Банцараўская культура
Банцараўская культура Жалезны век | ||||
---|---|---|---|---|
Геаграфічны рэгіён | Сярэдняя і Паўночная Беларусь, Смаленская вобласць | |||
Датаванне | V—VIІІ стст. н.э. | |||
Носьбіты | Дняпроўскія балты? Праславяне | |||
Пераемнасць | ||||
|
||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Банцараўская культура — археалагічная культура плямёнаў, якія ў V—VIII стст. жылі ў Верхнім Падняпроўі, Верхнім Панямонні, Верхнім і Сярэднім Падзвінні.
Назва ўтворана ад гарадзішча Банцараўшчына пад Мінскам. Насельніцтва займалася земляробствам і жывёлагадоўляй; жыло на селішчах у паўзямлянкавых жытлах зрубнай канструкцыі і наземных слупавой канструкцыі, унутры жытлаў размяшчаліся печы-каменкі. У якасці сховішчаў часта выкарыстоўваліся ранейшыя гарадзішчы, якія дадаткова ўмацоўваліся валамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне на бескурганных і курганных могільніках. Рэшткі спаленых нябожчыкаў змяшчаліся ў гліняныя урны або ссыпаліся ў магільныя ямы. У курганах (круглых, падоўжаных, доўгіх) пахаванні на гарызонце, у насыпе або адразу пад яго дзярновым пакрыццём. Характэрны слабапрафіляваны пласкадонны неарнаментаваны посуд. Большасць даследчыкаў лічыць, што Банцараўская культура належала балтам; яна сфарміравалася ў выніку пранікнення на поўнач Беларусі носьбітаў кіеўскай культуры і змяшэння іх з плямёнамі днепра-дзвінскай культуры і культуры штрыхаванай керамікі. Разам з тым, апошнія лінгвістычныя даследаванні мовы насельніцтва ва ўсходняй частцы банцараўскай (тушамлінскай) культуры на Смаленшчыне (т.зв. мошчынскай) дазваляюць сцвярджаць, што яны ўяўляюць сабой найбольш старое адгалінаванне ад праславянскіх гаворак і належаць да найбольш ранніх каланізацыйных славянскіх плыняў на ўсходзе Еўропы.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Банцараўская культура // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1996. — Т. 2. — С. 283. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2).