Скачкі на лыжах з трампліна
Скачкі на лыжах з трампліна | |
---|---|
Характарыстыка | |
Катэгорыя | зімовыя віды |
Інвентар | лыжы |
Асабістае і каманднае першынство | |
Першыя спаборніцтвы | |
Год | сярэдзіна XIX стагоддзя |
Алімпійскія гульні | 1924 |
Чэмпіянат свету | 1925 год |
Іншыя спаборніцтвы | Кубак свету |
Міжнародная федэрацыя | |
Назва | Міжнародная федэрацыя лыжнага спорту |
Год заснавання | 1924 год |
Вэб-сайт | fis-ski.com |
Скачкі́ на лы́жах з трамплі́на — від лыжнага спорту. Найбольш пашыраны ў краінах Скандынавіі, Аўстрыі, Германіі, Расіі, Японіі і інш.
Праводзяцца з трамплінаў з разліковай магутнасцю (аптымальная даўжыня скачка) 20—50 м (малыя), 50—70 м (сярэднія), 90—120 м (вялікія) і больш за 120 м (для палётаў на лыжах).
Спаборніцтвы на Алімпійскіх гульнях і чэмпіянатах свету праводзяцца на трамплінах магутнасцю 90 і 120 м; уваходзяць у праграму лыжнага дваябор’я.
Доўгі час у гэтым відзе спорту спаборнічалі толькі мужчыны. У 2014 годзе на Алімпійскіх гульнях у скачках з трампліна ўпершыню выступілі жанчыны.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Паходзяць з Нарвегіі. Першае дакументальнае сведчанне адносіцца да лістапада 1808 года, калі чалавек Олаф Руэ (нарв.: Olaf Rye) праляцеў 9,5 метраў, каб даказаць сваю адвагу калегам.[1] Да 1862 года лятаючыя лыжнікі падымаліся вышэй і скакалі далей, а 22 студзеня 1862 года ў Трусіле адбылося першае дакументальна зафіксаванае спаборніцтва.[2]
Першыя афіцыйныя спаборніцтвы адбыліся ў 1897 паблізу Осла.
У праграме Алімпійскіх гульняў з 1924 (сярэдні трамплін) і з 1964 (вялікі); чэмпіянаты свету з 1937 (з 1964 — на 2 трамплінах).
З 1992 года асабістыя спаборніцтвы праводзяцца на трамплінах 90 м і 120 м, камандныя — на трампліне 120 м. З 1992 года змянілася класіфікацыя трамплінаў і іх канфігурацыя.
Спаборніцтвы жанчын
[правіць | правіць зыходнік]Упершыню жанчына прыняла ўдзел у спаборніцтвах па скачках з трампліна ўжо ў 1863 годзе, у другім у гісторыі чэмпіянаце,[3] аднак да 2010-х гадоў у алімпійскіх спаборніцтвах удзельнічалі толькі мужчыны.
У 2006 годзе энтузіясткі, пераважна з Паўночнай Амерыкі, дабіліся ад Міжнароднай федэрацыі лыжнага спорту (FIS) уключэння жаночага турніру ў праграму сусветнага першынства ў Ліберацы-2009. 26 мая 2006 года Міжнародная федэрацыя лыжнага спорту прыняла рашэнне дапусціць жанчын да спаборніцтваў у скачках на лыжах з трампліна падчас Чэмпіянату свету па лыжных відах спорту ў 2009 годзе ў Ліберацы (Чэхія). На гэтых спаборніцтвах званне першай у гісторыі чэмпіёнкі свету ў жаночых скачках з трампліна заваявала амерыканка Ліндсі Вэн.
У 2009 годзе, калі стала зразумела, што жаночыя скачкі на лыжах з трампліна не ўвойдуць у праграму зімовай Алімпіяды ў Ванкуверы 2010, група элітных спартсменак з Канады, Нарвегіі, Германіі, Славеніі і ЗША прыняла рашэнне звярнуцца ў суд. Спартсменкі сцвярджалі, што іх дыскрымінуюць па палавой прыкмеце, у парушэнне артыкула 15 канадскай Хартыі правоў і свабод. Аднак Вярхоўны суд канадскай правінцыі Брытанская Калумбія прыняў рашэнне, што парушэння няма.[4]
3 снежня 2011 года ў нарвежскім Лілехамеры прайшоў першы ў гісторыі этап Кубка свету па скачках на лыжах з трампліна сярод жанчын.[5]
У 2014 годзе скакухі ўпершыню выступілі на Алімпійскіх гульнях у Сочы.
Спаборніцтвы
[правіць | правіць зыходнік]Спаборніцтвы па скачках на лыжах з трампліна праводзяцца ў зімовы і летні сезон. Найбольш аўтарытэтнымі і значнымі з’яўляюцца старты, якія праводзяцца ў зімовы час на трамплінах з крытычнай кропкай 90 метраў і больш.
