Клімавіцкі раён
Клімавіцкі раён | |||||
---|---|---|---|---|---|
|
|||||
Краіна | Беларусь | ||||
Уваходзіць у | Магілёўская вобласць | ||||
Адміністрацыйны цэнтр | Клімавічы | ||||
Дата ўтварэння | 17 ліпеня 1924 | ||||
Кіраўнік | Дзямідаў Міхаіл Уладзіміравіч | ||||
Афіцыйныя мовы |
Родная мова: беларуская 64,19 %, руская 34,81 % Размаўляюць дома: беларуская 29,25 %, руская 69,59 %[1] |
||||
Насельніцтва (2009) |
28 523 чал.[1] (7-е месца) | ||||
Шчыльнасць | 18,49 чал./км² (7-е месца) | ||||
Нацыянальны склад |
беларусы — 94,25 %, рускія — 4,34 %, іншыя — 1,41 %[1] |
||||
Плошча |
1 542,78[2] (6-е месца) |
||||
Вышыня над узроўнем мора |
174 м[3] | ||||
Афіцыйны сайт | |||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Клі́мавіцкі раён — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў складзе Магілёўскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр — горад Клімавічы. Клімавіцкі раён размешчаны на паўднёвым усходзе Магілёўскай вобласці, на адлегласці 140 км ад абласнога цэнтра. Мяжуе з Крычаўскім, Чэрыкаўскім, Краснапольскім, Касцюковіцкім, Хоцімскім раёнамі Магілёўскай вобласці і Ершыцкім, Шумяцкім раёнамі Смаленскай вобласці Расійскай Федэрацыі.
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Плошча 1600 км². Тэрыторыю раёна займае Аршанска-Магілёўская раўніна. Рэльеф хвалісты. Сярэдняя вышыня над узроўнем мора 195—210 метраў. Найвышэйшы пункт раёна (211,7 м) знаходзіцца за 0,5 км на поўдзень ад вёскі Галічы[4].
Карысныя выкапні: 7 радовішчаў мелу, радовішча торфу, 2 радовішчы цагляных глін і суглінкаў і 3 радовішчы будаўнічых пяскоў. Пераважаюць зямлі: суглінкі — 20 %; супясчаныя — 63 % і пясчаныя — 17 %.
Клімат — умерана-кантынентальны, сярэдняя тэмпература студзеня — −2,2° С, ліпеня — 18,5° С. Сярэдняя норма ападкаў 565,6 мм у год, пры норме 635 мм у год.
Асноўныя рэкі — Сож з прытокамі Іпуць (са Стругам), Лабжанка і Асцёр (з Сасноўкай); а таксама Жадунька (з Крупняй), Мужычок і Сураў — правыя прытокі ракі Беседзь. На Іпуці збудаванае Малаславіцкае вадасховішча. У раёне маюцца лясныя ўрочышчы Багонск і Бліунг.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У 1772—1796 і ў 1802—1923 гадах існаваў як Клімавіцкі павет у Магілёўскай і Гомельскай губернях. Як раён створаны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Калінінскай акругі (1923—1924), якая ўключала у сябе 10 адміністрацыйных раёнаў. У снежні 1923 года аб’яднаны з Чэрыкаўскім паветам у Калінінскім павеце[5].
У 1786 годзе расійскі генерал-маёр А. К. Мэер падрыхтаваў «Апісанне Крычаўскага графства, або былога староства», дзе апісаў прыроду, побыт і культуру жыхароў сучасных Крычаўскага, Клімавіцкага, Хоцімскага, Касцюковіцкага і Краснапольскага раёнаў Беларусі. Рукапіс захоўваецца ў Казанскім універсітэце. Апублікаваная з скарачэннямі Е. Р. Раманавым у «Магілёўскай даўніне», 1901, вып. 2.
Раён утвораны 17 ліпеня 1924 года ў складзе Калінінскай акругі БССР. Цэнтр — горад Клімавічы. 20 жніўня 1924 года раён падзелены на 15 сельсаветаў: Асмолавіцкі, Аўтухоўскі, Гразівецкі, Гусаркаўскі (Гусарскі), Дамамерыцкі, Івандарскі, Клімавіцкі, Красавіцкі, Лазовіцкі, Малашкавіцкі, Родненскі (Раднянскі), Студзянецкі, Студзілаўскі (Судзілаўскі), Хатовіжскі, Ціманаўскі. 21 жніўня 1925 года Івандарскі сельсавет перайменаваны ў Дубровіцкі. 24 верасня 1926 года Клімавіцкі сельсавет скасаваны. З 9 чэрвеня 1927 года раён у складзе Магілёўскай акругі. 4 жніўня 1927 года да раёна далучаны 8 сельсаветаў скасаванага Мілаславіцкага раёна: Галіцкамызскі нацыянальны латышскі, Галіцкі, Звянчаткаўскі (Звянчацкі), Кісялёвабудскі (Кісялёвабудзянскі), Макеевіцкі, Мілаславіцкі, Пуцімельскі і Склімінскі. Пасля скасавання акруговага падзелу 27 ліпеня 1930 года раён у прамым падпарадкаванні БССР. 8 ліпеня 1931 года да раёна далучаны Арлоўскі і Забялышынскі сельсаветы скасаванага Хоцімскага раёна, якія 12 лютага 1935 года былі вернуты ў склад адноўленага Хоцімскага раёна. 5 ліпеня 1938 года скасаваны Галіцкамызскі нацыянальны латышскі сельсавет. З 20 лютага 1938 года раён у складзе Магілёўскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Аўтухоўскі, Малашкавіцкі, Пуцімельскі, Склімінскі сельсаветы, Гразівецкі сельсавет перайменаваны ў Лапатавіцкі. 11 красавіка 1960 года скасаваны Асмолавіцкі, Дубровіцкі, Звянчаткаўскі, Красавіцкі, Лапатавіцкі, Макеевіцкі, Студзянецкі, Судзілаўскі (Студзілаўскі), Хатовіжскі сельсаветы, утвораны Лабжанскі і Яноўскі сельсаветы. 17 красавіка 1962 года да раёна далучаны Забялышынскі і Трасцінскі сельсаветы скасаванага Хоцімскага раёна, 25 снежня 1962 года — Краснабудскі сельсавет скасаванага Крычаўскага раёна. 5 красавіка 1963 года скасаваны Трасцінскі сельсавет. 6 студзеня 1965 года адноўленаму Крычаўскаму раёну перададзены Краснабудскі сельсавет. 27 студзеня 1965 года Клімавічы атрымалі статус горада раённага падпарадкавання. 4 чэрвеня 1965 года ўтвораны Савініцкі сельсавет, Яноўскі сельсавет перайменаваны ў Высакоўскі. 25 чэрвеня 1992 года скасаваны Савініцкі сельсавет. 20 кастрычніка 1995 года Клімавіцкі раён і горад Клімавічы аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 2 чэрвеня 2023 года скасаваны Галіцкі сельсавет[6].
