Зьбіцьцё дэпутатаў у будынку Вярхоўнага Савету (1995)
Каардынаты: 53°53′45″ пн. ш. 27°32′42″ у. д. / 53.89583° пн. ш. 27.545° у. д.
Зьбіцьцё дэпутатаў у будынку Вярхоўнага Савету | |||
Палітычны крызіс у Беларусі(d) | |||
Дата | 12 красавіка 1995 (29 гадоў таму) | ||
---|---|---|---|
Месца | Дом ураду (Менск) | ||
Прычыны | 11 красавіка 1995 г. пачалася галадоўка дэпутатаў Апазыцыі БНФ «Адраджэньне» супраць рэфэрэндуму, які Вярхоўны Савет не падтрымаў | ||
Мэты | прымус дэпутатаў Вярхоўнага Савету прагаласаваць за рэфэрэндум | ||
Спосабы | зьбіцьцё | ||
Вынік | 13 красавіка 1995 году Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь прызначыў рэфэрэндум на 14 траўня 1995 году | ||
Удзельнікі канфлікту | |||
Ключавыя асобы | |||
Сілы бакоў | |||
| |||
Колькасьць | |||
|
Зьбіцьцё дэпута́таў у буды́нку Вярхо́ўнага Саве́ту — падзеі ў ноч з 11 на 12 красавіка 1995 году, калі супрацоўнікі сілавых структураў рэжыму Лукашэнкі зьбілі і выкралі з залі паседжаньняў парлямэнту Беларусі 19 дэпутатаў ад апазыцыі, што галадавалі на знак нязгоды з парушэньнем Канстытуцыі і законаў Беларусі пры прызначэньні ініцыяванага Лукашэнкам рэфэрэндуму[1][2].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Перадумовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У пачатку 1995 году Аляксандар Лукашэнка абвясьціў, што ён зьбіраецца правесьці рэфэрэндум па зьмене дзяржаўнай сымболікі, наданьню дзяржаўнага статусу расейскай мове, і дэнансацыі Белавескіх пагадненьняў[3]. Неўзабаве была арганізаваная падтрымка гэтай ініцыятывы ад дэпутатаў. На той час паводле закону прэзыдэнт краіны ня мог прызначаць рэфэрэндумы, а толькі ініцыяваць іх для разгляду Вярхоўным Саветам.
18 сакавіка 1995 году ў газэце «Звязда» зьявіліся звароты да Лукашэнкі, падпісаныя нібыта 74 дэпутатамі Вярхоўнага Савету (з агульнай колькасьці 238 дэпутатаў). Пры гэтым адзін з названых падпісантаў дэпутат Барыс Савіцкі на сэсіі Вярхоўнага Савету заявіў, што не даваў згоды на выстаўленьне свайго подпісу пад зваротам[4]. Першы зварот быў прысьвечаны зьмене дзяржаўных сымбаляў, другі — наданьню расейскай мове статусу другой дзяржаўнай. У першым звароце сьцьвярджалася, што Пагоня і бела-чырвона-белы сьцяг, якімі карысталіся «гітлераўскія прыслужнікі», набываюць асаблівую значнасьць, напярэдадні 50-годзьдзя перамогі ў нямецка-савецкай вайне і нэгатыўна ўспрымаюцца ў народзе. «З улікам таго, што Беларусь зьяўляецца сувэрэннай дзяржавай, не да твару ёй пераймаць герб і сьцяг, няхай і дружалюбнай, але іншай сувэрэннай дзяржавы — Літвы, якія былі зацьверджаныя парлямэнтам намнога раней за нашу рэспубліку»[5]. У другім лісьце сьцьвярдажалася, што Закон аб мовах нібыта парушае канстытуцыю і іншыя міжнародныя акты, а таксама абмяжоўвае правы грамадзян[6].
7 красавіка 1995 году ў абарону мовы і сымбаляў да Вярхоўнага Савету зьвярнуўся Саюз пісьменьнікаў Беларусі[7].
