Каталіцтва ў Фінляндыі
Каталіцкая царква Фінляндыі — частка сусветнай Каталіцкай царквы.
Каталіцкае насельніцтва Фінляндыі — адно з самых маленькіх у Еўропе, усяго каля 9 000 чалавек паводле даных 2006 года [1], гэта значыць каля 0,2 % насельніцтвы краіны. Большасць фінскіх каталікоў — эмігранты і іх нашчадкі, большая частка мае польскія карані. Палова святароў краіны — палякі. У сувязі з нешматлікасцю каталіцкіх прыходаў, яны аб'яднаны ў адну дыяцэзію Хельсінкі, якая не ўваходзіць у склад якой-небудзь мітраполіі і падпарадкоўваецца непасрэдна Святому Прастолу.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Першыя сляды наяўнасці на тэрыторыі сучаснай Фінляндыі хрысціянства ў яго заходняй форме адносяцца да XI—XII стагоддзяў. Першай каталіцкай дыяцэзіяй на тэрыторыі сучаснай Фінляндыі была дыяцэзія Аба, заснаваная ў XI стагоддзі. У XVI стагоддзі Фінляндыя была часткай Швецыі і разам з ёй прыняла Рэфармацыю, пасля чаго каталіцтва было цалкам забаронена, а афіцыйнай царквой стала лютэранская.
У 1799 годзе ў Выбаргу — сталіцы Старой Фінляндыі, якая знаходзілася ў складзе Расійскай імперыі, быў заснаваны каталіцкі прыход Святога Гіяцынта. Пасля ўсталявання расійскай улады на астатняй тэрыторыі Фінляндыі і ўтварэння Вялікага Княства Фінляндскага ў распараджэнні святароў выбаргскага прыходу апынуліся ўсе каталікі княства. У 1830 годзе колькасць каталікоў Фінляндыі складала каля 3 тысяч чалавек. Да 1860 года ў Выбаргу служылі святары дамініканскага ордэна з Літвы.
У 1856 годзе ўтвораны прыход у Хельсінкі, у 1860 годзе ў Хельсінкі пабудавана каталіцкая царква Святога Генрыха.
У 1920 годзе пасля здабыцця краінай незалежнасці Святы Прастол заснаваў Апостальскі вікарыят Фінляндыі. У 1926 годзе створаны прыход у Турку, годам пазней — прыход у Тэрыёкі. У 1942 годзе Фінляндыя ўсталявала дыпламатычныя адносіны са Святым Прастолам. Пасля пераходу Выбарга і Тэрыёкі да СССР, гэтыя прыходы былі ліквідаваны, заснаваны прыходы ў Лахты і Ювяскюля.
25 лютага 1955 года апостальскі вікарыят быў ператвораны ў дыяцэзію прамога падначалення, пасля гэтага ўтворана яшчэ некалькі каталіцкіх прыходаў у розных гарадах Фінляндыі.
Сучасны стан
[правіць | правіць зыходнік]Каталіцкая царква ў Фінляндыі арганізацыйна аб'яднана ў дыяцэзію Хельсінкі. Паводле даных на 2006 год у краіне налічвалася 9 067 каталікоў, 19 святароў, 24 манахі, з іх 11 іераманахаў), 37 манашак і 7 прыходаў[1]. Дыяцэзію з 2009 года ўзначальвае Тээму Сіпа, які стаў першым каталіцкім біскупам — этнічным фінам за апошнія 500 гадоў. Кафедральны сабор дыяцэзіі — сабор Святога Генрыха ў Хельсінкі, асвячоны ў гонар Генрыха Упсальскага, які лічыцца святым заступнікам краіны.
Каталіцкія прыходы існуюць у Хельсінкі (2 прыходы), Турку, Ювяскюля, Тамперэ, Коўвале, і Оўлу[2]. У сувязі з тым, што біскуп у краіне толькі адзін, у Фінляндыі адсутнічае канферэнцыя каталіцкіх біскупаў, ардынарый хельсінкскай дыяцэзіі ўваходзіць у склад канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Скандынавіі, куды акрамя яго ўваходзяць біскупы Даніі, Ісландыі, Нарвегіі і Швецыі.
Жаночы ордэн брыгітак мае два кляштара ў Фінляндыі — у Турку і каля Лох'і. У 1988 годзе ў Эспа адкрыты Багародзіцкі кляштар кармелітак.
Зноскі
- ↑ а б Статыстыка сайта catholic-hierarchy.org
- ↑ Сайт Каталіцкай царквы ў Фінляндыі(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 7 жніўня 2011. Праверана 26 студзеня 2014.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- Афіцыйны сайт Каталіцкай царквы ў Фінляндыі Архівавана 7 жніўня 2011.
- Статыстыка Каталіцкай царквы ў Фінляндыі на сайце gcatholic.com
- Статыстыка Каталіцкай царквы ў Фінляндыі на сайце catholic-hierarchy.org
- Сайт прыходу Святога Генрыха ў Хельсінкі
- Сайт манастыра брыгітак у Турку Архівавана 28 мая 2017.