Каленкавічы
Каленкавічы лац. Kalenkavičy | |||||
Агульны выгляд | |||||
| |||||
Дата заснаваньня: | перад 1552 годам | ||||
Горад з: | 1925 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Гомельская | ||||
Раён: | Каленкавіцкі | ||||
Вышыня: | 172 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: | 40 282 чал. (2018)[1] | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 2345 | ||||
Паштовыя індэксы: | 247691 (247692, 247693, 247694, 247695) | ||||
СААТА: | 3223501000 | ||||
Нумарны знак: | 3 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 52°8′0″ пн. ш. 29°20′0″ у. д. / 52.13333° пн. ш. 29.33333° у. д.Каардынаты: 52°8′0″ пн. ш. 29°20′0″ у. д. / 52.13333° пн. ш. 29.33333° у. д. | ||||
± Каленкавічы | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://kalinkovichi.gomel-region.by/ |
Кале́нкавічы (прыкладна з 1930-х гадоў[a] — Калі́нкавічы) — места ў Беларусі, на рацэ Каўні (Каленкаўцы). Адміністрацыйны цэнтар Каленкавіцкага раёну Гомельскай вобласьці. Плошча 17 км². Насельніцтва на 2018 год — 40 282 чалавекі[1]. Знаходзяцца за 122 км на паўднёвы захад ад Гомля. Вузел чыгунак на Гомель, Жлобін, Берасьце, Оўруч. Аўтамабільныя дарогі злучаюць места з Гомлем, Парычамі, Жыткавічамі, Славечнам.
Каленкавічы — даўняе мястэчка гістарычнай Мазыршчыны на Палесьсі.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Тапонім Каленкавічы мае патранімічнае паходжаньне, пра што сьведчыць фінальная частка -ічы. Паводле найбольш пашыранага меркаваньня, у аснове назвы места ляжыць імя Каленік[2] або вытворнае ад яго — Каленка[3]. Таксама існуе меркаваньне, што тапонім утварыўся ад прозьвішча Калянковіч[4].
Традыцыйная гістарычная назва места — Каленкавічы[5][6][7][8][9]. Цяперашняя афіцыйная назва — Калінкавічы. Гэтая форма зьявілася на мапах толькі ў 1930-я гады, відаць, з прычыны пошуку суб’ектыўна больш мілагучнай формы[4] (магчыма, савецкаму чыноўніку ў назьве пачулася асацыяцыя з каленькамі, тым часам у расейскіх праваслаўных сьвятцах грэцкае імя Каленік значыцца ў форме Калиник[2]). Пры гэтым аналягічную назву — Каленкавічы — захавала вёска на захадзе Беларусі, якая ў гэты час не ўваходзіла ў склад СССР. У нарматыўным даведніку «Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь» традыцыйная гістарычная назва Каленкавічы фіксуецца як варыянтная форма. Гэта значыць, што пры жаданьні мясцовых жыхароў і ўладаў яна можа стаць нарматыўнай.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Раньнія часы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Выяўленыя археолягамі гарадзішчы бронзавага і раньняга жалезнага вякоў, а таксама эпохі Русі сьведчаць пра засяленьне гэтай мясцовасьці ў далёкай старажытнасьці.
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы пісьмовы ўпамін пра паселішча сустрэты ў апісаньні Мазырскага замку 1552 года. Прычым Каленікавічы[b] ў гэтай крыніцы разам з Гулевічамі і Пуцілавічамі, відавочна, з прычыны малалюднасьці названыя як адно сяло Айцючыцкай (Аўцюцевіцкай) нядзелі[c] Мазырскай воласьці[11]. У рэвізіі Мазырскага староства, выкананай каралеўскімі камісарамі панамі Рыгорам Валовічам і Мікалаем Нарушэвічам да 8 кастрычніка 1560 года, тэкст якой вядомы з актавай кнігі 1777 года, былі вызначаны межы і працягласьць уздоўж і ўпоперак грунтоў сяла Гулевічы і Каленкавічы[12]. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай 1565—1566 гадоў Каленкавічы — у складзе Мазырскага павету Кіеўскага ваяводзтва Вялікага Княства Літоўскага, пасьля падпісаньня акту Люблінскай уніі ўлетку 1569 года — у тым жа павеце Менскага ваяводзтва ВКЛ. 30 чэрвеня і 22 жніўня 1582 году вёска згаданая ў справе размежаваньня ўгодзьдзяў Мазырскага[d] староства і добраў Гарбавічы, падараваных на вечнасьць каралём Стэфанам Баторыем пану Стэфану Лавейку, судзьдзі земскаму мазырскаму[14]. 18 траўня 1657 году кароль Ян Казімір, па сьмерці ўдавы Крыстыны з Швыкоўскіх Тышкевічавай, перадаў у трыманьне вёскі Гулевічы (Hulewicze) і Каленкавічы (Kolekiewicze) паручніку Канстанціну Катоўскаму, але ўжо 22 жніўня тыя добры (Kalenkiewicze i Ole[je]wicze) атрымаў Уладыслаў Схмелінг (Schmelling)[15].
Прынамсі, у XVIII ст. існавала нягродавае, вылучанае з Мазырскага, Багрымавіцкае староства[16]. У 1789 годзе ў складзе яго, прыналежнага панам Аскеркам, названыя вёскі Багрымавічы, Рог, Хусна (Хуснае), Каленкавічы, Гулевічы, Буда і Бабровічы[e][17]. 16 траўня 1774 году складзены акт разьмежаваньня вёсак Гулевічы і Каленкавічы. На 1778 год у паселішчы было 25 будынкаў, тут знаходзіўся цэнтар парохіі.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Каленкавічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Дудзіцкай воласьці Рэчыцкага павету Менскай губэрні. Расейскія ўлады падаравалі маёнтак зямяніну Шахоўскаму, а ў 1805 годзе ён перайшоў у дзяржаўны скарб. У 1795 годзе існавалі мястэчка Старыя Каленкавічы (35 двароў) і вёска Новыя Каленкавічы, якія стаялі на паштовым тракце Бабруйск — Мазыр. У ходзе рэформы П. Д. Кісялёва ў межах Каленкавіцкага скарбавага маёнтку была ўтворана воласьць[f] з управай, згаданая ў 1848 годзе. Насельніцтва — 1 333 дзяржаўных селяніна, 2 аднадворцы, 215 габрэяў, 14 пасяленцаў «разного звания»[18]. У 1856 годзе тут узьвялі будынак Мікалаеўскай царквы (у ёй захоўваліся мэтрычныя кнігі з 1827 году). У 1864 годзе з мэтаю маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага расейскія ўлады адкрылі ў Каленкавічах народную вучэльню. На 1866 год тут было 100 двароў. У 1876 годзе зямянін Галалобаў меў у вёсцы 71 дзесяціну зямлі, крупарушку. 15 лютага 1888 году пачала працаваць чыгуначная станцыя на лініі Лунінец — Гомель. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, у мястэчку Каленкавічах было 196 двароў, дзеялі 2 малітоўныя дамы, працавалі паштова-тэлеграфная кантора, аптэка, 2 майстэрні апрацоўкі скураў, завод колавай мазі, 27 крамаў, 3 карчмы, 3 заезныя двары; у сяле Каленкавічах — 73 двары, царква, царкоўна-прыходзкая школа, хлебазапасны магазын. У 1908 годзе існавалі аднайменныя мястэчка (196 двароў), сяло (63 двары) і фальварак (2 двары). З 1909 году дзеяла гандлёва-прамысловае таварыства. У 1916 годзе з уводам у эксплюатацыю чыгункі Жлобін — Оўруч Каленкавічы сталі буйным транспартным вузлом.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў пачатку 1918 году Каленкавічы заняла войска Ю. Доўбар-Мусьніцкага, а 24 лютага таго ж году — войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Каленкавічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 17 сьнежня 1918 году мястэчка занялі бальшавікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП (б) Беларусі Каленкавічы ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, у Мазырскі павет («падраён») Гомельскага раёну[19], аднак 16 студзеня Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. З 6 сакавіка да 29 чэрвеня 1920 году мястэчка займалі польскія войскі, з 10 да 17 лістапада 1920 году — аддзелы С. Булак-Балаховіча. 17 ліпеня 1924 году Каленкавічы вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам раёну Гомельскай вобласьці. 3 ліпеня 1925 году паселішча атрымала статус места. У гэты час тут дзеяла рамеснае таварыства, працавалі паравы млын зь лесапільняй (з 1916 году), конная крупарушка (з 1917 году), бачарня, кузьня, электрастанцыя (з 1932 году), цагельня (з 1930 году), ткацкая (з 1927 году), шавецкая і кравецкая (з 1929 году) майстэрні, тэлефонная станцыя (з 1929 году). Дзеялі лякарня, бібліятэка, 3 сярэднія школы (адкрыліся ў 1932, 1934 і 1936 гадох). У Другую сусьветную вайну з 12 жніўня 1941 да 14 студзеня 1944 году места знаходзіліся пад акупацыяй Трэцяга Райху.
