Івянецкае ўзвышша
Івянецкае ўзвышша | |
---|---|
Каардынаты: 53°51′ пн. ш. 27°04′ у. д.HGЯO | |
Размяшчэнне | Беларусь |
Вышыня над узроўнем мора | 345 м |
Івянецкае ўзвышша — паўднёва-заходняя частка Мінскага ўзвышша, размешчана на ўсходзе Валожынскага і поўначы Дзяржынскага раёнаў Мінскай вобласці. Мяжуе на захадзе з Верхнянёманскай нізінай, на поўдні — са Стаўбцоўскай раўнінай, на поўначы і ўсходзе з Мінскім узвышшам. Вышыня 210—280 м, найбольшая 345 м (Дзяржынская гара, найвышэйшы пункт Беларусі).
Тэрыторыя прымеркавана да Валожынскага грабена Беларускай антэклізы. Геалагічная аснова складзена з сярэднедэвонскіх пясчана-гліністых адкладаў (з праслойкамі даламіту, мергелю, гіпсу) і верхнемелавой мергельнай тоўшчы. Антрапагенавыя адклады магутнасцю больш за 150 м.
Паводле ўмоў фарміравання рэльефу ўзвышша ўяўляе сабой лёдападзельны масіў. Дугападобныя грады, што разыходзяцца на паўднёвы захад і ўсход, звязваюць яго з Навагрудскім і Аршанскім узвышшамі. Грады адмяжоўваюць прылеглыя нізіны, чым таксама падкрэсліваецца міжлопасцевае размяшчэнне тэрыторыі з характэрнай масіўна-ўзгорыстай паверхняй.
Выраўнаваная хвалістая паверхня, ускладненая невысокімі ўзгоркамі — камамі (адносныя перавышэнні 5—20 м) і буйнымі астраўнымі канцова-марэннымі ўзгоркамі. Фарміравалася ў зоне акумуляцыі сожскага ледавіка, пасля адступлення якога значна зменена эразійна-дэнудацыйнымі працэсамі. Асабліва моцна былі размыты прыдалінныя участкі водападзельных прастораў. Некаторыя глыбока ўрэзаныя лагчыны занятыя далінамі невялікіх прытокаў Іслачы і Пцічы. Прыдалінныя схілы ўзвышша стромкія (10—25°), астатнія спадзістыя, паступова пераходзяць у водна-ледавіковую раўніну.
Глебы дзярнова-падзолістыя супясчаныя, радзей сугліністыя, месцамі эрадзіраваныя. Участкі лясоў (хваёвыя, дубовыя, яловыя). Ёсць сухадольныя лугі. Пад ворнымі землямі каля 60 % тэрыторыі.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Комаровский М. Е. Минская и Ошмянская возвышенности. — Минск: Институт геологических наук НАН Беларуси, 1995. — 128 с. — ISBN 985-6117-14-3 (руск.)
- Яцухна В. М. Івянецкае ўзвышша // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 7. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7).