Перыфраза
Перыфраза, перыфраз (стар.-грэч.: περίφρασις: περί — навокал і φράσις — гавару) — адзін з тропаў, у якім назва з'яў або прадметаў падаецца праз апісанне іх асобных вызначальных прымет. У перыфразе заключаны элемент своеасаблівай паэтычнай адгадкі, «ключ» да якой знаходзіцца тут жа, у паэтычным кантэксце. Вось некаторыя перыфразы беларускіх паэтаў: «кроў сіняя любай краіны» (Нёман; Л. Геніюш), «чырвоныя сны Дэлакруа» (карціны Дэлакруа; М. Танк), «бязвоблачная званіца» (неба; Ю. Гаўрук), «пасвіць між моху вочы» (шукаць грыбы; П. Панчанка), «ластаўка роднага слова» (Леся Украінка; Я. Янішчыц), «кароль звяроў, цар джунгляў і гаспадар тайгі» (леў, тыгр, мядзведзь; А. Вярцінскі). Многія народныя ідыёмы маюць перыфрастычны характар (класці баразну — араць, заглядаць у бутэльку — піць гарэлку, пусціць з агнём — спаліць, сысці ў магілу — памерці). Перыфразы даволі шырока ўжываюцца ў фальклоры, у прыватнасці ў народных песнях. Перыфраза часам ляжыць у аснове эўфемізма і антанамазіі.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Малажай Г. М. Беларуская перыфраза. — Мн., 1974.
- Вячаслаў Рагойша. Паэтычны слоўнік / Т. А. Гарбачэўская. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн.. — Мінск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2 000 экз. — ISBN 985-08-0598-6.(недаступная спасылка)
- Вячаслаў Рагойша. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-11-0197-4. Архівавана 6 сакавіка 2016.