Гасконская мова
Гасконскі дыялект | |
---|---|
Саманазва | Gascon |
Краіны | Францыя, Іспанія |
Афіцыйны статус | Іспанія, Каталонія |
Агульная колькасць носьбітаў | каля 250 000 |
Статус | ёсць пагроза знікнення[d] |
Класіфікацыя | |
Катэгорыя | Мовы Еўразіі |
Пісьменнасць | лацініца |
Моўныя коды | |
ISO 639-1 | — |
ISO 639-2 | — |
ISO 639-3 | gsc |
Atlas of the World’s Languages in Danger | 352 |
Linguasphere | 51-AAA-fa |
LINGUIST List | oci-gsc |
ELCat | 8631 |
IETF | oc-gascon |
Glottolog | gasc1240 |
Гасконская мова-дыялект (Gascon, [gasˈku]; фр.: [gaskɔ̃]) — дыялект аксітанскай мовы. Часам разглядаецца як самастойная раманская мова.
Гасконская мова распаўсюджана ў Гасконі і Беарне (у Францыі: у частцы дэпартаментаў Атлантычныя Пірэнеі, Верхнія Пірэнеі, Ланды, Жэр, Верхняя Гарона, Ло і Гарона і Ар’еж, у большай частцы Жыронды; у Іспаніі — у невялікай даліне Валь-д’Аран на паўночным захадзе Каталоніі).
У Іспаніі распаўсюджаны толькі паўднёвы варыянт гасконскай мовы — аранскі дыялект, на які аказала моцны ўплыў каталанская і іспанская мовы. У выніку гэтага ўздзеяння існуе тэндэнцыя аддалення аранскага дыялекту гасконскай мовы ад французскіх. Аранскі дыялект мае ў Валь-д’Аран статус афіцыйнай мовы (нароўні з іспанскай і каталанскай).
Паводле І. І. Чалышавай, сфера ўжывання гасконскай мовы (дыялекту) скарачаецца. Мова практычна не ўжываецца ў гарадах. Лепш за ўсё гасконскія гаворкі захаваліся ў Пірэнеях і ў сельскіх раёнах, сыходзячы ў сферу вусных бытавых зносін.
У Францыі мова не мае афіцыйнага статусу. Колькасць тых, хто размаўляе на ёй, не вызначана, хоць паводле некаторых звестак у свеце ёй валодае каля 250 тыс. чалавек[1]. Статус гасконскай мовы (дыялекту) ў раманістыцы застаецца дыскусійным[2].
Баскскі субстрат
[правіць | правіць зыходнік]Мова, на якой размяўлялі ў Гасконі перад рымскім кіраваннем, была часткай баскскага дыялектнага кантынууму (гл. аквітанская мова). Само слова «Гасконь» паходзіць з лацінскага кораня vasco/vasconem і з'яўляецца аднакарэнным з «баск» (Vasconēs, з пераходам [v] → [gw] → [g]). Гэта можа сведчыць пра тое, што носьбіты мовы ў той час ідэнтыфікавалі сябе як баскі. Прысутнасць баскскага субстрата ў развіцці гасконскай мовы была даказана навукова, што тлумачыць некаторыя асаблівасці, якія адрозніваюць гасконскую ад іншых аксітанскіх моў.
Характэрнай рысай гасконскай мовы, якая можа паходзіць з мовы-субстрата, з'яўляецца змена «f» на «h». У словах, якія ў латыні першапачаткова пачыналіся на [f], (напрыклад festa — «урачыстасць»), гэты гук саслаблены да прыдыхальнага [h], а затым, у некаторых месцах увогуле знік (гасконскае hèsta [ˈhɛsto] ці [ˈɛsto]). Паводле субстратнай тэорыі, гэта магло адбыцца з-за адсутнасці ў баскскіх дыялектах фанемы /f/. Падобная змена адбылася ў кантынентальнай іспанскай мове: лацінскае facere стала іспанскім hacer (вымаўляецца як [a.ˈθer], а ў некаторых аддаленых раёнах, асабліва, у паўднёва-ўсходняй Андалусіі — [haˈθɛɾ]).
