Перайсьці да зьместу

Міхась Зарэцкі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вэрсія для друку болей не падтрымліваецца і можа мець памылкі апрацоўкі. Калі ласка, абнавіце закладкі броўзэру і выкарыстоўвайце ўбудаваную функцыю друку броўзэру.
Міхась Зарэцкі
лац. Michaś Zarecki
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Міхаіл Яўхімавіч Касянкоў
Псэўданімы Міхась Зарэцкі
Нарадзіўся 20 лістапада 1901(1901-11-20)
Памёр 29 кастрычніка 1937(1937-10-29) (35 гадоў)
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці драматург, літаратуразнаўца, перакладнік, пісьменьнік, літаратурны крытык, празаік, літаратар
Гады творчасьці 1922 — 1936
Мова беларуская мова[1], расейская мова[1] і чэская мова[1]
Дэбют 1922
Творы на сайце Knihi.com
Міхась Зарэцкі ў Facebook
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Зарэцкі.

Міха́сь Зарэ́цкі (сапраўднае імя Міхаі́л Яўхі́мавіч Касянко́ў; 20 лістапада 1901, в. Высокі Гарадзец, Сеньненскі павет, Магілёўская губэрня, цяпер Талачынскі раён Віцебскай вобласьці — 29 кастрычніка 1937, Менск, НКУС) — беларускі празаік, драматург, перакладчык, крытык.

Біяграфія

Міхась Зарэцкі

Нарадзіўся 20 лістапада 1901 году ў вёсцы Высокі Гарадзец Сеньненскага павету Магілёўскай губэрні (цяпер Талачынскі раён Віцебскай вобласьці) у сям’і вясковага дзяка Яўхіма Ануфрыевіча і яго жонкі Пелагеі Лявонцьеўны. Міхась быў другім дзіцем пасьля Івана, усьлед за ім нарадзіліся Мікалай і Ліза. Бацькі адыгралі вялікую ролю ў фармаваньні эстэтычных густаў будучага пісьменьніка. Бацька любіў музыку і сьпевы, кіраваў царкоўным хорам, сам спрабаваў пісаць музыку. Артыстычным талентам валодала і маці. Яна таксама любіла сьпяваць, вызначалася працавітасьцю і глыбокай душэўнасьцю. Ужо ў дзяцінстве Міхась умеў іграць на многіх музычных інструмэнтах[2].

Дзяцінства прайшло ў вёсцы Зарэчча пад Шкловам — адсюль псэўданім. З 10-гадовага ўзросту вучыўся ў Аршанскай духоўнай вучэльні і Магілёўскай духоўнай сэмінарыі[3][4][5][6] (у 1917 годзе праз рэвалюцыйныя падзеі[7] пакінуў сэмінарыю пасьля 2 гадоў вучобы). Працаваў перапісчыкам у паўвайсковай часьці. Пасьля вяртаньня ў родную вёску працаваў царкоўным вартаўніком[7].

Зь лютага 1919 настаўнічаў у пачатковай школе[7] на Магілёўшчыне, потым прызначаны загадчыкам Шклоўскага валаснога аддзелу народнай асьветы. У 1920 годзе ўдзельнічаў у ІІ Усерасейскім зьезьдзе саюзу Работнікаў Асьветы, быў абраны кандыдатам у чальцы ЦК гэтага саюзу[7].

У 1920—1927 палітпрацаўнік Чырвонай Арміі[8]. У Віцебску пад кіраўніцтвам Міхася Зарэцкага была створана беларуская трупа, якая складалася з вайсковых беларусаў і працавала, галоўным чынам, у вайсковых клюбах сярод гарнізоннага войску[9]. З 1924 сябра літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк», уваходзіў у Цэнтральнае Бюро арганізацыі. У 1926—1927 рэдагаваў часопіс «Маладняк». У 1927 стаў адным з ініцыятараў утварэньня новага літаратурнага аб’яднаньня «Полымя». Выхад з «Маладняку» сьведчыў пра значныя ўнутраныя зрухі ў сьветаадчуваньні пісьменьніка, пра пэўныя зьмены яго мастацкай, эстэтычнай арыентацыі[10].

