Перайсці да зместу

Індыя (котка)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Індыя
англ.: India

Іншыя імёны: Вілі, Кіці, Вілард
Від: Felis silvestris catus
Парода: Амерыканская караткашэрсная
Пол: самка
Дата нараджэння: 13 ліпеня 1990(1990-07-13)
Месца нараджэння: ЗША
Дата смерці: 4 студзеня 2009(2009-01-04) (18 гадоў)
Месца смерці: Белы дом, Вашынгтон
Гаспадар: Лора Буш, Джордж Буш мал.

І́ндыя (англ.: India, іншыя мянушкі: Ві́лі — англ.: Willie, Кі́ці — англ.: Kitty[~ 1]; 13 ліпеня 1990 — 4 студзеня 2009) — чорная котка, якая належала 43-му прэзідэнту ЗША Джорджу Бушу малодшаму і першай лэдзі Лоры Буш. Жыла ў сям’і прэзідэнта Буша амаль два дзесяцігоддзі.

Сям’я Бушаў набыла Індыю, чорную амерыканскую караткашэрсную котку для двайнят Барбары і Джэны  (руск.) Буш, калі ім было па 9 гадоў. Калі сёстры адправіліся ў каледж, котка засталася з Лорай і Джорджам[1]. Лора Буш казала, што Індыя — яе любімы хатні гадунец[2].

У студзені 2001 года Індыя пераехала з тэхаскага губернатарскага асабняка ў Белы дом. Маладзейшага рудага шасціпальцага  (руск.) ката Эрні (англ.: Ernie), названага так у гонар Эрнэста Хэмінгуэя[3][~ 2], Буш з сабой не ўзяў, адправіўшы яго ў Брэнтвуд[4] сябрам сям’і[3], бо Эрні драпаў мэблю і Буш асцерагаўся за каштоўную абстаноўку Белага дома[5]. Індыі ж кіпцюры былі выдалены[6]. Параўноўваючы Эрні і Індыю, Буш казаў, што «у Эрні больш свабоднага духу»[~ 3], тым часам як Індыя — спакайнейшая котка[7].

У Індыі імя коткі шмат хто палічыў абразай. У 2001 годзе актывісты кіравальнай партыі БДП (Бхаратыя джаната парты) мітынгавалі побач з амерыканскім консульствам у Мумбаі з плакатам «Містар Прэзідэнт, не рабіце памылкі. Індыйцы — не коткі, індыйцы — ільвы»[~ 4], патрабуючы прыбраць котку з афіцыйнага сайта Белага дома[8]. Актывісты нацыяналістычнай партыі Баджранг-Дал у знак пратэсту назвалі Джорджам Бушам шчанюка, правядучы для гэтага адмысловую цырымонію называння, і заклікалі іншых таксама зваць сабак Бушам[9]. У Калькуце члены Федэрацыі студэнтаў Індыі  (англ.) мітынгавалі перад амерыканскім консульствам, дэманструючы белую котку з таблічкай «Буш»[10]. У ліпені 2004 года дэманстранты абвясцілі імя коткі абразай нацыі і ў знак пратэсту спалілі перад Керальскім заканадаўчым сходам пудзіла Буша[11]. Консульства ЗША ў Мумбаі апраўдвалася тым, што імя «Індыя», дадзенае чорнай котцы, было ўтворана ад «індыйскага чарніла» (тушы)[9][12].

Паводле дадзеных афіцыйнага сайта Белага дома, котка была названа не ў гонар краіны ці тушы, а ў гонар бейсбольнага гульца Рубена Сьера «Эль Індыя», у той час, калі ён гуляў у камандзе Тэхас Рэйнджэрс  (руск.), якая належала Бушу. Мянушка котцы была абрана дачкой Буша Барбарай[1]. Апроч імя Індыя ў коткі была і мянушка Вілі. Прадстаўнік прэс-службы Лоры Буш на пытанне, навошта котцы трэба другое імя, адказвала што «Гэта Тэхас, тут ва ўсіх ёсць мянушкі. Губернатар усім дае мянушкі, нават сваёй котцы»[~ 5][13]. Лора Буш тлумачыла, што котку клічуць Вілі, бо «імя „Індыя“ занадта складана паўтараць»[~ 6][14].

