьи. Стр. 584. ISBN 978-5-89850-078-8., С. 21 (руск.)
  12. а б O’Neill, John J Prodigal genius : the life of Nikola Tesla Архівавана 13 лютага 2013.. New Mexico, Brotherhood of Life, 1996. ISBN 0914732331. (англ.)
  13. а б в г д Ржонсницкий Б. Н. Никола Тесла. М.: «Молодая гвардия». 1959. (руск.)
  14. Wohinz, Josef W. (Ed.). Nikola Tesla und die Technik in Graz. Graz, Austria, Verlag der Technischen Universität Graz, 2006. ISBN 978-3-902465-39-9. (ням.)
  15. Seifer, Marc. Wizard: The Life and Times of Nikola Tesla; Biography of a Genius. Secaucus, Carol Publishing Group, 1996. (англ.)
  16. Cheney, Margaret. Tesla: Man Out of Time. Simon and Schuster, 2001, [1979]. ISBN 0743215362. (англ.)
  17. James Grant Wilson, John Fiske, Appleton’s Cyclopedia of American Biography. p. 261 (англ.)
  18. Tesla, Nikola. The fantastic inventions of Nikola Tesla. Adventures Unlimited Press, 1993. ISBN 0932813194. (англ.)
  19. Coming to America. Broadcasting Service. (англ.)
  20. а б The Inflation Calculator (англ.)
  21. Cheney, Margaret. Tesla: Man Out of Time. Simon and Schuster. ISBN 0-7432-1536-2. (англ.)
  22. Pickover, Clifford A. Strange brains and genius: the secret lives of eccentric scientists and madmen. Harper Perennial, 1999. ISBN 0-688-16894-9. p. 14 (англ.)
  23. O’Neill, John J (2007). Genius: The Life of Nikola Tesla. Book Tree. pp. 336. ISBN 1-60206-743-0., p. 64 (англ.)
  24. «Золото молчания». Как Эдисон воевал с Теслой, мучил животных и казнил белоруса на электрическом стуле. Архівавана 25 жніўня 2013. Александр Прищепов, TUT.BY. (руск.)
  25. Aleksandar Marinčić. Nikola Tesla’s Contributions to Radio Developments. Scindeks-clanci.nb.rs. 18. 1. 1902. p. 139 (англ.)
  26. Ouellette, Jennifer. «LIGHTNING FLASHES ON ORIGIN OF SOLAR SYSTEM» Архівавана 26 лістапада 2012.. Discovery News (англ.)
  27. Corum, K. L., J. F. Corum, «Nikola Tesla, Lightning Observations, and Stationary Waves.» 1994. (англ.)
  28. Nikola Tesla Colorado Springs Notes, 1899—1900 (англ.)
  29. Broad, William J. A Battle to Preserve a Visionary’s Bold Failure. // NYTimes, 4 May 2009. (англ.)
  30. U. S. Blows Up Tesla Radio Tower // The Electrical Experimenter, September, 1917, p. 293. (англ.)
  31. Tesla Tower. // Tesla Memorial Society of New York. (англ.)
  32. Краткая биография Николы Теслы Архівавана 2 студзеня 2014. (руск.)
  33. Валентина Богомолова. Никола Тесла. Гений-одиночка или безумец опередивший своё время? Архівавана 17 лютага 2013. (руск.)
  34. а б 10 изобретений Николы Тесла, которые изменили мир (руск.)
  35. Networks of power‬: ‪electrification in Western society, 1880—1930‬‬. JHU Press. p. 117. (англ.)
  36. Jill Jonnes, Empires of Light: Edison, Tesla, Westinghouse, and the Race to Electrify the World, 2003—416 pages — Google eBook — Preview. Books.google.com.
  37. Патент US447920, NIKOLA TESLA. (руск.)
  38. Патент US6445576(недаступная спасылка). (руск.)
  39. Nikola Tesla and the Discovery of X-rays. (англ.)
  40. Тесла — человек из будущего Архівавана 3 верасня 2014.. (руск.)
  41. Никола Тесла, О ВРЕДНОМ ВОЗДЕЙСТВИИ ТРУБОК ЛЕНАРДА И РЕНТГЕН. Electrical Review, 1897. (руск.)
  42. а б Никола Тесла — повелитель молний. (руск.)
  43. Генератор колебаний или Машина землетрясений Николы Теслы. (руск.)
  44. Tim Swartz The Lost Journals of Nikola Tesla : Haarp — Chemtrails and Secret of Alternative 4 — 2000. ISBN 1-892062-13-5 (англ.)
  45. Михаил Попов, Изобретения и открытия Николы Теслы Архівавана 16 чэрвеня 2013.. (руск.)
  46. ГИПОТЕЗЫ О ВОЗМОЖНОЙ ПРИРОДЕ ТУНГУССКОГО ЯВЛЕНИЯ (руск.)
  47. O’Neill, John J (2007). Prodigal Genius:The Life of Nikola Tesla. Book Tree. pp. 336. ISBN 1-60206-743-0., p. 43, 208, 301 (англ.)
  48. Кинофильм Престиж (2006) Kinopoisk.ru (руск.)
  49. Музей Ніколы Тэслы. (англ.)