23 і 24 сакавіка ў Вярхоўным Савеце праходзіла абмеркаваньне пытаньняў, унесеных Лукашэнкам на рэфэрэндум. Старшыня парлямэнцкай камісіі па заканадаўстве Дзьмітры Булахаў сярод аргумэнтаў супраць прызначэньня рэфэрэндуму зазначыў, што згодна зь дзейным заканадаўствам зьмяненьні і дапаўненьні ў Канстытуцыю ня могуць праводзіцца ў апошнія шэсьць месяцаў паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету, а таксама што на рэфэрэндум ня могуць выносіцца пытаньні, якія парушаюць неад’емныя правы народу на сувэрэнную нацыянальную дзяржаўнасьць, дзяржаўныя гарантыі існаваньня беларускай нацыянальнай культуры і мовы. Пытаньне аб статусе мовы трапляла пад гэтую катэгорыю і, такім чынам, вынясеньне яго на рэфэрэндум было неканстытуцыйным[8]. У адказ на гэта намесьнік старшыні Камісіі па дзяржаўным будаўніцтве Міхаіл Казючыц (былы першы сакратар Круглянскага райкаму КПБ) у падтрымку прапановы Лукашэнкі фактычна заявіў, што закон пры патрэбе можна не выконваць[9]. Сам Лукашэнка, які прысутнічаў у час абмеркаваньня, у сваім выступе працягваў сьцьвярджаць, што не парушае закону, не прыводзячы, аднак, ніякіх юрыдычных аргумэнтаў, пры гэтым у выпадку непрызначэньня рэфэрэндуму ён фактычна прыгразіў распусьціць парлямэнт[10].
Галасаваньне ў Вярхоўным Савеце
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]10 красавіка абмеркаваньне рэфэрэндуму працягвалася. Тэксты прапанаваных пытаньняў зьмяняліся некалькі разоў. Дэпутаты ад апазыцыі ў сваіх выступах працягвалі зьвяртаць увагу на тое, што згодна з законам пытаньні аб статусе нацыянальнай мовы і сымболікі ня могуць выносіцца на рэфэрэндум[11]. Сяргей Навумчык згадвае, што на той час дэпутаты, сярод якіх было шмат былых намэнклятурнікаў (кіраўнікоў з савецкай адміністрацыі) і камуністаў, маглі прагаласаваць за рэфэрэндум па пытаньнях аб мове і сымбалях[12]. Яшчэ ўвосень 1993 году праз актывізацыю прарасейскіх настрояў большасьць сябраў Канстытуцыйнай Камісіі Вярхоўнага Савету выказаліся за тое, каб упамінаньне крыніцаў Беларускай дзяржаўнасьці — ня толькі Вялікага Княства Літоўскага і Беларускай Народнай Рэспублікі, але і Беларускай ССР — прыбраць з тэксту Канстытуцыі Беларусі, што падтрымала большасьць дэпутацкага корпусу[13]. Каб прадухіліць падобнае разьвіцьцё падзеяў, 10 красавіка дэпутаты ад апазыцыі дамовіліся пайсьці на скрайнія захады.
11 красавіка 1995 году Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь на паседжаньні, у Авальнай Залі Дому ўраду, пачаў абмеркаваньне з выступаў дэпутатаў Мікалая Крыжаноўскага, Юрыя Беленькага і Зянона Пазьняка. Яны заявілі пра незаконнасьць правядзеньня рэфэрэндуму па пытаньнях мовы і сымболікі і парушэньне заканадаўчых актаў з Канстытуцыяй. Пасьля гэтага дэпутаты-апазыцянэры абвясьцілі галадоўку, выйшлі з сваіх месцаў на сярэдзіну Авальнай залі і селі перад прэзыдыюмам, каля трыбуны[14].
Старшыня Вярхоўнага Савету Мячаслаў Грыб заявіў, што згодна з законам парлямэнт мусіць разгледзець прапанову прэзыдэнта і прагаласаваць. Пасьля гэтага перад дэпутатамі выступіў Генадзь Майсееў, які абурыўся, што напярэдадні дзяржаўная тэлевізія паказала агітацыю за новыя прапановы Лукашэнкі, але ня дала слова ніводнаму дэпутату. У гэты час у залі зьявіўся Лукашэнка, які заявіў, што не адмовіцца ад сваіх прапановаў, а дэпутаты павінны іх разгледзець[15].
У выніку галасаваньня па пытаньнях[16]:
- «Ці згодны вы з наданьнем расейскай мове роўнага статусу зь беларускай? Так ці не» — прагаласавалі 124 дэпутаты (з агульнай колькасьці 238 дэпутатаў) пры патрэбных для зацьверджаньня 152-ух.
- «Ці падтрымліваеце вы прапанову аб устанаўленьні новага Дзяржаўнага сьцяга і Дзяржаўнага гербу Рэспублікі Беларусь? Так ці не?» — падтрымала 150 дэпутатаў (не хапіла двух галасоў).
- «Ці згодны вы зь неабходнасьцю ўнясеньня зьмяненьняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасьць датэрміновага спыненьня паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сыстэматычнага ці грубага парушэньня Канстытуцыі? Так ці не?» — прагаласавала толькі 86 дэпутатаў, амаль у два разы меней, чым было неабходна.
- «Ці падтрымліваеце вы дзеяньні прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, якія накіраваны на эканамічную інтэграцыю з Расейскай Фэдэрацыяй? Так ці не?» набрала патрэбную для зацьвярджэньня колькасьць галасоў — 180.