7 сакавіка 1963 году Каленкавічы атрымалі афіцыйны статус гораду абласнога падпарадкаваньня. У 1966 годзе да места далучылі вёску Карчагу. 4 лістапада 1993 году пачала дзеяць царква ў імя Казанскай іконы Маці Божай. 9 чэрвеня 2001 году адбылося ўрачыстае асьвячэньне новага касьцёла імя Найсьвяцейшай Тройцы[20].
-
Вуліца, 1904 г.
-
Чыгуначная станцыя, 1918 г.
-
Рынак. Царква, 1925 г.
-
Вуліца Паштовая. Камяніца, да 1941 г.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XVIII стагодзьдзе: 1795 год — 116 муж.
- XIX стагодзьдзе: 1858 год — 653 чал.[21]; 1897 год — 1096 чал. у мястэчку Каленкавічах, 388 чал. у сяле Каленкавічах
- XX стагодзьдзе: 1908 год — 2022 чал. у мястэчку Каленкавічах, 487 чал. у сяле Каленкавічах, 14 чал. у фальварку Каленкавічах; 1926 год — 6152 чал.[22]; 1939 год — 9799 чал.; 1959 год — 14,9 тыс. чал.; 1970 год — 23,9 тыс. чал.; 1991 год — 40,6 тыс. чал.; 1997 год — 42,6 тыс. чал.[23]; 1998 год — 42,2 тыс. чал.[24]
- XXI стагодзьдзе: 2004 год — 37,8 тыс. чал.; 2006 год — 37,8 тыс. чал.; 2008 год — 38,1 тыс. чал.; 2009 год — 38 381 чал.[25] (перапіс); 2016 год — 39 890 чал.[26]; 2017 год — 40 315 чал.[27]; 2018 год — 40 282 чал.[1]
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Каленкавічах працуюць Палескі аграрны каледж імя У.Ф.Міцкевіча, ДПТВ, гімназія, 8 сярэдніх, музычная і спартовыя школы, школа мастацтваў.
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзеюць дом культуры, бібліятэкі, краязнаўчы музэй.
Мас-мэдыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У месьце выдаецца раённая газэта «Калінкавіцкія навіны».
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Плян
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Забудова асноўных вуліцаў — 2-, 5- і 9-павярховыя дамы. Утварылася 3 мікрараёны.
Вуліцы і пляцы [28]
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былая назва |
Савецкая вуліца | Паштовая вуліца (частка, да 1923), Бабруйскі тракт (частка, да 1967) | |
вуліца Калініна | Баранаўская вуліца (да 1923) | |
вуліца Луначарскага | Гімназічная вуліца (да 1923) | |
Чырвонаармейская вуліца | Царкоўная вуліца (да 1923) | |
пляц Леніна | Базарны пляц (да 1960) | Цантральны пляц (да 1970) |
Кастрычніцкая вуліца | Вакзальная вуліца (да 1939) | Кагановіча вуліца (да 1957) |
вуліца Азёрына | Паркавая вуліца (да 1945) | |
Піянерская вуліца | Бальнічная вуліца (да 1960) | |
вуліца Якуба Коласа | ? | 2-ая Пушкіна вуліца (да 1960) |
Адэская вуліца | ? | Сталінградская вуліца (да 1961) |
вуліца Гагарына | Бунтарская вуліца (да 1964) | |
вуліца 50 год Кастрычніка | Жыткавіцкі тракт (да 1967) | |
Валгаградская вуліца | Сялянская вуліца (да 1967) | |
вуліца Міру | Гомельскі тракт | |
вуліца Сомава | Ліпнеўская вуліца (да 1973) |
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадпрыемствы хімічнай, будаўнічых матэрыялаў, дрэваапрацоўчай, харчовай прамысловасьці.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Каленкавічаў |
---|
|
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзее Каленкавіцкі дзяржаўны краязнаўчы музэй. Спыніцца можна ў гасьцініцы «Дружба»[29].
