Віктар Антонавіч Сырыца
Віктар Антонавіч Сырыца | |
---|---|
Альма-матар | |
Член у |
Віктар Антонавіч Сырыца (5 сакавіка 1953, в. Сладобка, Нясвіжскі раён — 9 лістапада 2015, Баранавічы) — дзеяч нацыянальна-дэмакратычнага руху Беларусі, педагог, гісторык, краязнаўца.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Нарадзіўся 5 сакавіка 1953 года ў вёсцы Слабодка Нясвіжскага раёна.
У 1979 г. скончыў Мінскі педагагічны інстытут па спецыяльнасці «Гісторыя і замежная (французская) мова».
Далейшы яго лёс і дзейнасць былі звязаны з г. Баранавічы, дзе працаваў настаўнікам гісторыі ў сярэдніх школах № 6[1], № 8, № 20, у недзяржаўным эканоміка-юрыдычным каледжы. Пасля звальнення па палітычных матывах у 2006 годзе працаваў рэпетытарам.
З 1994 па 2001 год — сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Народная Грамада», неаднаразова ўдзельнічаў у выбарах у гарадскі, абласны саветы дэпутатаў.
З 1996 да 2015 года з’яўляўся кіраўніком Баранавіцкай гарадской арганізацыі грамадскага аб’яднання «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны».
Як краязнаўца і гісторык, Сырыца шмат друкаваўся ў прэсе. Ініцыятар і арганізатар гістарычных чытанняў да 100-годдзя пачатку Першай сусветнай вайны, святаў, фэстаў (у тым ліку фэсту 2 червеня 2013 года ў гонар 150-х угодкаў Мілавідскай бітвы 1863 года), віктарын. Даследваў гісторыю паўстання 1863 года ў Баранавіцкім краі.
Адзін з ініцыятараў устаноўкі памятнага знака Палонкаўскай бітвы 1660 года.
Адзін з ініцыятараў перадачы «Люблю наш край» на баранавіцкім радыё. Вялікім дасягненнем Віктара Сырыцы стала аднаўленне пад яго кіраўніцтвам дома-сядзібы ТБМ у аграгарадку Русіно, што знаходзіцца ў прыгарадзе Баранавічаў.
За сваю грамадска-палітычную дзейнасць неаднаразова падвяргаўся рэспрэсіям з боку ўладаў у 2013—2015 гадах.[2]
У 2016 годзе рашэннем Рады Руху «За Свабоду» заснаваная прэмія імя Віктара Сырыцы.[3] Ёй узганароўваюцца аўтары найлепшых рэгіянальных ініцыятываў па папулярызацыі беларушчыны.[4]