Перайсці да зместу

Рыа-Бек

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Галоўны будынак групы B у Рыа-Бек

Рыа-Бек (Río Bec) — археалагічны помнік, руіны горада цывілізацыі мая. Руіны выяўлены на поўдні мексіканскага штата Кампечэ. Ад помніка паходзіць таксама назва архітэктурнага стылю Рыа-Бек, які пазней распаўсюдзіўся на суседнія гарады. Гэты стыль цесна звязаны са стылем Чэнес (Chenes), распаўсюджаным на паўночны ўсход ад рэгіёна Рыа-Бек.

Археалагічны помнік

[правіць | правіць зыходнік]

Упершыню руіны Рыа-Бек згадвае аўстрыйскі падарожнік Тэаберта Малер у канцы XIX стагоддзя, аднак сам ён іх не наведваў. Першым іх наведаў і апублікаваў паведамленне пра іх французскі падарожнік Морыс дэ Перыньі. У наш час раскопкамі і рэстаўрацыяй помніка займаецца група французскіх археолагаў на чале з Дамінікам Мішле.

Архітэктурны стыль Рыа-Бек

[правіць | правіць зыходнік]

Храмавыя піраміды ў стылі Рыа-Бек знаходзяцца ў нізінах у цэнтральнай частцы Мексікі. Стыль узнік у VII стагоддзі н. э. і працягваў існаваць у VIII стагоддзі. Храмавыя піраміды ў гэтым стылі звычайна забяспечаны дзвюма нефункцыянальнымі каменнымі вежамі без унутраных памяшканняў[1].

Вежы-двайняты звужаюцца да вяршыні, што стварае ілюзію яшчэ большай вышыні. Ствараецца ўражанне, што па сценах веж паднімаюцца прыступкі, якія вядуць у храм, аднак «прыступкі» — усяго толькі матыў афармлення іх паверхні; больш таго, нават калі б прыступкі былі сапраўднымі, падняцца па іх было б немагчыма з-за крутасці сцен.

Храмы, размешчаныя на платформах на вяршынях рыа-бекскіх веж, таксама не функцыянальныя. Яны ўяўляюць сабою суцэльныя масы без унутраных памяшканняў. Псеўда-дзверы, убудаваныя ў нішы на фасадах храмаў, ствараюць уражанне сапраўдных дзвярэй[2].

Нягледзячы на нефункцыянальныя кампаненты, рыа-бекскія вежы забяспечаны тыповымі для пірамід дэкаратыўнымі матывамі, і храмы на іх вяршынях на першы погляд уяўляюцца функцыянальнымі пірамідамі. Прызначэнне пірамід у стылі Рыа-Бек невядома, аднак яны нагадваюць комплексы веж-двайнят Тыкаля.

Зноскі