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Насельніцтва раёна складае 27,8 тыс. чалавек, у тым ліку ў гарадскіх умовах пражываюць каля 14,5 тыс. Усяго акрамя Клімавічаў налічваецца 161 сельскі населены пункт, 10 сельсаветаў.
Транспарт
[правіць | правіць зыходнік]Праз раён праходзяць чыгункі Орша — Унеча і Магілёў — Рослаўль; аўтамабільныя дарогі на Касцюковічы, Крычаў і Хоцімск. Тут жа праходзіць нафтаправод Унеча — Полацк (галіна нафтаправода «Дружба»).
Культура
[правіць | правіць зыходнік]Пачынаючы з 1996 года ў горадзе штогод праходзіць фестываль дзіцячай творчасці «Залатая пчолка». З 2001 года ён носіць статус міжнароднага.
Славутасці
[правіць | правіць зыходнік]Археалагічныя помнікі — курганныя могільнікі ў в. Іванаўск, Стары Дзедзін, Хатовіж[7].
Помнікі гісторыі — брацкія магілы ў пас. Вялікі Мох, в. Дамамерычы, Ерашоўка, Круглае, Мілаславічы, Склімін[7].
Помнікі архітэктуры — Свята-Міхайлаўская царква і сядзібны дом у Клімавічах, Свята-Успенская царква ў в. Дубравіца, Свята-Ільінская царква з в. Куляшоўка, Свята-Пакроўская царква ў в. Лазовіца, Свята-Ушэсцеўская царква ў аг. Мілаславічы[8].
Вядомыя ўраджэнцы
[правіць | правіць зыходнік]- Павел Самуілавіч Аўраменка, беларускі вучоны ў галіне жывёлагадоўлі
- Леанід Георгіевіч Бутэлін, лётчык-знішчальнік
- Яфрэм Пятровіч Васілевіч, адзін з кіраўнікоў партызанскага руху на тэрыторыі Віцебскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны
- Клім Лазаравіч Грыневіч, беларускі паэт
- Валерый Мікалаевіч Іваноў, беларускі дзяржаўны дзеяч
- Таццяна Пятроўна Казакова (нар. 1958) — беларускі філолаг, гісторык літаратуры.
- Апанас Васілевіч Кляцко, поўны кавалер ордэна Славы
- Леанід Паўлавіч Ліпінскі, беларускі гісторык
- Мікола Салаўцоў, беларускі паэт
- Міхаіл Антонавіч Старавойтаў (1923—1944), Герой Савецкага Саюза. Нарадзіўся ў вёсцы Якімавічы[9].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ а б в Вынікі перапісу 2009 года
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» Архівавана 25 жніўня 2011. (па стане на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Гарады і вёскі Беларусі: Энцыклапедыя. Т. 6, кн. 2. Магілёўская вобласць / рэдкал.: Т. У. Бялова (дырэктар) і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2009. — 592 с.: іл. — 2 000 экз. — ISBN 978-985-11-0440-2. — С. 87—88.
- ↑ Калініская акруга // ЭГБ. — Мн.: 1997. — Т. 4.
- ↑ Решение Могилевского областного Совета депутатов от 2 июня 2023 г. № 47-12 Об изменении административно-территориального устройства Климовичского района Могилевской области
- ↑ а б Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1997. — 432 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. — С. 199
- ↑ БелЭн 1999.
- ↑ Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 15. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0251-2 (Т. 15).
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто — Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — Т. 8. — С. 338. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0144-3 (т. 8).
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты — Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1997. — 432 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2. — С. 198—199.
- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Сайт раённай адміністрацыі Архівавана 28 студзеня 2013.
- Інфармацыя на партале Магілёўскай вобласці(недаступная спасылка)
- Карты і агульныя звесткі на emaps-online Архівавана 27 ліпеня 2011.
- Славутасці на партале globustut.by