Перайсьці да зьместу

Вэрнэр Сымэнс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вэрнэр Сымэнс
ням. Ernst Werner Siemens
Дата нараджэньня 13 сьнежня 1816(1816-12-13)[1][2][3][…]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 6 сьнежня 1892(1892-12-06)[1][2][3] (75 гадоў)
Месца сьмерці
Прычына сьмерці пнэўманія
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак прадпрымальнік, вайсковы інжынэр, вынаходнік, інжынэр, палітык, інжынер чыгуначных шляхоў
Навуковая сфэра супор
Месца працы «Сымэнс і Гальске»(en) (Бэрлін; 1847—1890)
Вядомы як Вынаходнік удасканаленага тэлеграфа, электрычнага ліфта
Сябра ў Пруская акадэмія навук[d], Пецярбурская акадэмія навук[d], Нямецкая акадэмія навук Леапальдына[d], Расейская акадэмія навук, Асацыяцыя нямецкіх інжынераў[d][5], Нямецкае фізычнае таварыства[d][5], Нямецкае хімічнае таварыства[d][5], Інстытут інжынераў-электрыкаў[d][5], Уранія[d][5], Манчэстэрскае літаратурна-філасофскае таварыства[d][5], Інстытут цывільных інжынераў[d][5] і Амерыканскі інстытут інжынераў-электрыкаў[d][5]
Навуковы кіраўнік Густаў Магнус(de) (1802—1870)
Бацька Christian Ferdinand Siemens[d][5][6]
Дзеці Arnold von Siemens[d][5], Georg Wilhelm von Siemens[d][5], Anna Zanders[d][5], Carl Friedrich von Siemens[d][5] і Käthe Pietschker[d][5]
Узнагароды
Сайт siemens.com
Подпіс Выява аўтографу

Эрнст Вэ́рнэр Сы́мэнс (ням. Зімэнс; 1816, в. Лентэ, цяпер у г. Гэрдэн(de), Гановэрская вобласьць(de), зямля Ніжняя Саксонія, Нямеччына — 1892, Бэрлін, цяпер Нямеччына) — нямецкі інжынэр-электратэхнік і вынаходнік-прамысловец 19-га ст. Сябар Прускай акадэміі навук (1874), чалец-карэспандэнт Пецярбурскай акадэміі навук (1882). У 1847 г. атрымаў патэнт на ўдасканалены тэлеграф, для якога вынайшаў бясшоўную гутаперчавую(en) абалонку дрота. Вынаходзтва засьцерагала кабэль ад вільгаці пры пракладцы пад вадой, што дазволіла ў 1868—1870 гг. працягнуць тэлеграфную лінію зь Лёндана (Ангельшчына) ў Калькуту (Брытанская Індыя; цяпер Індыя) даўжынёй звыш 11 тыс. км ды па дне Міжземнага мора. У 1853—1856 гг., падчас Крымскай вайны, праклаў тэлеграфную лінію ў Расейскай імпэрыі ад Пецярбурга да Севастопаля (Таўрыйская губэрня; цяпер Крым, Украіна)[7]. Кіраваў стварэньнем першай трамвайнай лініі на прамысловай выставе ў Бэрліне 1879 году. Займаўся распрацоўкамі ў галіне моцнатокавай электратэхнікі (электрычнай асьвятленьне, трамвай, электрастанцыя). Стварыў іртутны эталён супраціўленьня (ом) і сэленавы фатомэтар(en). Заснаваў электратэхнічны канцэрн «Сымэнс і Гальске». Яго імя атрымала адзінка электраправоднасьці — сымэнс[8].

Нарадзіўся ў сям'і землеарандатара Крысьціяна-Фэрдынанда Сымэнса(de) (1787—1840) і Элеаноры-Генрыеты Дайхман (1792—1839). Быў старэйшым сынам і 4-м з 14 дзяцей. Меў 4 малодшых братоў. У 1823 г. пераехаў з бацькамі ў маёнтак Мэнцэндорф(de) (Вялікае княства Мэкленбург-Швэрын(de), Нямецкі Саюз; цяпер зямля Мэкленбург — Пярэдняя Памяранія, Нямеччына). Год адвучыўся ў гарадзкой школе(sk) Шонбэрга(de) (В.к. Мэкленбург-Швэрын; цяпер зямля Мэкленбург — Пярэдняя Памяранія). Затым 3 гады браў хатнія ўрокі ў настаўніка. У 1834 г. у Любэку (Нямецкі Саюз; цяпер зямля Шлезьвіг-Гальштайн, Нямеччына) скончыў 3 клясы гімназіі Катарынэюм(de). Увосень 1835 г. паступіў курсантам у Артылерыйска-інжынэрную школу(de) Прускай ваеннай акадэміі (Бэрлін) на прапанову кіраўніка Інжынэрнага корпуса генэрала Густава Раўха(de) (1774—1841). У 1838 г. скончыў навучаньне ў званьне артылерыйскага лейтэнанта і паступіў на вайсковую службу ў Магдэбург (правінцыя Саксонія, Каралеўства Прусія, Нямецкі Саюз; цяпер зямля Саксонія-Ангальт, Нямеччына). Пазьней атрымаў накіраваньне ў гарнізон Вітэнбэрга (правінцыя Саксонія; зямля Саксонія-Ангальт), дзе за сэкунданцтва на дуэлі атрымаў 5 гадоў зьняволеньня. У турэмнай цытадэлі Магдэбурга(de) пачаў першыя досьледы з пастаянным токам ад батарэі, у ходзе якіх у 1841 г. распрацаваў гальванізаваньне(en) золатам і срэбрам[7]. У 1842 г. атрымаў памілаваньне і ўладкаваўся на працу ў гарматню ў Бэрліне. У 1843 г. у Лёндане прадаў ангельскаму ювэліру Джорджу Элкінгтана(en) правы на сваё першае вынаходзтва гальванізаваньня каштоўнымі мэталамі. У 1844 г. паслаў 20-гадовага брата Карла-Вільгельма(de) ў Ангельшчыну для ўкараненьня сваіх распрацовак.

