Перайсці да зместу

Вуліца Валадарскага (Мінск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вуліца Валадарскага
Мінск
Фатаграфія
Агульная інфармацыя
Краіна Беларусь
Горад Мінск
Раён Маскоўскі, Ленінскі
Працягласць ~800 м
Найбліжэйшыя
станцыі метро
Плошча Леніна
Ранейшыя назвы Турэмная, Серпухаўская, Ліпавая
Назва ў гонар В. Валадарскі
на Яндэкс.Картах
на Картах Google
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ву́ліца Валада́рскага (раней Турэ́мная, Се́рпухаўская, Лі́павая) — вуліца ў цэнтры Мінска. У забудове вуліцы захаваліся дамы XIX—пач. XX стст[1]. Шэраг будынкаў уваходзіць у дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. На вуліцы месцяцца такія славутасці, як Пішчалаўскі замак, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага (колішняя Харальная сінагога), дом Маліна (месца прыняцця III Устаўной граматы БНР), дом Кастравіцкай, гатэль Crowne Plaza.

Серпухаўская вуліца ў бок Магазіннай, пач. XX ст.
Пішчалаўскі замак, пач. XX ст.
Будынак жаночай гімназіі, пач. XX ст.

У асноўным вуліца забудоўвалася ў сярэдзіне і канцы XIX ст., некаторыя яе будынкі ўзведзеныя ў пачатку XX ст.[2] Сёння вуліца пачынаецца са скрыжавання сучасных вуліц Інтэрнацыянальнай і Гарадскога Вала. Аднак да падаўжэння Гарадскога Вала да праспекта Незалежнасці пасля Другой сусветнай вайны, тут быў квартал забудовы, скрыжавання не было, быў «Т»-падобны раз’езд. Вуліца Праабражэнская (Інтэрнацыянальная) пачыналася ад сцен турмы «Пішчалаўскі замак». Цяпер кавалак ад турмы да скрыжавання з вуліцай Гарадскі Вал не мае дамоў, але раней тут стаяў будынак жаночай гімназіі[3].

У 1825 годзе вуліца атрымала назву Турэмная, з той прычыны, што тут быў пабудаваны турэмны Пішчалаўскі замак. Назву Серпухаўская вуліца атрымала ў 1870 годзе — у гонар размешчанага ў горадзе аднайменнага пяхотнага палка Расійскай імперыі. У канцы XIX ст. у паўночна-ўсходняй частцы вуліцы была ўзведзена Харальная сінагога (сёння Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага). У 1899 годзе непадалёк ад Пішчалаўскага замка адкрылася дзяржаўная жаночая гімназія, будынак якой зруйнаваны ў Другую сусветную вайну[2].

У 1922 годзе вуліца атрымала назву Валадарскага, у гонар В. Валадарскага (сапраўднае імя — Майсей Маркавіч Гальдштэйн) — наркама па справах друку, прапаганды і агітацыі ў Саюзе камун Паўночнай вобласці Савецкай Расіі[2].

У 1933 годзе на вуліцы пракладзеныя трамвайныя шляхі. Лінія праходзіла па цяперашніх вуліцах Валадарскага, Гарадскі Вал, Раманаўская Слабада, Кальварыйская, Караля да ДС «Кальварыя».

За нямецкай акупацыяй у Другую сусветную вайну вуліца насіла назву Ліпавая. У 1955 годзе трамвайная лінія была разабрана.

Праходзіць у Маскоўскім і Ленінскім раёнах Мінска ад вуліцы Гарадскі Вал да вуліцы Кірава, перасякае вуліцу Берсана, праспект Незалежнасці, вуліцу Карла Маркса. Да праспекта Незалежнасці ідзе паралельна вуліцы Гарадскі Вал, пасля паралельна вуліцы Свярдлова.

На працягу ўсёй вуліцы арганізаваны чатырохпалосны двухбаковы рух.

