Крычаўскае паўстаньне 1743—1744 гадоў
Кры́чаўскае паўста́ньне 1743—1744 гадо́ў — буйное антыфэўдальнае выступленьне сялянаў Крычаўскага староства князёў Радзівілаў. Выкліканае ўзмацненьнем фэўдальнага прыгоньніцкага прыгнёту і жорсткай эксплюатацыяй сялянаў. Паўстаньне ўзначалілі мясцовыя сяляне Васіль Вашчыла і ягоныя паплечнікі Іван Карпач, Стэсь Бачко, Васіль Вецер і іншыя[1]. Падаўленае войскам Гераніма Флярыяна Радзівіла, удзельнікі жорстка пакараныя.
Перадумовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крычаўскае староства месьцілася на мяжы з Расеяй і лічылася ўласнасьцю караля Рэчы Паспалітай, аднак было перададзенае ў «дзяржаньне» магнацкаму роду Радзівілаў, якія здавалі яго ў арэнду[2]. Арандатары былі зацікаўленыя ў тым, каб за вызначаны тэрмін пасьпець атрымаць як мага больш прыбытку, а таму парушалі вызначаныя Радзівілам інвэнтары, дзе вызначаліся павіннасьці сялянаў. За два гады арандатары Валкавіцкія сабралі зь сялянаў больш за 100 тысячаў залатовак звыш інвэнтара. Сяляне скардзіліся Радзівілу на вышэйшыя за норму павіннасьці. Праблемай староства былі таксама прастоі каралеўскага войска, якое, незадаволенае пастаўкамі правіянту, займалася рабункамі і нярэдка ўчыняла забойствы[2].
У 1730-х гадах староства было ў арэндзе ў братоў Гдайлы й Шмуйлы Іцкавічаў, падчас чаго становішча сялянаў стала вельмі складаным. Арандатары вымагалі ў сялянаў павышанага чыншу, нярэдка не выдавалі квіткоў пра аплату і потым ізноў патрабавалі грошы. За карыстаньне млынам Іцкавічы бралі не дзясятую, як звычайна, а сёмую мерку збожжа[2].
Крычаўцы слалі князю Гераніму Флярыяну Радзівілу скаргі, але слугі арандатараў лавілі іх на дарогах і чынілі расправу. Войт вёскі Селішчы, Васіль Вашчыла, быў пакараны за тое, што езьдзіў са скаргамі. Аднойчы Вашчыла быў зьбіты й кінуты ў астрог, а другім разам пакараны 150 бізунамі. Радзівіл, дзеля праверкі скаргаў, прысылаў сваіх камісараў, але Іцкавічы падкуплялі іх або абвяшчалі камісарамі сваіх людзей. Прыкладна так жа дзейнічаў і наступны арандатар, Марціян Літавор Храптовіч. Крычаўцы пісалі ў сваіх скаргах пра тое, што «пан Храптовіч ня лепшы за жыда-арандатара»[2].
Хада паўстаньня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У траўні 1740 году Васіль Вашчыла ўзначаліў першы ўзброены атрад зь некалькіх сотняў сялянаў, да якіх пазьней далучыліся сяляне зь іншых шляхецкіх уладаньняў і з-за мяжы. У сярэдзіне 1741 году ў сялянскіх хваляваньнях, якія ахапілі большую частку Крычаўскага староства, удзельнічала некалькі тысячаў чалавек[3].
Хваляваньні прынялі характар узброенага паўстаньня ў канцы 1743 году, калі ўзброеныя сяляне пачалі нападаць на маёнткі шляхты, дамы купцоў і ліхвяроў, дзяліць іх маёмасьць, зьнішчаць судовыя й даўгавыя кнігі, разганяць адміністрацыю[1]. На чале паўстаньня сталі Васіль Вашчыла і бурмістар Іван Карпач, а таксама Стэсь Бочка, Васіль Вецер, Навум Буян ды іншыя.
15 студзеня 1744 году Геранім Флярыян Радзівіл дзеля задушэньня паўстаньня накіраваў у Крычаў значную колькасьць войскаў на чале з палкоўнікам Пястжэцкім. Галоўныя сілы паўстанцаў у той час знаходзіліся ва ўсходняй частцы староства за ракой Сож. 18 студзеня паўстанцы падышлі да Крычава і атакавалі яго сіламі каля 2 тысячаў чалавек, яны былі падтрыманыя беднатой гораду[1]. Аднак добра абучанае і ўзброенае войска, падтрыманае артылерыяй замка, вымусіла сялянаў адступіць. Больш за 100 сялянаў загінула, 500 паранена і 77 узята ў палон, зь якіх толькі 3 засталіся жывымі: старац і 2 бурмістры, астатнія былі павешаныя або пасаджаныя на кол. Паўстанцы адступілі і каля вёскі Царкавішча стварылі новы лягер.
У новым лягеры атрад паўстанцаў стаў папаўняцца людзьмі і ў хуткім часе іх колькасьць дасягнула блізу 4000 чалавек[2]. Быў распрацаваны плян акружэньня й асады замка, якую меркавалася распачаць 26 студзеня[1]. Пачуўшы пра такія намеры, Пястжэцкі вырашыў ударыць першы, ён нядаўна атрымаў падмацаваньне зь Себежа й Невеля, у ягоным распараджэньні мелася 400 спрактыкаваных жаўнераў.
У ноч перад асадай на лягер паўстанцаў нечакана напалі атрады Пятжэцкага. Захопленыя зьнянацку сяляне адступілі, пакінуўшы на полі бою больш за 200 забітых і шмат параненых, 176 чалавек, у тым ліку й некаторыя кіраўнікі паўстаньня, трапілі ў палон.[1]. У пачатку лютага 1744 паўстаньне было задушанае канчаткова, 60 паўстанцаў пасьля бою былі жывымі пасаджаныя на калы ці павешаныя на круках і шыбеніцах.
Вынікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля канчатковага задушэньня паўстаньня ў Крычаў з конным аддзелам на трыста шабляў прыехаў сам Геранім Флярыян Радзівіл. Паводле рашэньня суда ад 22 лютага 1744, да розных мераў пакараньня былі прыгавораныя ўсе актыўныя паўстанцы, якія трапілі ў палон. 16 чалавек пакараныя сьмерцю. Страта адбылася 26 лютага. Іван Карпач, Стэсь Бочка, Васіль Вецер, Навум Буян, Мікіта з Бароўкі, Іван Трус, Васіль Пачаёнка і Васька Косьцін былі жывымі пасаджаныя на кол. Іван Дакука, Захарка Сямашка, Іванішка з Баранкова й Мікіта з Тупічына пакараныя на шыбеніцы. Сямёну Варону, Ігнату Малунёнку, Івану Крывулю і Івану Галёнцы адсечаныя галовы. Сакратару бунтаўнікоў сыну Стэся Бочкі князь Геранім загадаў адрэзаць вушы і выпаліць на ілбе шыбеніцу[2]. Васілю Вашчылу ўдалося ўцячы на Ўкраіну, дзе ён патрапіў пад перасьлед і памёр ад дызэнтэрыі ў Кіева-Пячэрскай крэпасьці, у якой ён сядзеў падчас сьледзтва.
Геранім Флярыян Радзівіл абмежаваўся асобнымі саступкамі. Радзівіл замяніў прымусовыя работы на будах грашовым чыншам, зьняў некаторыя абмежаваньні ў сялянскім гандлі, аб’явіў пра намер не здаваць староства ў арэнду і іншыя саступкі.
Паўстаньне ў культуры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крычаўскаму паўстаньню прысьвечаная трагедыя Ўладзімера Караткевіча, «Маці Ветру»[4].
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Лойка П. А. Мялешка В. І. Паўстанне сялян пад кіраўніцтвам Вашчылы. Мн., 1988.
- Лойка П. Мялешка В. І ўзняўся люд просты. Мн., 1992.
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д Энцыклапедыя гісторыі Беларусі / Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1997. — Т. 4. — 432 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0041-2
- ^ а б в г д е Уладзімер Арлоў. 1743—1744. Крычаўскае паўстанне // Арлоў У., Сагановіч Г. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі. — Менск, 1997. С. №
- ^ Вашчыла Васіль Мацвеевіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі / Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1994. — Т. 2. — С. 239. — 537 с. — 20 000 ас. — ISBN 5-85700-142-0
- ^ Анатоль Верабей. Трагізм і веліч гісторыі