У жніўні — кастрычніку 1927 у складзе дэлегацыі беларускіх літаратараў наведаў Латвію, Чэхаславаччыну, Нямеччыну, Францыю. У наступным годзе ў складзе беларускай пісьменьніцкай дэлегацыі, куды ўваходзілі Янка Купала, Якуб Колас, Міхась Чарот, ён наведаў Харкаў і прысутнічаў на ўрачыстасьцях, прысьвечаных памяці Тараса Шаўчэнкі[10].

Адзін з ініцыятараў тэатральнай дыскусіі ў лістападзе 1928 (артыкулы «Два экзамэны (Да пытаньня аб тэатральнай крытыцы)», «Чым пагражае нам Белдзяржкіно? (Да крытыкі тэматычнага пляна)»). Выступленьні М. Зарэцкага ў друку былі расцэненыя як праявы нацыянал-дэмакратызму. Разам з А. Александровічам і А. Дударом ён заявіў пра выхад з БДУ (публікацыя ў «Савецкай Беларусі» 4.12.1928)[11][12]. У 1929 выключаны з ВКП(б)[13]. Чалец СП БССР (з 1934). Да лістапада 1936 працаваў загадчыкам аддзелу літаратуры і мастацтва БелАН. Арыштаваны 3 лістапада 1936 у Менску па адрасе: вул. Абутковая, д. 23, кв. 3. 3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Міхася Зарэцкага прадугледжвалася «спальваць»[14]. 28 кастрычніка 1937 году асуджаны пазасудовым органам НКУС як «актыўны ўдзельнік нацыянал-фашысцкай тэрарыстычнай арганізацыі» да вышэйшай меры пакараньня з канфіскацыяй маёмасьці[15].

Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 7 сьнежня 1957. Асабовая справа К. № 11069-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Сям’я

Малодшы брат пісьменьніка, Мікалай Касянкоў, таксама быў рэпрэсаваны ў 1937 годзе, прысуджаны да расстрэлу, аднак пазьней расстрэл замянілі 10 гадамі адбыцьця пакараньня ў папраўча-працоўных лягерах. Загінуў у 1941 годзе[16].

Быў жанаты, гадаваў дваіх дзяцей (сын Слава, дачка Радаміра). Жонка пісьменьніка Марыя Іванаўна спачатку была асуджаная на 7 гадоў знаходжаньня ў папраўча-працоўных лягерах і на 5 гадоў паражэньня ў правах. Была рэабілітаваная ў 1941 годзе. Малалетнія дзеці засталіся самі, а пазьней былі перададзеныя ў Менскі дзіцячы прыёмнік, адкуль былі накіраваныя ў дзіцячы дом «Боркі» Калінінскай вобласьці[17]. Вызваліўшыся пасьля першага арышту, Марыя Іванаўна забрала дзяцей. Падчас нямецкай акупацыі і яна, і яе старэйшы сын Вячаслаў, у той час падлетак, «працавалі ў нейкай нямецкай канторы». Марыя Іванаўна і Вячаслаў атрымалі пасьля вайны па дзесяцігадовым тэрміне. Пасьля другога тэрміну зьняволеньня Марыя вярнулася ў вёску Цну, якую 8 красавіка 2004 году далучылі да Менску[18].

Творчасьць

Беларускія пісьменьнікі, 1936 год. Міхась Зарэцкі стаіць пасярэдзіне

Літаратурная дзейнасьць Зарэцкага пачалася ў 1921 годзе, хоць ён, паводле ўласных прызнаньняў, не зьбіраўся быць пісьменьнікам. Як узгадвае сам Зарэцкі, аднойчы яму прысьніўся яркі і незвычайны сон, уражаньне ад якога не пакідала яго на працягу цэлага месяца. Зарэцкаму захацелася занатаваць гэтае ўражаньне, і ён стаў пісаць. Пісаў доўга і вельмі старанна абдумваў кожную фразу, кожнае слова. Скончылася тым, што старанна перапісанае апавяданьне ён даслаў у рэдакцыю газэты «Рабочий», аднак, сумняваўся, што яго надрукуюць[19].

Сьцьвярджаецца, што яго літаратурным дэбютам было апавяданьне «У Саўках», зьмешчанае на старонках «Савецкай Беларусі» 29 сьнежня 1922 году. Але, дэбют трэба аднесьці на больш раньні час, паколькі ў гэтай жа газэце 6 студзеня быў надрукаваны матэрыял пад назвай «Ці ж так?», 3 лютага — «Спатканьне», 13 кастрычніка — «Сёньня» («Малюнкі жыцьця»), 22 лістапада — апавяданьне «Цішка Бабыль» і толькі 29 сьнежня — «У Саўках»[19].

Свой шлях у літаратуру Міхась Зарэцкі пачынаў з «малой прозы» і на працягу ўсёй творчай дзейнасьці ахвотна зьвяртаўся да гэтай ёмістай жанравай формы. У сфэру пісьменьніцкай увагі траплялі перш за ўсё падзеі рэвалюцыйнай рэчаіснасьці, жыцьцё працоўнага чалавека на пераломе гісторыі, клясавыя сутыкненьні, драматызм барацьбы новага і старога, духоўны рост чалавека, які спазнаў радасьці перамогі над неспрыяльнымі абставінамі і над самім сабой[20]. Абсягі яго творчых інтарэсаў з самага пачатку былі даволі шырокімі, разнастайнымі. Гэтаму спрыяў і жыцьцёвы вопыт, набыты маладым пісьменьнікам за час працяглай службы ў Чырвонай арміі. У апавяданьнях пісьменьнік часта зьвяртаўся да новых, мала распрацаваных тагачаснай беларускай літаратурай пластоў сацыяльнай рэчаіснасьці і праяваў духоўнага жыцьця чалавека[21]. Зарэцкага як мастака не магла не прыцягваць сучасная яму рэчаіснасьць, жыцьцё і праца людзей, побач зь якімі ён жыў, клопаты і турботы, якія добра ведаў. Аб гэтым сьведчаць апавяданьні «Бель» (1924), «На маладое» (1924), «Дзіўная» (1925), «Сьмерць» (1926) і інш.[22].

Прыжыцьцёвыя выданьні
У віры жыцьця (1925)
Пела вясна (1925)
Пад сонцам (1926)
42 докумэнты (1926)
Голы зьвер (1926)
На чыгунцы (1928)
Сьцежкі-дарожкі (1929)
Падарожжа на Новую Зямлю (1929)
Ракавыя жаронцы (1930)
Лісты ад знаёмага (1930)
Бацькаў сын (1932)
Вязьмо (1932)

У 30-я гг. Зарэцкі ўжо рэдка зьвяртаўся да малой жанравай формы. У нешматлікіх творах ужо значна менш мастацкай навізны, праблемнасьці, сьмелага вырашэньня тэмы, што мела месца ў ранейшыя гады. Праца над апавяданьнямі стала адначасова і сур’ёзнай школай падрыхтоўкі пісьменьніка да напісаньня буйных твораў. Лягічным працягам інтэнсіўных пошукаў пісьменьніка ў галіне жанравай формы стала аповесьць «Голы зьвер» (1926). Аповесьць займае даволі прыкметнае месца ў творчасьці Міхася Зарэцкага. Гэта зьмястоўны, вострапраблемны твор, у цэнтры якога герой адмоўнага пляну. Вартасьць аповесьці ў тым, што надзённае пытаньне сучаснага яму жыцьця Зарэцкі пераводзіў у шырокі плян, бо суадносіны інтарэсаў асобы і грамадзтва застаюцца актуальнымі сёньня і будуць актуальнымі заўтра[23].

