Уладзіслаў Рыжы-Рыжскі
Уладзіслаў Рыжы-Рыжскі | ||||
---|---|---|---|---|
Уладзіслаў Рыжы-Рыскі (Ryzy-Ryski) | ||||
| ||||
|
||||
Царква | Сусветны Амерыканскі Патрыярхат | |||
Пераемнік | Адам Білецкі | |||
|
||||
Адукацыя | ||||
Навуковая ступень | доктар тэалогіі[d] | |||
Месца працы | ||||
Імя пры нараджэнні | Уладзіслаў Рыжы | |||
Нараджэнне |
26 красавіка 1925[1] в. Латыгаль, Дзісенскі павет Навагрудскае ваяводства, Польская Рэспубліка |
|||
Смерць |
1 сакавіка 1978 (52 гады) |
Уладзіслаў Рыжы-Рыжскі (26 красавіка 1925 — 1 сакавіка 1978) — беларускі грамадска-культурны і рэлігійны дзеяч. Каталіцкі артадаксальны святар, доктар тэалогіі. Удзельнік беларускага хрысціянскага руху ў эміграцыі, заснавальнік і тэарэтык беларускай артадаксальнай каталіцкай царквы, вучоны, тэолаг, педагог, выдавец, паэт. У беларускім эмігранцкім перыядычным друку выступаў пад псеўданімам У. Сноп.[2][3]
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся 26 красавіка 1925 г. у в. Латыгаль Дзісенскага павета Навагрудскага ваяводства ў Польскай Рэспубліцы (цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці). Паходзіў з сям’і беларусаў-католікаў. З дзяцінства праявіў вялікія здольнасці да навукі. Да пачатка Другой сусветнай вайны і акупацыі Заходняй Беларусі савецкімі войскамі скончыў некалькі класаў польскай гімназіі ў Глыбокім. У 1940 г. паступіў у Глыбоцкі сельскагаспадарчы тэхнікум.
Падчас нямецкай акупацыі скончыў настаўніцкія курсы ў Глыбокім. На Глыбоччыне Уладзіслаў Рыжы пачаў нацыянальна-рэлігійную дзейнасць, прымаў удзел у арганізацыі касцельнага хору ў Глыбокім. Працаваў настаўнікам. Далучыўся да Беларускай народнай самапомачы ў Глыбоцкай акрузе. У 1943 г. быў прызначаны сакратаром аддзела моладзі Беларускай цэнтральнай рады і пераехаў у Менск. Пазней перайшоў у аддзел прапаганды Беларускай краёвай абароны.
Сябра нелегальнай Беларускай незалежніцкай партыі, выконваў адказныя даручэнні кіраўніцтва БНП. Прыкладам таму з’яўляецца эпізод падрыхтоўкі антынямецкага паўстання ў 30-й грэнадзёрскай дывізіі СС. Мэтай гэтага паўстання бачыўся пераход байцоў дывізіі, якая складалася пераважна з беларусаў, на бок англа-амерыканскіх войск. Аднак змова была раскрыта гестапа. Узнікла пагроза арышту, намаганнямі старшыні ЦК БНП У. Родзькі для У. Рыжага былі падрыхтаваны фальшивыя дакументы, а сам ён атрымаў заданне шукаць магчымасці для усталявання кантактаў з саюзнікамі, паказваючы перад імі БНП як антынямецкую арганізацыю.
У 1944 г. быў пераведзены да беларускага батальёна «Дальвіц», які тады фармаваўся на тэрыторыі Усходняй Прусіі. У адрозненні ад шматлікіх іншых жаўнераў батальёна, не быў дэсантаваны на тэрыторыю Беларусі. Пад канец Другой сусветнай вайны апынуўся ў англа-амерыканскай зоне акупацыі Германіі, дзякуючы чаму не быў дэпартаваны ў СССР як польскі грамадзянін. У эміграцыі спачатку жыў у Германіі, у 1946 годзе пераехаў у Бельгію. Стаў адным з ініцыятараў стварэння Саюза беларусаў у Бельгіі, а пазней стаў старшынёй ягонай Генеральнай Рады. Прымаў удзел у арганізацыі беларускага студэнцкага саюза ў Лёвенскім каталіцкім універсітэце. Адзін з заснавальнікаў і рэдактараў эмігранцкага перыядычнага выдання «Беларуская Праўда» (1946—1947), а неўзабаве пачаў выдаваць часопіс «За незалежнасьць».