Такім чынам, тры з чатырох прапанаваных Лукашэнкам пытаньні не прайшлі. У адказ на гэта Лукашэнка ў эмацыйнай форме заявіў, што пытаньні (мова, сымболіка, права роспуску парлямэнту і інтэграцыя з Расеяй) нібыта складалі «цэласны комплекс», які дэпутаты «парушылі», разглядаючы гэтыя пытаньні паасобку[17].
Падзеі ў ночы з 11 на 12 красавіка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Яшчэ ўвечары Галіна Сямдзянава атрымала інфармацыю, што супраць удзельнікаў галадоўкі можа быць ужытая сіла. Зянон Пазьняк зьвярнуўся да старшыні Вярхоўнага Савету Мечыслава Грыба з просьбай забясьпечыць іх ахову, той сказаў, што нібыта кіраўніцтва КДБ паабяцала даслаць сваіх людзей[18].
Пасьля 18 гадзінаў прэзыдэнцкая ахова запатрабавала ад журналістаў пакінуць залю. Застацца ўдалося толькі карэспандэнтцы радыё «Свабода» Алене Радкевіч. А 22.10 на падкантрольнай Лукашэнку дзяржаўнай тэлевізіі ў навінах выйшаў рэпартаж пра галадаючых дэпутатаў, дзе прагучалі словы: «Прэзыдэнт імкнуўся вырашыць праблему мірнымі шляхамі, але вычарпаў усе магчымасьці»[19].
А 23 гадзіне ў Авальную залю ўвайшоў начальнік упраўленьня аховы Міхаіл Цесавец з начальнікам службы аховы прэзыдэнта Вячаславам Каралёвым. Разам зь імі было некалькі дзясяткаў чалавек ў вайсковай і міліцэйскай форме, а таксама хлопцы ў скураных куртках моцнага целаскладу. Цесавец заявіў, што на тэлефон паведамілі пра закладзеную бомбу ў будынку парлямэнту, і запатрабаваў пакінуць будынак, бо праводзіцца эвакуацыя. Цесавец спаслаўся на загад Грыба пакінуць памяшканьне — але, дэпутаты зьвязаліся зь сьпікерам і даведаліся, што Грыб падобнага распараджэньня не даваў. Тады Цесавец загадаў хлопцам, што былі зь ім вывесьці прымусова дэпутатаў з залі, аднак тыя адмовіліся, калі пабачылі дэпутацкія пасьведчаньні і пачулі пра крымінальную адказнасьць за парушэньне дэпутацкай недатыкальнасьці. У гэты самы час на бальконе над Авальнай заляй зьявіліся два відэаапэратары, якія пачалі здымаць усё на камэры. Цесавец і Каралёў самі вырашылі паспрабавалі выцягнуць хоць аднаго з дэпутатаў — спачатку вырывалі з крэслаў Барыса Гюнтара, потым Ігара Герменчука, але дэпутаты ўзяліся за рукі і задума не атрымалася[20].
Пакуль ішла тузаніна, група сапёраў пад кіраўніцтвам палкоўніка з спэцтэхнікай і сабакамі аглядала Авальную залю ў пошуках бомбы.
А 23-ай гадзіне ў залю ўвайшла прэзыдэнцкая ахова, падышла да журналісткі Радкевіч, якая пісала рэпартаж за сталом старшыні Вярхоўнага Савету (бо менавіта там была настольная лямпа), і забрала з дыктафона касэту. Празь некалькі хвілінаў і саму Радкевіч вывелі з залі, завялі ў памяшканьне аховы і там апытвалі.
Некалькі дэпутатаў сышлі на першы паверх, бо ўсе дзьверы былі адчыненыя. Міліцыя прапанавала ім выйсьці на вуліцу, на плошчу, без гарантыяў вяртаньня ў залю. Дэпутаты нават здолелі даць інтэрвію праз зачыненыя шкляныя дзьверы журналістам, што чакалі іх з вуліцы. Тыя расказалі, што ў двор Дома ўраду праехаў картэж і ў прэзыдэнцкіх пакоях запалілася сьвятло. Сяргей Навумчык і Алег Трусаў сьвярджаюць, што бачылі ў двары прэзыдэнцкі лімузін і лічаць, што сам Лукашэнка прыехаў тады ў будынак ураду[21].
А 00.41 гадзіне 12 красавіка сапёры скочылі агляд будынку, пратакол ад дэпутатаў падпісалі Алег Трусаў і Барыс Гюнтэр.
А 2.35 Валянцін Голубеў, які перад гэтым прыадчыніў дзьверы ў фае, заўважыў людзей у камуфляжы. Ён крыкнуў: «Пад’ём! Вайскоўцы з аўтаматамі і ў масках!». Голубеў расказаў, што ў фае, выстраіўшыся некалькімі шэрагамі, стаялі вайскоўцы ў форме, з зброяй, у масках з супрацьгазамі, разам «чалавек пяцьсот альбо шэсьцьсот». Галадуючыя паўскоквалі і расьселіся ў правым сэктары Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету[22]. На бальконах залі паседжаньняў зьявіліся людзі зь відэакамэрамі (як мінімум двое)[23].
