Юзаф Дашчынскі
Юзаф Дашчынскі | |
---|---|
Juzaf Daszczynski | |
Поўнае імя | Юзаф Даміанавіч Дашчынскі |
Дата нараджэння | 1774 |
Месца нараджэння | Вільня, Вялікае Княства Літоўскае, Рэч Паспалітая |
Дата смерці | 29 жніўня (10 верасня) 1844 |
Месца смерці | |
Краіна | |
Музычная дзейнасць | |
Прафесіі | кампазітар |
Інструменты | фартэпіяна |
Жанры | рэлігійная музыка[d] і класічная музыка |
Юзаф Даміанавіч Дашчынскі (1774, Вільня — 29 ст. ст. жніўня 1844, двор Астраглядавічы[1][A]) — піяніст, кампазітар, дырыжор.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся будучы знакаміты кампазітар у сям’і шляхціча Даміана[D] Дашчынскага ў Вільні. За адзін з вакальных паланэзаў у 1812 годзе быў адораны брыльянтавым пярсцёнкам ад расійскага імператара Аляксандра І. Даслужыўшыся да звання капітана нацыянальнай віленскай гвардыі, у 1813 годзе пайшоў у адстаўку, каб займацца выкладаннем ігры на фартэпіяна ў Віленскім універсітэце[4]. У 1814 годзе вялікі аматар і знаўца музыкі мінскі губернскі маршалак Людвік Ракіцкі, вучань слыннага італьянскага скрыпача і кампазітара Джавані Батысты Віёці, запрасіў яго на пасаду дырыжора свайго аркестра ў двары Гарадзішча, што месціўся ў Рэчыцкім павеце. У 1818 годзе Юзаф Дашчынскі быў абраны сябрам Таварыства рэлігійнай і нацыянальнай музыкі ў Варшаве, што сведчыць аб прызнанні яго заслуг у названай сферы музычнай творчасці[5].
Згаданы аматарскі аркестр, якім Ю. Дашчынскі кіраваў да канца сваіх дзён, дасягнуў вельмі высокага ўзроўню, бліскуча выконваў сімфоніі Гайдна, Моцарта і Бетховена. Канцэрты пад яго кіраўніцтвам прыцягвалі слухачоў з розных куткоў Беларусі, праводзіліся не адно ў палацы Л. Ракіцкага, але таксама ў Мінску і даволі часта з дабрачыннымі мэтамі. У гэтых канцэртах у губернскім цэнтры і наогул у Беларусі ўпершыню прагучалі оперы А. Сальеры «Аксур, цар Армуза» і Ф. Буальдзьё «Белая дама»[6].
Ю. Дашчынскі, атрымаўшы ад гаспадара палаца пенсію, жыў у дварах Гарадзішча і Астрагляды на працягу 30 гадоў. Пасля смерці Л. Ракіцкага[E] аркестр у Гарадзішчы распаўся. Але мэтр Дашчынскі працягваў пісаць музыку. Многія творы ён прысвяціў сваім дабрадзеям — пану нябожчыку і ягонай дачцэ Тэклі Прозаравай. Сярод іх — «Бліскучы вальс» і «Канцэртны паланэз» для фартэпіяна ў чатыры рукі. Гэтыя працы, па словах А. Ахвердавай, захоўваюцца ў бібліятэках Пецярбургу. Аўтар успамінаў Міхал Ельскі, на звесткі якога абапіраюцца ўсе сучасныя даследчыкі, акрамя іншага, зазначыў, што настаўнікамі яго бацькі Караля[F] ў ігры на скрыпцы былі майстры музыкі Кіфэрлінг, Мёсэр і Дашчынскі[7].
Творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Юзаф Дашчынскі — аўтар больш як 100 музычных твораў, якія выдаваліся ў Ляйпцыгу, Вільні, Вене, Пецярбургу, Варшаве, Маскве. Сярод іх музыка да камедыі-оперы Л. Дмушэўскага «Домік пры гасцінцы» («Domek przy gościńcu»), трохактавая меладрама «Эгбэрт, альбо Аб’яднанне англічанаў» («Egbert czyli Połączenie się anglików»), 4 уверцюры, 3 фартэпіянных концэрты, два паланэзы для фартэпіяна з аркестрам, фартэпіянны квартэт, струнны секстэт, маршы для духавога аркестра, «Rondoletto» для скрыпкі і фартэпіяна, «Valse brillante» для фартэпіяна ў чатыры рукі, варыяцыі на ўласныя і запазычаныя тэмы, вакальныя творы. Аднак, усеагульную вядомасць Ю. Дашчынскаму прынеслі шматлікія паланэзы ў дзве і чатыры рукі, напісаныя ў папулярным стылі brillant, а таксама песня пра Зыгмунта ІІІ, змешчаная ў зборніку «Гістарычных спеваў» Юльяна Нямцэвіча.
