Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда
Выкана́ўчы камітэ́т Ра́ды Усебелару́скага з’е́зда — орган улады, створаны Радай Усебеларускага з’езда 1917 года. 18 сакавіка 1918 года Рада Усебеларускага з’езда пераўтвораная ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі, пасля чаго Выканаўчы камітэт спыніў сваё існаванне.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Паводле рэзалюцыі Усебеларускага з’езда, прынятай у ноч з 17(30) на 18(31) снежня 1917, яго дэлегатам належала выбраць са свайго складу орган краёвай улады Беларусі. Пасля разгону з’езда бальшавіцкімі ўладамі Аблвыканкамзаху яго дэлегаты сабраліся ў дэпо Лібава-Роменскай чыгункі і 18(31) снежня перадалі краёвую ўладу Радзе Старшынь або Радзе Усебеларускага з’езда, якая складалася са 105 чалавек. 21 снежня 1917 (3 студзеня 1918) Рада Усебеларускага з’езда абрала са свайго складу Выканаўчы камітэт з 10 чалавек. Рада выконвала функцыі перадпарламента, а выканаўчы камітэт першапачаткова быў правобразам урада Беларусі.
Члены Выканаўчага камітэта выконвалі пэўныя міністэрскія функцыі: Язэп Варонка — старшыня, замежныя справы; Палута Бадунова — сацыяльная апека; Тамаш Грыб — сельская гаспадарка; Макар Касцевіч — асвета; Алесь Прушынскі — праца; Сымон Рак-Міхайлоўскі — ваенныя справы; Іван Серада — унутраныя справы; Лявон Заяц — кіраўнік спраў; Язэп Дыла і Іосіф Лагун — міністры без партфеляў.
У 1918 годзе Язэп Дыла і Іосіф Лагун ўступілі ў РКП(б), працавалі ў бальшавіцкім Беларускім нацыянальным камісарыяце і сталі праціўнікамі Беларускай Народнай Рэспублікі. Астатнія члены працавалі ў паўлегальных умовах, некаторыя арыштоўваліся бальшавіцкімі ўладамі Заходняй вобласці і фронту. 19 лютага 1918 пасля выезду з Менска Аблвыкамзаха і СНК Заходняй вобласці і фронту Выканаўчы камітэт стаў легальным органам улады. Паводле прапановы старшыні, Язэпа Варонкі, у яго склад былі кааптаваны прадстаўнікі літоўскай, польскай, рускай і яўрэйскай нацыянальных мяншыняў.
21 лютага 1918 года Выканаўчы камітэт выдаў Першую Устаўную грамату, паводле якой ён абвяшчаў сябе найвышэйшай часовай уладай Беларусі «для кіравання краем і склікання, як можна хутчэй, Усебеларускага Устаноўчага сойму». 21 лютага Выканаўчы камітэт сфармаваў урад — Народны сакратарыят Беларусі на чале з Язэпам Варонкам, і ўсклаў на яго функцыі выканаўчай улады. Германскія акупацыйныя ўлады, якія 21 лютага акупавалі Менск, не прызнавалі Народны сакратарыят. 3 сакавіка Германія і Савецкая Расія заключылі Брэсцкі мір, паводле якога Беларусь была падзелена паміж імі. Выконваючы волю Усебеларускага з’езда і развіваючы ідэі Першай Устаўной граматы аб праве беларускага народа на «поўнае самаазначэнне», Выканаўчы камітэт выдаў 9 сакавіка Другую Устаўную грамату, у якой Беларусь абвяшчалася Народнай Рэспублікай. Да склікання Устаноўчага Сойму заканадаўчая ўлада перадавалася Радзе Усебеларускага з’езда. Аднак ва ўмовах германскай акупацыі выбары ва Усебеларускі Устаноўчы сойм правесці было немагчыма. 18 сакавіка Рада Усебеларускага з’езда на пленарным пасяджэнні абвясціла сябе Радай Беларускай Народнай Рэспублікі і такім чынам узяла на сябе функцыі парламента. Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда спыніў сваё існаванне.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Варонка, Я. Беларускі рух ад 1917 да 1920 году: кароткі агляд / Я. Варонко. — Менск [Мінск]: Беларускае кааперацыйна-выдавецкае таварыства «Адраджэнне», 1991. — 29 с.
- Езавітаў, К. Першы Усебеларускі кангрэс // Беларуская мінуўшчына. — 1993. — № 1. — С.
- Казбярук, У. Паміж молатам і кавадлам, або Крок наперад, два крокі назад // Літаратура і мастацтва. — 1991. — № . — 8 сакавіка. — С.; № . — 15 сакавіка. — С.; № . — 22 сакавіка. — С.
- Сідарэвіч, А. М. Выканаўчы камітэт Рады Усебеларускага з’езда / А. М. Сідарэвіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: У 6 т. / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 2: Беліцк—Гімн / Рэдкал.: Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелЭн, 1994. — 536 с. — С. 370—371. — ISBN 5-85700-142-0.
- Турук, Ф. Ф. Белорусское движение: Очерк истории национального и революционного движения белорусов: С прил.образцов белорус.нелегал.лит.,важнейших документов белорус.полит.партий и национальные организации и этнографические карты белорусского племени, сост. Е. Ф. Карским / Предисл. А. Кавки. — Б.м., 1994 (Мн.:Картогр. ф-ка Белгеодезии). — 144 с. + 1 л. карт.