Барысаў
Барысаў лац. Barysaŭ | |||||
Новае Места | |||||
| |||||
Першыя згадкі: | 1102 | ||||
Магдэбурскае права: | 1563 | ||||
Краіна: | Беларусь | ||||
Вобласьць: | Менская | ||||
Раён: | Барысаўскі | ||||
Плошча: | 45,97 км² | ||||
Вышыня: | 169 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва (2018) | |||||
колькасьць: | 143 051 чал.[1] | ||||
шчыльнасьць: | 3111,83 чал./км² | ||||
Часавы пас: | UTC+3 | ||||
Тэлефонны код: | +375 177 | ||||
Паштовы індэкс: | 222120 | ||||
СААТА: | 6208501000 | ||||
Нумарны знак: | 5 | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 54°13′27.44″ пн. ш. 28°30′43.13″ у. д. / 54.2242889° пн. ш. 28.5119806° у. д.Каардынаты: 54°13′27.44″ пн. ш. 28°30′43.13″ у. д. / 54.2242889° пн. ш. 28.5119806° у. д. | ||||
± Барысаў | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Бары́саў — места ў Беларусі, на рацэ Бярэзіне. Адміністрацыйны цэнтар Барысаўскага раёну Менскай вобласьці. Плошча 46 км². Насельніцтва на 2018 год — 143 051 чалавек[1]. Знаходзіцца за 71 км на паўночны ўсход ад Менску, на аўтамабільнай дарозе Менск — Ворша. Чыгуначная станцыя на лініі Менск — Ворша. Буйны прамысловы і культурны цэнтар краіны.
Барысаў — магдэбурскае места на мяжы гістарычных Меншчыны і Аршаншчыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Да нашага часу тут захаваліся збудаваныя ў стылі клясыцызму касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі і скарбніца, помнікі архітэктуры пачатку XIX ст.
Назва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Тапонім Барысаў утварыўся ад імя полацкага князя Рагвалода-Барыса Ўсяславіча, пра што сьведчыць аснова (Барыс) і фармант (аў)[2].
Варыянт лацінскага напісаньня назвы места на мапах 1695, 1740-х, 1770[3] і 1780[4] гадоў — Borysou.
Дзеля адрозьненьне ад Барысаваў на Русі і Масковіі часам насіў дадатковае азначэньне — Барысаў Літоўскі[5].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Асноўны артыкул: Гісторыя Барысава
Раньнія часы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле зьвестак В. Тацішчава[6] паселішча заснаваў князь полацкі Рагвалод-Барыс у 1102 годзе (згодна зь іншымі зьвесткамі — князь кіеўскі Яраслаў Мудры у 1032 годзе)[7].
Старажытнае гарадзішча месьцілася на левым беразе ракі Бярэзіны. Тым часам найбольш стары пісьмовы ўпамін пра Барысаў як горад Полацкага княства зьмяшчаецца ў Лаўрэнцеўскім летапісе і датуецца 1127 годам.
Вялікае Княства Літоўскае
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У XIII—XIV стагодзьдзях у Барысаве будаваўся замак, прыкладна ў той жа час места далучылася да Вялікага Княства Літоўскага. У другой[8] палове XIV ст., імаверна, адбыўся перанос Барысава зь першапачатковага месца (цяпер — гарадзішча ў вёсцы Старабарысаў) на новае, за 4 км ніжэй плыньню Бярэзіны. Новы драўляны замак збудавалі на высьпе ў абалоне ракі, налева ад яе галоўнага рэчышча, прыблізна за 1,5 км на паўночны захад ад сучаснага аўтамабільнага моста. У канцы XIV ст. Барысаў разам з навакольнай воласьцю падпарадкоўваўся беспасярэдне вялікаму князю Вітаўту, які ў 1396 годзе выдаў «борысовцам» адмысловы прывілей, дзе вызначаў парадак прыёмкі і ўліку мядовай даніны. У Сьпісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх (канец XIV ст.) Барысаў значыцца сярод «літоўскіх» замкаў.
