Перайсці да зместу

Кракадзілопаль

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Кракадылопаль)
Піраміда Аменемхета III у Хавары каля Кракадзілопаля.

Кракадзілопаль (стар.-грэч.: Κροκοδείλων πόλις — «горад гадаў») — грэчаская назва старажытнаегіпецкага горада Шэдыт, размешчанага на беразе Мерыдава возера ў Фаюмскім аазісе. У наш час на яго месцы размяшчаецца горад Кіман-Фарыс.

Шэдыт быў культавым цэнтрам Себека — бога з галавой кракадзіла. У вялікім храме ў выглядзе лабірынта, які быў апісаны Герадотам, жрацы трымалі зямное ўвасабленне Себека — свяшчэннага кракадзіла, прыбранага золатам і алмазамі. Пасля смерці свяшчэнных кракадзілаў муміфікавалі, падобна жрацам і фараонам. У адным толькі Кім-эль-Брэйгат археолагі выявілі пахаванні з дзвюма тысячамі кракадзілавых мумій, не лічачы розных пахавальных прыстасаванняў, напрыклад, адмысловых насілак для кракадзілаў.

Пталамей II Філадэльф пераназваў Кракадзілопаль у Арсіною ў гонар Арсіноі II, сваёй сястры і жонкі. З распаўсюджваннем хрысціянства ў Арсіноі была заснавана копцкая епіскапія. Пра ранняе развіццё хрысціянства сведчаць познеантычныя папірусы, у вялікай колькасці выяўленыя ў акрузе ў 1877—1878 гг.