Барні  (руск.), міс Бізлі  (руск.) і Індыя ў Дзень Святога Валянціна у 2007 годзе.

Нягледзячы на тое, што Індыя жыла ў Белым доме ў прэзідэнцкай сям’і, яна ўвесь час знаходзілася ў цені больш вядомых шатландскіх тэр’ераў  (руск.) Барні і міс Бізлі. Хоць Індыя пад імем Вілі і здымалася ў некаторых фільмах з сабакам Барні[15], але іграла ў іх толькі другарадныя ролі. Падчас прэзідэнцтва Буша сабакі атрымвалі значна больш увагі прэсы[1]. Лора Буш казала, што котка жыве на верхнім паверсе, таму прэса і бачыць яе рэдка[16]. Прадстаўнікі прэс-службы Белага дома тлумачылі параўнальна малую колькасць фатаграфій Індыі тым, што яе вельмі складана злавіць для фатаграфавання, «амаль гэтак жа складана, як Лох-нэскую пачвару  (руск.)»[~ 7][17], і тым, што яна замкнута і не любіць знаходзіцца ў цэнтры ўвагі[~ 8][18].

Барбара і Лора Буш развітваюцца з коткай, адпраўляючыся ў Панаму пад канец лістапада 2008 года.

Сям’я Буша мела намер пакінуць Белы дом разам з жывёламі ў студзені 2009 года[19], але Індыя, не паспеўшы пераехаць, ціха[~ 9][20] памерла ў Белым доме 4 студзеня 2009 года ва ўзросце 18 гадоў[21][22]. У заяве да прэсы прэс-сакратар Лоры Буш Салі Мак-Донау адзначыла, што сям’я была глыбока засмучана смерцю коткі. У прэс-рэлізе было сказана, што «Індыя была любым сямейнікам Бушаў на працягу амаль двух дзесяцігоддзяў. Яе будзе вельмі бракаваць»[~ 10][23]. Неўзабаве пасля смерці коткі ў Белы дом заехаў Барак Абама і ўсе згадкі пра Індыю ў біяграфіі Буша на афіцыйным сайце Белага дома прыбралі[24].