У 1413 годзе Барысаў стаў цэнтрам воласьці Віленскага ваяводзтва. У вайну з Маскоўскай дзяржавай (1500—1503) у 1500 годзе тут знаходзілася стаўка вялікага князя Аляксандра, а ў наступную вайну з Масковіяй (1512—1522) у 1514 годзе — месца збору войскаў Вялікага Княства Літоўскага (у Барысаве знаходзілася стаўка вялікага князя Жыгімонта Старога). 27 жніўня 1514 году году Канстантын Астроскі разьбіў каля места перадавыя аддзелы маскоўскіх захопнікаў[8].
У 1563 годзе кароль і вялікі князь Жыгімонт Аўгуст надаў Барысаву Магдэбурскае права, а 10 жніўня 1565 году — мескі герб: «у белым (срэбраным) полі меская брама а дзьвюх вежах, над якой зьмяшчалася выява Сьвятога Пятра з ключом у правай руцэ»[9]. У 1569 годзе Барысаў як цэнтар староства перайшоў зь Менскага павету Менскага ваяводзтва ў Аршанскі павет Віцебскага ваяводзтва. Маёнтак знаходзіўся ў валоданьні Агінскіх, пазьней Радзівілаў. 13 верасьня 1642 году барысаўскі староста А. Казаноўскі фундаваў у месьце першы касьцёл.
Захавалася сьведчаньне азначэньня жыхароў Барысава ліцьвінамі: «Степанка Борисов… в роспросе сказал: родом де он литвин[a], родился в Белой Руси в Борисове городе… а отец де у него жив в Литве» (1621 год)[12].
З пачаткам вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) 19 чэрвеня 1655 году маскоўскія войскі захапілі і спалілі Барысаў. Увосень 1657 году партызанскі аддзел Багровіча колькасьцю 400—500 чалавек спрабаваў выгнаць акупантаў, аднак места атрымалася вызваліць толькі 9 ліпеня 1662 году. На 1670 год у Барысаве было 104 дымы, дзеялі касьцёл і 4 царквы, працаваў заезны двор. Існавалі вуліцы Замкавая, Полацкая, Бярэзінская, Млынавая, Маставая, Аршанская, Забалоцкая і інш. У 1680 годзе ў месьце было 382 будынкі, Рынак і 9 вуліцаў[13].
На 1732 год у Барысаве было 9 вуліцаў, на 1764 год — 230 будынкаў[8]. 14 чэрвеня 1792 году кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі пацьвердзіў мескі герб: «у срэбным полі брама, паміж дзьвюма вежамі над брамай постаць сьвятога Пётры з двума ключамі ў руцэ»[14].
-
Панарама, каля 1650 г.
-
Іканастас у Васкрасенскай царкве, каля 1650 г.
-
Праект дабудовы званіцы да Андрэеўскай царквы, XIX ст.
-
Прысутныя месцы, 1817 г.
-
Бярэзіна. Ф. Рушчыц, 1899 г.
-
Старабарысаў. Я. Лёсік, 1926 г.
Пад уладай Расейскай імпэрыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Барысаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, дзе з 1795 году стаў цэнтрам павету Менскай губэрні. У вайну 1812 году ў канцы чэрвеня места занялі францускія войскі, аднак 26—29 лістапада каля Барысава расейскія войскі нанесьлі ім значную паразу ў часе пераправы цераз раку Бярэзіну. На 1825 год у месьце было 319 будынкаў (зь іх 1 мураваны), на 1854 год — 600 будынкаў, дзеялі касьцёл, 2 царквы, сынагога і 5 малітоўных дамоў, працавалі 70 крамаў.
У час нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 гадоў у ваколіцах Барысава дзеяла некалькі партызанскіх аддзелаў пад камандай Антона Трусава (у яго гонар атрымала назву адна з вуліцаў места), Бэнэдыкта Дыбоўскага і Канстантына Жэброўскага ды іншых.