У канцы 20-х гг. Міхась Зарэцкі зьвярнуўся да драматычнай жанравай формы, паколькі пачаў адчуваць яе зьмястоўнасьць, ляканічнасьць, эстэтычную сілу і багатыя выяўленчыя магчымасьці. Яго першыя п’есы — «Віхор на балоце» (1928) і «Белыя ружы» (1928—1929). Асноўны канфлікт п’есы «Віхор на балоце» — барацьба новых людзей супраць мяшчанства. Аб’ектамі выкрыцьця ў ёй сталі бездухоўнасьць, душэўная чэрствасьць і мяшчанства[24].

У канцы 1920-х — пач. 1930-хх гг. у творах пісьменьніка прыкметна паглыбілася заклапочанасьць далейшым лёсам рэвалюцыі, пэрспэктывай практычнага ўвасабленьня яе ідэалаў. Заклапочанасьць перарастала ў сапраўдную грамадзянскую трывогу мастака-гуманіста за будучыню роднага краю, будучыню народу. У гэты пэрыяд адбываюцца значныя зрухі ў сьветапоглядзе пісьменьніка, у яго стаўленьні да многіх вострых праблемаў тагачаснага грамадзтва, палітычнага, культурнага жыцьця. Сутнасьць зрухаў — у рашучым павароце пісьменьніка да нацыянальнай праблематыкі[25].

Многія рукапісы М. Зарэцкага загінулі, у прыватнасьці, гістарычная драма «Рагнеда» (1929), працяг рамана «Крывічы».

У 1965 годзе Мікола Гарулёў пераклаў на расейскую мову раман «Вязьмо» (перавыданьне перакладу ў 1978). Раман «Сьцежкі-дарожкі» на расейскай мове друкаваўся ў скарочаным выглядзе на старонках газэты «Рабочий» у 1927 годзе, а новы поўны пераклад выйшаў у 1971 годзе. У 1980 годзе выдавецтва «Мастацкая літаратура» выпусьціла ў перакладзе на расейскую мову выбраныя апавяданьні[26].

Пераклаў на беларускую мову раман «Цэмэнт» Ф. Гладкова (1930), «Прыгоды бравага салдата Швэйка ў часе сусьветнай вайны» Я. Гашака (ч. 1, 1931). Выступаў і як крытык.

Пачынальнік рамантычнага кірунку ў беларускай савецкай прозе, пісьменьнік-наватар, Міхась Зарэцкі ўзбагаціў беларускую літаратуру новымі ідэямі, вобразамі, прыкметна-пашырыў жанрава-стылёвыя, выяўленчыя магчымасьці літаратуры[27].

Бібліяграфія

  • Міхась Зарэцкі. Вязьмо. Раман. — Менск: Сталія, 2003. — 304 с. — 1000 ас. — ISBN 985-6670-20-9
  • Міхась Зарэцкі. Вязьмо. Раман / мастачка Галіна Хінка-Янушкевіч. — Менск: Мастацкая літаратура, 2006. — 301 с. — 3200 ас. — ISBN 985-02-0820-1
  • Зарэцкі, М. Кветка пажоўклая. Аповесць: Голы звер; апавяданні: У Саўках; У віры жыцця; Спакуса; Мар'я; Як гэта часам трапляецца; Ноччу; З нашых дзён; Ворагі; Бацькаў сын; Гануля і інш. / Уклад. Н. Семашкевіч.. — Менск: Мастацкая літаратура, 2010. — 477 с. — (Школьная бібліятэка). — 2000 ас. — ISBN 978-985-02-1198-9
  • Міхась Зарэцкі, Андрэй Мрый. М. Зарэцкі: Цішка Бабыль; У Саўках; У віры жыцця; Бацькаў сын; Гануля; Бель; На маладое; Ліпа; Голы звер: аповесьць; Сцежкі-дарожкі: раман. А. Мрый: Абстрыкаўся; Калектыў Яўмена; Рабін; Няпросты чалавек; Гармонія ў ружовым; Камандзір; Запіскі Самсона Самасуя: раман / укладаньне, прадмова й каментары І. В. Саверчанкі; навуковы рэдактар Я. А. Гарадніцкі. — Менск: Мастацкая літаратура, 2018. — 700 с. — (Залатая калекцыя беларускай літаратуры. Т. 17). — 1000 ас. — ISBN 978-985-02-1848-3
  • Міхась Зарэцкі. Выбраныя творы. / укладаньне і каментар Галіны Тычко й Кастуся Цьвіркі; прадмова Івана Саверчанкі; навуковы рэдактар Яўген Гарадніцкі; успаміны пра Міхася Зарэцкага: Ян Скрыган. — Менск: Беларуская навука, 2022. — 666 с. — 500 ас. — ISBN 978-985-08-2813-2