Пры канцы 1846 г. удасканаліў тэлеграф іголкай для ўказаньня слушнай літары замест азбукі Морзэ. У пачатку 1847 г. вынайшаў бясшоўную гутаперчавую(en) абалонку для дрота, якая засьцерагала кабэль ад вільгаці пры пракладцы пад вадой[7]. 1 кастрычніка 1847 г. у Бэрліне сумесна з мэханікам Ёганам Гальске(de) (1814—1890) заснаваў тэлеграфна-будаўнічае прадпрыемства «Сымэнс і Гальске»(en). 12 кастрычніка адчынілі ўласную майстэрню на грошы стрыечнага брата Ёгана Сымэнса(de) (1805—1879), які працаваў судовым дарадцам і пазычыў 6842,2 прускіх(en) талераў за атрыманьне 20% прыбыткаў цягам наступных 6 гадоў. У 1848 г., на пачатку 1-й Шлезвігскай вайны(en), вынайшаў для абароны порта Кіля марскія міны з электрычным прывядзеньнем у дзеяньне на адлегласьці.

Узімку з 1848 на 1849 г. «Сымэнс і Гальске» пабудавала першую ў Нямеччыне тэлеграфную лінію з Бэрліна ў Франкфурт-на-Майне (цяпер зямля Гэсэн, Нямеччына), дзе тым часам засядаў Нацыянальны сход(de). У выніку прускі кароль Фрыдрых Вільгельм IV за тыдзень да прыезду ў Бэрлін імпэратарскага пасольства Нац.сходу даведаўся аб прывезенай яму прапанове стаць нямецкім імпэратарам. У 1852 г. «Сымэнс і Гальске» ўдалося атрымаць кантракт на будаўніцтва тэлеграфных лініяў ад Пецярбурга (Расейская імпэрыя) да Варшавы (Царства Польскае; цяпер Польшча) і Масквы. У 1853—1856 гг., падчас Крымскай вайны, праклаў тэлеграфную лінію ў Расейскай імпэрыі ад Пецярбурга да Севастопаля (Таўрыйская губэрня; цяпер Крым, Украіна)[7]. Таксама пры дапамозе брата Карла Сымэнса(de) (1829—1906), які з 1853 г. загадваў прадстаўніцтвам «Сымэнс і Гальске» ў Пецярбургу, ажыцьцявілі пракладку тэлеграфных лініяў ад расейскай сталіцы ў Гэльсынгфорс (Вялікае княства Фінляндзкае; цяпер Фінляндыя), Кранштат, Рыгу і Рэвель (Эстляндзкая губэрня, цяпер Эстонія). У 1863—1866 гг. уваходзіў у Прускую Палату дэпутатаў(de) ад Нямецкай партыі прагрэсу(de), сузаснавальнікам якой зьяўляўся. У 1867 г. атрымаў на Сусьветнай выставе ў Парыжы ордэн Ганаровага легіёну. У 1868—1870 гг. кіраваў пракладкай тэлеграфнай лініі зь Лёндана (Ангельшчына) ў Калькуту (Брытанская Індыя; цяпер Індыя) даўжынёй звыш 11 тыс. км[8]. У 1880 г. пабудаваў першы ў сьвеце электрычны ліфт. У 1888 г. атрымаў шляхецтва. У 1890 г. сышоў у адстаўку з «Сымэнс» за 2 гады да сьмерці.

У 1852 г. ажаніўся з Матыльдай Дзюман, ад якой меў 2 сыноў: Арнольда Сымэнса(de) (1853—1918) і Георга-Вільгельма Сымэнса(de) (1855—1919). Аўдавеў у 1867 годзе.

У 1869 г. ажаніўся з Антоніяй Сымэнс (1840—1900), ад якой меў сына Карла-Фрыдрыха Сымэнса(de) (1872—1941) і дачку Гэрту (1870—1939).

  1. ^ а б Werner von Siemens // Encyclopædia Britannica (анг.)
  2. ^ а б Ernst Werner Siemens // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
  3. ^ а б Werner von Siemens // Roglo — 1997.
  4. ^ а б Deutsche Nationalbibliothek Record #118614088 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
  5. ^ а б в г д е ё ж з і к л м н Deutsche Biographie (ням.)München BSB, Historische Kommission bei der Bayerischen Akademie der Wissenschaften, 2001.
  6. ^ Biographisches Lexikon der Münzmeister und Wardeine, Stempelschneider und Medailleure
  7. ^ а б в г Дзьве даты // Зьвязда : газэта. — 13 сьнежня 2011. — № 237 (27101). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  8. ^ а б Сіменс Эрнст Вернер // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 14. — С. 386. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0238-5