На 1863 год у Барысаве быў 601 жылы дом, дзеялі касьцёл, 2 царквы, 8 сынагогаў і малітоўных дамоў, працавалі 70 крамаў, 5 гарбарных, піваварны і цагельны заводы. У 1871 годзе праз Барысаў прайшла Маскоўска-Берасьцейская чыгунка; на правым беразе Бярэзіны ўзьнікла чыгуначная станцыя, а пры ёй — паселішча Новабарысаў, злучанае з старым местам драўляным мостам. На 1878 год — 1188 будынкаў (зь іх 5 мураваных), дзеялі 2 царквы (1 мураваная), касьцёл (мураваны) і сынагога, працавалі расейскія павятовая і прыходзкая вучэльні, 2 піваварных і лесапільны заводы, 5 корчмаў. Паводле вынікаў перапісу 1897 году, працавалі паштова-тэлеграфная кантора, 2 лякарні, меская вучэльня, жаночы пансіён, 215 крамаў, 9 заводаў.
У 1900 годзе ў склад Барысава ўвайшоў Новы Барысаў (афіцыйна — пасад Нова-Барысаў). У 1901 і 1910 гадох места моцна пацярпела ад пажараў. На 1904 год тут было 27 вуліцаў і завулкаў, 2 пляцы, 1868 жылых дамоў (зь іх 73 мураваныя), 244 газавыя ліхтары, 11 фабрык і заводаў, 59 рамесных майстэрняў, банк, 2 натарыяльныя канторы, паштова-тэлеграфная кантора, 6 заезных двароў, 11 корчмаў і харчэўняў, 10 гасьцініцаў, 2 друкарні, бібліятэка-чытальня, чытальня, 8 школаў (17 настаўнікаў, 404 вучні), 2 лякарні, 2 аптэкі і 5 аптэных магазынаў. Штогод праводзіліся 4 кірмашы. На 1910 год у Барысаве было больш за 1520 двароў, 32 прамысловыя прадпрыемствы, зь іх найбольшыя — запалкавыя фабрыкі «Вікторыя» і «Бярэзіна», 2 лесапільныя заводы, гута, вінакурня, паперня «Папірус», паравы млын, працавалі 112 крамаў, ніжэйшая лясная школа, мужчынская гімназія, жаночая прагімназія, мэтэастанцыя.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Барысаў занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
Найноўшы час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Барысаў абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Тут утварылася Беларуская рада, прызначылі павятовага старшыню БНР, а жыхары места атрымалі Пасьведчаньні Народнага Сакратарыяту БНР[15]. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Барысаў увайшоў у склад Беларускай ССР[16]. У красавіку 1919 году тут адбылося антысавецкае паўстаньне. Зь верасьня 1919 да 25 траўня 1920 году места займалі войскі Польскай Рэспублікі. 17 ліпеня 1924 году Барысаў стаў цэнтрам раёну. У 1925 годзе ў месьце працавалі 5 лесапільных і фанэрных заводаў, запалкавая і папяровая фабрыкі, шклозавод і іншыя прадпрыемствы. 7—9 красавіка 1932 году ў Барысаве адбыўся галодны бунт, выкліканы савецкай харчовай палітыкай. 27 верасьня 1938 году Барысаў атрымаў афіцыйны статус гораду абласнога падпарадкаваньня. На 1939 год тут працавала каля 40 прамысловых прадпрыемстваў, 3 сярэднія спэцыяльныя навучальныя ўстановы, 10 агульнаадукацыйных сярэдніх школаў, 11 дашкольных установаў, 2 лякарні, паліклініка, 2 кінатэатры, тэатар, 31 бібліятэка.
У Другую сусьветную вайну з 2 ліпеня 1941 да 1 ліпеня 1944 году Барысаў знаходзіўся пад акупацыяй Трэцяга Райху. У баях супраць 18 танкавай гітлераўскай дывізіі у чэрвені — ліпені 1941 году бралі ўдзел Зводная дывізія Грышына, 1-я Маскоўская дывізія Крэйзера, асобныя часткі НКВД па ахове чыгункі, ўмацаваныя бронецягнікамі. У ліпені 1944 году пры штурме места адзначылася каманда з трох танкаў Т-34, два зь якіх прабіліся на правы бераг Бярэзіны, але хутка былі зьнішчаныя.
У XX ст. межы Барысава пашырыліся за кошт улучэньня ў склад места вёсак і хутароў Лядзішчаў, Печаў, Цагельні, Разувы.
16 жніўня 2020 году ў Барысаве прайшоў Марш за свабоду.
-
Завулак Газэтны. Царква Сьвятога Андрэя, 1914 г.
-
Кальварыя. Капліца
-
Рог вуліцаў Віленскай і Савуцінскай, да 1918 г.
-
Рог вуліцаў Полацкай і Палынскай, 1907 г.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- XVI стагодзьдзе: каля 1600 году — 2—3 тыс. чал.[8]
- XVIII стагодзьдзе: 1795 год — 1600 чал.
- XIX стагодзьдзе: 1825 год — 2188 чал.[13]; 1863 год — 5876 чал.[7]; 1878 год — 15,1 тыс. чал.; 1880 год — 15 097 чал. (7342 муж. і 7755 жан.), зь іх 961 каталік[17]; 1887 год — 17 737 чал., у тым ліку 6264 праваслаўных і 10 300 юдэяў[18]; 1897 год — 15 063 чал., зь іх 41,7% пісьменныя[7].
- XX стагодзьдзе: 1904 год — каля 17 тыс. чал.[19]; 1907 год — 18 055 чал.[20]; 1909 год — каля 19 тыс. чал.[21]; 1910 год — каля 19 тыс. чал.[22]; 1917 год — 23 981 чал.; 1939 год — 49 108 чал.[23][24]; 1959 год — 59 280 чал.; 1969 год — 77 тыс. чал.[25]; 1970 год — 84 тыс. чал.[24]; 1989 год — 150 тыс. чал.[26]; 1991 год — 150,2 тыс. чал.; 1992 год — 150 тыс. чал.[7]; 1995 год — 154,8 тыс. чал.[27]; 1997 год — 154,3 тыс. чал.
- XXI стагодзьдзе: 2005 год — 162,7 тыс. чал.; 2006 год — 165,9 тыс. чал.; 2007 год — 169,7 тыс. чал.; 2009 год — 174,1 тыс. чал. (разам зь вёскамі Пчэльнік, Старабаруса, Вуглы); 2009 год — 147 381 чал.[28]; 2016 год — 143 919 чал.[29]; 2017 год — 143 287 чал.[30]; 2018 год — 143 051 чал.[1]
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У Барысаве працуюць філія Інстытуту кіраваньня і прадпрымальніцтва, 3 сярэднія спэцыяльныя навучальныя ўстановы, 3 прафтэхвучэльні, політэхнічны ліцэй, 2 гімназіі (1 гімназія пераназваная ў сярэднюю школу), 24 сярэднія, музычная, мастацкая і харэаграфічная школы.
Мэдыцына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мэдычнае абслугоўваньне насельніцтва ажыцьцяўляюць 4 лякарні, 7 паліклінікаў, 3 дыспансэры, станцыя пераліваньня крыві, хуткай дапамогі, 2 санітарна-эпідыміялягічныя, 32 пункты аховы здароўя.
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзеюць 4 бібліятэкі, дом культуры, 3 кінатэатры, народны тэатар. У Барысаве знаходзіцца філія Дзяржаўнага архіву Менскай вобласьці.
У Барысаве працуе рэгіянальны інфармацыйна-аналітычны сайт ex-Press[31], выдаюцца наступныя газэты: незалежная «Борисовские новости»; дзяржаўная «Адзінства»; краязнаўчая «Гоман Барысаўшчыны». Існуе таксама дзьве тэлекампаніі: «СКІФ» і «СВЕТ ТВ».
Спорт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мескі стадыён мае акрэдытацыю для правядзеньня міжнародных футбольных матчаў. БАТЭ Барысаў — шматразовы чэмпіён Беларусі па футболе. У 2014 годзе адкрыўся новы стадыён «Барысаў-Арэна».
