Перайсці да зместу

Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь
(НАРБ)

Дата адкрыцця 1927
Колькасць фондаў 1319
Колькасць адзінак захоўвання 1043778
Дырэктар Андрэй Канстанцінавіч Дземянюк
Месцазнаходжанне пр. Незалежнасці, 116, 220114, г. Мінск, Беларусь
Час працы

8.30—17.30; стол даведак і чытальная зала: аўторак—чацвер 9.00—20.00,

пятніца 9.00—18.00, субота 9.00—15.00
Сайт narb.by

Нацыяна́льны архі́ў Рэспу́блікі Белару́сь — найбуйнейшае сховішча дакументаў па гісторыі Беларусі XX стагоддзя, адна з вядучых устаноў архіўнай галіны Рэспублікі Беларусь.

Эмблема Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь

Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь забяспечвае захоўванне дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь, вядзе іх дзяржаўны ўлік, прадстаўляе ў Дэпартамент па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь па ўстаноўленых формах звесткі аб захоўваемых дакументах, арганізуе іх рэстаўрацыю, кансервацыю, страхавое капіраванне. Таксама НАРБ захоўвае дакументы іншых органаў дзяржаўнай улады і кіравання Беларусі, рэспубліканскіх, партыйных, камсамольскіх, прафсаюзных, грамадскіх і кааператыўных устаноў, ВНУ, устаноў Часовага ўрада Расіі на землях Беларусі, беларускіх нацыянальных і нямецкіх акупацыйных устаноў часоў акупацыі Германіяй і Польшчай, асабістыя фонды дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў Беларусі з сакавіка 1917 года да нашых дзён. Дакументы адлюстроўваюць падзеі Лютаўскай рэвалюцыі і Кастрычніцкай рэвалюцыі, усталявання савецкай улады ў Беларусі, утварэння Беларускай Народнай Рэспублікі і Беларускай ССР, дзейнасць Камуністычнай партыі Беларусі і Ленінскага камсамола Беларусі, аднаўленне народнай гаспадаркі і развіццё культуры ў 1920-я гады, сацыялістычнае будаўніцтва, народна-вызваленчы рух у Заходняй Беларусі, нямецкі акупацыйны рэжым, барацьбу беларускага народа супраць акупантаў, развіццё партызанскага руху і патрыятычнага падполля ў гады Другой сусветнай вайны, аднаўленне і развіццё гаспадаркі і культуры ў пасляваенны час, станаўленне сувэрэннай Рэспублікі Беларусь. Архіў вядзе навукова-даследчую дзейнасць, распрацоўвае пытанні дакументазнаўства, тэорыі і методыкі архівазнаўства. Рыхтуе дакументальныя выданні[1].

Сваю гісторыю вядзе з 28 мая 1927 года, калі Цэнтральны Выканаўчы Камітэт (ЦВК) і Савет Народных Камісараў Беларускай ССР зацвердзілі Пастанову аб стварэнні Цэнтральнага архіва Кастрычніцкай рэвалюцыі (ЦАКР) БССР у г. Мінску[2]. На 1 кастрычніка 1927 г. ЦАКР БССР змяшчаў звыш 161 000 спраў. Будынак архіва, дзе да 1922 г. знаходзілася царква сашэсця Святога Духа, абсталявалі 37 стэлажамі агульнай даўжынёй 2400,55 пагонных метраў. Фонды размясцілі ў архівасховішчах плошчай 315,4 м². У яшчэ адным сховішчы плошчай 20,53 м² захоўвалі дарэвалюцыйныя дакументы, якія ў 1938 годзе перадалі ў Цэнтральны гістарычны архіў БССР. Да пачатку 1928 года ўсе сховішчы занялі дакументамі, таму ў 1-й палове 1928 года абсталявалі 2-і паверх з дадатковай плошчай 204,16 м². На 1 кастрычніка 1928 г. агульная плошча архівасховішчаў склала 687,93 м² з 45 усталяванымі стэлажамі даўжынёй 2986,54 пагонных метраў. На іх размясцілі 243 441 адзінку захоўвання, аб’яднаную ў 660 фондаў, і 4350 кг россыпу. Да канца 1930 года ў архіў паступіла 92,9 тыс. спраў і 4,3 тоны россыпу. У жніўні 1929 г. ЦВК БССР зацвердзіў Пастанову аб пераводзе ЦАКР у Магілёў у сувязі з памежным становішчам Мінска. 15 кастрычніка 1930 г. зацвердзілі Палажэнне аб Цэнтральным архіўным кіраўніцтве БССР, паводле якога ў ЦАКР БССР стварылі архіў кінафотадакументаў і сакрэтны архіў. У 1930 г. архіў перавезлі ў Магілёў[1], дзе размясцілі ў былым будынку Сабора Святога Станіслава[3].

На 1 мая 1933 года архіў налічваў 6 супрацоўнікаў. На 10 чэрвеня 1936 г. было 16 штатных і 28 пазаштатных супрацоўнікаў. У 1937 годзе архіў выдаў 1784 даведкі. У 1938 годзе ў чытальні працавала 15 даследчыкаў. У ліпені 1938 г. назву змянілі на Цэнтральны дзяржаўны архіў Кастрычніцкай рэвалюцыі і сацыялістычнага будаўніцтва БССР (ЦДАКР БССР). На пачатак 1941 г. архіў змяшчаў 850 тыс. спраў у 2318 фондах. У ліпені 1941 г. аддзел сакрэтных фондаў, які знаходзіўся ў будынку закрытай у 1928 годзе царквы Яна Багаслова Богаяўленскага брацкага манастыра, спаліў усе свае дакументы ў сувязі з пачаткам вайны. Такім чынам, у сувязі з нямецкай акупацыяй тэрыторыі Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны дзейнасць архіва была прыпынена. Узімку 1941—1942 гадоў архіўныя фонды перавезлі ў клуб швейнікаў па Ленінскай вуліцы па загадзе нямецкага камандавання, каб вярнуць касцёл святога Станіслава вернікам. У студзені-лютым 1944 г. нямецкія акупацыйныя ўлады вывезлі частку архіва ў Рыгу (Рэйхскамісарыят Остланд), дзе размясцілі ў будынку Цэнтральнага дзяржаўнага архіва Латвійскай ССР. У студзені 1944 г. ЦАКРСБ Беларускай ССР аднавіў дзейнасць у Гомелі са штатам у 38 супрацоўнікаў. У ліпені 1944 г. архіў вярнулі ў Мінск[1].

Па вайне ў Магілёве захавалася 30 тыс. спраў, у Рызе — 50 тысяч, то бок агулам 9,4 % ад даваеннага архіва. У 2-й палове 1944 года ў архіў паступілі дакументы нямецкіх акупацыйных і беларускіх калабарацыйных устаноў, якія размясцілі ў будынку Мінскага абласнога архіва па вул. Бакуніна, д. 4. У ліпені 1945 г. з Рыгі вярнулі вывезеныя дакументы, якія размясцілі ў будынку закрытай у 1930-я гады Халоднай сінагогі па вул. Няміга, д. 1Б. У верасні 1945 г. Савет народных камісараў БССР перадаў архіву будынак закрытай у 1933 г. Петрапаўлаўскай царквы па вул. Астроўскага, д. 4. На 1 студзеня 1946 г. архіў налічваў 239 фондаў, якія ўключалі 153 412 адзінак захоўвання, і 3324,5 кг россыпу. У верасні 1949 г. звыш 30 тонаў дакументаў Цэнтральнага статыстычнага кіраўніцтва і Дзяржплана БССР перанеслі з падвала на 2-і паверх будынка былой Петрапаўлаўскай царквы. У 1950 г. рэшту перавезлі ў памяшканне Цэнтральнага архіва фонафотакінадукументаў БССР па Старажоўскай вуліцы. За 1952 год у аддзеле сакрэтных фондаў 10-разова павялічылі захоўванне дакументаў, якія ў выніку склалі каля паловы ад агульнага ліку: на 1 студзеня 1952 г. засакрэчанымі былі 23 фонды і 3 часткі фондаў абсягам 4219 адзінак захоўвання, на 1 студзеня 1953 г. — 62 фонды і 20 частак фондаў абсягам 42 814 адзінак захоўвання. Большасць засакрэчаных дакументаў тычылася часу нямецкіх акупацыйных устаноў і калабарацыйных устаноў Беларусі[4].

У 1953 годзе ўвесь архіў перавялі ў будынак былой Петрапаўлаўскай царквы, дзе дакументы раўнамерна размясцілі на 3-х паверхах. Упершыню прыступілі да карданавання і абяспыльвання дакументаў. У чытальні працавалі 27 даследчыкаў. У 1954 г. выйшаў зборнік Інстытута гісторыі Акадэміі навук БССР «З гісторыі змагання за ўсталяванне савецкай улады ў Беларусі і ўтварэння БССР», у які ўвайшлі 22 дакументы ЦАКРСБ БССР з сакавіка 1917 г. па люты 1919 года. 25 лютага 1956 г. першы сакратар ЦК КПСС Мікіта Хрушчоў зачытаў на 20-м з’ездзе КПСС даклад «Аб кульце асобы і яго наступствах». У сувязі з гэтым 31 сакавіка 1956 г. Савет міністраў БССР зацвердзіў Пастанову «Аб захадах упарадкавання рэжыму захоўвання і лепшага выкарыстання архіўных матэрыялаў міністэрстваў і ведамстваў БССР». У выніку за 1956 г. аддзел сакрэтных фондаў перадаў на агульнае захаванне 24 937 спраў. За год колькасць даследчыкаў у чытальні вырасла ўдвая да 112. З 1958 г. пачалі мікрафільмаванне дакументаў[4].

У 1960 г. архіў вывелі з падпарадкавання Міністэрства ўнутраных спраў БССР. За 1969—1980 гады архіў прыняў звыш 100 000 спраў ад рэспубліканскіх устаноў і ў выніку вычарпаў вольныя плошчы. У 1988 годзе ў сувязі з палітыкай перабудовы і галоснасці знялі абмежаванні на доступ да дакументаў 19 ведамстваў. У 1991 г. архіў пераехаў у новы будынак па вул. Крапоткіна, д. 55. У выніку колькасць супрацоўнікаў вырасла да 80. Цягам 1992—1994 гадоў на захаванне прынялі 75,4 тыс. спраў.

У маі 1993 года ЦДАКР БССР быў перайменаваны ў Беларускі дзяржаўны архіў (БДА). У чэрвені 1995 г. пасля перадачы архіву комплексу дакументаў былога Цэнтральнага партыйнага архіва Кампартыі Беларусі БДА рэарганізаваны ў Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь[3].

Паводле іншых звестак, на аснове пастановы Савета Міністраў ад 22 красавіка 1992 г. «Аб пытаннях архіваў» 10 жніўня таго ж года Цэнтральны дзяржаўны гістарычны архіў у Мінску быў аб’яднаны з Цэнтральным партыйным архівам КПБ у Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, які стаў функцыянаваць на падставе Часовага ўстава[5].

Да 1999 г. дакументы архіва засяродзілі ў будынку па вул. Кірава, д. 43. На 2000 г. меў 200 фондаў, якія налічвалі 916,5 тыс. справаў. Працавала 6 аддзелаў: 1) забеспячэння захавання дакументаў і фондаў, інфармацыйна-пошукавых сістэм; 2) справаводства, камплектавання і ведамасных архіваў, навуковага выкарыстання дакументаў і інфармацыі; 3) асабістых фондаў; 4) дакументаў Другой сусветнай вайны; 5) навукова-тэхнічнай апрацоўкі дакументаў; 6) публікацыі дакументаў. Таксама працавала ўласная бібліятэка, якая налічвала 8,2 тыс. кніг, 1,7 тыс. гадавых камплектаў часопісаў і 1,5 тыс. гадавых камплектаў газет[1].

У жніўні 2007 года НАРБ пераехаў у новы будынак Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, дзе заняў 17—21 паверхі. Цягам 2011 года ў НАРБ працавалі 2,5 тыс. даследчыкаў, у тым ліку замежнікі з 5 краін (Расіі, Украіны, Польшчы, Францыі і Ізраіля). На 1 чэрвеня 2012 г. налічвалася 8 архівасховішчаў агульнай плошчай 6771 м². У 1319 фондах НАРБ захоўвалі 1 043 778 спраў, што складала 37 930 пагонных метраў паліцаў. За 2007—2012 гады архіў выканаў 1989 прадметных запытаў. Алічбаваныя 1,5 тыс. спраў займалі 110 дыскаў. Звыш 3000 спраў змяшчалі дзяржаўную або службовую таямніцу, таму заставаліся недаступнымі для карыстальнікаў архіва[2].

На 2017 год чытальня НАРБ большую частку года працавала з аўторка па чацвер з 9:00 да 20:00, па пятніцах — з 9-й да 18-й гадзіны, па суботах — з 9-й да 15-й гадзіны. Улетку расклад працы з панядзелка па чацвер быў з 9:00 да 17:30, па пятніцах — з 9:00 да 16:15. Для працы ў чытальні патрабавалі пашпарт, фота памерам 3×4 см і заяву або накіраванне з ВНУ для студэнтаў і аспірантаў або іншай установы для яе прадстаўнікоў[6].