Пераклады

на баўгарскую мову
  • Михас Зарецки. Двамата Жвировски / превел от белоруски Христо Берберов; съставителство и бележки: Валентина Кулешова // Белоруски разкази : сборник. — София : 1968.
на нямецкую мову
  • Michas Sarezki. Die Krebsmühlsteine. Das Poem von den schwarzen Augen.  (ням.) / ins Deutsche übersetzt Randow, Norbert = Міхась Зарэцкі. Ракавыя жаронцы; Паэма пра чорныя вочы. Апавяданьні // Störche über den Sümpfen: belorussische Erzähler. — Berlin: ‘Volk und Welt’,, 1971. — С. —.
на расейскую мову
  • Михась Зарецкий. Раковые жернова : повести и рассказы. Содержание: Раковые жернова; Ой, летели гуси…; Враги; На железной дороге; Двое Жвировских; Бель; Липа; Радость; Поэма о черных глазах / перевод с белорусского В. Раковской; вступительная статья К. Гарабурды. — М.; Л.: Государственное издательство, 1930. — 228 с. — (Творчество народов СССР). — 3000 ас.
  • Михась Зарецкий. Вязьмо: роман / перевел с белорусского Николай Горулев; предисловие А. Адамовича. — Менск: Беларусь, 1965. — 326 с. — 75 000 ас. (рас.)
  • Михась Зарецкий. Стежки-дорожки: роман / перевел с белорусского Лев Соловей; послесловие Юлиян Пширкова. — Менск: Беларусь, 1971. — 318 с. — (Белорусский роман). — 100 000 ас. (рас.)
  • Михась Зарецкий. Вязьмо: роман / перевод с белорусского Анатолия Тонкеля; вступительная статья Валентина Лаврова. — Л.: Художественная литература, 1978. — 316 с. — 50 000 ас.
  • Михась Зарэцкий. Начало счастья. Рассказы: В Совках; В водовороте жизни; Чеплюк; Искушение; Мария; Враги; Отцов сын; Аннушка; Липа; Белая целина и др. / Предисл. М. Мушинского, Пер. с белорус. А. Борушко. — Менск: Мастацкая літаратура, 1980. — 301 с. — 50 000 ас.
на ўкраінскую мову

