Арнамент
Арнамент (лац.: ornemantum — упрыгожванне) — узор, заснаваны на паўторы і чаргаванні элементаў, што складаюць яго; прызначаецца для ўпрыгожвання розных прадметаў (начынне, зброя, тэкстыльныя вырабы, мэбля, кнігі і г. д.), архітэктурных збудаванняў (як звонку, так і ў інтэр'еры), твораў пластычных мастацтваў (галоўным чынам прыкладных), у першабытных народаў таксама ўласна чалавечага цела (размалёўка, татуіроўка).
Характар матываў
[правіць | правіць зыходнік]У залежнасці ад характару матываў вызначаюць наступныя віды арнаментаў: геаметрычны, раслінны, зоамарфічны, антрапамарфічны і камбінаваны.
Геаметрычны арнамент можа складацца з кропак, ліній (прамых, ламаных, зігзагападобных, сетчатааперакрыжаваных), многавугольнікаў, кругоў, ромбаў, зорак, крыжоў і інш. Геаметрычны арнамент з’яўляецца адным з найстаражытнейшых. З яго дапамогай першабытны чалавек выказваў свае адносіны да навакольнага свету. Спачатку гэта былі простыя, лёгка запамінальныя знакі і сімвалы: круг азначаў сонца, прамая гарызантальная лінія — зямлю, квадрат ці ромб — поле, хвалістая лінія — ваду. Асаблівай разнастайнасцю вызначаецца геаметрычны арнамент у мусульманскім мастацтве.
Раслінны арнамент складаецца са стылізаваных лістоў, кветак, пладоў, галінак і г. д. Вельмі часта ва ўсіх народаў сустракаецца матыў «дрэва жыцця» — раслінны дэкаратыўна спрошчаны квітнеючы куст.
Зоамарфічны арнамент складаецца са стылізаваных фігур ці частак фігур рэальных і фантастычных жывёлін. Часам такія арнаменты называюць «звярыным стылем». Дэкаратыўныя выявы птушак і рыб таксама адносяцца да гэтага віду арнамента.
Антрапамарфічны арнамент у якасці матываў выкарыстоўвае мужчынскія і жаночыя стылізаваныя фігуры ці часткі твару і цела чалавека. Сюды ж можна аднесці розных фантастычных істот (дзевааптушка, чалавек-конь і інш.).
Часта ўзоры складаюцца з самых розных матываў: геаметрычных і раслінных, зоамарфічных і антрапамарфічных. Такі арнамент можна назваць камбінаваным.
Кампазіцыя
[правіць | правіць зыходнік]Па характары кампазіцыйных схем можна вызначыць наступныя тыпы арнамента: лентачны, ці ўзор у паласе (фрыз, бардзюр, дарожка), сеткаваты і замкнуты (у крузе, квадраце, прамавугольніку, трохвугольніку і інш.). Арнамент, у якім узор распаўсюджваецца ва ўсе бакі без абмежаванняў, напрыклад узор на тканіне, называецца рапортам. Арнамент, створаны ў крузе дзяленнем яго на роўныя часткі дыяметрамі, называецца разетай, ці разеткай. Разетка, пабудаваная на аснове люстэркавай сіметрыі, стварае ўражанне нерухомасці. А тыя, у якіх адсутнічае сіметрыя, выклікаюць адчуванне руху.
Выяўленчы бок арнаментаў вельмі разнастайны, але ў кожным арнаменце можна вылучыць асноўныя элементы графікі: кропку, лінію і пляму. У арнаментах беларускага народа галоўную ролю выконвае лінія (паласа), астатнія элементы падпарадкаваны ѐй.
Кампазіцыя арнаменту ствараецца на аснове сродкаў упарадкавання асноўных элементаў графікі на паверхні вырабу, пры гэтым улічваецца характар як элементаў, так і паверхні. Выкарыстоўваюцца прынцыпы іерархічнасці і дэкампазіцыі. Традыцыйна вылучаемыя асноўныя атрыбуты кампазіцыі — цэльнасць, сіметрыя, асіметрыя, рытм і пластыка. Гэтыя атрыбуты адносяцца як да самой рэчы з арнаментам, так і да самога арнаменту, нават яго матыву, яны ж прымяняюцца ў тэхнічным канструяванні.
