Змяіны востраў
Змяіны | |
---|---|
укр. Зміїний | |
Характарыстыкі | |
Плошча | 2,22 км² |
Насельніцтва | 30 чал. |
Шчыльнасць насельніцтва | 13,51 чал./км² |
Размяшчэнне | |
45°15′18″ пн. ш. 30°12′15″ у. д.HGЯO | |
Акваторыя | Чорнае мора |
Краіна | |
Вобласць | Адэская вобласць |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Змяі́ны (укр.: Зміїний) — востраў у Чорным моры. Уваходзіць у склад Адэскай вобласці Украіны. Агульная плошча — 2,22 км². Насельніцтва — каля 30 чал. (2012 г.).
Геаграфія
[правіць | правіць зыходнік]Востраў Змяіны знаходзіцца за 35 км на ўсход ад дэльты Дуная, за 130 км на паўднёвы захад ад Адэсы, за 570 км на паўднёвы захад ад Кіева. Даўжыня з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад — 675,4 м, шырыня з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход — 661 м.
Востраў мае мацерыковае паходжанне. Сфарміраваўся ў выніку апускання шэльфа чарнаморскай западзіны з-за тэктанічных працэсаў і падвышэння ўзроўню сусветнага акіяна. Прычым, гэтыя працэсы працягваюцца і ў нашы дні[1]. Складзены крышталічнымі пародамі. Берагі абрывістыя. На востраве 4 пляжы. Найбольшая вышыня — 41,3 м. На прылеглым шэльфе (20 — 70 км ад Змяінага) выяўлены запасы вуглевадародаў[2].
Клімат умераны, дзякуючы ўздзеянню мора больш мяккі, чым ў кантынентальнай прычарнаморскай частцы Адэскай вобласці. Сярэдняя зімовая тэмпература рэдка апускаецца ніжэй за 0 °C. Зафіксаваны мінімум −30 °C. Сярэдняя летняя тэмпература — +22 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — каля 300 мм.
Антычныя крыніцы ўзгадвалі пра тое, што востраў быў пакрыты лесам. У цяперашні час флора тыповая для еўрапейскіх стэпаў. Выяўлена 42 віды раслін, у тым ліку 7 метлюжковых і 11 астравых. Распаўсюджаныя жывёлы — птушкі (вераб'і, гарбаткі, пеганкі і інш.) і казуркі[3].
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Востраў Змяіны звычайна атаесамляецца з востравам Леўкос (стар.-грэч.: Λευκός) (літаральна, «Белы»), вядомым старажытным грэкам з VII ст. да н. э. На ім знаходзіўся храм Ахіла, заступніка мараплаўцаў[4]. Сучасная назва з’яўляецца прамым перакладам больш позняга грэчаскага наймення Фіданісі (грэч. Φίδονισι). Лічыцца, што яно ўзнікла з-за вужоў, што прыплывалі на бярвеннях з дэльты Дуная[5].
У канцы XVIII ст., калі востраў з’явіўся на картах, ім валодала Асманская імперыя. У 1788 г. каля яго берагоў адбылася марская бітва паміж ваеннымі флотамі асманаў і Расійскай імперыі. У 1829 г. быў перададзены Расіі. На ім пабудавалі маяк, прычым матэрыялам для будаўніцтва сталі рэшткі пабудоў, прынятых за храм Ахіла[6]. У 1841 годзе г. арганізавана навуковая экспедыцыя для даследавання Змяінага. Пасля паражэння Расіі ў Крымскай вайне ў 1856 годзе востраў зноў адышоў да Асманскай імперыі. У 1879 годзе далучаны да Румыніі. Румынскія ўлады арганізавалі на ім ваеннае паселішча. Падчас I Сусветнай вайны Змяіны на кароткі час быў захоплены нямецкім крэйсерам «Брэслау»[7]. У 1944 годзе на востраве высадзіліся савецкія маракі і без бою авалодалі ім.
У 1946 годзе Змяіны афіцыйна далучаны да УССР. У 1948 годзе падпісана пагадненне паміж СССР і Румыніяй, згодна якому Румынія пагаджалася з пераходам вострава да СССР. У савецкі час дзейнічала ваенная база. З 1991 года ў складзе незалежнай Украіны[8]. У канцы 1990-ых гг. паміж Румыніяй і Украінай узніклі тэрытарыяльныя спрэчкі з-за вострава і прылеглай акваторыі. Яны былі вырашаны ў 2009 г., калі Міжнародны суд ААН абвясціў рашэнне па справе аб дэлімітацыі кантынентальнага шэльфа і эканамічных зон Украіны і Румыніі ў Чорным моры[9]. Суд не паставіў пад сумнеў прыналежнасць Змяінага Украіне.
У 1998 годзе востраў Змяіны атрымаў статус ахоўваемай тэрыторыі. У 2007 годзе рашэннем Вярхоўнай Рады на востраве створана паселішча Белы. Зацверджаны план яго развіцця[10]. Дзейнічаюць памежная застава, маяк, пошта, музей. Маюцца сталая паромная сувязь з Вілкава, мабільная сувязь і інтэрнэт[11]. Востраў наведваецца турыстамі.
24 лютага 2022 года ў час уварвання Расіі ва Украіну расійскія ваенныя атакавалі востраў. Яго абаронцы здавацца не збіраліся. Пасля гэтага з ракетнага крэйсера «Масква» і патрульнага карабля «Васілій Быкаў» пачаўся абстрэл. Абаронцы вострава загінулі або былі ўзяты ў палон. 30 чэрвеня расійскія войскі адступілі з вострава.
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ О. Н. Турега, ГЕОЭКОЛОГИЧЕСКИЕ СИТУАЦИИ РАЙОНА ПРИДУНАВЬЯ И ОСТРОВА ЗМЕИНЫЙ В ЧАСТНОСТИ
- ↑ С. А. Андронати, Остров Змеиный и прилегающий шельф Черного Моря как объекты исследований
- ↑ ceemar.org Архівавана 9 ліпеня 2022.
- ↑ snakeisland.com.ua
- ↑ Остров Змеиный: 17 — Амфибии и рептилии
- ↑ ua-travelling.com/ Архівавана 18 ліпеня 2014.
- ↑ ОСТРОВ ЗМЕИНЫЙ. ПОДХОДЫ К УКРАИНСКИМ БЕРЕГАМ
- ↑ Украинский остров сокровищ Архівавана 4 сакавіка 2016.
- ↑ Остров Змеиный, Черное море
- ↑ Про затвердження районної комплексної Програми з утворення (оновлення) містобудівної документації та містобудівного кадастру в Кілійському районі на 2013—2017 роки Архівавана 4 сакавіка 2016.
- ↑ Забытый остров Змеиный