Дрэвы ці кусты, часам кусцікі (некаторыя арктычныя і субарктычныя віды Salix) з чарговымі, простымі, суцэльнымі, зубчастымі ці лопасцевымі лістамі з прылісткамі, часта ападаючымі. Кветкі ў густых прамастаячых (амаль усе віды Salix) ці вісячых (Populus i Chosenia) аднаполых каташках (каласах ці радзей гронках з вельмі пакарочанымі кветаножкамі), размешчаных у пазухах брактэй (лускавінак), двухдомныя, беспялёсткавыя. У рода Populus чашачка мае выгляд пласцінкі ў мужчынскай кветцы і сподкападобнага ці плюскападобнага ўтварэння ў жаночай. У Salix яна прадстаўлена адным ці дзвюма (радзей трыма-пяццю) дробнымі нектарнымі залозкамі, а ў Chosenia няма нават залозак, і толькі часам жаночыя кветкі маюць дзве маленькія бакавыя залозкі. Тычынак у Populus ад 6 да 49, у Salix — 1-2, рэдка 3, 5 ці да 12, а ў Chosenia — 3-6; ніці свабодныя (Populus і часткова ў некаторых відаў Salix) ці зрослыя толькі асновамі, вельмі рэдка па ўсёй даўжыні; пыльнікі ўскрываюцца ўздоўж. Гінецэй паракарпны, звычайна з 2 упоперак размешчаных карпел, рэдка з 3-4 (некаторыя віды Populus), звычайна з 2-4 сядзячымі рыльцамі. Завязь верхняя, сядзячая ці на кароткай, рэдка на доўгай ножцы; са шматлікімі (Populus) ці з 2-10 семязачаткамі. У Salix вельмі рэдка толькі з адным семязачаткам. Плады — 2, 4-створкавыя каробачкі. Насенне дробнае з пучком валаскоў.
Вярбовыя распаўсюджаны галоўным чынам ва ўмераных і халодных абласцях паўночнага паўшар’я, а таксама ў паўднёвых абласцях Паўднёвай Амерыкі, Паўднёвай Афрыкі і Паўднёва-Усходняй Азіі. Адсутнічаюць на Новай Гвінеі і ў Аўстраліі.
Сапегін Л. М. Батаніка. Сістэматыка вышэйшых раслін: вучэбны дапаможнік для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі па біялагічных спецыяльнасцях. — Гомель: ГДУ, 2012. — 337 с. ISBN 978-985-439-644-6