Перайсці да зместу

Літва (зямля)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Літва, Літоўская зямля (у тапанімічным сэнсе) — назва зямлі (тэрыторыі) ва Усходняй Еўропе ў XIXVIII стст.

Першапачатковая лакалізацыя

[правіць | правіць зыходнік]
Межы Літвы да сярэдзіны XIII ст. паводле Міколы Ермаловіча

Паводле меркаванняў некаторых даследчыкаў, першапачаткова (да сярэдзіны XIII ст.) пад назвай «Літва» («Літоўская зямля») разумелася тэрыторыя балцкага этнапалітычнага аб’яднання «літва», якое размяшчалася ў верхнім цячэнні ракі Віліі, на паўночным захадзе Рэспублікі Беларусь і паўднёвым усходзе Літоўскай Рэспублікі: раёны вакол сучасных населеных пунктаў Вільнюс, Тракай, Варэна, Ліда, Ашмяны, Гальшаны, Крэва, Смаргонь, Валожын, Астравец[1][2][3][4]. На думку іншых даследчыкаў, першапачатковая Літва (Літоўская зямля) была шырэйшай і ахоплівала таксама тэрыторыі гістарычных Нальшчан і Дзяволтвы, якія, мяркуецца, былі не самастойнымі аб’яднаннямі, а толькі складовымі часткамі балцкага правадырства «літва». На поўдні і ўсходзе межавала з усходнеславянскімі землямі — Полацкай дзяржавай і Гарадзенскім княствам. З апошнім было звязана ўзвышэнне гэтай тэрыторыі і яе князёў у ХІІІ ст.

Паводле меркавання Міколы Ермаловіча, Літва яшчэ да сярэдзіны XIII ст. знаходзілася паміж Слонімам і Мінскам (цалкам на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь), а толькі пасля назва «Літва» («Літоўская зямля») разам з уладай вялікіх князёў літоўскіх распаўсюдзілася на іншыя тэрыторыі ўсходніх балтаў у выключна палітычным сэнсе. Аднак канцэпцыя лакалізацыі летапіснай Літвы Міколы Ермаловіча была ўспрынята шэрагам гісторыкаў вельмі крытычна.

«Літва» як гістарычная вобласць Вялікага Княства Літоўскага

[правіць | правіць зыходнік]

З пачаткам тэрытарыяльнага росту Вялікага Княства Літоўскага (з сярэдзіны XIII ст.) і далейшым пашырэннем уладанняў першых вялікіх князёў літоўскіх (Міндоўга, Войшалка і іх пераемнікаў) назва «Літва» ахоплівае землі на ўсходзе сучаснай Літвы, Нальшаны, Дзяволтву, Упіту (тэрыторыі, пазней вядомыя як Аўкштота), а таксама распаўсюджваецца на ўсе землі Верхняга Панямоння (тэрыторыі вакол Навагрудка, Слоніма, Ваўкавыска і Гродна), але не ўключае землі Жамойці[5]. У пісьмовых крыніцах Жамойць згадваецца як асобная гістарычная вобласць. Прычыны і наступствы распаўсюджання назвы «Літва» на ўсе гэтыя землі выклікаюць навуковыя дыскусіі: напрыклад, пераасэнсаванне першапачатковага значэння тэрміна, ці мелі дадзеныя працэсы этнічныя наступствы[6].

У XIV — першай палове XVI ст. назва «Літва» з’яўляецца не толькі кароткім абазначэннем Вялікага Княства Літоўскага, але і назвай цэнтральнага рэгіёна дзяржавы (гістарычная вобласць). Так, сучаснікі называлі Літвой тэрыторыю на ўсход ад ракі Нявежыс (вакол гарадоў Алітус, Укмярге, Анікшчэй, Рокішкіс) і на захад ад лініі Браслаў — Лагойск — Мінск — Нясвіж — Ганцавічы — Івацэвічы — Пружаны ўключна[7]. Такі сэнс назвы «Літва» аддзяляў яе ад паняцця «Русь» (зямель «рускіх» княстваў, уключаных у склад ВКЛ у XIV ст., а не ў XIII ст.) і ад гістарычнай вобласці Жамойць[8]. Напрыклад, у 1440 г. сын Ягайлы вялікі князь літоўскі Казімір (1440—1492) тытулаваўся як «великий князь Казимир, королевич всее Литовское земли и Жомойтское и многих Руских земель»[9], а ў Жалаванай грамаце аб пашырэнні праў і прывілеяў феадалам ВКЛ ад 2 мая 1447 г.[10] пазначыў сябе як «мы, Казимир, с божьей милости выбраный король польскый и великий князь литовский, и рускый, и жемоитскый и иных земель»[11]. У ВКЛ вылучалі і такія рэгіёны як Палессе і Падляшша[12].

