Зара
Зара́ — змена афарбоўкі неба, якая суправаджае ўсход і заход Сонца. З’явы абумоўлены рассеяннем і дыфракцыяй сонечнага святла ў атмасферы, залежаць ад ступені яе празрыстасці.
У вячэрнюю зару пры адсутнасці воблакаў неба перад заходам Сонца над заходнім гарызонтам звычайна становіцца жаўтаватае або аранжавае, а на ўсходзе — з ружовым адценнем. Пасля заходу ў заходняй частцы неба ўтвараецца заравы сегмент, чырвоны каля гарызонта, аранжавы і жоўты вышэй. Калі Сонца апускаецца на 2—3° за гарызонт, вышэй заравога сегмента часта з’яўляецца пляма пурпуровага колеру, а на ўсходнім баку неба ўверх узнімаецца сінявата-шэры сегмент — цень Зямлі на фоне атмасферы. Па меры апускання Сонца за гарызонт цень узнімаецца ўсё вышэй, а сегмент у заходняй частцы неба блекне і знікае ў канцы змроку. Зрэдку пасля гэтага развіваецца другая фаза зары — больш бледны мутна-жоўты, потым шараваты сегмент. Пры ранішняй зары паслядоўнасць змен афарбоўкі неба адваротная.
Колеры зары больш яркія, калі ў атмасферы больш пылу і вільгаці. Насычанасць чырвоным колерам бывае пры значнай забруджанасці паветра ў выніку лясных пажараў, вулканічных вывяржэнняў і інш. Колер зары — адна з мясцовых прыкмет надвор’я.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- І. А. Савікоўскі. Сапоцкінская лясная дача // Энцыклапедыя прыроды Беларусі. У 5-і т. Т. 2. Гатня — Катынь / Рэдкал. І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ імя Петруся Броўкі, 1983. — 522 с. — 10 000 экз.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Зара