Смаржок
Смаржок | |
Круглы смаржок (2015 год) | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Надцарства | Эўкарыёты |
Царства | Грыбы |
Падцарства | Найвышэйшыя грыбы |
Тып | Сумчатыя грыбы |
Кляса | Аскавыя (торбачкавыя)[1] |
Атрад | Пэціцальныя (сподачнікападобныя) |
Сямейства | Смаржковыя |
Від | |
Бінамінальная намэнклятура | |
Morchella Хрысьціян Пэрсан | |
Смаржок[2] — род сумчатых грыбоў-дыскаміцэтаў.
Сапратрофы на глебе ў лясах, на ўзьлесках, высечках і палянах. Вясновыя грыбы, што пладаносяць у красавіку—траўні. Умоўна ядомыя грыбы, што спажываюць пасьля адварваньня і паўгадовай сушкі. Сярод 15 відаў у Беларусі трапляліся круглы (звычайны, ядомы) і стажкаваты (канічны) смаржкі[3]. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўночнага паўшар’я і ў Аўстраліі[4]. Іншыя назвы: змаршчок, страчок, вясёлка (весялок, асялок), грыбаў цьвет (глузд)[5], смаршчок і храпач[6].
Выгляд
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пладовае цела смаржка шапкавае. Сеткава-ячэістая шапка пустая ўнутры, а ўнізе прырослая да ножкі. У круглага смаржка шара- або яйцападобная шапка жаўтавата-бураватага або шэра-вохрыстага адценьня з акруглымі ячэйкамі. Стажкаваты смаржок мае выцягнутую, доўгую шапку шакалядна-карычневага адценьня завостраную на верхавінцы з прадаўгаватымі ячэйкамі. Роўная або часам патоўшчаная ля асновы ножка пустая белага або жаўтаватага адценьня. Выцягнута-авальныя, 8-споравыя сумкі знаходзяцца ў ячэйках. Эліпсоідныя, гладкія споры бясколерныя[3]. Ножка мае вышыню 6—15 см і шырыню 2—3 см[4].
Віды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Круглы смаржок. Яйка- або куляватая, пустая шапачка жаўтлява-рудзявага ці шэра-рудога адценьня прамерам 4—8 см з прырослым да ножкі краем і няправільна акругленымі ячэйкамі. Тонкая, далікатная, крохкая мякаць бялявага адценьня з прыемным смакам без асаблівага паху. Цыліндрычная, тонкая, пустая і гладкая ножка бялявага або зьлёгку рудзявага адценьня вышынёй 4—8 см і таўшчынёй 1—2 см. Эліпсоідныя, гладкія зярліцы жаўтлявага адценьня памерам 18—20х10—12 мкм[7].
- Стажкаваты смаржок. Падоўжана-канічная або вузка-яйкаватая, пустая шапачка карычневага адценьня прамерам 1,5—3 см з прырослым да ножкі краем, укрытая вузкімі падоўжанымі ячэйкамі. Тонкая, далікатная, крохкая мякаць грыба бялявага адценьня без асаблівага паху і смаку. Цыліндрычная, пустая ножка грыба жаўтлявага адценьня вышынёй 2—4 см і таўшчынёй 1—1,5 см. Эліпсоідныя, гладкія зярліцы амаль бясколерныя памерам 18—20х12х14 мкм у парашку становяцца жаўтлявыя[7].
Спажываньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Перад ужываньнем смаржкі адварваюць прынамсі 15 хвілінаў у трохкратным аб'ёме вады, бо ў сырым выглядзе грыбы ўтрымліваюць атрутныя гітрамітрыны. Адвар зьліваюць, а грыбы прамываюць. Есьці іх можна праз 3 месяцы пасьля сушкі. Таксама іх замарожваюць, смажаць і тушаць. Смаржкі ўтрымліваюць вітаміны Д і Д2 (эргакальцыфэрол), а таксама вітаміны групы Б. Ужываньне смаржкоў папярэджвае памутненьне крышталіка вока і мацуе вокавыя цягліцы. Адвар з папярэдне апрацаваных смаржкоў спрыяе працы стаўнікава-кішачнага тракту. Настой з шапачак смаржкоў выкарыстоўваюць пры рэўматызьме[8].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Галіна Сяржаніна. Аскавыя (торбачкавыя) грыбы (ключ 2) // Грыбы і грыбная кулінарыя. — Менск: Беларуская асацыяцыя кулінараў, 2005. — С. 59. — 392+50 с. — ISBN 985-6081-34-3
- ^ Іван Яшкін, Галіна Сяржаніна. Беларускія назвы грыбоў // Грыбы і грыбная кулінарыя: энцыкл. даведнік. — Менск: Беларуская асацыяцыя кулінараў, 2005. — С. 371. — 392+50 с. — ISBN 985-6081-34-3
- ^ а б Галіна Сяржаніна. Смаржок // Энцыкляпэдыя прыроды Беларусі ў 5 тамах / гал.рэд. Іван Шамякін, маст. Аляксандар Шэвераў. — Менск: Беларуская савецкая энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1986. — Т. 5. Стаўраструм — Яшчур. — С. 552. — 583 с. — 10 000 ас.
- ^ а б Смаржок // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 15: Следавікі — Трыо. — С. 51. — 552 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0251-2
- ^ Іван Яшкін. З аналізу народнай грыбной намэнклятуры і лінгвагеаграфічных матэрыялаў // Грыбы і грыбная кулінарыя: энцыкл. даведнік / адказн. В.М. Радзевіч, дызайн Г.І. Саскавец. — Менск: Беларуская асацыяцыя кулінараў, 2005. — С. 38—39. — 392+50 с. — 1000 ас. — ISBN 985-6081-34-3
- ^ Язэп Троська. сморчек — Morchella Dill. — смаршчок, асялок, храпач // Слоўнік лясных тэрмінаў / рэд. Якуб Шамоль, Амбросій Хацяновіч, Часлаў Бялюнас і Пётар Санько. — Менск: Інбелкульт, 1926. — 80 с. — (Беларуская навуковая тэрміналёгія).
- ^ а б Галіна Сяржаніна. Аскавыя (торбачкавыя) грыбы (ключ 2) // Грыбы і грыбная кулінарыя. — Менск: Беларуская асацыяцыя кулінараў, 2005. — С. 61. — 392+50 с. — ISBN 985-6081-34-3
- ^ Юлія Ваўчок. Што шукаць у лесе // Партал «Слушна», 21 верасьня 2022 г. Праверана 23 ліпеня 2023 г.
Гэта — накід артыкула па біялёгіі. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |