Перайсьці да зьместу

Віцебскае паўстаньне

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Віцебскае паўстаньне — выступленьне праваслаўных гараджанаў Віцебску супраць уніяцкага архіяпіскапа Язафата Кунцэвіча, якое адбылося 12 лістапада 1623 году.

Падрыхтоўка і прычыны

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У падрыхтоўцы выступленьня ўдзельнічалі жыхары Магілёву, Воршы, Полацку й Вільні. Галоўнай прычынай паўстаньня сталі жорсткія мэтады насаджэньня ўніяцтва з боку архіяпіскапа Язафата Кунцэвіча.

Па сыгнале званоў ратушы й праваслаўных цэркваў некалькі тысячаў паўстанцаў рушылі да рэзыдэнцыі Кунцэвіча, уварваліся ў двор, падпалілі дом, забілі архіяпіскапа, а цела кінулі ў Дзьвіну. Сьвятары й чэлядзь з акружэньня былі зьбітыя, маёмасьць разрабаваная, а архіў зьнішчаны. Рымскі папа Урбан VIII заклікаў караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта III бязьлітасна расправіцца з паўстанцамі. У Віцебск прыбылі каралеўскія камісары з узброенымі атрадамі. Усе гараджане, у тым ліку чальцы магістрату былі аб’яўленыя саўдзельнікамі. Віцебск быў пазбаўлены Магдэбурскага права. З гораду спагнана 3079 злотых. Камісары загадалі зьняць званы з ратушы й усіх праваслаўных цэркваў і адліць зь іх вялікі звон у памяць пра Кунцэвіча, ратуша была разбураная. Затрыманыя й пакараныя сьмерцю 19 чалавек, у тым ліку 2 бурмістры і падбухторшчык паўстаньня — палачанін Пётра Васілеўскі, які на допыце прызнаўся, што была сувязь з праваслаўным брацтвам у Вільні. 78 чалавек, у тым ліку зачыншчык забойства Кунцэвіча Сьцёпан Пасіёра былі прыгавораныя да пакараньня сьмерцю завочна.

Паўстаньне ў культуры

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пад уплывам Уладзімера Стукаліча Ільля Рэпін зьбіраўся напісаць гістарычную карціну пра Віцебскае паўстаньне 1623 (ня зьдзейсьнена, захаваўся эскіз «Пропаведзь Кунцэвіча ў Віцебску», (1893)). Уладзімер Караткевіч напісаў п’есу «Званы Віцебска».

  • Мялешка В. І. Віцебскае паўстанне // Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн., 1997. — Т. 4. — С. 215.
  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
  • Витебск: Энциклопедический справочник / Гл. редактор И. П. Шамякин. — Мн.: БелСЭ им. П. Бровки, 1988. — С. 123—124. — 408 с. — 60 000 ас. — ISBN 5-85700-004-1 (рас.)