На пачатку 1950-х гадоў знаходзіўся ў Рыме. Вучыўся ў ватыканскім тэалагічным інстытуце «Russicum». За арганізацыю беларускага гуртка і грамадскую дзейнасць[крыніца?] быў выключаны з ліку студэнтаў. Пэўны час жыў у Iспаніі. Паступіў у Мадрыдскім універсітэце, быў адным з арганізатараў мясцовага беларускага студэнцкага саюза. У Мадрыдзе выдаваў часопіс «Беларускі прапаведнік». Прыкладаў намаганні па арганізацыі беларускіх праграм на радыё.
У 1959 годзе перабраўся ў ЗША. Вучыўся ў Прынстанскім універсітэце, дзе абараніў доктарскую дысертацыю па тэалогіі. Працаваў выкладчыкам у гэтым жа ўніверсітэце. Ініцыятар і адзін з заснавальнікаў Інстытута Льва Сапегі (Іспанія-ЗША). Выкладаў у Жэнеўскім каледжы ў Пенсільваніі.
Будучы прыхільнікам ідэі беларускай царкоўнай аўтакефаліі, адмовіўся ад далучэння да Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы і ў 1960 г. далучыўся да Амерыканскай каталіцкай праваслаўнай царквы. Заснавальнік і тэарэтык беларускага артадаксальнага каталіцкага[крыніца?] руху ў эміграцыі і «місійнай Старакаталіцкай Субожні». Са студзеня 1960 г. абвясціў сам сябе апостальскім візітатарам для беларусаў-католікаў. Праводзіў арганізацыйна-адміністрацыйную дзейнасць па стварэнні і функцыянаванні беларускай артадаксальнай каталіцкай царквы як альтэрнатывы Каталіцкай Царкве з цэнтрам у Рыме і «экспансіі польскага каталіцызму».
Уладзіслаў Рыжы-Рыжскі заснаваў новую рэлігійную арганізацыю «Беларуская каталіцкая субожня» і ўзначаліў яе ў званні апостальскага візітатара. Яна пазіцыянавалася як «незалежная ад Ватыкана каталіцкая царква» для беларускага народа. Для папулярызацыі сваіх поглядаў і інфармавання аб дзейнасці «Субожні» ён у маі 1960 г. выдаў у Прынстане (штат Нью-Джэрсі) першы нумар часопіса «Беларускі каталік», а з 1960 па 1961 гады выпусціў на лацінцы 14 нумароў часопіса «Biełaruskaja Chryścijanskaja Artadaksalna-Katalickaja Subožnia. (Naślednica Litouskae Jadnoty)». Назва другога часопіса сведчыць аб пераіменаванні арганізацыі ў «Беларускую праваслаўна-каталіцкую субожню».
У 1965 годзе быў узведзены ў святарскі сан Амерыканскай каталіцкай праваслаўнай царквы, наступнага дня стаў епіскапам Лаканійскім, Новага Хэмпшыра і Новай Англіі, а з 1967 года стаў архіепіскапам. У ягонай архіярэйскай хіратоніі былі наступныя асобы: Уладзімір I Прафета (патрыярх), Пётр Журавецкі, (мітрапаліт) і Лорэнс Ф. П’ер (епіскап). У 1968 г. арганізаваў для падрыхтоўкі святароў Універсітэт народаў Амерыкі ў ЗША, на яго базе адкрыўся Інстытут Беларусаведы св. Ефрасінні Полацкай «Беларусікум». На 1972 год, калі Уладзіслава Рыжага адлучылі ад Амерыканскай каталіцкай праваслаўнай царквы, ён паспеў высвяціць 17 незалежных патрыярхаў, імкнучыся стварыць міжнародную арганізацыю. У сан патрыярхаў ён узводзіў звычайна «незалежных епіскапаў», якія амаль ці зусім не мелі прыхаджанаў. У тым жа годзе заснаваў сваю юрысдыкцыю, якая неўзабаве атрымала назву Сусветны Амерыканскі Патрыярхат (САП), а Уладзіслаў Рыжы-Рыжскі стаў патрыярхам.
