Мазурскі пахаваны выступ
Мазурскі пахаваны выступ, Мазурска-Сувалкаўскае падняцце (польск.: Wyniesienie mazursko-suwalskie) — тэктанічная структура на захадзе Гродзенскай вобласці Беларусі і на паўночным усходзе Польшчы, заходняя перыклінальная частка Беларускай антэклізы. Назва паходзіць ад гістарычнай вобласці Мазуры ў Польшчы.
Мае форму выцягнутага ў субшыротным напрамку паўавала з заляганнем паверхні фундамента ад -0,1 км на ўсходзе да -1 км на захадзе. Даўжыня 160 км, шырыня 100—130 км. Аддзелены Сувалкаўскім разломам ад Балтыйскай сінеклізы на поўначы, на поўдні — Свіслацкім разломам ад Падляска-Брэсцкай упадзіны, на захадзе (на тэрыторыі Польшчы) мяжуе з Варшаўскай упадзінай. На поўначы выступ перакрыты трыясавымі, а на ўсёй астатняй плошчы юрскімі, мелавымі і кайназойскімі ўтварэннямі; на захадзе яны ляжаць на адкладах кембрыю, ардовіку, сілуру, на ўсходзе — на фундаменце.
Фарміраваўся Мазурскі пахаваны выступ у працэсе абасаблення паўночна-заходніх, заходніх і паўднёва-заходнх схілаў Беларускай антэклізы на каледонскім і асабліва выразна на герцынскім этапах у сувязі з залажэннем Балтыйскай сінеклізы на поўначы, Падляска-Брэсцкай упадзіны на паўднёвым усходзе і Мазавецка-Люблінскага перыкратоннага прагіну на захадзе.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Мазурскі пахаваны выступ // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 3. Катэнарыя — Недайка / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1984. — 588 с., іл. — 10 000 экз.