Джордж Вашынгтон
Джордж Вашынгтон | |
па-ангельску: George Washington | |
1-ы Прэзыдэнт ЗША | |
---|---|
30 красавіка 1789 — 4 сакавіка 1797 | |
Наступнік: | Джон Адамз |
Асабістыя зьвесткі | |
Нарадзіўся: |
22 лютага 1732[1][2][3][…] Ўэстморланд, Вірджынія, Брытанская Амэрыка |
Памёр: |
14 сьнежня 1799[1][4][3][…] (67 гадоў) Маўнт-Вэрнан, Вірджынія, ЗША |
Партыя: | |
Сужэнец: | Марта Вашынгтон |
Дзеці: | George Washington Parke Custis[d] |
Бацька: | Агастын Вашынгтон[d][5] |
Маці: | Мэры Бол Вашынгтон[d][6] |
Узнагароды: | |
Джордж Вашынґтон (па-ангельску: George Washington, 22 лютага 1732 — 14 сьнежня 1799) — адзін з айцоў-заснавальнікаў ЗША. Прывёў кантынэнтальную армію да перамогі над Вялікабрытаніяй пад час вайны за Незалежнасьць (1775—1783). У 1789 годзе быў абраны першым прэзыдэнтам Злучаных Штатаў Амэрыкі.
Юнацтва й пачатак ваеннай кар’еры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Джордж Вашынгтон нарадзіўся 22 лютага 1732 у Вірджыніі. Першы сын Аўгусьціна Вашынгтона і яго другой жонкі, Мэры Бол Вашынгтон. Дзяцінства і юнацтва ён правёў у сьціплых умовах, атрымаў павярхоўную школьную адукацыю. У 11 гадоў страціў свайго бацьку, уладальніка тытунёвай плянтацыі. Яго выхоўваў зводны брат Лоўрэнс, пасьля сьмерці якога ён пераняў у 1752 маёнтак Маўнт Вэрнон пад Александрыяй. З 1748 дапамагаў барону Фэрфаксу. У 21 год Вашынгтон стаў Брыгадзірам Муляроў у братэрстве масонаў.
У 1754 Вашынтгон удзельнічаў у баях з францускімі войскамі каля форта Дзюкэн, патрапіў у палон, калі абараняў форт Нэсэсіці (Пэнсыльванія). Французы адпусьцілі Вашынгтона і яго атрад з воінскімі ўшанаваньнямі, пасьля чаго ён звольніўся са службы. Але ў наступным годзе Вашынгтон ізноў уступіў у каляніяльнае апалчэньне ў званьні падпалкоўніка. У новай ваеннай экспэдыцыі да форта Д’юкэн ён камандаваў адступам апалчэнцаў пасьля таго, як французы і іх саюзьнікі-індзейцы ўстроілі ім засаду і забілі камандзіра атрада ангельскага генэрала Брэдака. У тым баі загінула больш за палову ангельскіх апалчэнцаў. Вашынгтон выявіў асабістую адвагу і вывяў з акружэньня ўсіх, хто застаўся ў жывых. За гэты подзьвіг ён удастоіўся званьня палкоўніка і быў прызначаны камандзірам вірджынскага апалчэньня. У траўні 1756 году, калі ў Эўропе пачалася Сямігадовая вайна і Англія сапхнулася ў той вайне з Францыяй, палкоўнік Джордж Вашынгтон узначаліў абарону заходняй мяжы штату Вірджынія ад французаў. У 1759 годзе ён выйшаў у адстаўку і заняўся грамадзкай дзейнасьцю. Перад гэтым ён паспрабаваў уступіць у шэрагі рэгулярнага брытанскага войска, але атрымаў адмову. Неўзабаве яго абралі дэпутатам заканадаўчага збору штату Вірджынія, 1-га і 2-га Кантынэнтальных кангрэсаў.
Шлюб і дзеці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Джорджа Вашынгтона і Марту Дэндрыдж Кёртыз пазнаёмілі сябры Марты. Джордж прапанаваў руку й сэрца празь некалькі тыдняў пасьля знаёмства. Яны ажаніліся 6 студзеня 1759, калі ім было па 27 гадоў. Джордж і Марта сталі жыць у доме бацькоў Марты, які называўся Белым Домам. Пасьля гэтае імя дадуць рэзыдэнцыі прэзыдэнта ЗША. Гэта быў другі шлюб Марты. Яе першы муж, Даніель Парк Кёртыз, памёр у 1757. Джордж ніколі ня меў сваіх дзяцей, але ён усынавіў чатырох дзяцей Марты. У Марты й Джорджа было сем унукаў.
Амэрыканская рэвалюцыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На Другі Кантынэнтальны Кангрэс (красавік 1775) Вашынгтон прыйшоў у ваеннай форме, кажучы гэтым, што ён ужо падрыхтаваны да вайны. Яго аўтарытэт, ваенны вопыт, харызма, рэпутацыя шчырага патрыёта паспрыялі на падтрымку паўднёвых штатаў, асабліва Вірджыніі. Кангрэс стварыў Кантынэнтальную Армію 14 чэрвеня. Празь некаторы час Вашынгтон стаў галоўнакамандуючым, узяў адказнасьць за камандаваньне амэрыканскімі сіламі. У арміі адчуваўся катастрафічны недахоп пораху, таму Вашынгтон шукаў іншыя крыніцы. Францыя й рэйды на ангельскія арсэналы часткова дапамагалі.
17 сакавіка 1776 году Кантынэнтальнае войска (20 тысячаў чалавек, 6 тысячаў апалчэнцаў) атрымала першую важную перамогу — пры аблозе гораду Бостану. Вашынгтон вымусіў 7-тысячны ангельскі гарнізон, якім камандаваў каралеўскі генэрал Уільям Хоў, эвакуявацца морам з Бостану.
Аднак затым усьлед ішла няўдалая спроба Кантынэнтальнага войска абараніць ад ангельцаў горад Нью-Ёрк. Лёнданскі ўрад загадаў генэралу Ўільяму Хоў пакончыць з рэвалюцыяй у амэрыканскіх калёніях і паслала яму ў падмацаваньне войска і эскадру пад камандаваньнем яго брата адмірала Рычарда Хоў. У ліпені 1776 году на Стэйтэн-Айлэнд высадзіўся брытанскі 32-тысячны дэсант. Генэрал Джордж Вашынгтон арганізаваў абарону Лонг-Айлэнду і Мангэтану, але не хапала і людзей, і прыладаў, і баяпрыпасаў. Ангельцы пайшлі ў наступ і разьбілі праціўніка.
Неўзабаве Вашынгтону прыйшлося, пераправіўшыся праз раку Дэлавэр, адступіць у Пэнсыльванію. Пасьля Кантынэнтальны кангрэс зьбёг зь Філадэлфіі ў паўночны горад Балтымар.
Да таго часу амэрыканскае войска налічвала ўсяго тры тысячы чалавек. Ангельскі генэрал Ўільям Хоў меў у сваім распараджэньні 34-тысячнае войска. Пасьля здабытай перамогі ў Нью-Ёрку ён рашыў дачакацца вясны, каб канчаткова разграміць амэрыканскіх мяцежнікаў. Аднак не прыняў у разьлік рашучасьць і ініцыятыўнасьць галоўнакамандуючага Кантынэнтальнага войска.
У калядную ноч 1776 году Джордж Вашынгтон ажыцьцявіў сваю найболей вядомую баявую апэрацыю. Пяройдучы зьмёрзлую раку Дэлавэр, зь мінімальнымі стратамі ўзяў у палон 900 салдат і афіцэраў каралеўскага войска. Затым у Прынстане былі захопленыя склады. Гэтыя перамогі ня толькі паднялі баявы дух Кантынэнтальнага войска, але і прыцягнулі ў яе добраахвотнікаў, якія жадалі са зброяй у руках адстойваць незалежнасьць калёніяў ад брытанскіх войскаў.
Вашынгтон рашыў правесьці рэарганізацыю даручанага яму войска, усьведамляючы, што пакуль немагчыма перамагчы ангельцаў у палявой бітве. Час жа працаваў на амэрыканцаў, паколькі зацяжная вайна ў калёніях вымотвала ваенную сілу Вялікабрытаніі, у якой былі немалыя праблемы і ў іншых частках сьвету. Абапіраючыся на рэвалюцыйны запал амэрыканцаў, Джордж Вашынгтон здолеў у кароткія тэрміны стварыць рэгулярнае і баяздольнае войска, якое цяпер пасьпяхова дзейнічала супраць ангельцаў сумесна з партызанскімі атрадамі. Галоўнакамандуючы прыняў меры для абароны гораду Філадэлфія і прадухіліў уварваньне каралеўскіх войскаў з Канады. 17 кастрычніка 1777 году пад горадам Саратога амэрыканскія паўстанцы атрымалі над праціўнікам пераканаўчую перамогу.
