Перайсці да зместу

Невель (горад)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Горад
Невель
руск.: Невель
Герб Сцяг
Герб Сцяг
Краіна
Суб’ект федэрацыі
Муніцыпальны раён
Каардынаты
Заснаваны
1504
Першая згадка
Горад з
Плошча
  • 23 км²
Вышыня цэнтра
155 м
Насельніцтва
16 395[1] чалавек (2010)
Часавы пояс
Тэлефонны код
+7 81151
Паштовы індэкс
182510
Аўтамабільны код
60
Код АКАТП
Афіцыйны сайт
Невель на карце Расіі ±
Невель (горад) (Расія)
Невель (горад)
Невель (горад) (Пскоўская вобласць)
Невель (горад)

Невель (руск.: Невель) — горад (з 1772 года) у Расіі, адміністрацыйны цэнтр Невельскага раёна Пскоўскай вобласці. Насельніцтва 17,8 тыс. чалавек (2005). Заснаваны ў XVI стагоддзі.

Горад размешчаны на возеры Невель, за 242 км ад Пскова. Чыгуначны вузел.

Тапонім «Невель» утварыўся ад назвы возера Невель (Неўль). Тым часам гідронім, імаверна, паходзіць ад балцкага «nevo» — балоцістае месца.

Папярэднікам Невеля лічыцца горад Емянец Полацкага княства, першы ўспамін пра які датуецца 1185 годам. Паводле беларускага даследчыка Міхася Ткачова, гэты тапонім утварыўся ад назвы ракі Еменка, якая ўпадала ў возера Невель[2].

Уласна Невель упершыню згадваецца ў XV стагоддзі як горад у Таропецкай воласці Вялікага Княства Літоўскага[3]. У XVI стагоддзі паселішча мела значэнне абароннага пункта (замка) на мяжы Літвы і Масквы. У 1562 годзе гетман вялікі Мікалай Радзівіл «Руды» з войскам колькасцю 4 тыс. (па іншых звестках 1,5 тыс.) чал. разбіў пад Невелем 15- (25—) -тысячнае маскоўскае войска, аднак у тым жа годзе пасля аблогі 45-тысячным войскам горад захапіла Маскоўская дзяржава. У 1580 годзе кароль і вялікі князь Стэфан Баторы вызваліў Невель, аднак паводле Ям-Запольскага міру (1582) яго мусілі перадаць маскоўскаму гаспадару.

Невельская бітва, 1562

У 1617 годзе Невель вярнуўся да Вялікага Княства Літоўскага, дзе ўвайшоў у склад Полацкага ваяводства. 3 сакавіка 1623 года кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза надаў гораду магдэбургскае права і герб: «у срэбным полі павержаны вой — Галіяф, над якім стаіць Давід з мячом»[3] (пацвярджаліся каралём і вялікім князем Станіславам Аўгустам Панятоўскім 14 лістапада 1762 года). На працягу 1633—1634 гадоў Невель быў сталіцай павета Смаленскага ваяводства. У 1649 годзе кароль і вялікі князь Ян Казімір перадаў Невельскае староства Янушу Радзівілу, які збудаваў тут касцёл. З пачаткам Трынаццацігадовай вайны (1654—1667) у 1655 годзе Невель захапілі маскоўскія войскі Аляксея Міхайлавіча, але ў адпаведнасці з мірным дагаворам (1678) горад застаўся за Вялікім Княствам Літоўскім.

У 1678 годзе Невель пацярпеў ад вялікага пажару[4]. Станам на 1681 года тут было 367 двароў, на 1700 год — 394, на 1712 год — 270[4]. У 1731 годзе ў месце налічвалася 403 дымы[4].

У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772) Невель апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам павета Полацкага намесніцтва, з 1796 года Беларускай, з 1802 года Віцебскай губерні. Станам на 1780 год у месце існавалі праваслаўны манастыр, грэка-каталіцкая царква і касцёл. На 1799 год у Невельскім павеце дзейнічалі 21 драўляная праваслаўная царква, 1 мураваная і 11 драўляных грэка-каталіцкіх, 1 мураваны і 2 драўляныя касцёлы; у самім месце на гэты ж час 6 драўляных цэркваў, дзве мураваныя, адзін касцёл і мураваны мужчынскі манастыр, 2 мураваныя і 144 драўляныя прыватныя будынкі, 2 крамы, 2 вадзяныя млыны, 2 вучэльні, 15 мураваных і 37 драўляных крам, 15 вуліц. У пачатку XX стагоддзя Невель знаходзіўся на скрыжаванні 2 чыгунак і меў развітую прамысловасць, у гэты час ад колішняга замка засталіся толькі валы[5].

З 1917 года Віцебская губерня ў складзе Заходняй вобласці, з 1918 года ў Заходняй камуне РСФСР. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай І з’езда КП(б) Беларусі яна ўвайшла ў Беларускую ССР, дзе Невель меў стаць цэнтрам павета («падраёна»), аднак 16 студзеня ЦК РКП(б) пастанавіў выключыць Віцебшчыну са складу рэспублікі. I Усебеларускі з’езд Саветаў, які прайшоў 2-3 лютага, прызнаў Віцебскую губерню часткай РСФСР.