Алімпійскія гульні
[правіць | правіць зыходнік]У праграму Зімовых Алімпійскіх гульняў (раз на 4 гады) уваходзяць наступныя чатыры дысцыпліны:
- Вялікі трамплін, асабістае першынство — у залежнасці ад памеру K-кропкі, мужчыны;
- Вялікі трамплін, каманднае першынство — у залежнасці ад памеру K-кропкі, мужчыны;
- Нармальны трамплін, асабістае першынство — у залежнасці ад памеру K-кропкі, мужчыны;
- Нармальны трамплін, асабістае першынство — у залежнасці ад памеру K-кропкі, жанчыны.
Чэмпіянаты свету
[правіць | правіць зыходнік]У праграму Чэмпіянату свету па лыжных відах спорту (кожныя 2 гады) уваходзяць наступныя пяць дысцыплін:
- Вялікі трамплін, асабістае першынство — у залежнасці ад памеру K-кропкі, мужчыны;
- Вялікі трамплін, каманднае першынство — у залежнасці ад памеру K-кропкі, мужчыны;
- Нармальны трамплін, асабістае першынство — у залежнасці ад памеру K-кропкі, мужчыны;
- Нармальны трамплін, асабістае першынство — у залежнасці ад памеру K-кропкі, жанчыны (з 2009 года);
- Нармальны трамплін, каманднае першынство — у залежнасці ад памеру K-кропкі, мужчыны і жанчыны. Да 2011 года — толькі мужчыны.
У праграму Чэмпіянату свету па лыжных відах спорту сярод юніёраў уваходзяць наступныя пяць дысцыплін:
- Нармальны трамплін, асабістае першынство — у залежнасці ад памеру K-кропкі, мужчыны (з 1977 года);
- Нармальны трамплін, асабістае першынство — у залежнасці ад памеру K-кропкі, жанчыны (з 1986 года);
- Нармальны трамплін, каманднае першынство — у залежнасці ад памеру K-кропкі, мужчыны (з 2006 года);
- Нармальны трамплін, каманднае першынство — у залежнасці ад памеру K-кропкі, жанчыны (з 2012 года);
- Нармальны трамплін, каманднае першынство — у залежнасці ад памеру K-кропкі, мужчыны і жанчыны (з 2016 года).
У праграму Чэмпіянату свету па палётах на лыжах (кожныя 2 гады) уваходзяць наступныя дзве дысцыплін:
- Палётны трамплін, асабістае першынство — у залежнасці ад памеру K-кропкі, мужчыны;
- Палётны трамплін, каманднае першынство — у залежнасці ад памеру K-кропкі, мужчыны.
Жанчыны не ўключаны.
У нацыянальную каманду ўваходзяць чатыры спартсмены.
Кубак свету
[правіць | правіць зыходнік]Штогадовыя зімовыя спаборніцтвы, якія ўключаюць у сябе 37 індывідуальных і камандных стартаў (сезон 2008—2009 года) на трамплінах Еўропы, Паўночнай Амерыкі і Азіі.[6]
Пераможцы ў асабістым і камандным першынстве вызначаюцца па суме ачкоў, набраных спартсменамі ва ўсіх стартах, у якіх яны прынялі ўдзел.
У праграму Кубка свету асобным стартам уваходзіць «Турнэ чатырох трамплінаў» — спаборніцтвы, якія маюць самастойны аўтарытэт у скачковым свеце, якія праводзяцца ў навагоднія святы з 29 снежня па 6 студзеня па асаблівых правілах.
У праграме Кубка свету таксама разыгрываецца малы залік Кубка свету па палётах — спаборніцтвы, якія праводзяць на палётных трамплінах.
Вядомыя скакуны з трампліна
[правіць | правіць зыходнік]Рэкорд па колькасці залатых алімпійскіх медалёў у гісторыі скачкоў з трампліна дзеляць фін Маці Нюкянен і швейцарац Сімон Аман — па 4. На чэмпіянатах свету ў асабістых дысцыплінах найбольшая колькасць перамог на рахунку паляка Адама Малыша— 4.
Зноскі
- ↑ Sihera, Elaine.. History of Ski Jumping Winter Olympics Norway: Matt Nykanen, Sondre Nordheim, Olaf Rye . sportinglife360.com (13 студзеня 2010). Архівавана з першакрыніцы 6 ліпеня 2014. Праверана 13 мая 2015.
- ↑ Saur, Lasse (1999): Norske ski — til glede og besvær. Research report, Høgskolen i Finnmark.
- ↑ Haarstad, Kjell (1993): Skisportens oppkomst i Norge. Trondheim: Tapir
- ↑ Спортивная политика — XXI Олимпийские зимние игры. 11.07.2009
- ↑ Прыжки на лыжах: Стартовал первый в истории женский Кубок мир всё на оборота
- ↑ FIS World Cup Calendar 2008—2009 ссылка проверена 29 декабря 2008
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Петрыкаў А. Скачкі на лыжах з трампліна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 14: Рэле — Слаявіна / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 14. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14).
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Скачкі на лыжах з трампліна
- eSkijumping.com