Перайсці да зместу

Адплата кахання

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
«Адплата кахання»
Жанр паэма
Аўтар Янка Купала
Мова арыгінала беларуская
Дата напісання 19051907
Дата першай публікацыі 1908
Электронная версія
Лагатып Вікікрыніц Тэкст твора ў Вікікрыніцах

«Адплата кахання» — паэма Янкі Купалы, напісаная ў 19051907 гг. і ўпершыню апублікаваная ў зборніку «Жалейка» ў 1908 годзе.[1] Паэма мае падзагаловак «З праўдзівага здарэння».

«Не скажаце ў местах, бо знаеце самі,
Што вёска больш зліта людскімі слязамі.
У вёсцы, хоць горка пакрыўджаны плача,
Маўчаць кожны будзе так, як і не бача…
Занадта сляпы люд, занадта баіцца,
Каб мог ён за крыўду сваю заступіцца».

Я. Купала

З паэмы «Адплата кахання»

Блізкая да ранніх паэм Янкі Купалы («Зімою», «Нікому», «Калека»), паэма мае ў сваёй аснове мясцовыя паданні з часоў прыгону. Сюжэт паэмы пабудаваны на трагічным здарэнні, што адбылося ў панскім маёнтку на Лагойшчыне. У творы паказаная характэрная для старажытных часоў гісторыя няроўнага кахання з трагічным зыходам. Янка Лявончык з беднай сялянскай сям'і, яго абраная Зося — з панскага роду. Перашкодай іх каханню становіцца брат закаханай пан Лаўчынскі. Не здолеўшы разлучыць закаханых, Лаўчынскі забівае і спальвае хлопца-парабка за тое, што ён наважыўся пакахаць яго сястру, багатую шляхцянку. Адна трагедыя цягне за сабой другую — Зося канчае жыццё самагубствам, а яе брат-забойца вар'яцее. Гэта адплата абразе кахання і плата за каханне ў свеце, дзе пануюць саслоўныя перагародкі.[1]

Каштоўнасць паэмы не толькі ў яе сацыяльнай накіраванасці, але і ў высокім узроўні эстэтычнага асэнсавання жыццёвай драмы Янкі і Зосі, вобразы якіх увасабляюць рамантычную чысціню і прыгажосць кахання. Побач з рамантычнай паэтызацыяй здаровых маральных асноў народнага жыцця ў паэме выкарыстана шмат сродкаў рэалістычнай дэталізацыі, асабліва ў адлюстраванні сацыяльных кантрастаў вёскі.[1]

Сваёй паэмай Янка Купала далей развіў жанр апавядання-быліцы, спавядальнай паэмы, да якой сярод іншых звярталіся В. Дунін-Марцінкевіч і Ф. Багушэвіч.[1]

Зноскі

  1. а б в г Янка Купала: Энцыкл. даведнік. — Мн., БелСЭ, 1986. — Артыкул «Адплата кахання». — C. 30.
  • Янка Купала: Энцыкл. даведнік / БелСЭ; Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн., БелСЭ, 1986. — 727 с, 26 л. іл.; Артыкул «Адплата кахання» / Аўтар — М. М. Арочка. — C. 30.