Цэльнасць — адна з асноўных якасцей любой арнаментальнай кампазіцыі, звычайна яна разумеецца як неразрыўнасць, бесперапыннасць, адзінства. Вялікія формы, якія лѐгка чытаюцца, распрацоўваюцца звычайна дробным арнаментам, а той, у сваю чаргу, мае фактурнае запаўненне. Успрыманне адбываецца ад галоўнага да другараднага, што пры правільных суадносінах узроўняў забяспечвае цэльнасць.
Сіметрыя ўяўляе сабой строгае матэматычнае паняцце. Існуе некалькі відаў сіметрыі: восевая, цэнтральная і інш. Сіметрыя ў шырокім значэнні — гэта суразмернасць, яна арганізуе кампазіцыю, устанаўлівае супадпарадкаванне ў сістэме і з’яўляецца важным фактарам у дасягненні цэльнасці твора, у прыватнасці арнаменту.
Асіметрыя — гэта адхіленне ад сіметрыі або яе адсутнасць. Калі сіметрыю звязваюць з раўнавагай, спакоем, то асіметрыя азначае адсутнасць раўнавагі, парушэнне спакою.
Рытм — універсальны структурны прынцып, які характарызуюць паўторнасць, рэгулярнасць, мернасць чаргавання элементаў, парадак спалучэння ліній, плоскасцей, аб’ѐмаў. Прасцейшае праяўленне рытму — паўтарэнне ў кампазіцыі аднолькавых формаў пры роўных інтэрвалах. Рытмічная пабудова можа выражацца таксама ў паступовых колькасных змяненнях у радзе элементаў, якія чаргуюцца: у нарастанні або памяншэнні чаргаванняў аб’ѐму, плошчы, у згушчэнні або разрэджванні структуры, у чаргаванні светлага і цѐмнага і г.д.
Пластыкай у арнаментальных кампазіцыях прынята называць плаўныя пераходы адных элементаў узору ў іншыя.
Кампазіцыя арнаментаў беларускага народа звычайна характарызуецца простай сіметрыяй і складанай геаметрыяй элементаў і фігур. Элементы ўзораў размешчаны па арнаментальнай паверхні побач ці на адлегласці адзін ад аднаго, з дакладна заданым рытмам. Пры цэнтрычнай кампазіцыі асноўны акцэнт прыпадае на цэнтр прамавугольніка або круга; вуглы, або перыферыя, прапрацоўваюцца больш дробнымі, менш вылучанымі дэталямі. Форма і памер арнаментуемай паверхні часцей за ўсѐ вядомыя, таму ўзор павінен быць «упісаны» ў зададзеныя межы. Пры гэтым усе элементы арнаменту трэба размясціць гарманічна і суразмерна.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Ганчарова С. Геаметрыя беларускага арнаменту / С. А. Ганчарова // Веснік Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры. — 2003. — № 2. — С. 57-63. — (Тэорыя і гісторыя мастацтва)
- Касабуцкі М. Выяўленчае мастацтва: вучэб. дапам. для 5-га кл. агульнаадукац. устаноў з беларус. і рус. мовамі навучання: для работы ў класе / М. І. Касабуцкі, В. М. Касабуцкі. — Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2009. — 96 с.: іл. ISBN 978-985-465-593-2
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Арнамент на Вікісховішчы |
- Арнамент кельцкі, індыйскі, японскі, каўказскі, славянскі
- Арнаменты старажытнай Амерыкі, складальнік і аўтар прадмовы В. І. Іванаўская
- Арнаменты розных народаў і эпох у вектарным фармаце, Калекцыя, якая рэгулярна абнаўляецца для некамерцыйнага выкарыстання