Вуліца Валадарскага і суседнія вуліцы
Карта Openstreetmap.org[4], жнівень 2014 года
Каардынаты пачатку вуліцы: 53°54′01″ пн. ш. 27°33′04″ у. д.HGЯO
Каардынаты канца вуліцы: 53°53′42″ пн. ш. 27°33′17″ у. д.HGЯO


Пішчалаўскі замак, пач. XX ст.

У забудове вуліцы захаваліся дамы XIX—пач. XX стст. Архітэктурны комплекс «Замак Пішчалы» — гісторыка-культурныя каштоўнасць Рэспублікі Беларусь 2-й катэгорыі. Дамы № 3, 4, 5, 7, 9, 10, 12, 12А, 15, 17, 19, 24 ёсць гісторыка-культурнай каштоўнасцю Рэспублікі Беларусь 3-й катэгорыі[5]. Вуліца Валадарскага — прыклад грамадзянскай архітэктуры з выкарыстаннем традыцый эклектыкі.

Па цотным баку

[правіць | правіць зыходнік]
Пішчалаўскі замак
  • № 2 — Пішчалаўскі замак. Пабудаваны ў 1825 годзе з цэглы як астрог. Комплекс з двух асобных будынкаў. Асноўны трохпавярховы прамавугольны ў плане будынак з 4 круглымі вежамі па вуглах накрыты чатырохсхільным вальмавым пакатым дахам. Будынак абнесены высокай мураванай сцяной, умацаваны контрфорсамі. Ёсць помнікам архітэктуры з выкарыстаннем элементаў неаготыкі. Вядомымі вязнямі Пішчалаўскага замка былі Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Карусь Каганец (1905—1906 і 1910—1911), Іван Пуліхаў (у 1906 павешаны), Алесь Гарун (1907), Якуб Колас (1908—1911) — у турме пачаў пісаць «Новую зямлю». 20 красавіка 2008 года абвалілася адна з вежаў галоўнага будынку. Паводле афіцыйнай версіі прычынай стала састарэласць збудавання, паводле іншых — прычынай сталі будаўнічыя працы, якія прывялі да пашкоджання канструкцый. Пішчалаўскі замак — гісторыка-культурная каштоўнасць рэспубліканскага значэння[5].
Валадарскага, 4
  • № 4 — пабудаваны ў канцы XIX ст. з цэглы, гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[5]. Ранейшы адрас — Серпухаўская, 10, дом Старобінскай. У 1907—1910 гадах сюды паступала бальшавіцкая газета «Социал-демократ»[6].
Валадарскага, 10
  • № 10 — мураваны трохпавярховы з мансардамі прамавугольны ў плане будынак. З левага боку на галоўным фасадзе праезд у двор. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[5].
  • № 12 — Дом Воліна. Пабудаваны ў 1890 годзе як даходны дом, меў адзін адрас з суседнім даходным домам Воліна (Серпухаўская, 12). З 25 лютага 1918 года тут працавала Беларускае народнае прадстаўніцтва на чале з Раманам Скірмунтам.
Валадарскага, 12А
  • № 12А — Дом Воліна. Пабудаваны ў 1900 годзе з рысамі эклектыкі і неабарока як даходны дом. Г-падобны ў плане будынак са зрэзанай вуглавой часткай. Галоўны фасад дома быў арыентаваны на былую вул. Захар’еўскую (сучасны праспект Незалежнасці). У наш час на першы паверсе месцяцца гандлёвыя памяшканні, на другім і трэцім — Цэнтральнае праўленне таварыства глухіх[7]. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[5].
  • № 24 — пабудаваны ў пачатку XX ст. з цэглы, перабудоўваўся ў 1950-я гады, гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[5]. Ранейшы адрас — Серпухаўская, 26, дом Шапіры. У пачатку XX ст. тут месцілася Прыватная сямікласная з правамі ўрадавай жаночая гімназія В. І. Лявіцкай. Гімназія была адкрытая ў 1906 годзе, правы ўрадавай атрымала ў 1911 годзе. Напярэдадні Першай сусветнай вайны ў ёй займалася 356 вучаніц, гадавая плата складала 70—100 рублёў. З красавіка 1912 года тут пачалі працаваць курсы сёстраў міласэрнасці, куды было прынята 50 чалавек. Лявіцкая адвяла курсам 2-класныя пакоі, залю і гардэроб на вечаровы час[6].
№ 26/11, Дом Кастравіцкай