Некаторыя лінгвісты, аднак, лічаць субстратную тэорыю памылковай і тлумачаць гэтыя і іншыя змены ўнутрымоўнымі працэсамі. Пераход [f] у [h] як у гасконскай, так і ў іспанскай мовах, якія развіліся ў баскамоўных рэгіёнах, можа быць супадзеннем, хоць гэта і малаверагодна.
Сучасная баскская мова таксама зведала лексічны ўплыў з боку гасконскай, напрыклад, словы beira («шкло»), polit («мілы», гасконскае polit/polida).
Сучаснае становішча
[правіць | правіць зыходнік]Падчас апытання, праведзенага ў 1982 годзе ў Беарне, было ўсталявана, што 51 % насельніцтва размаўляў на гасконскай мове, 70 % разумелі яе, а 85 % падтрымлівалі абарону мовы. Але ж выкарыстанне мовы значна скарачаецца — галоўным чынам з-за таго, што яна не перадаецца наступным пакаленням. Асабліва прыкметна скарацілася ўжыванне мовы ў гарадах і на паўночным усходзе арэала.
У Францыі ў дачыненні да гасконскай мовы выкарыстоўваецца тэрмін «патуа», які пазначае мясцовую гаворку ў цэлым. У Беарне мясцовыя варыянты гасконскай мовы з XVI стагоддзі называюцца «Béarnais» (беарнская). Гэта звязана з палітычным мінулым Беарна, які з 1347 па 1620 год быў суверэннай дзяржавай.
У лінгвістычным плане не існуе ўніфікаванага беарнскага дыялекту, і ў розных рэгіёнах правінцыі мова значна адрозніваецца. Адрозненні ў вымаўленні могуць быць падзелены на ўсходнія, заходнія і паўднёвыя (у горных раёнах). Напрыклад, «a» на канцы слова на захадзе вымаўляецца як [a], на ўсходзе — [o], а на поўдні — [œ].
Субдыялекты
[правіць | правіць зыходнік]У гасконскай мове вылучаюць з тры групы гаворак:
- Раўнінныя гаворкі («Garonnais Gascon») — у даліне ракі Гароны. Найменш адасобленая форма гасконскай мовы, блізкая да лангедокскага дыялекту аксітанскай мовы.
- Пірэнейскія гаворкі — на поўдні і паўднёвым захадзе арэала. Адрозніваюцца некаторымі архаічнымі і спецыфічнымі рысамі.
- Часам вылучаецца прамежкавая група, да якіх адносяць гаворкі Беарна.
Пісьменнікі
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура на гасконскай мове існавала пачынаючы са сярэдневяковага перыяду. У новы перыяд найбуйнейшы паэт - Жаку Жансемін.
Запазычанні з гасконскай мовы ў іншыя
[правіць | правіць зыходнік]Некаторыя словы французскай мовы маюць гасконскае паходжанне. Напрыклад, французскае cadet (-te) — «малодшы, -ая», якое першапачаткова азначала «малодшы (сын)», «малады дваранін, які прызначаўся для ваеннай ці духоўнай кар'еры», узыходзіць да гасконскага capdèt — «камандзір, начальнік». Гасконскае berret — «шапка» праз беарнскую гаворку трапіла ў літаратурную французскую мову: béret — «баскская шапка». Пры дапамозе французскай гэтыя словы папалі і ў іншыя мовы: напрыклад, беларускія словы «кадэт» і «берэт». Англійская назва баравіка cep паходзіць ад гасконскага cep — «ствол», а izard — «пірэнейская сарна» ад французскага ці гасконскага isard.
Зноскі
- ↑ Челышева 2001, с. 322.
- ↑ Челышева 2001, с. 323.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Челышева И. И. Гасконский язык/диалект // Языки мира: Романские языки / Редакторы: Т. Ю. Жданова, О. И. Романова, Н. В. Рогова. — М. : Academia, 2001. — С. 321—335. — 720 с. — (Языки Евразии). — ISBN 5-87444-016-X.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Гасконская мова на сайце Per Noste
- Гасконская мова на сайце Institut Occitan - Аквітанія Архівавана 25 лістапада 2013.
- Гасконская — аксітанская мова на Ethnologue 17, 2014
- Гасконская — аксітанская мова на Ethnologue 16, 2009 Архівавана 4 кастрычніка 2013.
- Son d'aquí, сайт нематэрыяльнай культурнай спадчыны рэгіёна Аквітанія Архівавана 5 сакавіка 2017.