24 мая 2012 года Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ухваліла Пастанову № 133 «Аб зацвярджэнні Інструкцыі пра парадак карыстання архіўнымі дакументамі ў чытальных залах дзяржаўных архіваў Рэспублікі Беларусь». Паводле 19-га артыкула Інструкцыі, «Адначасова для карыстання можа быць выдадзена 5 вопісаў, 10—20 спраў або 10—20 адзінак захоўвання кінафонадакументаў з часам гучання не больш за 3 гадзіны, 30—50 ка́лек навукова-тэхнічнай дакументацыі». Паводле 20-га артыкула, «Вопісы і іншыя архіўныя даведнікі выдаюцца карыстальніку на тэрмін да 5 дзён, асабліва каштоўныя дакументы — да 5 дзён, унікальныя дакументы па дазволе кіраўніка архіва — на 1 дзень, справы, мікракопіі, друкаваныя выданні — на 1 месяц»[7].

На 2017 год Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь ажыццяўляў за плату:

  • апісанне і прыём дакументаў на захоўванне;
  • кансультаванне і распрацоўку заканадаўства і методыкі ў архіўнай справе і справаводстве;
  • адказ на запыты пра жыццяпіс і радавод, якія тычацца маёмасных і спадчынных правоў;
  • капіяванне і пераклад дакументаў з замежных моў;
  • падбор дакументаў для выкарыстання ў радыё- і тэлеперадачах;
  • выстаўкі дакументаў, лекцыі і экскурсіі па архівах[8].

Таксама НАРБ адказваў на пісьмовыя і электронныя запыты аб: 1) удзеле ў партызанскім і падпольным руху; 2) раскулачванні, пазбаўленні правоў і высяленні; 3) узнагароджанні ордэнамі і медалямі; 4) знаходжанні ў нацысцкіх канцлагерах і турмах; 5) знаходжанні на акупаванай тэрыторыі Беларусі і на прымусовай працы; 6) рэпрэсіях і рэабілітацыі; 7) працоўным стажы і заробку[9].

на 1 студзеня 2017 года Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь змяшчаў 1244 фонды, якія ўключалі 3434 вопісы і 1 106 989 адзінак захоўвання, а таксама 2486 дакументаў[10]. Архіў складаўся з 8 аддзелаў: 1) забеспячэння захаванасці дакументаў і фондаў; 2) справаводства і фарміравання Нацыянальнага архіўнага фонду; 3) фондаў асабістага паходжання; 4) аўтаматызаваных архіўных тэхналогій; 5) інфармацыйна-пошукавых сістэм; 6) навукова-тэхнічнай апрацоўкі дакументаў; 7) выкарыстання дакументаў і інфармацыі; 8) публікацый[11].

Зноскі

  1. а б в г Вячаслаў Селяменеў. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах / гал. рэд. Генадзь Пашкоў. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2000. — Т. 11. — С. 237. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0188-5.
  2. а б Павел Бераснеў. «Без ведання свайго мінулага мы не пабудуем будучыні» // Звязда : газета. — 2 чэрвеня 2012. — № 104 (27219). — С. 4. — ISSN 1990-763x.(недаступная спасылка)
  3. а б Дзяржаўная ўстанова «Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь» (НАРБ). Гістарычная даведка.
  4. а б "На шляхах станаўлення (1927—1960)"(руск.). Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. 2017. Архівавана з арыгінала 15 жніўня 2020. Праверана 15 кастрычніка 2017.
  5. Архіўная справа на Беларусі ў дакументах і матэрыялах (1921―1995 гг.) / Камітэт па архівах і справаводстве Рэспублікі Беларусь, Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы (БелНДІДАС). — Мінск: БелНДІДАС, 1996. — 177, 2 с. — С. 84—85. — ISBN 985-6099-10-2.
  6. "Чытальная зала". Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. 2017. Архівавана з арыгінала 27 верасня 2020. Праверана 15 кастрычніка 2017.
  7. Алег Сліжэўскі (2017). "Пастанова Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь ад 24 мая 2012 г. № 133 «Аб зацвярджэнні Інструкцыі пра парадак карыстання архіўнымі дакументамі ў чытальных залах дзяржаўных архіваў Рэспублікі Беларусь»"(руск.). Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. Архівавана з арыгінала 15 жніўня 2020. Праверана 15 кастрычніка 2017.
  8. "Платныя паслугі". Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. 2017. Архівавана з арыгінала 27 верасня 2020. Праверана 15 кастрычніка 2017.
  9. "Запыты і паслугі". Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. 2017. Архівавана з арыгінала 15 жніўня 2020. Праверана 15 кастрычніка 2017.
  10. "Вопісы". Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. 1 студзеня 2017. Архівавана з арыгінала 27 верасня 2020. Праверана 15 кастрычніка 2017.
  11. "Структура архіва". Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь. 2017. Архівавана з арыгінала 15 жніўня 2020. Праверана 15 кастрычніка 2017.