З 1924 года ў Пскоўскай губерні. У 1926 годзе кіраўніцтва БССР прасіла вярнуць горад у склад Беларусі, але Масква не задаволіла гэтую просьбу[6].

У 1924—1927 гадах павятовы го­рад Пскоўскай губерні РСФСР. Раённы цэнтр Велікалуцкай акругі (1927—1930, 1935—1938) Ленінградскай вобласці (1927—1929), За­ходняй вобласці (1929—1935), Ка­лінін­скай вобласці (1935—1944).

У Другую сусветную вайну Невель знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй з 16 ліпеня 1941 года да 6 кастрычніка 1943 года. Вызвалены час­ця­мі Ка­лінін­скага фрон­ту Чырвонай Ар­міі ў хо­дзе Не­вель­скай на­сту­пальнай аперацыі.

Раённы цэнтр Велікалуцкай вобласці (1944—1957), з 1957 года — Пскоўскай вобласці.

  • XVIII стагоддзе: 1780 — 835 мяшчан і 123 іўдзеі[3]; 1799 — 2908 чал., з іх мяшчан-хрысціян 1793, іўдзеяў 767; купцоў-хрысціян 107, іўдзеяў 7; шляхты 53, духавенства 17, вайскоўцаў 33[3]
  • XIX стагоддзе: 1896 — 9062 чал., з іх паводле веры: праваслаўных 3467, каталікоў 596, раскольнікаў 185, пратэстантаў 142, іўдзеяў 4587, магаметан 15, іншых 70; паводле Стан (сацыяльная група)|стану: шляхты 140, духоўнага саслоўя 85, ганаровых грамадзян і купцоў 248, мяшчан 6875, ваеннага стану 1093, сялян 525, іншых 96[7]
  • XX стагоддзе: 1959 — 14 634 чал. (6465 муж. і 8169 жан.)[8]; 1970 — 17,8 тыс. чал.[9]; 1993 — 22,2 тыс. чал.[10]
  • XXI стагоддзе: 2002 — 18 545 чал.[11]; 2009 — 16 633 чал.; 1 студзеня 2010 — 16 395 чал.; 14 кастрычніка 2010 (перапіс) — 16 324 чал.

Завод аўтаматычных тэлефонных станцый; швацкае аб’яднанне; малочна-кансервавы камбінат; абутковая і мэблевая фабрыкі; льнозавод.

Невель знаходзіцца на аўтамабільнай магістралі E95 і з’яўляецца чыгуначным вузлом. Дзейнічаюць 2 чыгуначныя вакзалы — Невель-1 і Невель-2. Невель-1 размяшчаецца на чыгуначнай лініі Вялікія Лукі — Полацк, а Невель-2 — на чыгуначнай магістралі Санкт-Пецярбург — Віцебск.

Паштовая станцыя
  • Невельскі краязнаўчы музей (у будынку колішняй паштовай станцыі).
  • Гістарычная забудова (XIX — пач. ХХ стст.; фрагменты)
  • Паштовая станцыя
  • Плябанія пры зруйнаваным касцёле Св. Георгія
  • Царква Найсв. Тройцы
  • Царква Св. ап. Іаана Багаслова

Страчаная спадчына

[правіць | правіць зыходнік]
Замак на старой паштоўцы

Вядомыя асобы

[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Численность населения районов Псковской области на 1 января 2010 г. Псковстат
  2. Уладзімір Міхневіч. Невель, Пскоўская вобласць Архівавана 15 верасня 2009. // «Беларуская рэдакцыя Польскага Радыё», 19 студзеня 2009.
  3. а б в г Невель // Цітоў А. Геральдыка беларускіх местаў (XVI — пачатак XX ст.). — Мн.: Полымя, 1998. — 287 с. — ISBN 985-07-0131-5.
  4. а б в ЭнцВКЛ 2005.
  5. Смоліч А. Географія Беларусі. — Вільня: Друкарня «Віленскага Выдавецтва» Б. А. Клецкіна, 1922. — 307 с.
  6. Беларускія тэрыторыі ў 20-м стагоддзі: вернутае // «Радыё Свабода», 8 сакавіка 2007.
  7. Невель, уездный город Витебской губернии // Невель (горад) // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
  8. Всесоюзная перепись населения СССР 1959 года Архівавана 5 лістапада 2012.
  9. Невель // Большая советская энциклопедия : ([в 30 т.]) / гл. ред. А. М. Прохоров. — 3-е изд.. — М. : Советская энциклопедия, 1969—1978. (руск.)
  10. Невель // Большой энциклопедический словарь (руск.) / Гл. ред. В. П. Шишков. — М.: НИ «Большая Российская энциклопедия», 1998. — 640 с.: ил. — ISBN 5-85270-262-5.
  11. Всероссийская перепись населения 2002 года Архівавана 20 красавіка 2011.
  12. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 13: Праміле — Рэлаксін / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2001. — Т. 13. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0216-4 (т. 13).