Цэнтральны саюз культурных і грамадскіх арганізацый
Цэнтральны саюз культурных і грамадскіх арганізацый (або Цэнтрасаюз) — грамадска-палітычная арганізацыя беларускага нацыянальнага руху правацэнтрысцкага кірунку ў Заходняй Беларусі.
Створаны ў сярэдзіне 1930 года ў сувязі з аб’яўленымі польскімі ўладамі выбарамі ў сейм. Цэнтральны друкаваны орган — газета «Беларускі звон». Стварэнне Цэнтрасаюза азначала канчатковы раскол у беларускім нацыянальна-вызвольным руху, які адбыўся ва ўмовах рэпрэсіўнай палітыкі рэжыму санацыі і распачатых палітычных рэпрэсій супраць беларускай інтэлігенцыі ў БССР, а таксама курсу КПЗБ на фарсіраванне рэвалюцыйнага працэсу ў краі. Лідары саюза Р. Астроўскі, А. Луцкевіч, Ф. Акінчыц, Я. Станкевіч лічылі адзіна магчымым шляхам культурна-нацыянальнага развіцця пошук кампрамісаў з урадам Ю. Пілсудскага. У накіраваным імі на імя прэзідэнта Польшчы І. Масціцкага мемарыяле было заяўлена пра неабходнасць «маральнага раззбраення з абодвух бакоў», дасягнення згоды і разгляду сукупнасці беларуска-польскіх праблем. У якасці першага практычнага кроку ўносілася прапанова вылучыць 3 паўночна-ўсходнія ваяводствы (Віленскае, Навагрудскае, Палескае) у асобную адміністрацыйную адзінку. Пад арганізацыйным уплывам Цэнтрасаюза знаходзілася Таварыства беларускай асветы, Беларускае навуковае таварыства ў Вільні, Беларускае дабрачыннае таварыства, Беларускі студэнцкі саюз, іншыя культурна-асветныя таварыствы і суполкі. Для ўдзелу ў выбарах быў створаны выбарчы камітэт пад назвай «Беларускі сялянска-рабочы блок», у які ўвайшлі Ф. Акінчыц, К. Крук, М. Ільяшкевіч і В. Грышкевіч. Аднак выбары ў польскі сейм у лістападзе 1930 скончыліся правалам Цэнтрасаюза: ён не атрымаў ні аднаго мандата. Няўдача на выбарах, узмацненне рознагалоссяў у Цэнтрасаюзе прывялі да яго расколу. Першым арганізацыю пакінуў Я. Станкевіч, потым Ф. Акінчыц, які ініцыяваў стварэнне Беларускай нацыянал-сацыялістычнай партыі. 3 мэтай умацавання становішча Цэнтрасаюза частка яго кіраўніцтва (А. Луцкевіч, В. Грышкевіч, А. Неканда-Трэпка) выказалася за супрацоўніцтва з буйнейшай на той час беларускай партыяй — Беларускай хрысціянскай дэмакратыяй. Р. Астроўскі выступіў супраць. Пазіцыйныя рознагалоссі прывялі да канчатковага расколу Цэнтрасаюза ў пачатку 1934 года.
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ладысеў, У. Цэнтральны саюз культурных і грамадскіх арганізацый // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 2003. — С. 124. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0276-8.