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Могілкі юдэйскія
- Сынагога (пачатак XX ст.)
- Царква Сьвятога Мікалая (XIX ст.; захавалася часткова)
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Чыгуначная станцыя
-
Царква Казанскай Іконы Божай Маці, 2006 г.
-
Царква Казанскай Іконы Божай Маці, 2011 г.
-
Касьцёл
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Віталь Воўк (нар. 1962) — беларускі дзяржаўны дзяяч
- Канстанцін Казелка (1915—1989) — майстар-разьбяр па дрэве, заслужаны дзяяч мастацтваў Беларусі
- Віктар Казько (нар. 1940) — пісьменьнік
- Раман Петрушэнка (нар. 1980) — беларускі вясьляр
- Аркадзь Пярцоўскі (нар. 1939) — хімік-аналітык
- Дзьмітры Сергіевіч (Зьмітро Віталін; 1910 — ?) — пісьменьнік
- Уладзімер Сямашка (нар. 1949) — беларускі дзяржаўны дзяяч
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Неафіцыйнае перайменаваньне.
- ^ Гэтая, найбольш раньняя форма назвы, Калениковичи, пераконвае, што яна паходзіць ад імя Каленік. У наступны польскамоўным упаміне 1560 году літары і ўжо няма — Kalenkowicze.
- ^ Нядзелі альбо чэргі (у складзе кожнай некалькі паселішчаў), на якія падзялялася Мазырская воласьць, як даводзілася несьці замкавую службу, выконваць работы на карысьць замку. Паводле нядзеляў разьмяркоўваліся і плацёжныя павіннасьці[10].
- ^ Укладальнікі каленкавіцкай кнігі «Памяць», зьмясьціўшы ўрывак з адказу сужэнства Рафала і Марыі Аскеркаў, зусім недарэчна датавалі яго 1582 годам. Сёньня тое можна прачытаць і ў энцыкляпэдыі «Вялікае Княства Літоўскае». На самой жа справе стражнік польны літоўскі Рафал Міхал, сын Яна Мікалая, Аскерка, жанаты з Марыяй, дачкой яго дзядзькі старосты багрымавіцкага Антонія Яўхіма Аскеркі, нарадзіўся каля 1761, а спачыў у 1818 годзе[13]; па бацьку валодаў, акрамя іншага, і Гарбавічамі. Пра Багрымавіцкае староства на 1560 год вядзецца ў «Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі», але яго ў XVI ст., а магчыма, у адрозьненьне ад Загальскага, і на працягу большай часткі XVII ст. яшчэ не было. У дакумэнце Аскеркаў староства адвольна названа таксама Каленкавіцкім, бо менавіта Каленкавічы мелі агульную мяжу і адпаведныя праблемы з Гарбавічамі ды непасрэдную сувязь з большасьцю паселішчаў староства. Аднак, відавочна, на думку тагачасных урадоўцаў, Багрымавічы, якія здаўна атачалі шляхецкія маёнткі, мусілі і надалей заставацца намінальным цэнтрам каралеўшчыны, што складалася з двух анкляваў.
- ^ На мапе Вялікага гістарычнага атлясу Беларусі пазначаныя яшчэ Рудзенкі, а таксама ўдакладнена, што Буда тая — Смольгаўская (Смаглаўская?).
- ^ Ня варта блытаць з валасьцямі — адміністрацыйнымі адзінкамі ў складзе павету — парэформавага часу.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ а б Вячорка В., Карней І. Гарады з «памылкамі» ў назвах: Калінкавічы ці Каленкавічы?, Радыё Свабода, 25 жніўня 2019 г.
- ^ Капылоў І. Калінкавічы // Звязда. №4 (62), 4 лютага 2014 г.
- ^ а б Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 151.
- ^ Вольга Іскрык, Зьміцер Саўка. (16.01.2011) Сапраўдныя назвы беларускіх гарадоў. Белсат ТВ. Праверана 2 красавіка 2012 г.
- ^ Бартосік З. Калінкавічы, Радыё Свабода, 5 сьнежня 2002 г.
- ^ Słownik geograficzny... T. XV, cz. 2. — Warszawa, 1902. S. 101.
- ^ Картаграма гушчыні насельніцтва БССР. 1931 г.
- ^ Слупскі С. Натуральны рух насельніцтва ў БССР // Матар’ялы да географіі і статыстыкі Беларусі. Т. 2. — Менск: Беларуская акадэмія навук. 1929.
- ^ Клепатский П. Г. Очерки по истории Киевской земли / П.Г. Клепатский — Т. 1: Литовский период. — Одесса, 1912. С. 185, 189—190
- ^ Архив Юго-Западной России (Архив ЮЗР). Ч. VII. T. I. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 635—636
- ^ Архив ЮЗР. Ч. 8. Т. 5. Акты об украинской администрации XVI—XVII вв. — Киев, 1907. С. 481—482
- ^ Żychliński T. Złota księga szlachty polskiej. — Poznań, 1882. Rocznik IV. S. 204, 205; Рыбчонак С., Свяжынскі У. Аскеркі гербу Мурдэліо зменены. // Спадчына. 4/1999. С. 206, 208; Гербоўнік беларускай шляхты. Т. 1. А. / Т. Капіца, А. Леўчык, С.Рыбчонак і інш. – Мінск, 2002. С. 329, 330, 332
- ^ Памяць. Калінкавіцкі раён. — Мінск: Ураджай, 1999. С. 53
- ^ Metryka Litewska. Księga wpisów. Nr. 131. Opracował Andrzej Rachuba. — Warszawa, 2001. S. 102
- ^ Насевіч, Вячаслаў. Мазырскае стараства. // Вялікае Княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: К — Я. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2006. С. 259—260
- ^ Сьпіс паселішчаў Мазырскага павету на 1789 год. Inwentarz pow. mozyrskiego 1789
- ^ Военно-статистическое обозрение Российской империи. Т. 9. Ч. 4. Минская губерния. — С.-Петербург: Тип. Деп. Ген. штаба, 1848. С. 5, 7
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Калінкавічы — парафія Найсвяцейшай Тройцы, Catholic.by, 14 ліпеня 2006 г.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 1. Кн. 1. — Менск, 2004. С. 528.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 1. Кн. 1. — Менск, 2004. С. 529.
- ^ Гарыст І. Калінкавічы // ЭГБ. — Мн.: 1997 Т. 4. С. 30.
- ^ БЭ. — Мн.: 1998 Т. 7. С. 469.
- ^ Перепись населения — 2009. Гомельская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Урбананімія Калінкавіч у ХХ стагоддзі / Іван Сацукевіч // Калінкавічы і Калінкавіцкі край : зборнік навуковых артыкулаў : [матэрыялы Міжнароднай навуковай канферэнцыі, 23―24 красавіка 2015 г. / укладальнік А. А. Скеп'ян. — Мінск, 2016. — С. 301―309
- ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 7: Застаўка — Кантата. — 604 с. — ISBN 985-11-0130-3
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 1, кн. 1. Гомельская вобласць / С.В. Марцэлеў; рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2004. — 632 с.: іл. ISBN 985-11-0303-9.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 4: Кадэты — Ляшчэня. — 432 с. — ISBN 985-11-0041-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom XV, cz. 2: Januszpol — Wola Justowska. — Warszawa, 1902.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Каленкавічы , Radzima.org
- Каленкавічы (рас.), Глёбус Беларусі