Памёр 1 сакавіка 1978 г. у Нью-Ёрку.
Публіцыстыка, літаратурная творчасць
[правіць | правіць зыходнік]Аўтар рэлігійна-філасофскіх прац «Чалавек у гісторыі», «Матэрыялістычнае талкаваньне гісторыі», «Выклад інстытуцыі хрысьціянскай рэлігіі Яна Кальвіна». Тэалагічна-філасофскую дактрыну і сутнасць беларускага артадаксальнага каталіцызму выклаў у працы «Веравызнаньне беларускай хрысьціянскай Артадаксальна-Каталіцкай Субожні».
Рэдагаваў і выдаваў рэлігійны часопіс «Беларускі каталік». Супрацоўнічаў з беларускім эмігранцкім друкам («Беларускі голас», «Баявая Ўскалось» і інш.). Сябра літаратурнага згуртавання «Баявая Ўскалось». Аўтар паэтычнага зборніка «Маці мая».
Зноскі
- ↑ http://www.anti-raskol.ru/pages/2813
- ↑ Беларускія рэлігійныя дзеячы (XX ст.). Даведнік . Архівавана з першакрыніцы 26.02.2019.
- ↑ Сяргей Ёрш. Вяртаньне БНП. Асобы і дакумэнты Беларускай Незалежніцкай Партыі . Архівавана з першакрыніцы 25 ліпеня 2019.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны / аўтар-укладальнік: Ю. Гарбінскі. — Мн.-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. ISBN 985-6318-65-3
- Рыжы Юры, архіяпіскап. Мой крыж. Успаміны і разважанніі / архіяпіскап Юры Рыжы. – Асінінг, 2003. – 103 с.
- Слесарев, А.В. «Белорусская Автокефальная Православная (Народная) Церковь» / А.В. Слесарев // Минские Епархиальные Ведомости. – 2009. – № 2 (89). – С. 77–83.
- Слесарев, А.В. Тенденции к расколу Белорусской Православной Церкви в 1988–2013 гг. и их преодоление / А.В. Слесарев // Крещение Руси в судьбах Беларуси, России и Украины: выбор цивилизационного пути: материалы Муждунар. науч. конф., Минск, 6-7 июня 2013 г. / редкол.: В.Г. Гусаков [и др.]. — Минск: Издательство Белорусского Экзархата, 2013. – С. 254-260.
- Беларускі голас (Таронта). 1960. № 66; 1978. № 263; 1991. № 359
- Зважай (Таронта). 1978. № 1; Малецкі Я.; Рагуля Б.
- Выпускнікі Камплутэнсэ
- Выпускнікі Прынстанскага ўніверсітэта
- Выкладчыкі Прынстанскага ўніверсітэта
- Нарадзіліся 26 красавіка
- Нарадзіліся ў 1925 годзе
- Памерлі 1 сакавіка
- Памерлі ў 1978 годзе
- Памерлі ў Нью-Ёрку
- Асобы
- Постаці беларускага каталіцтва
- Постаці беларускай эміграцыі
- Члены Беларускай Народнай Грамады (1941)
- Члены Беларускай краёвай абароны
- Члены Беларускай незалежніцкай партыі
- Члены Беларускай цэнтральнай рады
- Члены Беларускай народнай самапомачы
- Члены Саюза беларускай моладзі
- Члены Паветрана-дэсантнага спецыяльнага батальёна «Дальвіц»
- Члены 30-й грэнадзёрскай дывізіі войскаў пры СС
- Нарадзіліся ў Дзісенскім павеце (1921—1940)
- Нарадзіліся ў Глыбоцкім раёне
- Багасловы Беларусі
- Дактары багаслоўя