Дом Крукоўскага
Славутасць | |
Дом Крукоўскага | |
---|---|
| |
53°54′09″ пн. ш. 27°33′07″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | |
Дата пабудовы | XIX ст. |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Дом Крукоўскага — будынак у Мінску, размешчаны ў квартале, які прымыкае да Верхняга Горада, па адрасе вуліца Рэвалюцыйная, 9, на рагу з Камсамольскай вуліцай. Пабудаваны ў XIX ст. з цэглы.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]У XIX стагоддзі на гэтым зямельным пляцы існавала драўляная і мураваная забудова, якая была моцна пашкоджана падчас вялікага пажару 1881 года[1].
Адразу пасля пажару быў распрацаваны праект на будаўніцтва новага мураванага дома, які галоўным фасадам выходзіў на вуліцу Койданаўскую. Гэта было трохпавярховае прамавугольнае ў плане збудаванне, накрытае двухсхільным дахам, які быў аддзелены ад сцяны прафіляваным карнізам. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад быў падзелены на ярусы прафіляванымі цягамі. У цэнтры будынка знаходзілася праязная арка, перакрытая скляпеннямі. Рытм фасадаў ствараўся сеткай прамавугольных і лучковых аконных праёмаў. Аконныя і дзвярныя праёмы першага паверха не мелі ліштваў. Вокны другога паверха былі аздоблены сандрыкамі. У двары знаходзіўся комплекс мураваных і драўляных гаспадарчых пабудоў[1].
У канцы XIX стагоддзя ўладальнікам гэтага будынка з’яўляўся мінскі мешчанін Іван Крукоўскі[1].
Паводле інвентарызацыі 1910 года большую частку памяшканняў першага і другога паверхаў у доме Крукоўскага займала гасцініца, якая мела 13 нумароў. Значная частка трэцяга паверха выкарыстоўвалася пад жылыя кватэры. Акрамя таго, на першым паверсе знаходзілася бакалейная лаўка, а таксама гадзіннікавыя майстэрня і крама[1].
Пасля 1920 года былы дом Крукоўскага нацыяналізаваны[1].
У часы Другой сусветнай вайны моцна пацярпеў. Пасля вайны значная частка будынка разбурана, на месцы якой ў 1950-я гады быў пабудаваны вялікі трохпавярховы будынак, які галоўным фасадам выходзіў на вуліцу Камсамольскую[1].
Зноскі
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дом Крукоўскага
- БУДЫНАК № 9 ДОМ І ГАТЭЛЬ КРУКОЎСКАГА