Забудова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вуліцы і пляцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Старое Места
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
3 Інтэрнацыяналу вуліца | Менская вуліца (ад заводу агрэгатаў да пошты) Лепельская[32] вуліца (ад пошты да вул. Яраша) Рынкавая вуліца (ад пошты да вул. Яраша) |
|
Авіяпалка Нармандыя—Нёман вуліца | Андрэеўская вуліца | |
Адамовіча вуліца | Андрэеўскі завулак | |
Гогаля вуліца | Замкавая вуліца | |
Дзяржынскага вуліца | Аршанская[32] вуліца (ад Рынку ў бок СШ №1) Палынская вуліца (ад Рынку ў бок Бярэзіны) |
Маскоўская вуліца (ад Рынку ў бок СШ №1) |
Камінскага вуліца | Віжынская вуліца | |
Камсамольская вуліца | Віленская вуліца (ад пошты ў бок Бярэзіны) Савуцінская вуліца (ад Рынку ў супрацьлеглы ад ракі бок) |
|
Лапаціна вуліца | Полацкая вуліца (ад Рынку ў бок вуліцы Яраша) Харугвенная вуліца (ад Рынку ў бок Замкавай) |
Свабоды вуліца (ад Рынку ў бок вуліцы Яраша) |
Марозава вуліца | Міхайлаўская вуліца Студэнцкая вуліца |
|
Менская вуліца | Швэдзкая[32] вуліца Юрыдычная вуліца |
Банная вуліца |
Савецкая вуліца | Мікалаеўская вуліца | |
Савецкі завулак | Новамікалаеўская вуліца | |
Супруна вуліца | Гуменная вуліца[b] | |
Урыцкага вуліца | Андрэеўская вуліца | |
Чырвонаармейская вуліца | Салдацкая Слабада вуліца |
Новае Места
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
1 ліпеня вуліца | Бярэзінская вуліца | |
1 Траўня вуліца | Багданаўская вуліца | |
Арджанікідзэ праспэкт | Крайняя вуліца | |
Гагарына вуліца | Вітаўта шлях (ад Бярэзіны да скрыжаваньня з вуліцай Даўмана)[32] Сярэдняя Батарэйная вуліца (ад скрыжаваньня да выезду зь места) |
|
Горкага вуліца | Крывая вуліца | |
Ленінградзкая вуліца | Паўлаўская вуліца | |
Працы вуліца | Вакзальны праспэкт | |
Розы Люксембург вуліца | Менскі тракт | |
Рэвалюцыі праспэкт | Трубяцкога праспэкт | |
Стаханаўская вуліца | Пагранічная вуліца | |
Хацкевіча вуліца | Млынавая вуліца[32] Лышчэўская вуліца |
Калгасная вуліца |
Чапаева вуліца | Хітроўская вуліца | Зіноўева вуліца |
Чарняхоўскага вуліца | Глівінская вуліца | |
Чырвонаштандартавая вуліца | Усіхсьвяцкая вуліца | |
Энгельса вуліца | Аляксандраўская вуліца[33] |
З урбананімічнай спадчыны Барысава да нашага часу гістарычныя назвы захавалі вуліцы Ганчарная, Паштовая і Правабярэжная. У інвэнтары 1732 году ўпамінаецца Спаская вуліца[34].
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Прадпрыемствы лясной, дрэваапрацоўчай, машынабудаўнічай і мэталаапрацоўчай, харчовай, швацкай, хімічнай і хіміка-фармацэўтычнай прамысловасьці, вытворчасьці будаўнічых матэрыялаў і інш.
Пералік прамысловых прадпрыемстваў Барысава | ||
---|---|---|
|
Турыстычная інфармацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Інфраструктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Барысаў — папулярны цэнтар турызму[35]. Дзее Барысаўскі аб’яднаны музэй.
Помнікі: князю Барысу, «Батарэі» вайны 1812 году, савецкім танкістам і інш.
Гатэлі: «Бярэзіна», ААТ «БАТЭ», РУП «Барысаўскі завод агрэгатаў», «Экран». Санаторыя «Бярэзіна».
