Урад СССР
Ура́д СССР (сін. Урад Саюза ССР; савецкі ўрад) — абагульнёнае найменне цэнтральнага органа дзяржаўнага кіравання агульнай кіраўніцкай кампетэнцыі Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР).
У савецкі час пры ўжыванні тэрміна «Урад СССР» у якасці афіцыйнага наймення канкрэтнай ўстановы ў яго напісанні выкарыстоўваліся загалоўныя літары. Выразы «ўрад», «савецкі ўрад» і іх вытворныя ў кантэксце Савецкага Саюза ўжываліся ў мінулым і выкарыстоўваюцца ў цяперашні час, як правіла, нефармальна — часцяком для абазначэння ўсёй сукупнасці органаў дзяржаўнай улады і кіравання СССР[1].
У розныя гады ўрад СССР меў наступныя назвы[2]:
Савет народных камісараў РСФСР[3] | (30 снежня 1922 — 6 ліпеня 1923 года) | |
Савет Народных Камісараў СССР | (6 ліпеня 1923 года — 15 сакавіка 1946) | |
Савет Міністраў СССР | (15 сакавіка 1946 — 14 студзеня 1991) | |
Кабінет Міністраў СССР | (14 студзеня — 26 снежня 1991) | |
Камітэт па аператыўнаму кіраванню народнай гаспадаркай СССР[4] | (28 жніўня — 20 верасня 1991) | |
Міжрэспубліканскі эканамічны камітэт СССР[5] | (20 верасня — 14 лістапада 1991) | |
Камітэт па аператыўнаму кіраванню народнай гаспадаркай СССР | (14 лістапада — 26 снежня 1991)[6] |
Гісторыя тэрміна
[правіць | правіць зыходнік]Слова Урад не сустракаецца ні ў Дагаворы аб утварэнні СССР, ні ў Канстытуцыі СССР 1924 года; аднак словазлучэнне Урад Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік ужывалася ўжо ў назвах афіцыйных друкаваных органаў Саўнаркама СССР на працягу ўсяго часу іх існавання (з 1924 па 1946 год). Толькі з прыняццем Канстытуцыі СССР 1936 года, дзе Савет Народных Камісараў СССР быў названы «Урадам СССР», гэты тэрмін увайшоў у афіцыйнае ўжыванне. У Канстытуцыі 1977 года гэтая традыцыя захавалася; у тэксце асноўнага закона краіны назвы «Савет Міністраў СССР» і «Урад СССР» выкарыстоўваліся ў якасці сінонімаў. З Канстытуцыі СССР тэрмін знік 26 снежня 1990 года, аднак практыка яго выкарыстання захавалася. Так, у Законе СССР ад 20 сакавіка 1991 года № 2033-1 «Аб Кабінеце Міністраў СССР» Кабінет Міністраў СССР называецца Урадам СССР.
Падпарадкаванасць і статус
[правіць | правіць зыходнік]Урад СССР ствараўся вярхоўнымі органамі дзяржаўнай улады краіны — ЦВК СССР (у перыяд з 1923 па 1938 гады), Вярхоўным Саветам СССР (з 1938 па 1991 гады) — і быў падсправаздачны непасрэдна гэтым органам, а таксама Прэзідэнту СССР (у 1990—1991 гады).
У перыяд з 1936 па 1990 гады Урад СССР валодаў статусам вышэйшага органа дзяржаўнага кіравання Савецкага Саюза.
Кіраўнік урада
[правіць | правіць зыходнік]Пасада кіраўніка ўрада Савецкага Саюза была ў вялікай ступені аналагічная пасадзе прэм'ер-міністра ў іншых краінах. У розныя гады паўнамоцтвы кіраўніка ўрада СССР мяняліся, аднак у цэлым асоба, якая займала гэтую пасаду, ажыццяўляла кіраўніцтва дзейнасцю урада СССР, падборам кадраў для іх уключэння ў склад урада і валодала правам прыняцця ў неадкладных выпадках рашэнняў па асобных пытаннях дзяржаўнага кіравання. Кіраўнік урада не валодаў правам самастойна прызначаць і адхіляць ад пасады кіраўнікоў цэнтральных органаў дзяржаўнага кіравання; гэта права належала вышэйшаму органу заканадаўчай улады.
Прызначэнне кіраўніка савецкага ўрада ажыццяўлялася вышэйшым органам дзяржаўнай улады СССР — ЦВК СССР (у перыяд з 1923 па 1938 гады), а з 1938 па 1991 гады — Вярхоўным Саветам СССР. Пачынаючы з 1990 года ўрад і яго старшыня сталі падпарадкоўвацца непасрэдна Прэзідэнту СССР, аднак прызначэнне кіраўніка ўрада на пасаду засталося прэрагатывай Вярхоўнага Савета СССР.
Цэнтральныя органы дзяржаўнага кіравання СССР
[правіць | правіць зыходнік]Цэнтральныя органы дзяржаўнага кіравання СССР з'яўляліся ядром сістэмы дзяржаўнага кіравання Савецкага Саюза. У сістэму цэнтральных органаў дзяржаўнага кіравання СССР уваходзілі наступныя ўстановы:
- вышэйшы цэнтральны орган агульнай кіраўніцкай кампетэнцыі (урад СССР)
- цэнтральныя органы галіновага і функцыянальнага кіравання (народныя камісарыяты (1922—46), міністэрства (1946-91), дзяржаўныя камітэты і дзяржаўныя агенцтва)
- Падведамасныя органы ўрада СССР
Урад СССР фармаваўся з кіраўнікоў цэнтральных органаў галіновага і функцыянальнага кіравання і кіраўнікоў некаторых ведамстваў ўрада.
- Ведамствы ўрада СССР
Урад СССР валодаў канстытуцыйным правам ствараць, рэарганізоўваць і касаваць урадавыя ведамства (бюро, інспекцыі, камісіі, камітэты, упраўленні, агенцтвы і інш.), неабходныя для ажыццяўлення функцый, ускладзеных на саюзны ўрад Канстытуцыяй СССР і іншымі законамі краіны. У склад урада СССР уваходзілі кіраўнікі некаторых, найбольш важных з пункту гледжання органаў дзяржаўнага кіравання, падпарадкаваных ураду — да прыкладу, кіраўнікі Камітэта па справах вышэйшай школы (1936-46), Цэнтральнага статыстычнага ўпраўлення (1957—91) і інш.
Афіцыйныя выданні
[правіць | правіць зыходнік]- Газета «Известия» — у розныя гады існавання ўрада СССР выпускалася пад рознымі назвамі:
- «Весткі Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Саветаў Сялянскіх, Рабочых, Салдацкіх і Казачых Дэпутатаў і Маскоўскага Савета Рабочых і Чырвонаармейскіх Дэпутатаў» (1918—1923)[7]
- «Весткі Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Саюза ССР і Усерасійскага Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Саветаў Рабочых, Сялянскіх, Чырвонаармейскіх і Казачых Дэпутатаў»[8] («Известия ЦВК і УЦВК», 1923—1938)
- «Весткі Саветаў дэпутатаў працоўных СССР» (1938—1946)
- «Веснік ЦВК, СНК і СТО СССР» (1923—1924 гадах)
- «Збор законаў і распараджэнняў Рабоча-Сялянскага Ўрада Саюза ССР»[9] (1924—1937)
- «Збор пастаноў і распараджэнняў Ўрада Саюза ССР» (1938—1946)
- «Збор пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Саюза ССР» (1946—1949)
- «Збор пастаноў Урада Саюза ССР» (1957—1991)
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ Апошняе характэрна для заходніх краін, дзе палітычная традыцыя, заснаваная на дактрыне падзелу ўладаў, разглядае «урад» (англ.: government) як сукупнасць органаў заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады.
- ↑ У дужках пазначаны даты, у рамках якіх орган юрыдычна або фактычна выконваў функцыі ўрада СССР.
- ↑ Савет народных камісараў РСФСР па даручэнні ЦВК СССР часова выконваў абавязкі ўрада СССР ў перыяд паміж утварэннем СССР у снежні 1922 года і фарміраваннем першага складу Савета народных камісараў СССР у ліпені 1923 года.
- ↑ Не прадугледжаны Канстытуцыяй СССР часовы орган кіравання, на які 28 жніўня 1991 года пасля адстаўкі Кабінета Міністраў СССР былі ўскладзены функцыі ўрада СССР да фарміравання новага складу кабінета міністраў.
- ↑ Заснаваны Законам СССР «Аб органах дзяржаўнай улады і кіравання Саюза ССР у пераходны перыяд» ад 5 верасня 1991 года № 2392-I наўзамен кабінета міністраў СССР. 14 лістапада 1991 года Міжрэспубліканскі эканамічны камітэт СССР быў пераўтвораны ў Міждзяржаўны эканамічны камітэт Эканамічнай супольнасці (паміж саюзнымі рэспублікамі і рэспублікамі, якія заявілі аб выхадзе са складу Саюза ССР).
- ↑ Ліквідаваны 26 снежня 1991 года ў сувязі са спыненнем існавання СССР.
- ↑ Орган Саўнаркама РСФСР, які выконваў функцыі ўрада СССР з моманту утварэння СССР да фарміравання першага Савета Народных Камісараў СССР.
- ↑ Аб афіцыйнай газеце Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта Саюза ССР : дэкрэт ЦВК СССР ад 13 ліпеня 1923 года.
- ↑ Выдавалася Кіраваннем справамі Савета Народных Камісараў СССР. Крыніца: Аб парадку апублікавання законаў і распараджэнняў Ўрада Саюза ССР : пастанова ЦВК СССР і Савета Народных Камісараў СССР ад 22 жніўня 1924 года.