А 2.48 у залю ўвайшлі Цесавец, Каралёў і зь імі невядомы чалавек у паўвайсковым адзеньні (пазьней Навумчык апазнаў у ім Юрыя Бародзіча, у той час камандзіра «Альфы», потым — начальніка службы аховы Лукашэнкі). Дэпутатам далі пяць хвілін, каб пакінуць памяшканьне і кампанія сілавікоў выйшла[22].
Дэпутаты дамовіліся, што будуць супраціўляцца, калі іх пачнуць выдаляць з памяшканьня: схопяцца адзін за аднаго, а калі нападаючым ўдасца разарваць ланцуг, то паспрабуюць зрываць маскі і чапляцца — колькі хопіць сіл — за сталы і крэслы[23].
А 2.51 у адзін момант адчыніліся ўсе дзьверы, у залі загарэлася сьвятло і туды ўварваліся прыкладна 200 чалавек у чорных масках і цёмных камбінэзонах, за імі беглі спэцназаўцы ў шлёмах, рэсьпіратарах і з дубінкамі, а па пэрымэтры залі стаялі аўтаматычкі[22][23].
Беленькі потым казаў, што адзін зь першых нападнікаў у чорным зрабіў у паветры сальта і ўдарыў нагамі ў грудзі Пазьняка. Гермянчук згадваў: «Накінуліся з усіх бакоў. Выцягвалі спачатку тых, хто сядзеў з краю. На Пазьняка адразу ўскочылі трое, пачалі душыць, круціць галаву, упершыся пальцамі ў вочы»[24]. Пазьняк і Гермянчук пасьпелі сарваць зь некалькіх нападнікаў маскі. Лідэра апазыцыі білі асабліва жорстка, як згадваў потым Навумчык: «Адзін „гарыла“ ўдарыў яго нагой у грудзі, другі круціў галаву і ціснуў вочы. Потым, калі выводзілі, Пазьняка білі аб сьцяну. Судова-мэдычная экспэртыза зафіксавала ў яго пяць пашкоджаньняў рознай цяжкасьці»[25].
Лявон Баршчэўскі згадваў, што яму закруцілі рукі за сьпіну, «прычым так, што мой падбародак апынуўся ніжэй каленяў. Мяне пацягнулі паўкругам папярочнага праходу, які ішоў уздоўж задняга шэрагу дэпутацкіх крэслаў. Каля крэслаў ланцужком стаялі вайскоўцы ў камуфляжы і поўнай амуніцыі, і кожны з іх імкнуўся чаравікам патрапіць мне ў твар»[23].
Паводле ўспамінаў Лявона Баршчэўскага, «Маглі б проста вынесьці ці вывесьці. Але білі вельмі жорстка. Ботамі ў твар, выломвалі рукі, лупілі дубінкамі, наставіўшы аўтаматы, на што не было ніякай патрэбы. Мы ж былі бяззбройныя»[3]. Паводле дэпутата Голубева: «Я памятаю такі момант, што два чалавекі крутнулі мне рукі гэтак, што я, стоячы, ударыўся галавою аб падлогу і ў гэты момант атрымаў дручком па хрыбетніку, і ногі адняліся. Мяне проста пацягнулі. Галава яшчэ працавала, але супраціўляцца я ўжо не мог»[26].
Усіх дэпутатаў моцна зьбівалі пакуль выводзілі ці выносілі зь Вярхоўнага Савету. Пасьля людзей кідалі ў міліцэйскія машыны. У машынах у дэпутатаў спыталі іх хатнія адрасы, але тыя сказалі везьці іх у пракуратуру. Там уночы былі выкліканы два дзяжурныя пракуроры і складзена заява. Туды ж прыехала і хуткая.
А 4-й раніцы ўсе дэпутаты, раскіданыя ў розных месцах Менску, сабраліся ля гатэлю «Кастрычніцкі» і пайшлі ў «лечкамісію», якая месьцілася непадалёку, на Чырвонаармейскай. Туды ж прыехалі журналісты[27].
Падзеі 12 красавіка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]А 6-й гадзіне па сканчэньні мэдычнага агляду зьбітыя дэпутаты паведамілі пра падзеі Мечыславу Грыбу. Той прыняў іх у сваім кабінэце разам зь віцэ-сьпікерам Іванам Бамбізай, а таксама генэральным пракурорам Васілём Шаладонавым. Генэральны пракурор заявіў, што яго ўжо праінфармавалі пра начны зварот дэпутатаў у пракуратуру і ён пачынае крымінальную справу (пазьней у гэтай справе адбылося паседжаньне калегіі Генэральнай пракуратуры). Паводле Навумчыка, Грыб назваў тое, што адбылося, дзяржаўным злачынствам і пастанавіў тэрмінова сабраць Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету[28].