Зноскі

  1. а б в Rick Dunham. Dogs overshadow death of Bush family's cat (англ.). The Houston Chronicle (6 студзеня 2009). Архівавана з першакрыніцы 6 красавіка 2012.
  2. Mrs. Bush's Remarks in a Question and Answer Session with Children at the Opening of America@your Library (англ.). Whitehouse.gov (6 чэрвеня 2007). Архівавана з першакрыніцы 6 красавіка 2012.
  3. а б Maureen Dowd. Liberties; Cats, Dogs and Grifters (англ.). The New York Times (24 студзеня 2001). Архівавана з першакрыніцы 6 красавіка 2012.
  4. Reuters News Service. Bush cat found tom-catting in L.A. (англ.)(недаступная спасылка). Deseret News (11 красавіка 2001).(недаступная спасылка)
  5. First Pets. A Chew Toy Away From the Presidency (англ.)(недаступная спасылка). Time (14 студзеня 2001). Архівавана з першакрыніцы 7 сакавіка 2008.
  6. The Truth About Cats & Dogs (англ.)(недаступная спасылка). The Washington Post (10 студзеня 2001). Архівавана з першакрыніцы 2 жніўня 2009.
  7. Stephen M. Silverman. White House Animal Tails (англ.). People (10 чэрвеня 1998). Архівавана з першакрыніцы 6 красавіка 2012.
  8. Protesters go after Bush's cat (англ.). Independent Online (20 ліпеня 2001). Архівавана з першакрыніцы 6 красавіка 2012.
  9. а б Hindus dog Bush over cat's name (англ.). Бі-бі-сі (24 ліпеня 2001). Архівавана з першакрыніцы 6 красавіка 2012.
  10. В Индии обиделись на кошку Буша. Русская служба Би-би-си (25 ліпеня 2001). Архівавана з першакрыніцы 6 красавіка 2012.
  11. Bush's cat India gets Indians enraged (англ.). Indo-Asian News Service (2 ліпеня 2004). Архівавана з першакрыніцы 6 красавіка 2012.
  12. Of Cats, Dogs And Thin Skins(англ.) // Tehelka. — 2005-05-24. — № 20.(недаступная спасылка)
  13. Massie Ritsch. Pet issues (англ.). Los Angeles Times (16 мая 2000). Архівавана з першакрыніцы 6 красавіка 2012.
  14. Traveling with Lady Laura. (англ.). Fort Worth Star-Telegram (25 лістапада 2003). Архівавана з першакрыніцы 6 красавіка 2012.
  15. Video: Bushs Barney is back! (ням.). GIGA (20 снежня 2004). Архівавана з першакрыніцы 6 красавіка 2012.
  16. Ask the White House (англ.). Whitehouse.gov (10 снежня 2003). Архівавана з першакрыніцы 6 красавіка 2012.
  17. Barney's Interactive Archives (англ.). Whitehouse.gov (23 жніўня 2004). Архівавана з першакрыніцы 6 красавіка 2012.
  18. Ask the White House (англ.). Whitehouse.gov (10 лютага 2004). Архівавана з першакрыніцы 6 красавіка 2012.
  19. Amy Argetsinger, Roxanne Roberts. It's a Wrap for Barney's Holiday Gift (англ.). The Washington Post (16 снежня 2008). Архівавана з першакрыніцы 6 красавіка 2012.
  20. Photo Essay of India ("Kitty") (англ.). Whitehouse.gov (5 студзеня 2009). Архівавана з першакрыніцы 6 красавіка 2012.
  21. Mark Knoller (2009-01-05). "Death Of A White House Underdog: The Cat". CBS News(англ.). Архівавана з арыгінала 23 студзеня 2009. Праверана 22 кастрычніка 2017.
  22. Gillman, Todd J. Bush family cat dies at White House (англ.)(недаступная спасылка). Dallas Morning News (5 студзеня 2009). Архівавана з першакрыніцы 24 мая 2011. Праверана 22 кастрычніка 2017.
  23. 'First Feline' India dead at 18 (англ.). United Press International (5 студзеня 2009). Архівавана з першакрыніцы 6 красавіка 2012.
  24. Al Kamen. Nothing but Time (англ.). The Washington Post (11 сакавіка 2009). Архівавана з першакрыніцы 6 красавіка 2012.
  1. Таксама называлася Вілардам (англ.: Willard) у артыкуле The Washington Post «It’s a Wrap for Barney’s Holiday Gift» і ў прэс-рэлізе на сайце Белага дома
  2. Хэмінгуэй быў гаспадаром шасціпальцых котак, і котак з полідактыліяй часам завуць «коткамі Хэмінгуэя» (англ.: Hemingway Cats). См. OUR CATS... (англ.). Ernest Hemingway Home & Museum. Архівавана з першакрыніцы 6 красавіка 2012., Franny Syufy. The Amazing Hemingway Cats. Many-Toed Polydactyl Cats (англ.). About.com. Архівавана з першакрыніцы 6 красавіка 2012.
  3. англ.: Ernie is more of a free spirit
  4. англ.: Mr President, don't make a mistake. Indians are lions not cats
  5. англ.: It's Texas. Everybody has a nickname, […] The governor gives everybody a nickname, even his cat.
  6. англ.: India […] also goes by Willie because India is too hard to repeat
  7. англ.: Willie is elusive and far harder to capture on film (kind of like the Loch Ness monster).
  8. англ.: The cat is very private and avoids the limelight.
  9. англ.: peacefully
  10. англ.: India was a beloved member of the Bush family for almost two decades. She will be greatly missed.