Перайсьці да зьместу

Сяргей Ракіта

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сяргей Ракіта
лац. Siarhiej Rakita
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Сяргей Васільевіч Законьнікаў
Псэўданімы Сяргей Ракіта
Нарадзіўся 15 кастрычніка 1909
вёска Ліцьвінава, Холбнянская воласьць, Горацкі павет, Магілёўская губэрня
Памёр 23 сакавіка 1942
станцыя Сухабязводнае(ru), Сямёнаўскі раён(ru), Горкаўская вобласьць, Расейская СФСР, СССР
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці Журналіст
Гады творчасьці 1928—1934
Жанр Паэзія
Мова Беларуская
Дэбют 1928 г. (часопіс «Аршанскі маладняк»)

Сяргей Ракіта (сапр. Сяргей Законьнікаў; 1909, вёска Ліцьвінава, цяпер Зарубскі сельсавет, Дубровенскі раён, Віцебская вобласьць, Беларусь — 1942, ст. Сухабязводнае, цяпер Ніжагародзкая вобласьць, Расея) — беларускі паэт. Іншыя псэўданімы і крыптанімы: Асот, Сяргей; С. Асот; Ракіта, С; Ракіта, Сяргей; Ракіта, С.; Р. С.[1].

Нарадзіўся 15 кастрычніка 1909 году ў вёсцы Ліцьвінава Холбнянскай воласьці, Горацкага павету, Магілёўскай губэрні ў сялянскай сям’і. Скончыў пачатковую школу ў Ліцьвінаве й Новатухінскую школу другой ступені ў 1925 годзе. Быў сакратаром мясцовай камсамольскай ячэйкі, у 1927 выбраны чальцом аршанскага акруговага камітэту ЛКСМБ. Будучы вучнем, пісаў даклады ў Аршанскую акруговую газэту «Камуністычны шлях», часопіс «Малады араты»[2] . У 1929 годзе накіраваны на работу ў рэдакцыю Гомельскай абласной газэты «Палеская праўда». З 1930 году зьяўляўся кіраўніком Гомельскай філіі БелАПП. Служыў у Чырвонай Арміі з 1932году па 1933 год. Працаваў у Менску ў рэдакцыях газэт, на Беларускім радыё, у Дзяржаўным выдавецтве Беларусі, адначасова вучыўся ў Камуністычным інстытуце журналістыкі імя С. М. Кірава[3].

20 кастрычніка 1936 году арыштаваны ў Менску па адрасе: вул. Гарбарная, д. 33, кв. 8. 3 чэрвеня 1937 году Галоўная ўправа ў справах літаратуры і выдавецтваў Беларускай ССР (Галоўліт БССР) выдала Загад № 33 «Сьпіс літаратуры, якая падлягае канфіскацыі зь бібліятэк грамадзкага карыстаньня, навучальных установаў і кнігагандлю». Паводле Загаду, «усе кнігі» Сяргея Ракіты прадугледжвалася «спальваць»[4]. 5 кастрычніка 1937 году асуджаны пазасудовым органам НКУС як «член контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» і за «антысавецкую дзейнасьць» да 10 гадоў зьняволеньня. Працаваў на лесапавале ў Горкаўскай вобласьці. Загінуў 23 сакавіка 1942 году. Рэабілітаваны пасьмяротна прэзыдыюмам Вярхоўнага суда БССР 29.12.1954. Асабовая справа Р. № 9935-с з фатаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі[5].

Увесну 1927 году газэта «Чырвоная зьмена» надрукавала верш Сяргея Ракіты «Вітаньне». Наступны верш «Бяжы мой конь…» не падышоў да друку[6].

« «Вітаньне»

Ей аднэй, дарагой
Прамяністай вясьне,
Што ў жыцьці непаўторнай бывае,
Што з-за гор і лясоў,
Рэк, вазёр, берагоў
Палахаліва праменьні пушчае — шлю вітаньне!

Ей з прыгожай парой.
З расквітаньнем жыцьця,
З ласкай сонейка, днямі блакітаў,
Занурцуе нутро
У праменьнях вясны
У лістоце бяроз і ракіты…

Чад сірэневы пойдзе
Чаромухі чад
Пунсавец будзе раньнем паветра…
І вітаньне маё
У вясковую рань
Будзе ўторыць у разлогах і нетрах!

»

—«Чырвоная зьмена», 6 сакавіка 1927 году, № 28 (410), с. 3[7]

У, наступны, 1928 год Сяргей Ракіта дэбютаваў у часопісе «Аршанскі маладняк» пад уласным прозьвішчам вершам, які стаў праграмным на некалькі наступных гадоў жыцьця.

« …Шматчаканы новы

Прамяністы дзень.

Дзень ня той, што ўчора

Плакаў недародам

І ў парванай сьвітцы

На марозе стыў—

Новы дзень электрыкі,

Фабрык і заводаў,

Дзень шумліва сьпелых

Ураджайных ніў…

»

—«Аршанскі маладняк», 1928 год, № 7, с. 63

Паэт шчыра, натхнёна, усім сваім, талентам служыў ідэі стварэньня новага мастацтва ў барацьбе за перамогу над старым сьветам, ствараючы пры гэтым узоры «пралетарскай паэзіі». Яго жыцьцё й творчасьць непадзельныя ад свайго часу. Гэтым тлумачыцца агітацыйны й дэкляратыўны характар многіх яго вершаў, матывы супрацьпастаўленьня «ганебнага ўчора» «шчасьліваму сёньня». Паэт ня ведаў тады, што гэта быў палон ілюзіяў і мрояў.

« «Ліст да сына»

Было ўсяго:
Няўдачы і жабрацтва…
І я цярпеў,
І многа нас такіх.
Нат ад сябе
Хацеў бы адцурацца,
Каб не трапляць
На гора-вайстракі…

»

—«Полымя», люты 1993 году, № 2 (766), с. 217[3]

1927
1928
1929
1930

1931
1932
1933
1934

Крытыка, рэцэнзіі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  1. ^ Янка Саламевіч. Слоўнік беларускіх псеўданімаў i крыптанімаў (XVI—XX стст.).. — Менск: Мастацкая літаратура, 1983. — С. 22, 106, 178. — 207 с. — 4000 ас.
  2. ^ Паштовая скрынка. С. Законьнікаву. // Малады араты : двухтыднёвы часопіс сялянскай моладзі. — 1926. — № 10. — С. 16.
  3. ^ а б Павал Пруднікаў Паэт трагічнага лёсу. / Сяргей Законьнікаў // Полымя : часопіс. — Менск: 1993. — № 2. — С. 213—217. — ISSN 0130—8068.
  4. ^ Алесь Лукашук. Мова гарыць (Загад № 33) // Спадчына : часопіс. — 1996. — № 3. — С. 76—91. — ISSN 0236-1019.
  5. ^ Леанід Маракоў. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794-1991 : энцыкл. давед.: у 3 т.. — Менск: 2005 Т. 3 Кніга 2 (Лабадаеў—Яцына). — С. 631, 632. — 744 с. — ISBN 985-6374-07-3
  6. ^ Перапіска з супрацоўнікамі. // Чырвоная зьмена : газэта. — 1927, 10 лістапада. — № 125 (507). — С. 3.
  7. ^ Сяргей Асота. Вітаньне. Верш. // Чырвоная зьмена : газэта. — 1927, 6 сакавіка. — № 28 (410). — С. 3.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]