Сябры Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету былі шакаваныя начнымі падзеямі. Старшыня парлямэнцкай Камісіі па экалёгіі Барыс Савіцкі, заявіў, што пасьля зьбіцьця дэпутатаў ў будынку Вярхоўнага Савету ёсьць толькі два магчымыя варыянты: альбо распачаць працэдуру адстаўкі Лукашэнкі, альбо — самараспусьціцца. «Беларусь яшчэ ніколі гэтак блізка не падыходзіла да мяжы грамадзянскай вайны», — заявіў Грыб. Ён прапанаваў абмеркаваць сытуацыю на паседжаньні Вярхоўнага Савету[28].
У гэты час каля Дому ўраду пачаў зьбірацца невялікі натоўп пратэстоўцаў, якіх міліцыя цясьніла да выхаду з мэтро і далей, у сквэр. Зьбітых дэпутатаў у Дом ураду не пусьцілі міліцыянты, заявіўшы, што ўваход у будынак дазволены толькі паводле сьпісаў і іх прозьвішчаў там няма. Таксама не пусьцілі ў будынак і генэральнага пракурора Шаладонава, які прыехаў на месца падзеяў. Згрупаваўшыся разам дэпутаты здолелі прарваць кардон міліцыі і патрапіць у Авальную залю[29].
Дэпутаты (не прадстаўнікі Апазыцыі БНФ) адразу заявілі, што пасьля начных падзеяў праводзіць сэсію ў падкантрольным Лукашэнку Доме ўраду, а не ў будынку Вярхоўнага Савету, нельга. Грыб у гэты час пайшоў да Лукашэнкі, каб высьветліць абставіны таго, што здарылася і паспрабаваць разьвязаць канфлікт. У выніку сэсія распачалася ў будынку Дома ўраду. Пасьля абеду да дэпутатаў прыйшлі распавесьці сваю вэрсію падзеяў міністар абароны Анатоль Кастэнка і начальнік аховы будынкаў Міхаіл Цесавец. Яны заявілі, што на загад Лукашэнкі забясьпечвалі бясьпеку прысутным ў будынку дэпутатам, якіх нібыта проста вывелі з Дома ўраду і разьвезьлі па хатах[30].
У адказ Алесь Шут узьняў кашулю і паказаў кровападцёкі ад дубінак. У адказ пачуліся выкрыкі некаторых дэпутатаў: «Мало Вам дали!» [31]. Навумчык ў сваіх успамінах сьцьвярджае, што крычаў гэта Мікалай Дземянцей, былы старшыня Вярхоўнага Савету БССР[32].
Валянцін Голубеў распавёў як зьбівалі людзей і запатрабаваў паказаць усім кадры, зьнятыя дзьвюма відэакамэрамі. Грыб адказаў, што гэта абавязкова пабачаць усе дэпутаты, і што гэта асабіста абяцаў яму зрабіць Лукашэнка. Пасьля быў абвешчаны перапынак да 16-й гадзіны, калі да дэпутатаў абяцаў прыйсьці Лукашэнка. А 16-й гадзіне дэпутаты ад апазыці сказалі, што ў будынку Дома ўраду больш няма чаго рабіць і яны пераносяць сваё галадаваньне ў Вярхоўны Савет, які не належыць адміністрацыі прэзыдэнта[33].
У час свайго выступу Лукашэнка імкнуўся давесьці, што менавіта дэпутаты Апазыцыі вінаватыя ў «дэстабілізацыі сытуацыі» і што з дэпутатамі нічога дрэннага не рабілі — наадварот, выратоўвалі іх жыцьцё. Самі ж дэпутаты не галадалі, а елі і нават пілі ўночы[34]: «Когда мне Тесовец со слезами на глазах позвонил около 12 часов ночи и сказал: Александр Григорьевич, не получается похорошему, повынимали ножи, достали лезвия. Первое, говорят, вскрываем вены, отрезаем себе головы и вас повырезаем, кровью зальём здесь всё. Ну, извините, такие угрозы в резиденции президента — это уже слишком».
У той самы дзень дэмаралізаваныя ціскам Лукашэнкі і бязвольнымі паводзінамі Грыба дэпутаты прагаласавалі за ратыфікацыю Дамовы аб двухбаковых беларуска-расейскіх дачыненьнях. Тады ж, увечары 12 красавіка, дэпутаты Апазыцыі БНФ, прынялі заяву, у якой абвясьцілі пра спыненьне палітычнай галадоўкі[35].