Па няцотным баку

[правіць | правіць зыходнік]
  • У 2012 годзе турэцкі інвестар планаваў пабудаваць на месцы паркоўкі на рагу з вуліцай Гарадскі Вал 16-павярховы гатэль Aras Palace на 260 нумароў з падземным паркінгам (праект «Творчай майстэрні-7»). Але гэты праект не атрымаў падтрымкі ў грамадскасці, таксама супраць дысананснай ў дачыненні да гістарычнага цэнтра пабудовы выступіла Міністэрства культуры Беларусі. У 2014 годзе быў прадстаўлены новы варыянт, у якім вышыннасць паменшана да дзевяці паверхаў, а колькасць нумароў — да 169[8]. У 2017 годзе з’явіўся новы інвестар — беларуская кампанія «ВільнюсБудІнвест», якая збіраецца пабудаваць 7-павярховы шматфункцыянальны грамадскі комплекс з заглыбленымі верхнімі паверхамі з суцэльным зашкленнем (праект архітэктурнага бюро ПТМ «АТРЫ»). На двух цокальных паверхах мае размясціцца паркоўка на 100 месцаў, 60 з якіх аддадуць супрацоўнікам МУС, на астатніх — кафэ, салон прыгажосці, трэнажорная зала і зала нарадаў. Меркавалася, што будынак будзе ўзведзены ў 2018—2020 гадах, але работы пачаліся толькі ў маі 2020[9].
  • № 3 — пабудаваны ў пачатку XX ст. з цэглы, гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[5]. Ранейшы адрас — Серпухаўская, 5. У пачатку XX ст. тут месцілася Рамеснае чатырохкласнае яўрэйскае вучылішча. Вучэльня была адкрытая ў 1879 годзе мінскім асветнікам і мецэнатам І. Нейфахам. Існавала на дабрачынныя сродкі і за кошт фінансавай дапамогі Яўрэйскага каланізацыйнага таварыства. Складалася з 2 аддзяленняў: слясарна-механічнага і электратэхнічнага. У 1911 годзе ў вучылішча было 89 яўрэйскіх хлапчукоў, вытворчыя майстэрні выраблялі прадукцыі на 4 тысячы рублёў. У 1907—1912 гадах тут часова месцілася Прыватнае рэальнае вучылішча Э. М. Хайкіна. Цяпер будынак займае Мінская друкарская фабрыка Дзяржзнака Беларусі[6].
Харальная сінагога, пач. XX ст.
Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага
  • № 5 — Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага, колішняя Мінская харальная сінагога. У 1906 годзе была пабудавана і адкрыта галоўная (харальная) сінагога Мінску. Будынак быў узведзены ў маўрытанскім стылі. Сродкі на ўзвядзенне сінагогі дала шматлікая яўрэйская абшчына горада. Пасля рэвалюцыі будынак сінагогі прыватызавалі і ў 1923 годзе сінагогу пераабсталявалі ў Нацыянальны яўрэйскі тэатр БССР, дзе праводзіліся лекцыі, з’езды, дэманстраваліся фільмы. Пазней тут размясціўся Дом культуры сакратарыята ЦВК імя М. В. Фрунзэ. У лістападзе 1926 года будынак быў перададзены ў карыстанне створанай арганізацыі Белдзяржкіно. Неўзабаве тут адкрыўся кінатэатр «Культура» — адзін з самых буйных на той час у Беларусі. Глядзельная зала «Культуры», а першапачаткова харальная зала, славілася выдатнай акустыкай. Тут выступалі Уладзімір Маякоўскі, Леанід Уцёсаў, Сяргей Лемешаў. Пасля Другой сусветнай вайны будынак кінатэатра быў перабудаваны для Расійскага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага[10]. Цяпер гэта Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага. Гэта вялікая трохпавярховая пабудова, амаль прамавугольная ў плане, сіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі. Нутраная прастора таксама вырашаная сіметрычна. Былы цэнтральны неф пераабсталяваны ў глядзельную залю, бакавыя — у фае. На будынку ўсталяваныя мемарыяльныя дошкі Уладзіміру Маякоўскаму і ў гонар VI Усебеларускага з’езда Саветаў. Будынак — помнік архітэктуры эклектыкі з пазнейшымі зменамі[1]. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[5].
