XXXIV з’езд КПБ
Тры́ццаць чацвё́рты з’езд КПБ. Адбыўся 4 — 5 кастрычніка 1997 г. у Мінску. Прысутнічалі 522 дэлегаты ад 7110 членаў партыі (паводле звестак мандатнай камісіі, на з’езд абраны 581 дэлегат). Парадак дня:
- справаздача ЦК КПБ (В. В. Чыкін);
- справаздача Цэнтральнай рэвізійнай камісіі (Л. Ключнікава);
- справаздача мандатнай камісіі (Н. А. Пракошына);
- прыняцце Праграмы КПБ, Статута КПБ, палажэння «Аб Цэнтральнай рэвізійнай камісіі Камуністычнай партыі Беларусі»;
- выбары кіруючых органаў.
Прынятая з’ездам Праграма КПБ акрэслівала стратэгічную мэту партыі — пабудову камуністычнага грамадства, бліжэйшыя мэты — аднаўленне СССР і пераарыентацыя грамадства на сацыялістычны шлях развіцця. Пацверджана, што КПБ стаіць на цвёрдых класавых пазіцыях, захоўвае вернасць марксізму-ленінізму. З’езд заклікаў да непрызнання Белавежскіх пагадненняў 1991 г., да аднаўлення СССР, супрацьдзеяння экспансіі Захаду і прасоўванню НАТА на Усход, умацавання саюзу Беларусі і РФ. Зацверджаны Статут КПБ, палажэнне Цэнтральнай рэвізійнай камісіі КПБ, прыняты рэзалюцыі «Аб 80-й гадавіне Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі», «Рукі прэч ад У. І. Леніна!», звароты з’езда ў сувязі з 75-й гадавінай стварэння СССР, у падтрымку ахвяр палітычных рэпрэсій, да народаў Еўропы і ўсяго свету ў сувязі з пашырэннем блока НАТА і яго прасоўвання на Усход. З’езд выбраў Вышэйшы савет партыі, ЦК КПБ у складзе 14 членаў і 5 кандыдатаў у члены, Цэнтральную рэвізійную камісію.