Падзеі 13 красавіка і прызначэньне рэфэрэндуму
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]13 красавіка дэпутаты, без фракцыі апазыцыі БНФ, у шпаркім тэмпе прынялі закон «Аб патэнтах на гатункі расьлінаў» і ратыфікавалі Дамову паміж Беларусьсю і Расеяй «Аб сумесных намаганьнях па ахове дзяржаўнай граніцы Рэспублікі Беларусь»[36].
Потым прысутныя дэпутаты Вярхоўнага Савету прынялі з парушэньнем працэдуры пастанову аб правядзеньні рэфэрэндуму[37][38]. Яго прызначылі на 14 траўня 1995 году, у той час як паўторнае галасаваньне паводле працэдуры не дапускалася, акрамя таго, у адпаведнасьці з Канстытуцыяй Беларусі 1994 году зьмены й дапаўненьні ў дакумэнт забаранялася ўносіць у апошнія шэсьць месяцаў паўнамоцтваў парлямэнту[39].
У адпаведнасьці з пастановай № 3728-ХІІ «Аб правядзеньні рэспубліканскага рэфэрэндуму па пытаньнях, прапанаваных Прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь, і мерах па яго забесьпячэньні» ў бюлетэнь для галасаваньня ўносіліся наступныя пытаньні:
- Ці згодны Вы з наданьнем расейскай мове аднолькавага статусу зь беларускай?
- Ці падтрымліваеце Вы прапанову аб устанаўленьні новых Дзяржаўнага сьцягА і Дзяржаўнага гербу Рэспублікі Беларусь? (прапаноўвалася зьмяніць нацыянальныя герб Пагоня і бел-чырвона-белы сьцяг на знакі, што нагадвалі сымбалі Беларускай ССР)
- Ці падтрымліваеце Вы дзеяньні прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, скіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расейскай Фэдэрацыяй?
- Ці згодны Вы зь неабходнасьцю ўнясеньня зьмяненьняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжваюць магчымасьць датэрміновага спыненьня паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сыстэматычнага ці грубага парушэньня Канстытуцыі?
Першае, другое і трэцяе пытаньні выносіліся на абавязковы рэфэрэндум, рашэньне якога зьяўляецца канчатковым, а чацьвертае пытаньне — для прыняцьця кансультацыйнага рашэньня, якое мае рэкамэндацыйны характар[37].
Доктар юрыдычных навук Міхаіл Пастухоў, які ў 1995 годзе быў судзьдзём Канстытуцыйнага суду, лічыць, што толькі адзін факт скарыстаньня фізычнай сілы ў дачыненьні да дэпутатаў «людзьмі ў камуфляжнай форме», ды яшчэ ў будынку парлямэнту, ставіць пад сумненьне законнасьць пастановы Вярхоўнага Савету наконт прызначэньня рэфэрэндуму, бо яе прымалі пад прымусам. Само ж увядзеньне ўзброеных людзей у парлямэнт і нападзеньне на дэпутатаў можна кваліфікаваць як захоп улады гвалтоўным чынам[37].
Адным з апошніх прынятых законаў у гэты дзень было абвяшчэньне 7 лістапада (дзень «кастрычніцкай рэвалюцыі») — дзяржаўным сьвятам.
У гэты дзень сэсія скончылася ў буфэце. Урыўкі з стэнаграмы прыводзіць Навумчык: Лукашэнка: «… я приглашу сейчас этот весь зал за счёт государства. Слышите? Я имею право. И выпьем и по сто, и по двести граммов…» Грыб: «Дзякуй. Усіх вас чакаюць у буфэце»[40].
Відэа зьбіцьця і расьсьледваньне падзеяў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вінаватых у зьбіцьці дэпутатаў праваахоўныя органы не назвалі. Пазьней Лукашэнка заявіў, што ён асабіста аддаў загад аб эвакуацыі дэпутатаў з будынка ў мэтах бясьпекі. Таксама ён заявіў, што мае «права патрабаваць навядзеньня парадку ў сваёй рэзыдэнцыі» (у будынку Дома ўрада, дзе засядаюць дэпутаты, левае крыло належала кіраўніку дзяржавы і ягонай адміністрацыі). У інтэрвію журналістам Лукашэнка ацаніў ўсё, што адбылося, як правакацыю з мэтай дэстабілізаваць абстаноўку ў грамадзтве[23].
На наступны дзень, выступаючы перад дэпутатамі, Лукашэнка заявіў, што глядзеў відэа пра падзеі ў Вярхоўным Савеце, і ніхто нікога ня біў. Дэпутаты самі з радасьцю пакінулі залю парлямэнту[41].