Пераклады з іншых моў

Крыніцы

  1. ^ а б в Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
  2. ^ Мушынскі М. 1991. С. 6-7.
  3. ^ Разрядный списокъ учениковъ Оршанскаго духовнаго училишча, составленный после производства годичныхъ испытаній въ педагогическомъ собраніи 13 іюня 1912 года. / П . Сахаровъ // Могилевскія епархіальныя ведомости. — Магілёў: 01.07.1912. — № 13. — С. 207, 208.
  4. ^ Разрядный списокъ учениковъ Оршанскаго духовнаго училишча, составленный после производства годичныхъ испытаній. / П . Сахаровъ // Могилевскія епархіальныя ведомости. — Магілёў: 15.07.1913. — № 14. — С. 219.
  5. ^ Разрядный списокъ учениковъ Оршанскаго духовнаго училишча, составленный после производства годичныхъ испытаній въ педагогическомъ собраніи 13 іюня 1914 года. / П . Сахаровъ // Могилевскія епархіальныя ведомости. — Магілёў: 01.07.1914. — № 13. — С. 192.
  6. ^ Разрядный списокъ учениковъ Оршанскаго духовнаго училишча, составленный 29-го апреѣля 1915 г. въ педагогическомъ собраніи Правленія училишча. / П . Сахаровъ // Могилевскія епархіальныя ведомости. — Магілёў: 15.06.1915. — № 13. — С. 173.
  7. ^ а б в г Мушынскі М. 1991. С. 7.
  8. ^ Алеся Гаротная. «Беларускі рух на Віцебшчыне» / рэдактар-выдавец А. Амельяновіч, рэдактар Л. Родзевіч // Наша будучына : газэта. — Вільня : «Друк», 8 сьнежня 1922. — № 1. — С. 4.
  9. ^ Тэатр. // Полымя : часопіс. — 1923. — № 2. — С. 150.
  10. ^ а б Мушынскі М. 1991. С. 9.
  11. ^ Андрэй Александровіч; Алесь Дудар; Міхась Зарэцкі. Ліст у рэдакцыю. // Савецкая Беларусь : газэта. — 1928, 4 сьнежня. — № 278 (2466). — С. 4.
  12. ^ Расьціслаў Платонаў. «ЛІСТ 3-х»: Партыйнае расьследаваньне (Пратэст Андрэя Александровіча, Алеся Дудара й Міхася Зарэцкага супраць праяў антыбеларусізацыі) / М. І. Мушынскі // Палітыкі. Ідэі. Лёсы: Грамадзянскія пазіцыі ва ўмовах нарастання ідэолага-палітычнага дыктату ў Беларусі 20-30-х гадо : газэта. — Менск: Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы (БелНДIДАС), 1996. — С. 127―139. — ISBN 985-6099-23-4.
  13. ^ С. Будзінскі. Вораг у доме. // Полымя : часопіс. — 1929. — № 11—12. — С. 223—252.
  14. ^ Алесь Лукашук. Мова гарыць (Загад № 33) // Спадчына : часопіс. — 1996. — № 3. — С. 76—91. — ISSN 0236-1019.
  15. ^ Расьціслаў Платонаў. «Чырвоны бунтар». (Пісьменнік Міхась Зарэцкі ў грамадска-палітычным жыцьці другой паловы 20-х гадоў) / Рэцэнзент: М. І. Мушынскі // Гісторыка-дакументальныя нарысы аб людзях і малавядомых падзеях духоўнага жыцьця ў Беларусі 20—30-х гадоў. — Менск: Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы (БелНДІДАС), 1998. — С. 61―83. — ISBN 985-6099-44-7.
  16. ^ Мушынскі М. 1991. С. 3.
  17. ^ Мушынскі М. 1991. С. 4.
  18. ^ Аляксандар Дынько; Аляксандар Матафонаў Нашчадкі рэпрэсаванага пісьменьніка маюць дом побач з Курапатамі — верагодным месцам расстрэлу дзеда. Радыё Свабода.
  19. ^ а б Мушынскі М. 1991. С. 8.
  20. ^ Мушынскі М. 1991. С. 127.
  21. ^ Мушынскі М. 1991. С. 18-19.
  22. ^ Мушынскі М. 1991. С. 26-27.
  23. ^ Мушынскі М. 1991. С. 48-51.
  24. ^ Мушынскі М. 1991. С. 95-96, 121.
  25. ^ Мушынскі М. 1991. С. 147.
  26. ^ Мушынскі М. 1991. С. 5.
  27. ^ Мушынскі М. 1991. С. 6.

Літаратура

Вонкавыя спасылкі