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Гандлёвыя рады (1908)
- Вежа воданапорная — адна зь першых у сьвеце гіпэрбалёідных канструкцыяў. Сталёвую ажурную сеткаватую вежу збудавалі паводле праекту інжынэра і навукоўца У. Шухава. Такіх вежаў у сьвеце засталося толькі 11 з больш чым 200, збудаваных В. Шухавым. Найбольш вядомая — Шухаўская вежа на Шабалаўцы ў Маскве. Пазьней гіпэрбалёідныя канструкцыі будавалі архітэктары Антоніё Гаўдзі-і-Карнэт, Лё Карбюзье, Оскар Німэер.
- Замак (XIII—XIX стагодзьдзі)
- Ешыбот (пачатак ХХ ст.)
- Забудова гістарычная (ХІХ — пачатак ХХ ст.; фрагмэнты)
- Кальварыя (XVIII—XIX стагодзьдзі), капліца (XIX ст.)
- Касьцёл Нараджэньня Найсьвяцейшай Панны Марыі (1806—1823)
- Могілкі юдэйскія
- Сынагога Вялікая (1912)
- Сынагога Хеўрэ Тылім (1911)
- Царква саборная Ўваскрасеньня Хрыстова (1874; мураўёўка)
- Чыгуначная станцыя (пачатак ХХ ст.)
Страчаная спадчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Капліца на Кальварыі (XVIII ст.)
- Царква Ўваскрасеньня Хрыстова (XVIII ст.)
- Царква Сьвятога Андрэя (ХІХ ст.)
- Царква Сьвятога Прарока Ільлі (1895)
- Царква Сьвятой Тройцы (XVIII ст.)
Галерэя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]-
Чыгуначны вакзал
-
Вежа Шухава
-
Рэшткі Барысаўскага замку
-
Скарбніца
-
Жаночая гімназія
-
Вялікая сынагога
-
Ешыбот
-
Батарэі 1812 году
Месты-сябры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пералік местаў-сяброў Барысава |
---|
Асобы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Язэп Адамовіч (1897—1937) — беларускі савецкі дзяржаўны дзяяч
- Анатоль Анікейчык (1932—1989) — народны мастак, скульптар
- Андрэй Арамнаў (нар. 1988) — алімпійскі чэмпіён і рэкардсмэн сьвету па цяжкай атлетыцы
- Віктар Галаванаў (нар. 1952) — беларускі дзяржаўны дзяяч
- Вадзім Галыгін (нар. 1976) — гумарыст, тэлевядоўца
- Анатоль Грамыка (нар. 1932) — сябар-карэспандэнт Расейскай Акадэміі навук, доктар гістарычных навук
- Андрэй Грамыка (1909—1989) — савецкі дыплямат, дзяржаўны дзяяч, старшыня Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету СССР; выпускнік Старабарысаўскага сельскагаспадарчага тэхнікуму
- Канстанцін Драпеза (нар. 1972) — сьпявак, удзельнік дуэту «Аляксандра і Канстанцін»
- Віктар Каліна (нар. 1968) — музыка, сьпявак расейскага шансону, аўтар песень
- Алесь Камоцкі (нар. 1958) — беларускі паэт, выканаўца ўласных песень
- Кірыл Стаселька (нар. 1990) — пісьменьнік
- Антон Трусаў (1835—1886) — адзін з кіраўнікоў Паўстаньня К. Каліноўскага
- Анатоль Чубайс (нар. 1955) — расейскі палітык
- Усевалад Янчэўскі (нар. 1976) — беларускі палітычны дзяяч
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ранейшыя сьведчаньні ўжываньня канструкцыі «родам ліцьвін (літоўка)»: «сіи Андрѣи бяше родомъ Литвинъ, сынъ Ерденевъ, Литовскаго князя»[10] (Траецкі летапіс пад 1289 годам); «литвин родом» (жывот Даўмонта Пскоўскага першай трэці XIV стагодзьдзя[11]); «родом литовка, а прозвище ей бысть литовское Августа» пра дачку вялікага князя літоўскага Гедзіміна (Ніканаўскі летапіс 1526—1530 гадоў, адкуль перайшло ў Ліцавы летапісны звод 1568—1576 гадоў)
- ^ Плян Барысава 1941 году
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Численность населения на 1 января 2018 г. и среднегодовая численность населения за 2017 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Краткий топонимический словарь Белоруссии / В.А. Жучкевич. — Мн.: Изд-во БГУ, 1974. — 448 с. С. 33.
