Перайсці да зместу

Фрыулы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Фрыулы
(Popul Furlan)
Распаўсюджанне фрыульскай мовы
Агульная колькасць 691 тыс.
Рэгіёны пражывання  Італія — 678 тыс.

 Харватыя — 11 тыс.
 Славенія — 2100

Мова фрыульская
Рэлігія каталіцтва
Блізкія этнічныя групы ладзіны, романшы, італьянцы

Фрыу́лы (саманазва Popul Furlan) — рэтараманскі народ, карэнныя жыхары ўсходняй часткі Альпійскіх гор. Жывуць пераважна на паўночным усходзе Італіі, а таксама ў Харватыі і Славеніі. Агульная колькасць (2012 г.) - 691 тыс. чал.[1]

Продкамі фрыулаў былі венеты, рэты і кельты, што насялялі паўночнае ўзбярэжжа Адрыятыкі і Усходнія Альпы ў антычнасці. У I ст. да н. э. - I ст. н. э. яны былі ўключаны ў склад старажытнарымскай дзяржавы і да V ст. н. э. раманізаваны. У раннім сярэднявеччы у склад фрыулаў таксама ўвайшлі прадстаўнікі германскіх і славянскіх народаў.

Традыцыйная культура

[правіць | правіць зыходнік]

Асноўным заняткам фрыулаў здаўна была сельская гаспадарка, арыентаваная на рынак. Вырошчвалі лён, пшаніцу, кукурузу, гародніну, трымалі кароў, авечак, свінняў. Клопат пра гаспадарку звычайна лічыўся жаночым заняткам. Мужчыны займаліся адыходніцтвам — працавалі ў гарадах будаўнікамі, наймаліся ў якасці салдат, маракоў і рыбакоў.

Найбольш старажытны тып жытла — casoni. Гэта прамавугольныя хаціна (3×4×2 м) з саломы ці чароту, над якой ўзводзіўся высокі дах. Casoni будаваліся пераважна ў прыморскіх далінах і яшчэ ў сярэдзіне XX ст. выкарыстоўваліся рыбакамі. Іншыя распаўсюджаныя тыпы жытла — шматпавярховыя альпійскія дамы casa carnica і замкнёныя сядзібы corte. Для фрыульскіх дамоў характэрна наяўнасць кухонных каўпакоў nape, пад якімі размяшчаюць лавы для зімовых вячорак. На кухні ўсталёўвалі агмень з металічнай П-падобнай рамай, на якую на ланцугу падвешвалі медны кацёл. Харчовыя прадукты захоўвалі ў бронзавых, драўляных або каменных пасудзінах. Пасцельную бялізну рабілі з льняной або баваўнянай тканіны. Сяннік набівалі кукурузнымі ачысткамі. Мэблю ўпрыгожвалі разьбярствам.

Фрыульская народная кухня даволі разнастайная. Асноўнай ежай з'яўляецца кукурузная каша палента. Фрыулы вядомы сваёй прыхільнасцю да салодкіх пшанічных равіолі, начыненых тварагом або варэннем. Любімай гароднінай з'яўляецца рэпа. Перад ужываннем яе вымочваюць у выцісканнях з вінаграднага лісця. Далей рэпу дробняць з дапамогай таркі і выцягваюць у форме макаронаў. Закіслы раствор рэпы і вінаграднага лісця ідзе на прыгатаванне супу, які па смаку нагадвае капусту з бульбай.

Фрыульскі жаночы строй уключае палатняную кашулю, гарсаж і шырокую спадніцу. Мужчынскі — простую кашулю і штаны. Абутак драўляны, звычайна з доўгім выгнутым носам і шыпамі на падэшвах.

Сем'і малыя нуклеарныя, хаця захоўваюцца надзвычай блізкія адносіны паміж сваякамі некалькіх пакаленняў. Главой фармальна лічыцца мужчына, але жанчыны звычайна паводзяць сябе надзвычай самастойна. У некаторых мясцінах падчас шлюбнага абраду жаніх, каб падкрэсліць будучую залежнасць ад жонкі, ўкленчвае на падол сукенкі нявесты, а тая самастойна нанізвае на свой палец вясельны пярсцёнак.

Народнае мастацтва прадстаўлена разьбярствам, гафтам, чароўнымі казкамі і традыцыйнымі песнямі-вілотамі на роднай мове.

Большасць вернікаў спавядаюць каталіцызм.

Размаўляюць на фрыульскай мове.

Знакамітыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі