Іньеры
Іньеры † (igneri, inyeri) | |
Каменная выява іньеры ў Гвадэлупе
| |
Агульная колькасць | |
---|---|
Рэгіёны пражывання | Малыя Антыльскія астравы |
Мова | іньеры |
Рэлігія | політэізм, шаманізм |
Блізкія этнічныя групы | таіна, лукая, гарыфуны |
Інье́ры (igneri, inyeri) † — індзейцы, аравакскае насельніцтва Малых Антыльскіх астравоў у 1 — сярэдзіне 2 тысячагоддзяў н. э.
Паходжанне
[правіць | правіць зыходнік]Назва іньеры паходзіць з мовы антыльскіх карыбаў, якія так называлі жаночую гаворку. У адрозненні ад мужчынскай мовы карыбаў, іньеры належыць да аравакскай групы моў. Меркавалася, што пры заваяванні Малых Антыльскіх астравоў мужчыны-карыбы бралі ў палон і жаніліся на прадстаўніцах аравакскага насельніцтва, што папярэднічала карыбам. Аднак асіміляцыя аравакаў не была поўнай, і жанчыны захоўвалі асобную мову, запазычаную ў продкаў.
У XX ст. археолагі перанеслі назву іньеры на ўсё аравакскае насельніцтва Малых Антыльскіх астравоў. У Пуэрта-Рыка іньеры называюць аравакаў, што папярэднічалі на гэтым востраве таіна. У наш час некаторыя даследчыкі абвяргаюць тое, што аравакі Малых Антылаў уяўлялі сабою адзіны народ і размаўлялі на адной мове, таму для іх адзіная назва ўсяго насельніцтва мае ўмоўны характар.
Археолагі атаясняюць іньеры з прадстаўнікамі саладоіднай і суазоіднай археалагічных культур. Саладоідная культура (ад назвы мястэчка ў Венесуэле, дзе былі знойдзены першыя керамічныя вырабы яе прадстаўнікоў) сфарміравалася да сярэдзіны 1 тысячагоддзя да н. э. у басейне ракі Арынока і пазней распаўсюдзілася на Антылы. Суазоідная археалагічная культура (ад назвы паселішча Саван-Суазі на Грэнадзе) — яе прамы прадаўжальнік. Яна ахоплівае першую палову 2 тысячагоддзя н. э., была распаўсюджана на Малых Антылах.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Перасяленне аравакаў на Малыя Антыльскія астравы суправаджалася вынішчэннем або асіміляцыяй больш прымітыўных індзейцаў-артароідаў (названы па найменню ракі на Трынідадзе, каля якой была знойдзена іх археалагічная культура), што жылі тут з 2 тысячагоддзя да н. э. Іньеры прынеслі з сабою навыкі мараплаўства, земляробства, вырабу керамікі.
Ужо ў IV - VI стст. іньеры занялі большую частку вострава Гаіці, дзе ў выніку перарвання кантактаў з суродзічамі з Малых Антылаў і Паўднёвай Амерыкі стварылі культуру таіна. На мяжы 1 і 2 тысячагоддзяў таіна пачалі перасяляцца з Гаіці на іншыя астравы. На Пуэрта-Рыка яны выціснулі папярэднікаў-іньеры.
Аднак галоўная небяспека для аравакаў Малых Антылаў ішла з поўдня, адкуль з тэрыторыі Гвіяны з пачатку 2 тысячагоддзя перасяляліся ваяўнічыя плямёны карыбаў. За некалькі стагоддзяў яны здолелі цалкам вынішчыць іньеры на малых астравах і авалодаць узбярэжжам большасці буйных Малых Антыльскіх астравоў. Да прыбыцця еўрапейцаў у канцы XV ст. карыбы рабілі напады на таіна Гаіці і Пуэрта-Рыка. Відавочна, апошнія іньеры загінулі або былі інтрадуцыраваны ў грамадства карыбаў ужо ў першыя стагоддзі еўрапейскай каланізацыі. Іх культура аказала значны ўплыў на заваёўнікаў. Гарыфуны, нашчадкі карыбаў Малых Антылаў, да нашых дзён размаўляюць на мове, якая паходзіць ад іньеры.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Saunders N.J., The Peoples of the Caribbean: An Encyclopedia of Archeology and Traditional Culture. - ABC-CLIO, 2005. P. 141
- The Oxford Handbook of Caribbean Archaeology / William F. Keegan, Corinne L. Hofman, Reniel Rodriguez Ramos. - OUP USA, 2013. P.65