Перайсці да зместу

Кастусь Глінскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Кастусь Глінскі
Род дзейнасці грамадскі дзеяч
Дата нараджэння 8 лютага 1906(1906-02-08)
Месца нараджэння
Дата смерці 14 чэрвеня 1987(1987-06-14) (81 год)
Месца смерці
Месца пахавання
Бацька Васіль
Месца працы
Альма-матар
Член у

Кастусь Глінскі (8 лютага 1906 — 14 чэрвеня 1987) — беларускі грамадскі дзеяч у Вялікабрытаніі.[1]

Нарадзіўся 8 лютага 1906 г. у сялянскай сям’і ў в. Прытычына Дзісенскага павета Віленскай губерні ў Расійскай імперыі (цяпер Мёрскі раён Віцебскай вобласці).

Вучыўся ў Дзісенскай гімназіі, а потым на юрыдычным факультэце Віленскага ўніверсітэта. Належаў да Беларускага студэнцкага саюза, некаторы час быў яго старшынём, выдаваў часопіс «Студэнцкая думка». Пазней — старшыня Згуртавання беларускіх студэнтаў «Скарынія», у 1931—1934 гг. выдаваў часопіс «Новая варта». Па сканчэнні ўніверсітэта працаваў суддзём у Ашмянах.

Увосень 1939 г. арыштаваны савецкай уладай і прысуджаны да 8 гадоў лагераў. Па іншых звестках — арыштаваны 19 мая 1940 г. і асуджаны 29 лістапада 1940 г. як «сацыяльна-небяспечны элемент», а да арышту працаваў настаўнікам. У зняволенні знаходзіўся ў Анеглагу ў Архангельскай вобласці.

Ад кастрычніка 1941 г. служыў у Арміі Андэрса, працаваў пры вайсковым трыбунале. У 1946 г. разам з Другім Польскім Корпусам прыбыў у Вялікабрытанію. Ад 20 жніўня 1947 г. быў сябрам Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі, аднак у выніку расколу пакінуў арганізацыю. Быў сябрам Беларускага вызвольнага руху, а потым — кіраўніком Лонданскага аддзела Беларускага вызвольнага фронту і ад 1969 г. ганаровым сябрам Галоўнага Штабу гэтай арганізацыі. У 1974 г. стаў старшынём Дэлегатуры БЦР у Вялікабрытаніі. Адначасова выконваў абавязкі старшыні філіі Антыбальшавіцкага блоку народаў у Вялікабрытаніі. Удзельнік разнастайных міжнародных форумаў. У 1979—1981 гг. выдаваў часопіс «Званіца». Аўтар англамоўнай брашуры, прысвечанай Беларусі і яе гісторыі («Byelorussia». 1982).

Памёр 14 чэрвеня 1987 г. у Лондане. Пахаваны пры касцёле Андрэя Баболі.

Зноскі