Перайсці да зместу

Алег Буткевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Алег Буткевіч
Алег Буткевіч
Герб
Біскуп віцебскі
з 29 лістапада 2013 года
Царква Рымска-Каталіцкая Царква
Папярэднік Уладзіслаў Блін
4-ы Старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі
з 14 красавіка 2021
Царква Каталіцкая царква
Папярэднік Тадэвуш Кандрусевіч

Адукацыя
Дзейнасць каталіцкі святар, каталіцкі біскуп
Нараджэнне 18 сакавіка 1972(1972-03-18) (52 гады)
Прыняцце свяшчэннага сану 13 мая 2000
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Алег Чэслававіч Буткевіч (18 сакавіка 1972, Браслаў, Віцебская вобласць) — беларускі рымска-каталіцкі дзеяч, Біскуп Віцебскі (з 2013 года). Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі (з 14 красавіка 2021 года)[1].

Нарадзіўся 18 сакавіка 1972 года ў Браславе. Бацька, Чэслаў Буткевіч, быў шматгадовым старшынёй браслаўскай парафіяльнай рады[2].

Скончыў Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт па спецыяльнасці інжынер-механік[3]. Падчас вучобы ў Мінску наведваў службы свайго земляка, кс. Міхала Сапеля[4]. Затым паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне (1994). Яго духоўнымі айцамі ў семінарыі былі кс. Міхал Варанецкі, кс. Тадэвуш Вышыньскі, кс. Ежы Лявінскі. «Гледзячы на гэтых людзей я разумеў, што хрысціянства і служэнне Богу вартыя таго каб прысвяціць гэтаму жыццё», — згадвае сваіх духоўнікаў біскуп Буткевіч[4]. Прэсвітарскае пасвячэнне прыняў 13 мая 2000 года; прасвітар Віцебскай дыяцэзіі. Выконваў абавязкі вікарыя парафіі ў Наваполацку і Мёрах, абавязкі пробашча парафіі ў Бешанковічах і Уле. З 2003 года выконвае абавязкі пробашча парафіі Святога Антонія Падуанскага ў Віцебску і Віцебскага дэкана.

29 лістапада 2013 года прызначаны біскупам Віцебскай дыяцэзіі. Біскупскае пасвячэнне здзейсніў апостальскі нунцый у Беларусі Клаўдзіа Гуджэроці 18 студзеня 2014 года.

3 чэрвеня 2015 года Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі абрала біскупа Алега Буткевіча сваім віцэ-старшынёй. 14 красавіка 2021 года ён быў абраны старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.

12 жніўня 2020 года, у час гвалтоўных разгонаў пратэстаў супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, выступіў са зваротам, дзе сярод іншага заявіў[5]:

" Пабудаваныя на крыві сістэмы ў гісторыі ніколі не былі трывалымі, а Справядлівасць заўсёды вяртала здзейсненае тым, хто пераступаў усялякія людскія (не кажучы ўжо пра Божыя) нормы. "

У гэтым жа звароце віцебскі біскуп напісаў[6]:

" Наша краіна перажывае не самы лёгкі час сваёй гісторыі. Чарговыя выбары выклікалі ў нашым грамадстве крызіс, у які выліліся напружанасць перадвыбарчай кампаніі і, усё ж такі, не цалкам карэктны падлік галасоў. "

Мае дзвюх малодшых сясцёр Алу і Ганну — абедзве манашкі-еўхарысткі[7].

Зноскі