Пазней дадзенае значэнне хароніма яшчэ больш пашыраецца: у XVII—XVIII стст. назва «Літва» ужо трывала выкарыстоўваецца пры азначэнні ўсёй заходняй і цэнтральнай частак ВКЛ (акрамя Жамойці) і яго насельніцтва (раёны вакол гарадоў Трокі, Вільня, Горадня, Наваградак, Менск, Слуцк, Берасце, Пінск, Мазыр, Бабруйск, Барысаў, Браслаў і інш.), адсоўваючы на ўсход арэал назвы «Русь» (у дачыненні толькі да падзвінскіх і падняпроўскіх паветаў і ваяводстваў), што захавалася да падзелаў Рэчы Паспалітай і ў пазнейшы час[8][13].

Зноскі

  1. Насевіч, В. Л. Пачаткі Вялікага княства Літоўскага… С. 17—18; Насевіч, В. Л. Літва.
  2. Вячаслаў Насевіч: «Першапачатковая Літва знаходзілася на памежжы сучасных Літвы і Беларусі»
  3. Финно-угры и балты в эпоху средневековья… С. 381, 390.
  4. Краўцэвіч, А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага. — С. 104—105, 203.
  5. Краўцэвіч, А. Праблема лакалізацыі сярэднявечнай Літвы… С. 7, 9, 22; Краўцэвіч, А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага… С. 107; Белы, А. Хроніка «Белай Русі»… С. 158.
  6. Краўцэвіч, А. Праблема лакалізацыі сярэднявечнай Літвы; Дзярновіч, А. Пошукі Айчыны: «Літва» і «Русь» у сучаснай беларускай гістарыяграфіі Архівавана 15 красавіка 2022..
  7. Спиридонов, М. Ф. «Литва» и «Русь» в Беларуси в 16 в. Архівавана 12 лістапада 2013.; Краўцэвіч, А. К. Стварэнне Вялікага Княства Літоўскага… С. 106—109; Беларусы : у 10 т. / Рэдкал.: В. К. Бандарчык [і інш.]. — Мінск : Беларус. навука, 1994—2007. — Т. 4 : Вытокі і этнічнае развіццё. — С. 69—71.
  8. а б Насевіч, В. Л. Літва
  9. Насевіч, В. Л. Літва; Узята Вячаславам Насевічам з Дагаворнай граматы вялікага князя літоўскага Казіміра з Вялікім Ноўгарадам аб устанашленні міру і ўмоў вядзення гандлю з Полацкам і Віцебскам. Гл.: Акты, относящиеся к истории Западной России… Т. 1, 1846. — С. 52—53.
  10. Грамата датавана 2 мая 1457 г., але выказваюцца меркаванні, што там памылка і ў сапраўднасці грамата выдана 2 мая 1447 г.
  11. Акты, относящиеся к истории Западной России… Т. 1, 1846. — С. 73—77.
  12. Спиридонов, М. Ф. «Литва» и «Русь» в Беларуси в 16 в. Архівавана 12 лістапада 2013.; Беларусы : у 10 т. / Рэдкал.: В. К. Бандарчык [і інш.]. — Мінск : Беларус. навука, 1994—2007. — Т. 4 : Вытокі і этнічнае развіццё… С. 73, 97.
  13. Белы, А. Белая Русь… С. 307; Спірыдонаў, М. Ф. Уступ / М. Ф. Спірыдонаў // Гістарычны атлас Беларусі. — Т. 1. — С. 21, 28; Беларусы : у 10 т. / Рэдкал.: В. К. Бандарчык [і інш.]. — Мінск : Беларус. навука, 1994—2007. — Т. 4 : Вытокі і этнічнае развіццё… С. 46, 94—95.