Адвечным шляхам
Адвечным шляхам | |
---|---|
| |
Аўтар | Ігнат Уладзіміравіч Канчэўскі |
Мова арыгінала | беларуская |
Дата першай публікацыі | 1921 |
Месца публікацыі | Вільнюс |
Тэкст твора ў Вікікрыніцах |
«Адве́чным шля́хам» — філасофскае эсэ, напісанае пад псеўданімам Ігнат Абдзіраловіч у 1921 годзе ў Вільні, у якім глыбока раскрыты драматызм гістарычнага лёсу беларусаў, іх неадольнае імкненне захаваць незалежнасць свайго духу.
З’яўленне і гісторыя друку
[правіць | правіць зыходнік]- 1921 — упершыню быў выдадзены ў Вільні невялікім тыражом, каля шасцідзесяці год праляжаў у сховах спецфондаў.
- У 1988 годзе — тэкст быў надрукаваны ў перакладзе на рускую мову ў часопісе «Нёман» і ў газеце «Супольнасць» (№ 4—5, 1988)
- У 1989 годзе — другое выданне ажыццявіла самвыдавецкая «Супольнасць»[1]
- У 1990 годзе — поўны друк тэксту ў зборніку «Вобраз-90»
- У 1993 годзе — ў выдавецтве Акадэміі навук Беларусі «Навука і тэхніка» пабачыла свет чацвёртае выданне[2]
- У 2007 годзе — парахвія святога Кірылы Тураўскага Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы зрабіла пятае выданне ў Львове з захаваннем асаблівасцей арыгіналу[3]
- У 2021 годзе, адмыслова да 100-годдзя выдання, эсэ было перавыдадзенае ў серыі Gradus выдавецтва «Зміцер Колас» з захаваннем асаблівасцей арыгіналу. У кнізе таксама змяшчаюцца ўсе вядомыя на сёння вершы Ігната Канчэўскага.
Перадумовы ўзнікнення тэксту
[правіць | правіць зыходнік]Варта адзначыць і тое, што час змены парадыгмы ў еўрапейскім мысленні на пачатку 20 стагоддзя супаў з палітычнымі і сацыяльнымі пераўтварэннямі ў Беларусі, дзе ў гэты перыяд адбываецца фарміраванне ўласнай ідэнтычнасці, праяўлянае ў культуры Адраджэннем, а ў палітыцы — імкненнем да пабудовы незалежнай дзяржавы.
Дух часу, пазначанага «пераацэнкай каштоўнасцей» (тэрмін Ніцшэ) і адмаўленнем класічных падыходаў у мысленні, не мог не паўплываць на беларускіх філосафаў, у тым ліку і на Ігната Абдзіраловіча.
Гэта часы вялікай інтэлектуальнай і сацыяльнай актыўнасці. На тле палітычных пераваротаў (рэвалюцыі 1905 і 1917 гадоў), Першай сусветнай і грамадзянскіх войнаў на Беларусі ўтвараюцца пэўныя інтэлектуальныя колы, адбываецца развіццё літаратуры, навукі і мастацтва. У 1918 годзе група беларускіх інтэлектуалаў на чале з Антонам Луцкевічам утварае Беларускую Народную Рэспубліку, якая, праўда, прайснавала нядоўга і не была прызнана ні нямецкім, ні расійскім урадамі. Але гэтая падзея паўплывала на далейшае вырашэнне пытання беларускай дзяржаўнасці, і ў 1919 годзе была ўтворана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка[4].
Жанр і структура тэксту
[правіць | правіць зыходнік]Тэкст Ігната Абдзіраловіча «Адвечным шляхам» ёсць мастацкім подле сваёй формы (метафарычнасць, значная колькасць эмацыйна-афарбаванай лексікі, апавядальная інтанацыя) і філосафічным подле зместу, што дазваляе вызначыць яго, з прыналежнасці да жанру, як філосафічнае эсэ[4].
Але, не зважаючы на мастацкасць і вобразнасць, тэкст мае досыць выразную структуру і складаецца з:
- Назвы — Адвечным шляхам
- Падзагалоўка — Даследзіны беларускага светагляду
- Эпіграфа прысвячэння — акрэсліваецца час узнікнення тэксту і яго кантэкст, а менавіта час пераацэнкі каштоўнасцей
- Сціслы ўступ
- Частка першая — Беларусь паміж Захадам і Усходам — прысвечаны беларускай ідэнтычнасці ў сістэме Захад — Усход. Прычым, Беларусь падаецца як граніца паміж Усходам і Захадам. Аўтар разглядае гісторыю ваганняў беларусаў паміж Усходам і Захадам і дае выразныя характарыстыкі абодвух. Мэтай раздзелу было акрэсліць тагачасную беларускую сітуацыю і сфармуляваць прычыны размытасці беларускай ідэнтычнасці
- Частка другая — Форма як механізм падпарадкавання — прысвечаны аналізу формы, якая выступае як сродак падпарадкавання беларускай культуры. Гісторыя Еўропы таксама бачна Абдзіраловічу як гісторыя ўсталявання тых ці іншых форм жыцця і іх заняпаду. Ён разважае над прычынамі трываласці мёртвых, неадпаведных жыццёвым патрэбам, форм і прапануе сваю ідэю ліючайся формы
- Частка трэцяя — Творчасць — аўтар назірае творчасць, як касмічную сілу і як жыццёвую падставу, а таксама акрэслівае патрэбу сацыяльнай творчасці. Абдзіраловіч аналізуе сучасныя яму палітычныя рухі ў кантэксце прынцыпу сацыяльнай творчасці і робіць выснову пра неадпаведнасць іх гэтаму прынцыпу
- Частка чацвертая — паўстае як абагульненне, у якім аўтар сцвярджае неадменнасць пошуку непрымусовых формаў жыцця дзеля здзяйснення ідэалу сацыяльнай творчасці і вырашэння праблемы беларускай ідэнтычнасці.
На пачатку кожнай з частак змешчаны асноўныя тэзісы.
Праблематыка твору
[правіць | правіць зыходнік]У філасофскім эсэ «Адвечным шляхам» аўтар раскрыў драматызм гістарычнага лёсу беларусаў, іх імкненне захаваць незалежнасць свайго духу. Галоўнай мэтай народа лічыў ён дзяржаўную незалежнасць, разглядаў яе як агульначалавечы ідэал. Адной з галоўных перашкод лічыў бюракратычную сістэму дзяржавы і дух «канцылярыі». Цывілізаваны шлях вырашэння грамадскіх праблем бачыў у вольнай творчасці, непрымусовых формах сацыяльнага аб’яднання людзей, у выбары «трэцяга, сялянска-рамесніцкага шляху вольных брацтваў і кааперацыі — паміж дзікім капіталізмам і тыранічным сацыялізмам».
Абдзіраловіч сцвярджаў, што
ваганьне паміж Захадам і Ўсходам і шчырая непрыхільнасьць ні да аднаго ні да другога зьяўляецца асноўнаю адзнакаю гісторыі беларускага народу |
. Прычым, на яго думку, беларускі народ не стварыў выразнай культуры з-за таго, што ў яго гісторыі была
вялікая трагедыя народнага духу, якую перажыць выпала толькі двум-тром эўрапейскім народам: Беларусь ад 10 веку і да гэтай пары фактычна зьяўляецца полем змаганьня двух кірункаў эўрапейскай, пэўна, — арыйскай, культуры — усходняга і заходняга… |
.[5]
Зноскі
- ↑ Сяргей Дубавец. Прадмова Архівавана 27 кастрычніка 2007. // Ігнат Абдзіраловіч. Адвечным шляхам. — Мінск: Навука і тэхніка, 1993. ISBN 5-343-01308-2
- ↑ Internet-версія кнігі: 4-е выданне: Ігнат Абдзіраловіч. Адвечным шляхам. Змест Архівавана 27 сакавіка 2008.// Беларуская Палічка. Дата доступу: 19 сакавіка 2010
- ↑ Ігнат Абдзіраловіч. Адвечным шляхам(недаступная спасылка). — Львоў: Парахвія Св. Кірылы Тураўскага Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, 2007. 21 с.
- ↑ а б Таццяна Слінка. Праблема Беларускай ідэнтычнасці ў тэксце Ігната Абдзіраловіча «Адвечным шляхам»(недаступная спасылка)
- ↑ Беларускія слоўнікі і энцыклапедыі
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Новік І. М. Тэмпаральная семантыка ў эсэ І. Абдзіраловіча «Адвечным шляхам» // Философские исследования. Сборник научных трудов. Выпуск 5. — Мн.: Беларуская навука, 2018. — С. 343—357.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]Адвечным шляхам у Вікікрыніцах |