Валадарскага, 7
  • № 7 — два даходныя дамы (Дом Рубіна і Дом Габрыловіча), пабудаваны ў канцы XIX ст. з цэглы[5]. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[5].
Дом Маліна (Валадарскага, 9)
  • № 9 — Дом Маліна. Пабудаваны ў 1912 годзе з цэглы. Трохпавярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад мае асіметрычную кампазіцыю[1]. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[5]. Ранейшы адрас — 43/13 на рагу вуліц Захар’еўскай і Серпухаўскай. У 1912 годзе ў гэты будынак пераехала мінскае аддзяленне Пазямельна-сялянскага банка. У гады Першай сусветнай вайны трэці паверх займаў будаўніча-тэхнічны аддзел Заходняга фронту. У 1918 годзе частка памяшканняў у гэтым доме была адведзена для прэзідыума Рады БНР, які 25 сакавіка 1918 года прыняў тут Трэцюю Устаўную грамату аб незалежнасці Беларусі. З чэрвеня 1918 года будынак стаў сядзібай Народнага Сакратарыята БНР. Пры ўваходзе вісела шыльда «Народны Сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі»[6].
Валадарскага, 15
  • № 15 — пабудаваны ў 1920-я гады, перабудоўваўся ў 1940-я, гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[5]. У 1912 годзе тут месцілася Прыватная лячэбніца па гінекалагічных хваробах М. І. Абязерскага. Цяпер гэта шматкватэрны жылы дом[6].
Валадарскага, 17
  • № 17 — пабудаваны ў пачатку XX ст., перабудоўваўся ў 1950-я гады. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[5]. Ранейшы адрас — Серпухаўская, 12, дом двараніна Восіпа Жэброўскага. У пачатку XX ст. тут быў склад сельскагаспадарчых машын і сядзіба таварыства «Серп», якое ўваходзіла ў мінскі сельскагаспадарчы сіндыкат і займалася рэалізацыяй тавараў для земляробчай вытворчасці. Тут жа было праўленне земляробчага страхавога таварыства[6].
Валадарскага, 19
  • № 19 — пабудаваны ў канцы XIX ст. з цэглы. Трохпавярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Вулічныя фасады асіметрычнай кампазіцыі[1]. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[5].
  • № 13/23 — на рагу з вуліцай Кірава. Будынак гатэля Crowne Plaza (да 1987 г. — Беларусь, да 2008 г. — Свіслач). Будынак узведзены ў 1934—1938 гадах (архітэктар Аляксандр Воінаў). Будынак вызначаўся простымі фасадамі і выразнай планіроўкай. Фасады гасцініцы былі тыповыя для архітэктуры грамадскіх і жылых будынкаў 1930-х гадоў. У Другую сусветную вайну гасцініца згарэла. У пачатку 1945 года пачаліся праектныя работы па аднаўленні будынка. Аўтарам праекта аднаўлення быў таксама Аляксандр Воінаў[5]. У праектных работах (унутраная планіроўка і афармленне інтэр’ераў) прымалі ўдзел архітэктары М. І. Бакланаў, Г. У. Заборскі, Г. М. Бенядзіктаў, Я. І. Шапіра. Пасля Другой сусветнай вайны фасады фактычна захоўваліся ранейшыя, у пэўнай ступені мянялася ўнутраная планіроўка. Аднаўленне будынка гасцініцы было завершана ў 1947 годзе. У 1987 годзе гасцініца Беларусь перайменаваная ў Свіслач. У 2008 годзе ў выніку рэканструкцыі гасцініца Свіслач перайменаваная ў гатэль Crowne Plaza[5]. Гісторыка-культурная каштоўнасць рэгіянальнага значэння[5].

