Днепра-дзяснінская культура
Днепра-дзяснінская культура, сожская культура — археалагічная культура эпохі мезаліту (VIII — V-е тыс. да н.э.). Першыя звесткі аб помніках днепра-дзвінскай культуры з’явіліся у 1920-я г. паводле даследаванняў М. Я. Рудзінскага і К. М. Палікарповіча ў басейнах рэк Дзясна і Сож. Арэал распаўсюджання помнікаў і характэрныя рысы культуры вылучаны У. П. Ксяндзовым у сярэдзіне 1980-х г., першапачаткова ім выкарыстоўвалася іншая назва — верхнедняпроўская культура. Арэал культуры ўключае больш за 30 помнікаў на верхнім Дняпры, Бярэзіне, Сажы, Прыпяці, Дзясне і ў Падзвінні. На фоне суседніх мезалітычных культур лясной зоны Усходняй Еўропы (бутаўскай, фэнскай, кундскай, кудлаеўскай, яніславіцкай) днепра-дзяснінская вылучаецца шэрагам характэрных рыс крамянёвага інвентару, якія прасочваюцца на працягу ўсяго перыяду яе развіцця. Тэхніка расшчаплення крэменю заснавана на падпрызматычным, пірамідальным, падканічным нуклеусе пры наяўнасці аморфных і сплошчаных форм з-за моцнай спрацаванасці. Нуклеусы адна- і двухпляцовачныя, аднабаковага зняцця, пляцоўкі гарызантальныя альбо злёгку скошаныя. У крамянёвым інвентары праяўляюцца як свідэрскія, так і лінгбійскія рысы. Аблічча дадзенай культуры вызначаюць наканечнікі стрэл. Найбольш распаўсюджаны чаранковыя (тронкавыя) постсвідэрскія, або «хвалібогавіцкія». Асноўная іх асаблівасць — рэзкае вылучэнне чаранка (тронкі) выемкамі па абодвух краях нарыхтоўкі, якія апрацаваны крутой альбо паўкрутой рэтушшу з боку спінкі альбо з брушка і плоскай рэтушшу з брушка. Другі тып постсвідэрскіх наканечнікаў прадстаўляюць івалісныя — лістападобнай формы наканечнікі, насад якіх толькі намячаўся рэтушшу па абодвух краях і апрацоўваўся плоскай рэтушшу з брушка. Менш распаўсюджаны чаранковыя (тронкавыя) сіметрычныя і чаранковыя (тронкавыя) асіметрычныя, а таксама наканечнікі з бакавой выемкай. Кожны тып наканечнікаў сустракаецца на помніках суседніх фінальнапалеалітычных і мезалітычных культур, што тлумачыцца агульнасцю іх паходжання, узаемаўплывам і аднолькавым ладам жыцця першабытных людзей. Пры ўзаемадзеянні насельніцтва 2 культурных традыцый — свідэрскай і лінгбійскай — утварылася новае этнакультурнае адзінства — днепра-дзяснінская культура, чым і тлумачыцца наяўнасць у інвентары яе паселішчаў постсвідэрскіх, сіметрычных і асіметрычных наканечнікаў.
Вылучаюцца 2 храналагічныя групы помнікаў. Найбольш раннюю групу ўтвараюць паселішчы Баркалабава і Смячка (Быхаўскі раён), Каралёва Слабада (Светлагорскі раён), Шыхаў (Жлобінскі раён), Раска, Чыжаха (Бярэзінскі раён). Да 2-й храналагічнай групы належаць Берагавая Слабада (Рэчыцкі раён), Гарадзішча-2 (Бярэзінскі раён), Навабыхаў, Рдыца, Тайманава (Быхаўскі раён) на Дняпры, Гарадок-4 (Жлобінскі раён), Краснаўка (Светлагорскі раён), Глівін (Барысаўскі раён) на Бярэзіне, Кліны-2 (Слаўгарадскі раён), Горкі (Чэрыкаўскі раён) на Сажы, Загорыны-1 (Мазырскі раён), Дарашэвічы (Петрыкаўскі раён) на ніжняй Прыпяці, Гарадок (Чашніцкі раён) у Падзвінні. Насельніцтва днепра-дзяснінскай культуры дало пачатак верхнедняпроўскай неалітычнай культуры.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ксензов, В. П. Мезолит Северной и Центральной Беларуси / В. П. Ксензов; Навук. рэд. І. М. Язэпенка; Ін-т гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. — Мінск: Ін-т гісторыі НАН Беларусі, 2006. — 169 с.: ил., табл. — (Матэрыялы па археалогіі Беларусі = Materials on the archaeology of Belarus; № 13).
- Ксензов, В. П. Палеолит и мезолит Белорусского Поднепровья / Науч. ред. Н. Н. Гурина. — Мн.: Наука и техника, 1988. — 134 с.: ил.
- Ксензов, В. П. Поздний мезолит белорусского правобережья Днепра // Советская археология. — 1986. — № 1. — С.