Асабліва цікавая яго Вастрабрамская літанія — адзіны з літургічных твораў Ю. Дашчынскага, які захаваўся да нашых дзён. О. Кольберг уважаў яе адной з апошніх у часе што да спадчыны Ю. Дашчынскага. На думку музыказнаўцаў, гэты твор змяняе гісторыю жанру літаніі ў польскай музыцы, дзе першымі ўзорамі аркестровых спеваў уважаліся чатыры Вастрабрамскія літаніі Станіслава Манюшкі[5]. На падставе ўзноўленай партытуры Вастрабрамская літанія ўпершыню прагучала на канцэрце «Polska muzyka sakralna XIX wieku. Wilno» ў Беластоку (2011), потым у Нясвіжы (2012) і ў выкананні Беларускай капэлы Беларускага Вялікага тэатру ў 2016 годзе.
Выданні
[правіць | правіць зыходнік]- Паланэзы [Ноты]: для фартэпіяна: вучэбна-метадычны дапаможнік / Юзаф Дашчынскі; Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Інстытут культуры Беларусі; Расійская Нацыянальная бібліятэка; Wydział Kultury i Nauki Konsulatu Generalnego Rzeczypospolitej Polskiej w St. Petersburgu; [укладанне і ўступны артыкул Я. У. Паплаўскі; музычная рэдакцыя І. У. Алоўнікава; рэцензент В. У. Дадзіёмава; кансультант Цэзары Карпіньскі]. ― 2013
- Вастрабрамская літанія [Ноты]: для салістаў, змешанага хору і сімфанічнага аркестра / Юзаф Дашчынскі; Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы Рэспублікі Беларусь, творчы калектыў «Беларуская капэла»; [навуковы рэдактар і рэканструктар нотнага тэксту, прадмова С. Немагай; музычныя рэдактары У. Байдаў, Г. Каржанеўская, С. Немагай, Н. Ламановіч; аўтарская транскрыпцыя У. Байдава; пералажэнне для спеваў з фартэпіяна Г. Каржанеўскай]. ― 2015
Заўвагі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ У метрычным запісе Астраглядаўскага парафіяльнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі сказана, што нябожчык меў 70 гадоў ад нараджэння. Таму апошняе, напэўна, і не магло адбыцца ў 1781 годзе, як калісьці няслушна падаў інфарматар Адама Плуга Дамінік Ходзька[2].
- ↑ Прысвечаны пані Ядвізе з дому Гечэвічаў, жонцы ўладальніка Рудакова Уладзіслава Аскеркі і маці Аляксандра Юстыніяна.
- ↑ Твор, прысвечаны пані Тэклі з дому Ракіцкіх, жонцы ўладальніка Астраглядаў і Хойнікаў Уладзіслава Прозара.
- ↑ Імя бацькі кампазітара вядома з дакумента пад назвай «Список лицам, состоящим в числе дворян 2-го разряда Речицкого уезда, кои не представили в Минское Дворянское собрание в срок, назначенный Высочайшими указами 5 июля 1838 и 5 ноября 1841 годов доказательств о дворянском своем происхождении. Составлен июля 17 дня 1844 года»[3].
- ↑ 24 ліпеня 1828 г. ён яшчэ жывы, бо менавіта тады забяспечыў кампазітару права на пажыццёвае валоданне вёскай Пясочанка[3].
- ↑ Уладальнік Дудзічаў і Замосця, вядомы як аўтар «Паланэза 1837 года».
Зноскі
- ↑ НГАБ у Мінску. Ф. 1089. Воп. 1. Спр. 3. А. 33адв.
- ↑ Pług A. [Pietkiewicz A.] O Józefie Deszczyńskim. / A. Pług // Ruch Muzyczny. — Warszawa, 1859. Nr 50. S. 425–426
- ↑ а б НГАБ. Ф. 443. Воп. 1. Спр. 1. А. 7, 26адв.-27
- ↑ Miller A. Teatr polski i muzyka na Litwie jako strażnice kultury Zachodu (1745–1865): Studjum z dziejów kultury polskiej. – Wilno, 1936. S. 162
- ↑ а б Немагай С. М. Вастрабрамская літанія Юзафа Дашчынскага — помнік рэлігійнай музыкі Беларусі часоў перадрамантызму. // Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. 2010. №. 17. С. 21–22
- ↑ А. Ахвердава. Юзаф Дашчынскі. // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1988. № 2. С. 23; Святлена Немагай. Юзаф Дашчынскі і яго Вострабрамская літанія. // Наша вера. 2013. № 3(65)
- ↑ Jelski M. Kilka wspomnień z przeszłości muzycznej Litwy. // Echo muzyczne. 1881. № 23. S. 181, 182
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- А. Ахвердава. Юзаф Дашчынскі. // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1988. № 2
- Немагай С. М. Вастрабрамская літанія Юзафа Дашчынскага — помнік рэлігійнай музыкі Беларусі часоў перадрамантызму. // Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. 2010. №. 17. С. 20–29
- Святлена Немагай. Юзаф Дашчынскі і яго Вострабрамская літанія. // Наша вера. 2013. № 3(65)
- Jelski M. Kilka wspomnień z przeszłości muzycznej Litwy. // Echo muzyczne. 1881. № 22. S. 169–171; № 23. S. 180–182