На скрыжаванні з вуліцай Гарадскі Вал месціцца сквер Адама Міцкевіча.

Мемарыяльныя дошкі

[правіць | правіць зыходнік]
  • Уладзіміру Маякоўскаму на будынку Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага (Валадарскага, 5). Усталяваная ў 1978 годзе (скульптар Б. Івонцьеў). У гэтым будынку, у часе другога наведвання Менска (28 студзеня 1925 года), у Доме культуры (цяпер драматычны тэатр) Маякоўскі чытаў свае творы. У гэтым жа будынку, 27 і 28 сакавіка 1927 зрабіў даклад, прааналізаваўшы тагачасную савецкую літаратуру і прачытаў вершы і ўрыўкі з паэмы «Добра!»[1].
  • У гонар VI Усебеларускага з’езда саветаў і Міхаілу Калініну на будынку Нацыянальнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага (Валадарскага, 5). Усталяваная ў 1975 годзе (скульптар І. Міско; чыгун, бронза; 1,6×0,8 м). Тут 13—16 сакавіка 1924 года адбыўся VI надзвычайны Усебеларскі з’езд Саветаў, у рабоце якога ўдзельнічаў Калінін. Ад імя ЦК РКП (б) і ЦВК СССР Калінін павіншаваў беларускі народ з уз’яднаннем тэрыторый з беларускім насельніцтвам у складзе БССР і заклікаў рабочых умацоўваць сяброўства з братнімі рэспублікамі СССР, цясней згуртоўвацца для эканамічнага і культурнага адраджэння краіны[1].
  • Віталю Цвірку на будынку Дзіцячай мастацкай школы № 1 імя В. К. Цвіркі горада Мінска (Валадарскага, 21)[11].

Вуліца на старых фотаздымках

[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б в г д е Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
  2. а б в Улица Володарского (руск.). tsm.by (5 жніўня 2014).
  3. вуліца Валадарскага (ад 1945 года). oldmensk.net (5 жніўня 2014).
  4. Openstreetmap.org (руск.)
  5. а б в г д е ё ж з і к л м н о п р с Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь: [Даведнік] / склад. В. Я. Абламскі, І. М. Чарняўскі, Ю. А. Барысюк. — Мн.: БЕЛТА, 2009. — 684 с. — 1 000 экз. — ISBN 978-985-6828-35-8.
  6. а б в г д е Шыбека З. В. Минскъ сто гадоў таму. — Мінск: Беларусь, 2007. — 304 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-01-0729-9.
  7. а б Архітэктура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Беларус. Энцыкл.; Рэкал.: А. А. Воінаў і інш. — Мн.: БелЭн, 1993. — 620 с. — 10 000 экз. — ISBN 5-85700-078-5.
  8. Турецкий инвестор представил новый вариант гостиницы на углу Володарского и Городского Вала
  9. В центре построят еще одну гостиницу(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 11 жніўня 2020. Праверана 7 мая 2020.
  10. вул.Валадарскага - дом №05 - тэатр імя М.Горкага. Мінск. Гісторыя па фотаздымках. oldmensk.net (12 жніўня 2014).
  11. ГУО «Детская художественная школа искусств № 1 имени В.К.Цвирко г. Минска» (руск.). guir.minsk.gov.by (16 жніўня 2014).