Перайсці да зместу

Алег Шнэк

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Алег Шнэк
Род дзейнасці грамадскі дзеяч
Дата нараджэння 7 лютага 1930(1930-02-07)
Месца нараджэння
Дата смерці 16 жніўня 2005(2005-08-16) (75 гадоў)
Месца смерці
Месца пахавання
Бацька Сцяпан Шнэк
Член у

Алег Шнэк (7 лютага 193016 жніўня 2005) — грамадскі дзеяч беларускай дыяспары ў Аўстраліі. Сын Сцяпана Шнэка і брат Уладзіміра Шнэка.[1]

Нарадзіўся 7 лютага 1930 года ў Ленінградзе, РСФСР у сям’і вайскоўца Сцяпана Шнэка, які на той час вучыўся ў Вайсковай акадэміі. Праз тое, што бацька быў вайсковым Чырвонай Арміі, некаторы час сям’я частка змяняла месца жыхарства: яны жылі ва ўкраінскім Корасцені, потым зноў у расійскім Ленінградзе і Чыце. Улетку сям’я старалася вярнуцца на Случчыну ў родную вёску Лядныя. У 1938 г. бацьку выключылі з партыі і звольнілі з войска ў запас, а ў 1939 г. сям’я пераехала ў Слуцк.

Падчас Другой сусветнай вайны быў дружыновым СБМ. У 1944 годзе сям’я пакідае Беларусь, бо Сцяпан Шнэк быў акруговым кіраўніком Краёвай абароны, а сыны — сябрамі СБМ. Разам з сям’ёй апынуўся ў Германіі. У беларускім лагеры для перамешчаных асобаў у Ватэнштэце быў удзельнікам Першага сцягу беларускіх скаўтаў і Беларускага спартовага аб’яднання пры YMCA. З 18 год працаваў у капальнях у Францыі.

У 1950 г. разам з сям’ёй пераехаў у Аўстралію. У 1952 г. сям’ю напаткала трагедыя — бацька скончыў жыццё самагубствам. Першыя шэсць гадоў Алег Шнэк працаваў на чыгунцы, а пасля пайшоў працаваць на абутковую фабрыку, бо хацеў вучыцца тэхнічнаму чарчэнню на вячэрнім аддзяленні Мельбурнскага тэхнічнага інстытута. Пасля чатырох гадоў навучання атрымаў працу на тэлефонным прадпрыемстве «Эрыксон». Скончыў сваю працу галоўным чарцёжнікам.

У Мельбурне ён далучыўся да беларускага скаўцкага звязу «Усяслаў Чарадзей». Удзельнічаў у арганізацыі футбольнай, а пазней валейбольнай дружыны, быў сакратаром Спартовага клуба Беларускага вызвольнага руху «Зубр». Ва ўспамінах пісаў: «Я заўсёды цвёрда верыў, што праца з моладдзю, асабліва ў галіне нацыянальнага спорту, для папулярызацыі нацыі мае самае вялікае значэнне».

Быў актыўным сябрам розных беларускіх грамадскіх арганізацый Мельбурна, у тым ліку Беларускага вызвольнага руху, у якім ад 1992 г. быў начальнікам Краёвага штаба, а ад 1993 г. і ўсяго Беларускага вызвольнага фронта. Сябра Беларускага цэнтральнага камітэта ў Вікторыі, старшынём якога абраны ў 2003 г. Быў актывістам парафіі царквы Трох Віленскіх Пакутнікаў БАПЦ, а апошні год нават распісваў інтэр’ер будынку царквы. Удзельнік Беларускага сацыяльнага клуба. Шматгадовы ўдзельнік Выканаўчага камітэта Федэральнай рады беларускіх арганізацый у Аўстраліі, дэлегатам ад якой быў на Першым з’ездзе беларусаў свету ў Мінску ў 1993 г.

Нечакана памёр ад сардэчнага прыступу 16 жніўня 2005 года, нягледзячы на добры стан здароўя. Пакінуў жонку Ніну і двух сыноў (ад першага шлюбу) Жоржа і Петрыка.

Пахаваны ў адной магіле з бацькам на беларускай частцы могілак Фокнер[en] у Мельбурне. Пахавальны абрад выканаў 22 жніўня 2005 году а. Аляксандр Кулакоўскі у саслужэнні а. Юрыя. У пахаванні ўдзельнічала настолькі шмат асобаў, што мясцовая царква не магла ўсіх змясціць. Труна была пакрытая бел-чырвона-белым сцягам. Над магілаю прамову сказаў Аўген Груша, быў адспяваны жалобны марш «Спі пад курганам герояў».

Зноскі