Да никто никого не бил, никто никого не ломал. Сейчас с бытовой кассеты, которая здесь была отснята, мы перегоняем на БТК (или какая там кассета.) и мы покажем не только депутатам. Как только эта перегонка будет закончена, мы покажем это не только депутатам, мы покажем это всему народу… Мы покажем народу эту плёнку. | ||
Лукашэнка абяцаў у хуткім часе паказаць гэты ролік па тэлебачаньні, але тыя кадры так і не былі паказаныя. Лявон Баршчэўскі расказаў, што праз 7 гадоў сустрэўся зь Леанідам Сініцыным, які ў 1995 годзе ўзначальваў Адміністрацыю прэзыдэнта. Той бачыў відэа зьбіцьця ў Авальнай залі і прызнаўся: «Там быў проста жах!». Паводле Сініцына, змантаваць нешта з таго роліка было немагчыма[3].
У іншым інтэрвію Сініцын расказаў, што раніцай 12 красавіка яму прынесьлі гэтую касэту. Ён паклікаў Міхаіла Чыгіра, у той час — прэм’ер-міністра, і яны разам глядзелі яе. Потым касэту забраў сабе Замяталін, які ўзначальваў упраўленьне інфармацыі ў адміністрацыі Лукашэнкі[42].
18 красавіка Зянон Пазьняк, Валянцін Голубеў, Ігар Гермянчук, Алег Трусаў і Сяргей Навумчык правялі прэсавую канфэрэнцыю, на якой запатрабавалі даць відэазапіс у этэр, бо адміністрацыя прэзыдэнта адмовілася перадаць касэту Генэральнай пракуратуры.
У красавіку 1995 году газэта «Свабода» надрукавала паведамленьне пра аповед аднаго з супрацоўнікаў тэлерадыёкампаніі, якому ўдалося пабачыць запіс у часе таго самага перагону з побытавай касэты на прафэсійную, пра якую казаў Лукашэнка. Відэазапіс спрабавалі за вялікія грошы купіць расейскія і заходнія тэлекампаніі[43].
Пасьля гэтага здарэньня Генэральная пракуратура распачала крымінальную справу паводле заявы групы дэпутатаў аб зьбіцьці іх супрацоўнікамі спэцслужбаў, аднак зь цягам часу яна была прыпынена з прычыны «невысьвятленьня асобаў, што дапусьцілі буянства ў парлямэнце»[23][37]. Пры гэтым дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня ад БНФ Сяргей Навумчык у сваіх успамінах сьцьвярджае, што менавіта супрацоўнікі «Альфы» зьбівалі ў залі паседжаньняў дэпутатаў ад апазыцыі[44]. Генэрал-лейтэнант Валеры Кез у адным зь інтэрвію папрасіў прабачэньня ў дэпутатаў Апазыцыі БНФ і сказаў, цяпер ужо публічна, што зьбівалі іх афіцэры групы КДБ «Альфа». Менавіта яны і былі тымі самымі «гарыламі» ў чорных масках[45].
Паводле сьледчага Генэральнай пракуратуры Язэпа Бролішса, «два экспэрты-крыміналісты з падразьдзяленьняў МУС здымалі ўсё, што адбывалася на відэастужку», якую пасьля аддалі прадстаўніку Адміністрацыі прэзыдэнта. Адзінай перашкодай перадачы справы ў суд стала, паводле сьледчага, немагчымасьць атрымаць у Адміністрацыі арыгінал стужкі[23].
Было апытана больш за 190 чалавек, што служылі ў сілавых структурах. 5 кастрычніка 1995 году Язэп Бролішс прыняў рашэньне аб прыпыненьні папярэдняга сьледзтва па крымінальнай справе, узбуджанай 12 красавіка 1995 г. паводле факту зьбіцьця дэпутатаў, бо «па справе вычарпаныя ўсе магчымасьці для зьбіраньня дадатковых доказаў сьледчым шляхам <…> папярэдняе сьледзтва па справе прыпыніць празь невыяўленьне асоб, якія падлягаюць прыцягненьню ў якасьці абвінавачаных»[46].
Наступствы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Былы дэпутат Валянцін Голубеў адзначыў, што яшчэ перад рэфэрэндумам Лукашэнка саромеўся зьбіцьця прадстаўнікоў апазыцыйных сілаў. Пасьля ж кіраўнік краіны безь ніякага сораму пачаў зьмяняць пад сябе Канстытуцыю. Падзеі, якія разгарнуліся ў ноч з 11 на 12 красавіка 1995 году, разбурылі парлямэнцкую сыстэму ды паказалі, што ў краіне ўсталявалася дыктатура. Ужо наступныя парлямэнцкія выбары 1996 году былі недэмакратычныя, і менавіта з таго часу ў беларускі парлямэнт не прапускаюць прадстаўнікоў апазыцыі[26].
