Перайсці да зместу

Мутагены

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Мутаген)

Мутаге́ны — фізічныя і хімічныя фактары, уздзеянне якіх на жывыя арганізмы прыводзіць да паяўлення мутацый з частатой, большай за ўзровень спантанных мутацый.

Да фізічных мутагенаў адносяць іанізавальныя (гама- і рэнтгенаўскія прамяні, пратоны, нейтроны і інш.) і ультрафіялетавае выпрамяненні, высокія і нізкія тэмпературы.

Да хімічных мутагенаў адносяцца многія алкіліруючыя злучэнні, аналагі азоцістых асноў нуклеінавых кіслот, некаторыя біяпалімеры (чужародныя ДНК ці РНК), алкалоіды і інш.

Супермутагенамі называюць мутагены, што павялічваюць частату мутацый у сотні разоў. Часта мутагены з'яўляюцца канцэрагенамі і тэратагенамі (выкліваюць парушэнні ў развіцці зародка).

Выкарыстоўваюцца ў селекцыі сельскагаспадарчых раслін і карысных мікраарганізмаў для атрымання мутацый, якія служаць матэрыялам для штучнага адбору.