Касцёл Хрыста Валадара (Азёры)
Славутасць | |
Касцёл Хрыста Валадара | |
---|---|
53°43′19″ пн. ш. 24°10′49″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Месцазнаходжанне | |
Канфесія | Каталіцкая Царква |
Епархія | Гродзенская дыяцэзія |
Дэканат | Дэканат Гродна-Усход |
Дата заснавання | 1679 |
Будаўніцтва | 1991—1997 гады |
Касцёл Хрыста Валадара — рымска-каталіцкі храм у в. Азёры (Гродзенскі раён).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Вядома, што ўжо ў 1669 годзе ў в. Азёры дзейнічала рымска-каталіцкая святыня — гэта быў філіяльны касцёл ад гродзенскай парафіі. Самастойная парафія тут была заснавана ў 1676. Касцёл пад тытулам Маці Божай Ружанцовай быў пабудаваны праз тры гады (у 1679) на сродкі парафіян. Тады святыня стаяла амаль пасярод рынкавай плошчы.
У 1745 касцёл узгадваецца як новы драўляны трохвежавы, у галоўным алтары якога знаходзіцца абраз Найсвяцейшай Панны Марыі. У 1779 святыня была адноўлена на сродкі апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Але ў канцы ХIХ ст. стан святыні пазначаўся як «убогі», а з 1897 па 1904 гады вернікі звярталіся да ўлад за дазволам пабудаваць мураваны касцёл, але безвынікова.
Драўляны касцёл у традыцыях народнага драўлянага дойлідства ўяўляў сабой працяглы аб’ём з пяціграннай апсідай і адной сакрыстыяй (справа). Галоўны фасад завяршала чацверыковая двух’ярусная вежа-званіца пад чатырохсхільным дахам. Касцёл быў накрыты двухсхільным гонтавым дахам з вальмамі над апсідай. Залавы інтэр’ер, перакрыты люстраным дашчаным скляпеннем, упрыгожвалі тры двух’ярусныя алтары, вырашаныя карынфскай каланадай у выглядзе фігур святых. Высокамастацкай каштоўнасцю вылучаліся разны амбон і шытыя са слуцкіх паясоў арнаты.
У ХIХ ст. да Азёрскай парафіі належалі капліцы ў Котры (цяпер Скідзельская парафія), Новай Рудзе (з 1914 самастойная парафія), Скідзелі (з 1991 самастойная парафія) і на мясцовых могілках. У канцы ХIХ ст. колькасць вернікаў Азёрскай парафіі налічвала амаль 5300 чалавек. Касцёл быў рэканструяваны паводле праекта 1925 года. У 1927—28 галоўны фасад святыні ўпрыгожылі дзве трох’ярусныя чацверыковыя вежы-званіцы. Перад Другой сусветнай вайной Азёрская парафія лічылася адносна невялікай — каля 1000 вернікаў. Капліца на могілках ужо не згадвалася.
Пры адыходзе ў 1944 годзе гітлераўцы спалілі касцёл. Парафіяне адразу ж перабудавалі пад часовую капліцу звычайную мураваную хату, але праз два гады парафія засталася без сталага пробашча. У 1962 савецкія ўлады зачынілі капліцу, а з часам знеслі яе і пабудавалі на яе месцы Дом культуры.
Адраджэнне парафіі пачалося толькі ў 1991 годзе. Спачатку маліліся проста на вуліцы, потым паставілі часовую драўляную капліцу і ў 1992 годзе пачалі будаваць на старым месцы новы і ўжо мураваны касцёл паводле праекта (1996) гродзенскага МП «Арніка» (архітэктар — Сілкоў П. Н.). Вуглавы камень, які 5 чэрвеня 1991 года быў асвечаны папам Янам Паўлам II у Беластоку, 23 ліпеня 1994 года гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч урачыста ўмураваў у сцяну будучага касцёла. 23 лістапада 1997 года касцёл пад тытулам Хрыста Валадара быў кансэкраваны біскупам Аляксандрам Кашкевічам.
У 2010 парафіяне пафарбавалі святыню, змянілі ўваходныя дзверы і франтонныя вокны. Ідзе падрыхтоўка да атынкавання касцёла звонку.
Архітэктура
[правіць | правіць зыходнік]Касцёл уяўляе сабой дзвюхвежавую святыню з сілікатнай цэглы, да алтарнай сцяны якой далучаны двухпавярховы аб’ём плябаніі. Галоўны фасад фланкуюць трох’ярусныя чацверыковыя шатровыя вежы-званіцы. Аб’ёмы накрыты бляшанымі двухсхільнымі дахамі.
Залавы інтэр’ер перакрыты сегментарнай падшыўной дашчанай столлю, паніжаная прамавугольная апсіда — плоскай. Унутры тры драўляныя алтары: галоўны з абразом Хрыста Валадара, левы з абразом св. Юзафа, правы — св. Кларэта. У левай капліцы трансепта змешчаны абраз Маці Божай Ружанцовай, правая капліца пакуль пустая і выкарыстоўваецца пад сховішча харугваў. Над нартэксам знаходзіцца балкон арганных хораў (пакуль пусты).
Касцёльная тэрыторыя абнесена металічнай агароджай на цагляных слупках.
Пробашчы
[правіць | правіць зыходнік]- Пётр Марцінец[1].
Зноскі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001.— 216 с.: іл. ISBN 985-11-0199-0.