Пісьменьнік Васіль Быкаў адразу пасьля падзеяў 11—12 красавіка заявіў, што краінай «кіруе прэзыдэнцкая хунта»: «Ужо ясна, што ў Беларусі ня будзе парлямэнту, ня будзе дэмакратычных выбараў, зьнікнуць рэшткі свабоднай прэсы»[23].
Сьпіс зьбітых дэпутатаў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Мікалай Аксаміт
- Сяргей Антончык
- Лявон Баршчэўскі
- Юры Беленькі
- Ігар Гермянчук
- Валянцін Голубеў
- Барыс Гюнтэр
- Лявон Дзейка
- Уладзімер Заблоцкі
- Лявонці Зданевіч
- Мікалай Крыжаноўскі
- Мікола Маркевіч
- Віталь Малашка
- Сяргей Навумчык
- Зянон Пазьняк
- Сяргей Папкоў
- Пётра Садоўскі
- Алег Трусаў
- Алесь Шут
Хацеў далучыцца да галадоўкі, але мусіў класьціся ў шпіталь дэпутат Апазыцыі БНФ, палкоўнік міліцыі Ігар Пырх. Дэпутаты ўгаварылі ня ўдзельнічаць у галадоўцы Галіну Сямдзянаву[47].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 126—129.
- ^ Аксана Колб. Доўгі шлях да лепшай долі (бел.) // Новы час. — 2021. — № 18 (726). — С. 1.
- ^ а б в Кастусь Заблоцкі. Як зьбівалі дэпутатаў 20 гадоў таму // Радыё «Рацыя», 11 красавіка 2015 г. Архіўная копія ад 11 красавіка 2015 г. Праверана 18 верасьня 2018 г.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 70.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 74.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 79.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 86.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 89—90.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 92.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 117.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 118.
- ^ Навумчык С. У праекце Канстытуцыі 1994 прыгадваліся ВКЛ і БНР, Радыё Свабода, 15 сакавіка 2020 г.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 125.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 128.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 131—132.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 133—134.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 139.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 143.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 145.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 147.
- ^ а б в Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 152.
- ^ а б в г д е ё ж Избитая демократия. 20 лет назад голодавших оппозиционеров силой вывезли из парламента, TUT.BY, 11.04.2015 г.
- ^ Ігар Гермянчук. Банда Лукашэнкі выканала загад свайго гаспадара // Свабода : газэта. — 15 красавіка 1995.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 153.
- ^ а б Валянцін Голубеў: Да рэфэрэндуму 1995 года Лукашэнка яшчэ саромеўся // Тэлеканал «Белсат», 12 красавіка 2013 г. Праверана 18 верасьня 2018 г.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 158.
- ^ а б Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 166.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 168.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 179.
- ^ Сяргей Навумчык. Пра што забыўся Трусаў // Наша ніва : газэта. — 18 лютага 2015. — № 7 (892). — С. 10. — ISSN 1819-1614.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 178.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 185.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 188—191.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 193.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 194.
- ^ а б в г Міхаіл Пастухоў. Ці законны рэфэрэндум 1995 года адносна наданьня дзяржаўнага статусу расейскай мове // Аняменне. З кронікі знішчэння беларускай мовы / рэд. Міхась Скобла. — Вільня: Gudas, 2000. — 320 с. — ISBN 998-6951-82-7
- ^ Сяргей Запрудзкі. Моўная палітыка ў Беларусі ў 1990-я гады // Архэ-Пачатак : часопіс. — 2002. — № 1 (21). — ISSN 1392-9682.
- ^ Міхаіл Пастухоў, Сяргей Пульша. Канстытуцыя: шматкроць перапісаная і не дзеючая (бел.) // Новы час. — 2021. — № 10 (718). — С. 4.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 195.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 205.
- ^ Федута А. Лукашенко. Политическая биография. — Москва: «Референдум», 2005. С. 245.
- ^ Сяргей Навумчык. Іхнія рукі ўжо ў крыві // Свабода : газэта. — 21 красавіка 1995.
- ^ Зьміцер Панкавец. Спэцназы Беларусі // Газэта «Наша ніва», 12 жніўня 2009 г. Праверана 18 верасьня 2018 г.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 202—203.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 198.
- ^ Навумчык С. Дзевяноста пяты. — Радыё Свабода, 2015. С. 137—139.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Баршчэўскі Л. Крывавая ноч // Народная воля. 12 красавіка 2003 г.
- Герменчук І. Банда Лукашэнкі выканала загад свайго гаспадара // Свабода. № 15, 15 красавіка 1995. С. 1.
- Навумчык С. Дзевяноста пяты. (Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе.) — Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2015. — 320 с.: іл. ISBN 978-0-929849-73-7.
- Навумчык С. Іхнія рукі ўжо ў крыві // Свабода. 21 красавіка 1995 г.