- ^ Мапа Вялікага Княства Літоўскага 1770 году
- ^ Мапа Вялікага Княства Літоўскага 1780 году
- ^ Соловьев С. М. Указатель к истории России. — СПб., 1893. С. 51.
- ^ Татищев В. Н. История Российская, т. 1. М. — Л., 1962.
- ^ а б в г Дулеба Г. Барысаў // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 315.
- ^ а б в г Грынявецкі В. Барысаў // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 294.
- ^ Дзевяць стагоддзяў Барысава / Ж. В. Гілевіч, Г. В. Штыхаў, В. Л. Насевіч, Л. Ф. Белая. — Менск: БЕЛТА, 2002.
- ^ Троицкая летопись. Реконструкция текста. Изд. М. Д. Присёлков. — М. — Л., 1950. С. 344—345.
- ^ Лосева О. В. Жития русских святых в составе древнерусских Прологов XII — первой трети XV веков. — М., 2009. С. 199—201.
- ^ Акты Московского государства, изданные Императорской академией наук. Т. 1. — СПб., 1890. С. 171.
- ^ а б Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. С. 57.
- ^ Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў. — Менск, 1998. С. 113.
- ^ Вялікі гістарычны атлас Беларусі. У 4 т. Т. 4. — Мінск, 2018. С. 19.
- ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
- ^ Słownik geograficzny... T. I. — Warszawa, 1880. S. 334—337.
- ^ Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.). СПб, 1890—1907.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. С. 60.
- ^ Rouba N. Przewodnik po Litwe i Białejrusi. — Wilno, 1909.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. С. 61.
- ^ БЭ. — Мн.: 1996 Т. 2. С. 328.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. С. 63.
- ^ а б Дулеба Г. Барысаў // ЭГБ. — Мн.: 1993 Т. 1. С. 316.
- ^ Большая советская энциклопедия, 3-е изд.: в 30 т. / Гл. ред. А.М. Прохоров. — М.: Сов. энциклопедия, 1969—1978.
- ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 8. Кн. 1. — Менск, 2010. С. 64.
- ^ БЭ. — Мн.: 1996 Т. 2. С. 327.
- ^ Перепись населения — 2009. Минская область (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2016 г. и среднегодовая численность населения за 2015 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ Численность населения на 1 января 2017 г. и среднегодовая численность населения за 2016 год по Республике Беларусь в разрезе областей, районов, городов и поселков городского типа (рас.) Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь
- ^ ex-Press.by
- ^ а б в г д Барэвіч А., Мяцельскі М., Шміт Т. Вуліцы Барысава(недаступная спасылка) // «Гоман Барысаўшчыны» №№ 94—101,104—105, 107, 110—113, 127.
- ^ Скворчевский Д. Старые улицы Борисова (рас.). Borisovcity.net. Праверана 4 сакавіка 2011 г.
- ^ Мезенко А. М. К культурно-историческому аспекту анализа урбанонимии: судьба церковных названий в Беларуси // Весн. Віцеб. дзярж. ун-та. — 1998. — № 3. С. 63.
- ^ Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 2: Аршыца — Беларусцы. — 480 с. — ISBN 985-11-0061-7
- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
- Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. Т. 8. Мінская вобласць. Кн. 1 / рэдкал.: Т.У. Бялова (дырэктар) [і інш.]. — Менск: БелЭн, 2010. — 736 с.: іл. ISBN 978-985-11-0520-1.
- Дзевяць стагоддзяў Барысава / Ж. Гілевіч, Г. Штыхаў, В. Насевіч, Л. Белая. — Менск: БЕЛТА, 2002. — 224 с. ISBN 985-6302-41-2.
- Цітоў А. Геральдыка Беларускіх местаў / Маст. А. Бажэнаў. — Менск: «Полымя», 1998. — 287 с.: іл. ISBN 985-07-0131-5.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1993. — Т. 1: А — Беліца. — 494 с. — ISBN 5-85700-074-2
- Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom I: Aa — Dereneczna. — Warszawa, 1880.