Каб стварыць сапраўды рэгулярнае войска, яго галоўнакамандуючы са згоды ўрада Злучаных Штатаў і кангрэсмэнаў запрасіў вайскоўцаў з Эўропы. Джордж Вашынгтон кіраваў баявымі дзеяньнямі пры блякадзе межаў штату Нью-Ёрк, занятага ангельцамі. Ён па-ранейшаму лічыў галоўным захаваньне створанай ім рэгулярнага войска на бліжэйшую будучыню, паколькі ў Эўропе насьпявала вайна паміж Францыяй і Ангельшчынай. Вашынгтон не памыліўся ў сваіх разьліках. Сапраўды, улетку 1778 Францыя абвясьціла вайну Вялікабрытаніі і стала больш актыўна падтрымліваць амэрыканскіх паўстанцаў. У чэрвені 1779 прыкладу Францыі рушыла ўсьлед Гішпанія.
20 чэрвеня 1778 адбылася Манмутская бітва. Амэрыканскімі войскамі камандаваў генэрал Лі, які ў крытычны момант загадаў адступіць, што выклікала замяшаньне ў шэрагах амэрыканскага войска. Тады Джордж Вашынгтон асабіста натхніў і згуртаваў сваё войска, і ў выніку гэтага амэрыканцы перамаглі. Генэрал Лі быў з ганьбай звольнены з войска.
У гэты час у шэрагах амэрыканскага войска пачаліся мецяжы, выкліканыя абясцэньваньнем кантынэнтальных грошай і цяжкасьцямі з забесьпячэньнем правіянтам. Усяго адбылося шэсьць мецяжоў, якія былі хутка падушаныя ваеннай сілай.
Адной з галоўных была перамога ў Ёрктаўне.
19 кастрычніка 1781 Джордж Вашынгтон прыняў ад лорда Карнуоліса капітуляцыю брытанскага каралеўскага войска.
30 лістапада 1782 была складзеная Парыская дамова, па якой прызнавалася незалежнасьць Злучаных Штатаў і аб’яўлялася аб заканчэньні ваенных дзеяньняў паміж ЗША і Вялікабрытаніяй. 23 лістапада наступнага году брытанскае войска эвакуяваліся зь Нью-Ёрку. У горад уступілі войскі Джорджа Вашынгтона.
Адстаўка Вашынгтона была кароткай. Яму прапанавалі прыняць удзел у Канстытуцыйным Канвэнце летам 1787 году ў Філядэлфіі, дзе ён быў аднагалосна абраны прэзыдэнтам Канвэнцыі. Пасьля гэтага 13 штатаў прагаласавалі за Канстытуцыю й аднагалосна абралі прэзыдэнтам ЗША Вашынгтона. Аўтарытэт Джорджа Вашынгтона быў настолькі высокі, што на выбарах 1792 году ён быў пераабраны на пост прэзыдэнта другасна.
Помнікі й мэмарыялы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сёньня выява першага прэзыдэнта ЗША стала сымбалем краіны. Яго можна ўбачыць:
- банкнота ў адзін даляр ЗША
- разам з Тэадорам Рузвэлтам, Томасам Джэфэрсанам і Абрагамам Лінкальнам высечаныя на гары Рашмар
- Мэмарыял Джорджа Вашынгтона ў Александрыі
Шматлікія месцы носяць імя Вашынгтона
- сталіца ЗША, г. Вашынгтон
- штат Вашынгтон
- Унівэрсытэт імя Джорджа Вашынгтона
Мастацкія фільмы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Сэрыял «Джордж Вашынгтон» (George Washington, 1984),
- Сэрыял «Джордж Вашынгтон: Каваньне нацыі» (George Washington: The Forging of a Nation, 1986),
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г https://d-nb.info/gnd/11876439X/about/lds (анг.) / German National Library
- ^ а б http://www.anb.org/articles/02/02-00332.html
- ^ а б в г Lundy D. R. George Washington // The Peerage (анг.)
- ^ а б Nevins A., Graff H. George Washington // Encyclopædia Britannica (анг.)
- ^ Kindred Britain
- ^ Deutsche Nationalbibliothek Record #11876439X // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.