Электрамагнітнае ўзаемадзеянне
Электрамагнітнае ўзаемадзеянне — адно з чатырох фундаментальных узаемадзеянняў. Электрамагнітнае ўзаемадзеянне існуе паміж часціцамі, якія валодаюць электрычным зарадам. З сучаснага пункту гледжання электрамагнітнае ўзаемадзеянне паміж зараджанымі часціцамі ажыццяўляецца не прама, а толькі з дапамогай электрамагнітнага поля.
Сукупнасць з’яў, якія вызначаюць непарыўную сувязь паміж электрычнымі і магнітнымі ўласцівасцямі матэрыі, а таксама фізічная тэорыя, якая вывучае гэту сувязь, называецца электрамагнетызмам.
З пункту гледжання квантавай тэорыі поля электрамагнітнае ўзаемадзеянне пераносіцца бязмасавым базонам — фатонам (часціцай, якую можна прадставіць як квантавае ўзбуджэнне электрамагнітнага поля). Сам фатон электрычным зарадам не валодае, а значыць не можа непасрэдна ўзаемадзейнічаць з іншымі фатонамі.
Электрамагнітнае і гравітацыйнае ўзаемадзеянні, у адрозненне ад слабага і моцнага, праяўляюць сябе на вялікіх маштабах (на макраўзроўні). Так, электрамагнетызм нясе адказнасць практычна за ўсе з’явы, якія сустракаюцца ў штодзённым жыцці, за выключэннем гравітацыі. Звычайна матэрыя прымае форму, у выніку міжмалекулярных сіл паміж асобнымі малекуламі ў рэчыве, прычынай жа узнікнення гэтых сіл з’яўляецца пераразмеркаванне зарадаў у часціцах рэчыва. Рух электронаў і ядзер унутры атамаў падпарадкоўваецца законам электрамагнетызму. Электрамагнітным узаемадзеяннем абумоўлены хімічныя працэсы, якія па сутнасці з’яўляюцца вынікам пераразмеркавання электронаў на энергетычных узроўнях.
Электрамагнетызм праяўляецца як у электрычных палях, так і ў магнітных палях. Абодва палі з’яўляюцца проста рознымі бакамі электрамагнетызму (як два бакі аднаго медаля), і, такім чынам, неразрыўна звязаныя паміж сабой. Зменнае электрычнае поле стварае магнітнае поле, і наадварот змяненне магнітнага поля спараджае электрычнае поле. Гэты эфект называецца электрамагнітнай індукцыяй, і ляжыць у аснове работы электрычных генератараў, асінхронных рухавікоў і трансфарматараў.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Электромагнетизм // Энциклопедический словарь Брокгауза и Ефрона: В 86 томах (82 т. и 4 доп.) (руск.). — СПб., 1890—1907.
Спасылкі
[правіць | правіць зыходнік]- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Электрамагнітнае ўзаемадзеянне