Перайсці да зместу

Меру

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Меру
(Wameru, Ameru)
Гандлярка на базары горада Аруша
Агульная колькасць 1 915 000 (2009 г.)
Рэгіёны пражывання  Танзанія — 180 тыс.

 Кенія — 1735 тыс.

Мова кімеру
Рэлігія хрысціянства, культ продкаў, татэмізм
Блізкія этнічныя групы камба, кікую, чага, сукума, эмбу, тэмі

Ме́ру (саманазвы Wameru, Ameru) — афрыканскі народ групы банту ў Кеніі і Танзаніі. Агульная колькасць (2009) — 1 915 тыс. чалавек.[1][2]

Меру падзяляюцца на некалькі плямёнаў, кожнае з якіх размаўляе на асабістым дыялекце адной мовы. 9 з іх насяляюць землі на тэрыторыі Кеніі, 1 — у Танзаніі. Паводле паданняў саміх меру, іх продкі калісьці жылі на поўначы, дзе знаходзіліся ў рабстве ў чырвоных людзей, аднак здолелі выратавацца і ўздоўж вялікай ракі (або праз вялікую раку) прыйшлі на поўдзень. Гэта легенда спарадзіла мноства фантастычных тлумачэнняў. Некаторыя хрысціянскія місіянеры сцвярджалі, што меру — нашчадкі старажытных яўрэяў і збеглі з Егіпту. Высоўваліся меркаванні, што яны могуць паходзіць з Мероэ. Але большасць даследчыкаў упэўнена, што меру маюць агульнае паходжанне з астатнімі банту. Магчыма, яны некаторы час насялялі тэрыторыі на поўнач ад возера Вікторыя або ўздоўж узбярэжжа Індыйскага акіяна каля архіпелага Ламу, але былі вымушаны перасяліцца на поўдзень з-за націску іншых плямён.

Плямёны чука і тхарака (тэрыторыя сучаснай Кеніі) далучыліся да меру пазней, паколькі маюць адрозную міфалогію аб сваім паходжанні. Племя рво асела на паўднёвых лясістых схілах гары Меру (тэрыторыя сучаснай Танзаніі) і ў 1830-ыя гг. апынулася ізаляваным ад астатніх меру, калі прылеглыя землі былі заняты масаямі-ларуса. Больш істотнае значэнне для іх атрымалі кантакты і палітычны саюз з суседнім народам чага.

У 1890 г. адбыўся падзел Усходняй Афрыкі паміж Германіяй і Вялікабрытаніяй. Большасць зямель меру ўвайшлі ў склад брытанскай калоніі. Землі рво — у склад нямецкай. У другой палове XX ст. калоніі набылі незалежнасць і былі пераўтвораны ў незалежныя дзяржавы Кенія і Танзанія.

Асаблівасці культуры

[правіць | правіць зыходнік]

Асноўны гаспадарчы занятак — земляробства. Вырошчваюць кукурузу, проса, бульбу, фасолю, бананы, на продаж — каву, чай, бавоўну. Жывёлагадоўля мае дапаможнае значэнне. Толькі сярод танзанійскіх меру распаўсюджана сучаснае пчалярства, запазычанае ў нямецкіх каланістаў. Характэрна, што нават жыхары гарадоў працягваюць падтрымліваць гаспадарчыя сувязі са сваякамі ў сельскай мясцовасці, удзельнічаюць у апрацоўцы палеткаў і размеркаванні ўраджаю.

У мінулым, дамінавалі родавыя адносіны. У наш час асноўнай грамадскай адзінкай з’яўляюцца пашыраныя сем’і. Адлік сваяцтва вядзецца па мужчынскай лініі, але пры размеркаванні спадчыны дочкі таксама маюць права на частку маёмасці. Адносіны паміж дарослымі мужчынамі і сваячніцамі жаночага полу звычайна вельмі абмежаваныя. Часцяком жонка і дзеці займаюць асобныя хаціны або ізаляваныя памяшканні. Пасля абраду абразання хлопчыкі гадуюцца бацькам і таксама не павінны мець шчыльныя дачыненні да маці і сясцёр. У гарадах распаўсюджаны школы інтэрнатнага тыпу для хлопчыкаў і дзяўчынак.

Плямёны кіруюцца зборамі старэйшын, прадстаўнікоў буйных родаў.

У XIX ст. меру прынялі хрысціянства. Традыцыйныя вераванні захаваліся пераважна сярод меру Кеніі. Яны працягваюць шанаваць свайго продка Мугве, які выратаваў іх з рабства.

Зноскі